Аўторак, 23.04.2024, 21:32

ЖЫЛЛЁ

Галоўная »
ЖЫЛЛЁ – збудаванне, у якім жыве чалавек. Узнікла на золку цывілізацыі як сховішча ад непагоды і драпежных звяроў. Належыць да асноўных матэрыяльных даброт грамадства. Развілося ад будкі і зямлянкі (паўзямлянкі) да наземнай адна- і шматкамернай пабудовы.

Тыпы і разнавіднасці жылля абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукцыйных сіл, геаграфічным асяроддзем, характарам сацыяльных адносін, узроўнем будаўнічай тэхнікі і культурна-бытавымі традыцыямі. Дыферэнцыяцыя тыпаў жылля пачалася з падзелам грамадства на класы, а з узнікненнем гарадоў вылучыліся тыпы гарадскога і сельскага жылля (глядзіце Вёска, Горад, Мястэчка). Аднакамернай пабудове папярэднічала шматкамернае жыллё родавай абшчыны. На Беларусі паводле археалагічных даследаванняў шматкамернае жыллё вядома з жалезнага веку. Бытаванне жылля складанай планіроўкі адзначаюць летапісы 10 — 12 ст. Гэта былі чатырохвугольныя і авальныя ў плане камеры, якія прымыкалі адна да адной і ўтваралі пабудовы плошчаю каля 20 — 25 м². З распадам першабытна-абшчыннага ладу і выдзяленнем з абшчыны асобных сем'яў шматкамерныя пабудовы пачалі змяняцца невялікім жыллём, прызначаным для адной сям'і. Такое аднакамернае жыллё ўяўляла сабою зрубную пабудову з уваходам, які заўсёды рабіўся ў вузкай (тарцовай) сцяне. Аднакамернае жыллё задавальняла патрэбы сям'і: у ім працавалі, гатавалі ежу, адпачывалі, захоўвалі маёмасць.

У 17 — пачатку 20 ст. асноўнымі тыпамі сялянскага жылля былі зрубныя 1-, 2-, 3-камерныя пабудовы. Аднакамернае жыллё — хата без сянец. 2-камернае жыллё ўтваралася далучэннем да хаты сяней. Спачатку сенцы не мелі пэўнага гаспадарчага прызначэння, не вызначаліся сталым наборам рэчаў; у іх трымалі некаторыя гаспадарчыя прылады, летам спалі. Уваход у хату спачатку прыкрывалі нахільна пастаўленымі жэрдкамі, уцяплялі саломай, сенам і зямлёй. У больш развітой форме, якая захавалася да нашага часу, сенцы — гэта зрубны трысцен або крытая дашчатая прыбудова да жылля з задняга тарцовага боку.

Аднакамернае жыллё доўгі час суіснавала побач з 2- і 3-камерным. Яшчэ ў 18 ст. А.Мейер адзначаў бытаванне ў беларусаў 1-камернага жылля. У 19 ст. яно сустракалася вельмі рэдка і не вызначала агульнага ўзроўню развіцця жылля. Прычыны яго захавання — чыста сацыяльныя: у такіх хатах жылі найбольш бедныя сяляне. Самым пашыраным у беларускай вёсцы было 2-камернае жыллё (хата + сенцы). У сенцах часта выгароджвалі камору. Комплекс з хаты і перагароджаных сянец яшчэ нельга назваць 3-камерным жыллём. Больш ускладнены планіровачны тып жылля — хата + сенцы + трэцяе памяшканне (жылое або гаспадарчае — камора, клець). Трохкамернае жыллё пашырана на Беларусі з 16 ст., але доўгі час існавала побач з 2-камерным. Падсобная прыбудова ў 3-камерным жыллі пачала паступова выконваць функцыі жылой: у камору або клець пераносілі спальнае месца асобных членаў сям'і. У працэсе далейшага развіцця гаспадарчая пабудова з халоднай ператваралася ў памяшканне з печчу і пачынала выконваць функцыі хаты. З узмацненнем класавай дыферэнцыяцыі сялянства і выдзяленнем заможнай праслойкі ў беларускай вёсцы 19 ст. тып жылля хата + сенцы + хата пачаў выкарыстоўвацца для пашырэння жылой плошчы і паляпшэння бытавых умоў. Са з'яўленнем 3-камернага жылля далейшае ўскладненне яго планіроўкі ішло за кошт унутранай сегментацыі. У сенцах ці варыўні магла выдзяляцца камора, у хаце — спальня, часам сенцы пераабсталёўваліся ў кухню і г.д. Сялянскае жыллё паўплывала і на структуру памешчыцкіх сядзібных дамоў, для якіх характэрна была анфіладная і калідорная планіроўка.

