Пятніца, 26.04.2024, 11:19

ЖОДЗІШСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ

Галоўная »
ЖОДЗІШСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ размяшчаецца ў цэнтры вёскі Жодзішкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці на правым беразе р. Вілія. Пабудаваны ў 1612 г. з цэглы.


Каля 1553 г. ўладальнікі Осцікавічы заснавалі тут першы касцёл. Новы ўладальнік маёнтка Іеранім Комар у 1612 г. ўзвёў драўляны Троіцкі касцёл, а яго сын Крыштаф падараваў яму маёмасць, плябанію і парафіяльную школу (не захаваліся). У гэтым жа годзе Кішкі пабудавалі замест касцёла кальвінскі збор. Каб нейтралізаваць распаўсюджанне і ўплыў «схізмы», у 1708 г. побач, у падоранай Барбарай (з Комараў) Мінкевіч (Міцкевіч) і яе сынам Адамам сядзібе, аселі езуіты; пад іх уціскам кальвіністы пакінулі Жодзішкі. У 1727 г. яны пабудавалі касцёл святога Іуды Фадзея, у 1745 г. адкрылі музычную бурсу, у 1767 — аптэку. Непадалёк ад збора ў 1757—66 гг. паводле праекта архітэктара Т.Жаброўскага пабудаваны двухпавярховы калегіум, для ўпрыгожання якога жывапіснымі размалёўкамі запрасілі беларускага мастака М.Бейтніка. Са скасаваннем ордэна будынак калегіума перайшоў у 1774 г. да новых уладальнікаў Жодзішак Ласкарысаў (паводле іншых звестак — Патоцкіх, Мілашэўскіх, у 1830-я гг. — Бакшанскіх) і быў прыстасаваны пад сядзібу. У 1778 г. храм рэканструяваны. У 1820-я гг. збор быў пераўтвораны ў прыходскі Троіцкі касцёл, які пасля паўстання 1863—64 гг. такім і застаўся, былі толькі канфіскаваны тры абразы: «Сэрца Ісуса», «Святы Іасафат» і «Благаверны Андрэй Баболя». У 1886 г. касцёл абкружаны высокай мураванай агароджай,таму што хрэсныя хады і іншыя мерапрыемствы дазваляліся толькі ў яе межах. Са скасаваннем суседніх парафій жодзішкаўскі храм стаў малаўмяшчальным. Таму ў 1902 г. ксёндз Эдвард Дзібел з Вільні прыбудаваў да яго бакавыя капліцы. У гады Першай сусветнай вайны германскія войскі разбурылі вежы і арганізавалі ў будынку шпіталь, а потым абутковую фабрыку. У 1920 г. ўнутранае і знешняе архітэктурнае афармленне было пашкоджана ў выніку ваенных дзеянняў. У 1924 г. пробашчам быў прызначаны В.Гадлеўскі — прыхільнік беларусізацыі касцёла.

Касцёл — помнік архітэктуры рэнесансу і барока. Першапачаткова выцягнуты па падоўжнай восі прамавугольны будынак з франтальнай вежай-званіцай атрымаў крыжападобную форму. 3 заходняга боку да яго далучана квадратная ў плане, умацаваная вуглавымі контрфорсамі апсіда, над якой раней узвышалася высокая і масіўная вежа-званіца (разбурана ў Першую сусветную вайну). У адпаведнасці з аскетычнымі прынцыпамі кальвіністаў архітэктура храма вырашана ў простых суровых формах. Перакрыжаваныя прамавугольныя аб'ёмы накрыты двухсхільнымі дахамі, трохвугольныя шчыты якіх з'яўляюцца працягам плоскасных фасадаў. На галоўным фасадзе руставаным парталам вылучаны ўваход у храм. Сцены крапаваны толькі плоскімі лапаткамі, аб'яднанымі спрошчана прафіляваным карнізам, лучковыя праёмы вокнаў і нішы пазбаўлены ліштваў.

Адпаведная архаічна-масіўная архітэктоніка характарызуе і інтэр'ер, які перакрыты цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі і пазбаўлены архітэктурных абломаў і краповак. Апсіда раскрываецца ў залу арачным прасветам, лесвіца ў паўночна-ўсходнім вугле залы вядзе на хоры, на якіх у 1740 г. згадваецца арган «рэгальчыкаў малых цяперашніх два». Але пры прыстасаванні інтэр'ера пад касцёл Т.Жаброўскі надаў яму арнаментальна-дэкаратыўнае і насычанае пластычна-ляпное аздабленне ў стылі ракако. Галоўны і меншыя па маштабе два бакавыя алтары вырашаны карынфскімі каланадамі, што абрамляюць алтарныя абразы і нясуць фігурныя ляпныя насценныя шчыты з медальёнамі па цэнтры, дэкарыраваны згібамі валют, ракайлямі, галінкамі, вазамі і анёламі. У 1937 г. інтэр'ер касцёла ўпрыгожыў жывапісам мастак П.Сергіевіч.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.