Пятніца, 29.03.2024, 16:43

ЗВЫЧАЁВАЕ ПРАВА

Галоўная »
ЗВЫЧАЁВАЕ ПРАВА – сукупнасць гістарычна выпрацаваных і прынятых грамадствам няпісаных нормаў, правілаў паводзін і ўзаемаадносін людзей у розных галінах вытворчага, грамадскага і сямейнага жыцця.

Звычаёвае права, як адна з форм грамадскай свядомасці, фарміравалася на аснове звычаяў, якія існавалі ў дадзяржаўным грамадстве. Было пашырана ў рабаўладальніцкім грамадстве і ў перыяд ранняга феадалізму. Дыферэнцыраваныя ў працэсе развіцця грамадства звычаі служылі дзейсным сродкам далучэння індывідуума да вопыту канкрэтнага грамадства ці этнічнай групы, а таксама рэгулявалі паводзіны асобы, вызначалі яе месца і становішча ў калектыве, садзейнічалі кансалідацыі вытворчых, сацыяльных і этнічных супольнасцей, падтрымлівалі згоду і паразуменне паміж супляменнікамі, мір з суседзямі. Выкананню ўсталяваных нормаў звычаёвага права садзейнічаў бясспрэчны аўтарытэт грамадскай думкі, якая ў многіх выпадках мела прэвентыўны характар, а таксама адчуванне чалавекам сваёй залежнасці ад калектыву. Значную ролю ў фарміраванні пазітыўнага стаўлення да агульнапрынятых нормаў адыгрывала выхаванне станоўчым прыкладам старэйшых і прымусам. Волю грамадства ажыццяўлялі старэйшыны і паважаныя прадстаўнікі супольнасці. Кожны з дзяцінства ведаў звычаі свайго калектыву і ўспрымаў іх у якасці абавязковых для выканання нормаў і правілаў, якія не падлягаюць ніякаму сумненню і крытыцы. Разам з тым звычаёвае права не было застылай катэгорыяй грамадскай свядомасці, яно рэагавала і адгукалася на істотныя змены ўмоў жыцця.

З узнікненнем дзяржавы правячыя колы прыстасавалі звычаёвае права да канкрэтных эканамічных і палітычных умоў, але прызнавалі толькі тыя звычаі, якія не супярэчылі інтарэсам і волі пануючых колаў феадальнай дзяржавы. Распаўсюджаным спосабам санкцыяніравання норм звычаёвага права з боку дзяржавы быў выбарачны метад дазволу або забароны кіравацца пры вырашэнні розных спраў тым ці іншым звычаем. У выніку многія нормы прававых звычаяў паступова страчвалі свае пазіцыі спачатку ў сферы грамадскага, потым вытворчага, а пазней і сямейнага жыцця.

Першыя пісьмовыя помнікі права («Руская праўда», дагавор 1229, Судзебнік 1497 і 1550) амаль цалкам заснаваны на нормах звычаёвага права. З развіццём буржуазнага грамадства звычаёвае права замянялася пісаным правам.

Звычаёвае права — адна з галоўных крыніц збораў законаў феадальнага права — Статутаў Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, якія дзейнічалі і на Беларусі. Найбольшае пашырэнне мела ў сельскай мясцовасці, дзе яно падтрымлівалася традыцыямі абшчыннага жыцця, дзейнасцю копных і валасных судоў (глядзіце Копны суд), судаводства якіх было заснавана на звычаёвым праве. Некаторыя нормы звычаёвага права зберагліся ў беларускай вёсцы і выкарыстоўваюцца пераважна ў сферы сямейнага побыту і падчас вырашэння разнастайных спадчынных пытанняў.

Зямельнае звычаёвае права — нормы і правілы, якія ўстанаўлівалі ўмовы, парадак і формы карыстання зямлёю. У старажытнасці было заснавана на прызнанні за кожным чалавекам магчымасці карыстацца свабоднаю зямлёю. Апрацоўка аднаго і таго ж зямельнага ўчастка на працягу некалькіх гадоў стварала прававую аснову для замацавання гэтага ўчастка за карыстальнікам, фактычнае ўладанне ператваралася ў права ўласнасці. На аснове зямельнага звычаёвага права праводзіўся і падзел лесу паміж сумежнымі ўладальнікамі, якім прапаноўвалася рубіць прасекі кожнаму са свайго боку і «дзе сякеры сустрэнуцца, там і вызначыць мяжу».