Асноўным тыпам жылля гарадскога (пасадскага) насельніцтва ў 9 — 13 ст. была 1-камерная зрубная пабудова, набліжаная ў плане да квадрата плошчаю ў сярэднім каля 16 м². Ацяплялася яна па-чорнаму, глінабітнай печчу ці каменкай (раскопкі ў Тураве выявілі рэшткі печаў, чарэнь і сцены якіх складзены з плінфы). Гарады на Беларусі найбольш бурна развіваліся ў 15 — 16 ст. У 17 ст. налічвалася 462 гарады і мястэчкі; у іх жылі рамеснікі, гандляры, а ў мястэчках — сяляне.

Разнастайнымі паводле архітэктурна-планіровачных асаблівасцей былі тыпы тагачаснага гарадскога жылля. У аснове яго — 1-камерная клець. Спалучэнне яе з прырубамі (трысценамі), размешчанымі па восевай лініі асноўнага зруба ці пад прамым вуглом да яго, стварала розныя планіровачныя мадыфікацыі дома. Будаўнічая тэхніка, матэрыял і канструкцыйныя дэталі паўтаралі вясковае дойлідства, але на больш высокім тэхнічным і якасным узроўні. Дамы рамеснікаў і гандляроў спалучалі традыцыйнае жыллё і майстэрню або краму. У заможных гараджан дамы мелі развітую планіроўку, складаныя архітэктурныя формы. Некаторыя з іх былі 2-павярховыя, мелі адкрытыя галерэі, вежападобныя ганкі, печы з комінамі. На замкавых тэрыторыях размяшчаліся жылыя дамы буйной шляхты, гарадской адміністрацыі, багатых рамеснікаў і гандляроў. На пасадах і ў слабодах (у Віцебску, напрыклад, Узгорская, Задунаўская, Заручэўская, Задзвінская) сяліліся рамеснікі, дробныя гандляры. Заможныя мяшчане будавалі 2-зрубныя дамы з аднолькавых або розных памерамі зрубаў пад двухсхільнай страхой. Найбяднейшая частка гарадскога насельніцтва жыла ў невялікіх курных хатах з земляной падлогай. У 18 ст. ў гарадах засноўваліся разнастайныя мануфактуры. Для наёмных рамеснікаў і майстроў (у Гродне, Паставах і інш.) будаваліся дамы амаль квадратныя ў плане (8 X 9 м), у якіх сціпла, спрошчана выкарыстаны барочныя формы (у Гродне, напрыклад, пабудавана 20 такіх дамоў). Гэта была першая спроба комплекснай забудовы горада танным тыпавым маламетражным жыллём. Для адміністрацыі і службовага персаналу будавалі 2- і 3-павярховыя дамы. Перапланіроўка гарадоў, распачатая ў канцы 18 ст. ў Расіі, у т.л. на Беларусі, адбілася на структуры гарадскога жылля: у забудове цэнтра індывідуальны, разлічаны на адну сям'ю дом пачаў выцясняцца шматпавярховым шматкватэрным будынкам. На ўскраінах вялікіх гарадоў, а ў павятовых гарадах і мястэчках і ў цэнтры забудова аставалася ў пераважнай большасці 1-павярховай, драўлянай. I пазней беларускі горад аставаўся драўляным (з 108065 будынкаў, улічаных статыстыкай у 1914 г., 91339 былі драўлянымі).

Забудова рабочых ускраін мала чым адрознівалася ад вясковай. Унутраная планіроўка ў беларускім сялянскім жыллі вызначалася ўстойлівасцю; печ (у курнай хаце без коміна) размяшчалася ў правым ці левым вуглу пры ўваходзе і вусцем была павернута да падоўжнай сцяны з акном. У процілеглым па дыяганалі ад печы вуглу знаходзілася покуць (вялікі або кутны вугал, кут, куць, пакуцце) — пачэснае, ганаровае месца ў хаце. На покуці звычайна стаяў стол і знаходзілася бажніца. Ад покуці ўздоўж сцен размяшчаліся лавы шырынёю да 12 вяршкоў (52 см). Ад печы ўздоўж глухой сцяны насцілаліся палаці — нары са шчыльна падагнаных адна да адной дошак. Пазней з'явіліся драўляныя ложкі. З рухомай традыцыйнай мэблі былі ўслоны: адзін або два стаялі каля стала, адзін — ля дзвярэй. На сцяне каля дзвярэй мацаваліся палічка для посуду, лыжачнік для лыжак.

