Чацвер, 25.04.2024, 14:10

ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ

Галоўная »
ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ – галіна сельскай гаспадаркі па развядзенню свойскай жывёлы; адзін з найважнейшых традыцыйных заняткаў беларусаў. Уключае гадоўлю буйной рагатай жывёлы, свіна-, авечка-, труса-, звера-, коне-, птушкагадоўлю, рыбаводства. Жывёлагадоўля забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання (малако, мяса, масла, яйкі і інш.), лёгкую прамысловасць сыравінай (воўна, скура і інш.), служыць цяглавай сілай (коні, валы), дае асноўныя арганічныя ўгнаенні (гной); з адходаў жывёлагадоўлі атрымліваюць некаторыя кармы (касцяная мука, абястлушчанае малако), лекавыя прэпараты (сывараткі, гармоны) і інш.

Узнікла ў глыбокай старажытнасці, калі чалавек пачаў прыручаць дзікіх жывёл, выкарыстоўваць іх для гаспадарчых патрэб. Арганічна спалучалася з земляробствам. На Беларусі здаўна разводзяць буйную рагатую жывёлу, свіней, коней, авечак, хатнюю птушку. Асноўнае месца займае буйная рагатая жывёла. З сярэднявечча мясцовая парода, т.зв. літоўская, ці літоўска-беларуская (яе продак еўрапейскі тур), была прыстасавана да суровых умоў утрымання і непераборлівая ў кармах, пры добрым доглядзе хутка прыбаўляла ў вазе і давала тлустае малако. На захадзе Беларусі яна была некалькі буйнейшай («зубровая парода»), часта выкарыстоўвалася і ў якасці рабочай жывёлы. Асабліва многа буйной рагатай жывёлы («гаўяды») разводзілі на поўдні, дзе ў 2-й палове 19 ст. кожны сялянскі двор (10 — 20 членаў сям’і) меў у сярэднім 6 — 10 галоў (без уліку маладняка). Конегадоўля была больш развіта на паўночным усходзе, дзе здаўна конь быў асноўнай цяглавай сілай. Коні мясцовай пароды былі невысокага росту (120 — 130 см), аднак параўнаўча моцныя і вынослівыя ў рабоце. У паўднёва-заходняй і цэнтральнай частках Беларусі асноўнай цяглавай сілай былі валы; коней выкарыстоўвалі толькі пры баранаванні палеткаў і часткова пры транспартных перавозках. У 18 ст. сярэдняя норма рабочай жывёлы на сялянскі двор складала 1,6 — 1,7 запрэжкі (запрэжка — 2 валы ці 1 конь). Дробную свойскую жывёлу (свіней, авечак) разводзілі ў сялянскай гаспадарцы па ўсёй Беларусі. Гадавалі пераважна свіней мясцовай пароды. Найбольшая колькасць авечак была ў Гродзенскай губерні. Звычайна тут пакідалі на зіму 4 — 6 авечак. Разводзілі ў асноўным грубашэрсных, з канца 18 ст. і танкарунных. Авечкі давалі сыравіну для сялянскіх промыслаў (воўна для світ, сярмяг, андаракоў, аўчына для кажухоў і шапак) і былі важнай крыніцай харчавання. Авечкагадоўля была базай для развіцця суконна-шарсцяной прамысловасці. Развядзенне коз не адыгрывала прыкметнай ролі ў гаспадарцы.

Структура жывёлагадоўлі і яе экстэнсіўны характар мала мяняліся на працягу ўсяго сярэднявечча. Прыкметныя змены адбыліся толькі пасля адмены прыгоннага права (1861). Побач з ростам прадукцыйнай жывёлы павялічылася і колькасць коней, якія ўсё часцей замянялі валоў. Аднак асноўнае месца ў структуры жывёлагадоўлі па-ранейшаму займалі буйная рагатая жывёла і свінні. Буйной рагатай жывёлы на Беларусі ў разліку на душу насельніцтва было ў 1,5 раза болей, чым у сярэдняй паласе Расіі. З развіццём капіталізму жывёлагадоўля ў памешчыцкіх гаспадарках набыла таварны характар: паляпшаліся пародныя якасці жывёлы, кармавая база, усё больш прадукцыі прадавалася на мясцовых і расійскіх рынках, пастаўлялася на экспарт. У сялянскіх гаспадарках жывёлагадоўля была паўнатуральнай: у 1912 г. 29,1 % сялянскіх двароў не мелі коней, 15 % — кароў.

У наш час жывёлагадоўля набыла малочна-мясны кірунак і стала прамыслова-аграрнай галіной вытворчасці. У жывёлагадоўлі прыкметна скарацілася колькасць коней і авечак. У асабістых гаспадарках сельскіх жыхароў пэўную ролю адыгрывае вырошчванне свіней, буйной рагатай жывёлы, а таксама птушкагадоўля.

Аўтар: В.С. Цітоў
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.