Здаецца, што Алеся я ведаю ўсё жыццё. Раней сустракаліся даволі часта — можа, таму, што былі маладымі. І колькі было перагаворана і, што крывіць душой, выпіта! На размовах тых часта ляжаў адбітак штодзённасці, а віно было не заўсёды добрым, але мы тады жылі марамі і верылі, што ўсё лепшае наперадзе.
Алесь Каско тады працаваў на пасадзе старшыні абласной пісьменніцкай арганізацыі, і наўкол яго групаваліся творцы слова, у кабінеце старшыні пастаянна нехта знаходзіўся. І толькі даводзіцца здзіўляцца, як у чалавека хапала часу і імпэту, каб пісаць вершы.