Для хавання рознага начыння і дробных рэчаў хатняга ўжытку служыла паліца — шырокая (да 40 см) з невялікім борцікам дошка, умацаваная на дубовых круках над дзвярамі або над прадпечным акном. Найбольш каштоўныя рэчы — святочнае адзенне, палатно, жаночы пасаг захоўвалі ў куфрах (скрынях). У 19 ст. з'явіліся суднікі — шафкі для посуду, лаву пачала выцясняць драўляная канапа. Разам з куфрамі і суднікам яна — адзін з першых прадметаў абсталявання, які апрача утылітарнага прызначэння служыў сродкам аздаблення жылля. З іншых элементаў эстэтычнага афармлення інтэр'ера хаты здаўна былі пашыраны вырабы ручнога ткацтва (ручнікі, абрусы, посцілкі і дываны), якія ўносілі ў сціплае памяшканне сялянскага жылля святочны настрой. Беларускі селянін заўсёды ўпрыгожваў жыллё знадворку. Адзін з самых пашыраных дэкаратыўных матываў — выява сонца з праменнямі. Сонца абагаўлялася, калі адкінуць міфічна-рэлігійныя напластаванні, яго лічылі крыніцай жыцця. I цяпер змешчаная на франтоне выява сонца ўпрыгожвае жыллё вясковага жыхара.

Дэкаратыўныя дэталі беларускай архітэктурнай арнаментыкі глыбока самабытныя і нацыянальныя. У дэкоры выкарыстоўвалі тры асноўныя групы арнаментальных матываў: матывы нябесных цел, мясцовай фауны і флоры, геаметрычных абстрактных форм. У арнамент аконных абрамленняў часта ўкампаноўвалі выкананыя ў тэхніцы прапільнай разьбы выявы птушак і звяроў (голуб, певень, конь, мядзведзь і інш.). Вільчыкі закрылін у двухсхільных стрэхах — найстарэйшыя традыцыйныя ўпрыгожанні. Выкананыя ў тэхніцы аб'ёмнай разьбы вільчыкі рабілі трох тыпаў: канструкцыйныя — падвойныя, вертыкальныя — прымацаваныя да закрылін, змешаныя. На Віцебшчыне і Магілёўшчыне ў арнаментальнай разьбе пераважалі геаметрычныя кампазіцыі, на Гомельшчыне пашырана разьба ўсіх матываў.

Адметная асаблівасць знешняга афармлення сялянскага жылля — арганічнае спалучэнне канструкцыі з дэкорам. Кожная архітэктурная дэталь, якая садзейнічае ўпрыгожанню жылля, уяўляе канструкцыйна-неабходны элемент.

У 1920-я г. будова і рэканструкцыя жылля пачалі ажыццяўляцца на планавай аснове. З'явіліся рабочыя пасёлкі (імя Камінтэрна ў Мінску і інш.). У канцы 1920 — пачатку 1930-х гг. сталі будаваць шматпавярховыя шматкватэрныя дамы. Сацыяльныя ўмовы садзейнічалі з'яўленню новых тыпаў жылля: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дамы-камуны, якія ўключалі і прадпрыемствы камунальна-бытавога абслугоўвання. У Вялікую Айчынную вайну на Беларусі знішчана каля 400 тыс. жылых будынкаў, што патрабавала значных намаганняў для аднаўлення жылога фонду.

З сярэдзіны 1950-х г. пашырылася будова жылля індустрыяльнымі метадамі, выкарыстанне вялікіх архітэктурных элементаў (панэльныя і аб'ёмныя блокі і інш.), што дало магчымасць паскорыць тэмпы ўзвядзення будынкаў. Значныя аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва садзейнічалі прагрэсіўным метадам планіроўкі і забудовы раёнаў. Сучасныя жылыя дамы маюць адпаведнае бытавое і інжынернае забеспячэнне, адпавядаюць нормам санітарнай гігіены. Сталі пашыранымі малапавярховыя (1—2 паверхі), сярэдняй паверхавасці (3—5), шматпавярховыя (6—10), павышанай паверхавасці (11—16) і вышынныя (больш за 16 паверхаў), адна- ці шматсекцыйныя, калідорныя, галерэйныя, змешанай планіроўкі будынкі. Больш сталі будаваць дамоў катэджавага тыпу і аднаго з відаў часовага жылля — садовых домікаў.

Сучасныя вясковыя жылыя дамы па планіровачнай арганізацыі і ўзроўні інжынернага абсталявання набліжаюцца да гарадскіх, у іх аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі і мастацкім вырашэнні адчуваецца імкненне да захавання традыцыйных вырашэнняў.

Аўтар: У.С.Гуркоў
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.