Паводле зямельнага звычаёвага права кожны селянін меў права пасвіць жывёлу на чужой зжатай ніве, карыстацца запушчаным полем, браць з дзяржаўнага лесу дрэвы на свае патрэбы. Права на землеўладанне прызнавалася за галавой сям’і і за іншымі членамі; пераважна яно замацоўвалася за мужчынамі, але не адмаўлялася і жаночае. Пры сямейных раздзелах сыны мелі права на частку бацькоўскага землеўладання, а дочкі — толькі на пасаг, які выдаваўся (пры наяўнасці сыноў) грашыма і рухомай маёмасцю. Аднак і дочкам бацькі маглі выдаваць у якасці пасагу частку ці нават усё сваё землеўладанне. За ўдавой права валодання зямлёю захоўвалася, калі не было дарослых сыноў і яна не выходзіла другі раз замуж. Зямельнае звычаёвае права да 16 ст. прызнавала права ўласнасці на зямлю і ў феадальна залежных сялян. Паводле Статутаў Вялікага княства Літоўскага 1529 і 1566 забаранялася купляць землі сялян без дазволу іх паноў, прызнавалася, хаця і абмежаванае, права сялян на зямлю. Статут 1588 аформіў неабмежаваныя правы шляхты на зямлю, канчаткова запрыгоніў сялян.

Спадчыннае звычаёвае права — няпісаныя нормы і правілы, якія ўстанаўлівалі парадак пераходу маёмасці, правоў і абавязкаў пасля смерці асобы яе спадчыннікам. Першымі спадчыннікамі былі сыны. Замужнія дочкі, якія жылі асобна ад бацькоў, права на спадчыну не мелі, бо сваю долю атрымалі ў выглядзе пасагу. Незамужнія дочкі паводле завяшчання атрымлівалі частку маёмасці, у выпадку адсутнасці завяшчання і ўзнікнення спрэчак ім належала ¼ частка вартасці ўсёй маёмасці незалежна ад колькасці сыноў ці дачок у сям’і. Калі не было сыноў, маёмасць пераходзіла да дачок. Маёмасць маці атрымлівалі ў спадчыну ў аднолькавых долях і сыны, і дочкі. Калі дарослыя сыны былі аддзелены, бацькоўская хата пакідалася малодшаму, пры якім заставалася і ўдава спадчынадаўцы. Пры адсутнасці дзяцей маёмасць пераходзіла да братоў памерлага, пасаг жонкі вяртаўся ў дом, з якога яна выйшла. З увядзеннем пісанага права спадчына паводле звычаёвага права не адмянялася, а набывала форму спадчыны па закону.

Сямейнае звычаёвае права — няпісаныя нормы і правілы, якія рэгулявалі асабістыя і маёмасныя адносіны, што ўзнікалі са шлюбу і прыналежнасці да сям’і. Паводле сямейнага звычаёвага права ў беларусаў шлюб бралі ў некалькі этапаў: сватанне, аглядзіны, заручыны (змовіны), вянчанне і вяселле. Сватанне і аглядзіны, як падрыхтоўчыя дзеянні, ніякіх прававых вынікаў не мелі, апошнія наступалі толькі пасля заручын. Той, хто адмаўляўся ад шлюбу, павінен быў вярнуць панесеныя выдаткі. Асноўныя правамоцтвы пры заручынах належалі бацькам, блізкім сваякам ці апекунам маладых. Калі ў сям’і было некалькі дачок, аддавалі раней старэйшую, потым маладзейшую. Узрост, з якога маглі ўступаць у шлюб, у сямейным звычаёвым праве не быў дакладна ўстаноўлены. Паводле царкоўных правілаў у шлюб маглі ўступаць дзяўчаты з 12 — 14, хлопцы з 14 — 15 гадоў (паводле Статутаў 1529 і 1566 паўналетнімі лічыліся дзяўчаты з 15, хлопцы з 18 гадоў, паводле Статута 1588 шлюбны ўзрост для дзяўчыны — 13 гадоў). Шлюб адбываўся са згоды маладых і іх бацькоў (ці блізкіх сваякоў). Згода на шлюб жаніха і нявесты мела значэнне, калі яны былі матэрыяльна незалежныя і ў сталым узросце. Часцей яна была фармальнасцю. Вяселле праходзіла ўрачыста, суправаджалася народнымі абрадамі. На вяселле запрашалі вельмі многа гасцей. Пасля вяселля, незалежна ад таго, адбылося царкоўнае вянчанне ці не, шлюб лічыўся агульнапрызнаным і грамадска замацаваным. Узаемаадносіны мужа і жонкі ў сям’і залежалі ад іх характару, паходжання і маёмаснага становішча (маёмасць, якую яны ўнеслі пры шлюбе). Прызнанне па сямейнаму звычаёваму праву маёмасных правоў жанчыны забяспечвала ёй пэўную свабоду як гаспадыні ў доме, а не служанкі мужа. Пасаг жонкі, хоць і пераходзіў у агульную ўласнасць сям’і, забяспечваўся нерухомай маёмасцю мужа. Калі муж быў бяднейшы за жонку і прыходзіў да яе ў дом, жонка абмяжоўвала яго правы па распараджэнню маёмасцю. Але і ў гэтым выпадку ён лічыўся галавой сям'і. Доля дзяцей у агульнай маёмасці не была дакладна вызначана, хоць іх права і не адмаўлялася.

Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Аўтары: С.Ф. Цярохін, I.А. Юхо
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.