Чацвер, 25.04.2024, 19:39

Галоўная » 2012 » Студзень » 10 » Думкі, высечаныя на небе
13:18
Думкі, высечаныя на небе
Тамара ЦюкінаНавагоднія назіранні мудрай настаўніцы з горада Ганцавічы.

Імя гэтай сціплай жанчыны зацікавіла ўсіх, калі яе вучань Аляксей Кірыковіч стаў "бронзавым" прызёрам Міжнароднай алімпіяды навук аб Зямлі ў Італіі. Настаўніца ганцавіцкай гімназіі Тамара Цюкіна адразу ж трапіла ў разрад мясцовых гераінь: таленавітага педагога павіншавала кіраўніцтва вобласці, а калегі назвалі прыкладам для пераймання. Вось каму цяжка "адпускаць" удалы год – здаецца на першы погляд. Але Тамара Сямёнаўна дакладна ведае: атрымаецца і ў наступны раз, галоўнае – шчыра верыць. Прыклады таго, як жыццё ўсё расстаўляла па сваіх месцах, даводзілася назіраць не раз.

Назіранне № 1: "Жыццё – як кніга: на адной старонцы – асабістае, на другой – прафесійнае. І хоць часам здаецца, што яны не датыкаюцца, гэта не так".
Наша жыццё – як кніга, пераканана настаўніца: на адной старонцы – асабістае, на другой – прафесійнае. І хоць часам здаецца, што яны не датыкаюцца, гэта, насамрэч, не так. Калі кнігу загарнуць, старонкі апынуцца шчыльна прыціснутымі адна да адной. Таксама і ў рэальнасці. Прынамсі, у Тамары Цюкінай гэтыя старонкі сапраўды знаходзяцца ў адной паралелі.

Ці варта казаць, што работа пераважна радуе настаўніцу бо наперадзе – яшчэ адна міжнародная алімпіяда ў Кёльне і з ёю ганцавіцкі дуэт звязвае вялікія надзеі.

Тамара Цюкіна шчыра радуецца, калі нехта з яе вучняў вырашае звязаць лёс з геаграфіяй, а ў гімназіі такія ёсць калі не кожны год, дык праз адзін дакладна. І Аляксей Кірыковіч не выключэнне – хлопец збіраецца паступаць на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ці не гэта самая галоўная ўзнагарода для педагога?!

А між іншым, любоў да сваёй прафесіі ў Тамары Сямёнаўны, так мовіць, у крыві. Яе сястра – таксама географ, а маці і цётка былі настаўніцамі малодшых класаў. Словам, сапраўдная педагагічная дынастыя. Да сястры, якая працуе ў ганцавіцкай СШ №1, заўжды можна звярнуцца за парадай, разам папрацаваць над алімпіяднымі заданнямі ці абмяняцца навуковай літаратурай. А калі ўзгадаць дзяцінства і юнацтва, то стане цалкам зразумела, чаму такі шлях выбрала Тамара Цюкіна.

Раней, расказвае яна, праз Ганцавічы аж тры цягнікі ішлі ў Ленінград, таму старэйшая сястра атрымлівала вышэйшую адукацыю менавіта там. Яе дзіўныя аповяды пра вучобу, горад і бесклапотнае студэнцкае жыццё літаральна зачароўвалі Тамару. Дзяўчына марыла хутчэй адправіцца за ведамі ўслед за сястрой, але маці была супраць. Яна бачыла малодшую дачку эканамістам і настойвала, каб тая выбрала сталічную ВНУ. Тамары ра-зам з бацькам употай прыйшлося падаваць дакументы, ды калі прыйшоў выклік з далёкага Ленінграда – усё тайнае стала відавочным…

Тамара Цюкіна ні хвіліны не шкадавала пра зроблены тады выбар, бо іншай прафесіі для сябе проста не ўяўляе. Вось ужо 15 гадоў, з самага заснавання гімназіі, яна працуе ў маляўнічай палескай глыбінцы. У адрозненне ад 90 працэнтаў людзей, па словах настаўніцы, якія ідуць на работу і думаюць пра тое, каб хутчэй сысці, яна гатова аддаваць справе жыцця кожную вольную хвілінку. Ну, а ў геаграфіі настаўніцы больш за ўсё падабаецца… эканоміка. Гэтыя дысцыпліны, лічыць Тамара Сямёнаўна, быццам дзве гарошыны з аднаго струка. Выходзіць, што і маці настаўніцы ў некаторым сэнсе ўсё ж такі мела рацыю.

