ЗРУБ – сцены драўлянага збудавання, складзеныя з бярвёнаў ці
брусоў, злучаных у 4-вугольныя ці іншых формаў
вянкі.
Памеры зруба вызначаюцца даўжынёй будаўнічага матэрыялу. Павялічыць памеры дазваляе выкарыстанне замкоў ці шулаў. Звычайна бывае квадратны ці прамавугольны ў плане. У народным будаўніцтве вядомыя і іншыя формы — 8-мі і 6-вугольнік (
гумно,
вятрак, конны млын – манеж). Каб вянцы шчыльней прылягалі адзін да аднаго, уздоўж бярвёнаў робяць паўкруглы паз. Раней (аб чым сведчаць археалагічныя матэрыялы
Бярэсця,
Віцебска, Менска ды інш.) яго выбівалі зверху вянца, цяпер жа – знізу, каб засцерагчы ад вільгаці і атмасферных ападкаў. Вянцы злучаюць паміж сабою і нагелямі (да 2 – 3 уздоўж кожнай сцяны, 2 на кожны прасценак). Для ацяплення зрубы імшылі, раней пазы паміж вянцамі часам прамазвалі глінай.
Колькасць вянцоў залежала ад таўшчыні бярвёнаў і прызначэння будынка (ад 4). На хаты і
клеці выбіралі найлепшую драўніну, пераважна хвойных пародаў. На Палессі таксама рабілі з дубу, асіны, вольхі. На захадзе нашай краіны больш пашыраныя брусы, на ўсходзе – бярвёны. Каб стварыць роўную паверхню сценаў у хаце, бярвёны з унутранага боку ачэсваюць. Калі будавалі хату, то спачатку рубілі часовы зруб, складзены з частак па 4 – 5 вянцоў. Потым з прасохлага бярвення хату будавалі канчаткова. Цяпер зрубы бываюць вялікіх памераў, гэта звязана з ускладненнем планіроўкі
жылля.