Дарэчы, у старым годзе Тамара Цюкіна пакінула няскончаную справу: дапамагчы свайму вучню Юрыю Мухіну трапіць на абласную алімпіяду (у раёне хлопец заняў другое месца). І гэта зусім не ўласныя амбіцыі, а гарачае жаданне школьніка. Калі атрымаецца – ажыццявіцца яшчэ адзін навагодні цуд і адной дзіцячай усмешкай будзе больш.

Назіранне № 2: "Без інфармацыі чалавек нагадвае адарваную гародніну".
Як і ў кожнага з нас, у мудрай настаўніцы ёсць хобі, не звязаныя з прафесіяй. Летам на дачы яна, нібы пчолка, завіхаецца на гародзе. Тут у руплівай гаспадынькі шмат усяго: садавіна, гародніна, кветкі. Не грэбуе Тамара Сямёнаўна і дадатковымі дапаможнікамі ў складанай справе: яна ахвотна выпісвае і вывучае адпаведную спецыялізаваную літаратуру.

Дарэчы, наконт літаратуры – жанчына вельмі любіць чытаць, увечары нават не можа заснуць, пакуль не перагорне хаця б некалькі старонак. Сярод любімых пісьменнікаў у яе значыцца абаяльная францужанка Франсуаза Саган, творы якой можна перачытваць бясконца і ўсё роўна знаходзіць у іх нешта абсалютна новае для сябе.

Сярод адносна нядаўніх захапленняў Тамары Цюкінай вылучаецца псіхалогія. Цікавая навука дапамагла зразумець простую ісціну: трэба не рабіць зла людзям, бо яно абавязкова вернецца да цябе бумерангам. Гэтай нетрывіяльнай філасофіяй чуллівая настаўніца кіруецца і па жыцці.

А яшчэ яна цалкам згодна з тым, што інфармацыя ў сучасным свеце – галоўная зброя. Толькі ў самым мірным сэнсе гэтага выказвання. Кожны свой дзень Тамара Цюкіна пачынае з інтэрнэту. Не, яна не прыхільніца сацыяльных сетак і разнастайных тэматычных форумаў! Глабальную павуціну жанчына выкарыстоўвае ў якасці крыніцы навін, без якіх, лічыць Тамара Сямёнаўна, чалавек нагадвае адарваную гародніну. На школьных занятках яна спачатку арганізоўвае інфармхвілінку, а ўжо потым пераходзіць да праверкі дамашняга задання. Зусім не цікаўнасць рухае настаўніцай, а нармальнае жаданне трымаць руку на пульсе свайго горада, краіны і цэлага свету.

Назіранне № 3: "Думайце так, нібы кожная ваша думка высечана на небе і ўсе яе бачаць".
Тамара Цюкіна не пісала ліста Дзеду Марозу. Хоць ён і лічыцца сімвалам зімовага свята, дарослай жанчыне неяк сорамна верыць у казачнага персанажа і тым больш звяртацца да яго з просьбамі. Аднак ажыццявіць яе навагодняе жаданне пад сілу кожнаму, асабліва самым блізкім. Нават без імправізаванай магіі. Трэба ўсяго нічога: накрыць святочны стол. Ганцаўчанка прызнаецца: будзе цудоўна, калі хто-небудзь зробіць гэта за яе.

Калі са сціплымі жаночымі жаданнямі ўсё, у прынцыпе, ясна, можна перайсці да навагодніх пажаданняў. Іх Тамара Сямёнаўна адрасуе ў першую чаргу любімым калегам, якія заўжды падтрымліваюць і хвалююцца за яе, а ўжо ў другую – усім, хто сапраўды верыць у цуды. Здароўя, прыемных сустрэч, пазітыўных эмоцый… Самыя патрэбныя рэчы, лічыць мудрая настаўніца з палескай глыбінкі, на паверхні, і не трэба выдумляць нічога звышнатуральнага. На гэтым жа грунтуецца простае чалавечае шчасце.

– І галоўнае, – дадае яна, – думайце так, нібы кожная ваша думка высечана на небе і ўсе яе бачаць.

Маеце рацыю, шаноўная Тамара Сямёнаўна!…

Катэгорыя: Адукацыя | Праглядаў: 2209 | Дабавіў: admin | Тэгі: Ганцавічы
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Студзень 2012  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.