Пятніца, 19.04.2024, 17:05

Галоўная » 2013 » Верасень » 8 » «І тчэ, забыўшыся, рука…»
13:00
«І тчэ, забыўшыся, рука…»
Ніна Казак і Ульяна Віннік, якія за дзівосныя ўзоры, створаныя на кроснах, адна за другой год таму атрымалі званне "Народны майстар Беларусі", не стамляюцца здзіўляць сваім майстэрствам.

Ніна Казак
Майстрыха Ніна Казак

Як толькі ў полі ўся работа была зроблена, дзед Іван уносіў у хату кросны. Пад пільным наглядам бабы Ліды ставіў іх у самым светлым куце сваёй невялікай вясковай хаты, бліжэй да вокнаў, каб святлей было. Штовечар доўгую зіму "спявалі" кросны сваю дзіўную песню. Я з братам разбірала ніткі і раз-пораз паглядала на бабулю: як жа яна спрытна той чаўнок з навітым на цэўку ўтком туды-сюды перакідае, як хуценька бёрдам прыбівае ўточныя ніткі, упэўнена цісне панажы. І ў колерах не саб’ецца, і ва ўзоры не зблытаецца…

Успомніла сваю бабулю, калі ў Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў назірала за народным майстрам Беларусі Нінай Казак: жанчына сядзела за кроснамі і засяроджана ткала посцілку – 300 метраў, заказ ад прадпрымальніка, які мае намер арыгінальным вырабам упрыгожыць аграсядзібу.
Мог бы фабрычную ў магазіне купіць? – пазней спытала я ў Ніны Мікалаеўны.
Мог бы, – адказала ткачыха. – Ды ў фабрычнай не тая энергетыка была б…

Вось яно – ключавое слова, тое самае, што напаўняе зачараваннем кожную рэч, якая з’яўляецца на свет дзякуючы руплівым і майстравітым рукам Ніны Мікалаеўны. Жанчына вельмі гарманічна глядзіцца за ткацкім станком. Хоць на дварэ 21-е стагоддзе, але кросны ў інтэр’еры Дома рамёстваў не выглядаюць нечым архаічным. Можа, таму, што яны, дзякуючы рукам майстрыхі, жывуць і сёння ў наш век высокіх тэхналогій, камп’ютараў і інтэрнэту?! На іх ствараюцца такія вырабы, што не пакідаюць абыякавымі і аднавяскоўцаў майстрыхі (яна – хатыніцкая), і знатакоў ткацтва, і вучоных-даследчыкаў, і калекцыянераў.

Колькі сябе памятае, Ніна Мікалаеўна займаецца рамяством. Спачатку на падручных работах была ў сваёй маці (Марыя Трафімаўна ткала хутка і прыгожа, дачку да кроснаў з малых гадоў прывучала), потым сама села ткаць, пазней ужо дачку Наталлю рамяству вучыла, цяпер вось унучцы сакрэты майстэрства перадае. Між іншым, сямігадовая Аляксандра тчэ паясы і "ліпне" да бабулі: хоча больш сур’ёзнай работай заняцца.

Радуецца Ніна Мікалаеўна: не памрэ рамяство! Вось і на выставах, фестывалях ды конкурсах апошнім часам усё больш і больш маладых ткачых з’яўляецца. На тым жа фэсце рамёстваў у Мінску "Вясновы букет", на "Палатняных пераплётах", што сёлета ў Віцебск у на "Славянскім базары" праходзілі – ого-го якая была канкурэнцыя! "Мы цяпер тчэм у чатыры ніты, а ёсць майстры, якія ткуць у 6 і 8 нітоў, – расказвае рукадзельніца. – Вось хачу дружару свайго папрасіць, каб мне маламерныя кросны змайстраваў – з такімі зручна выязджаць на святы, кірмашы ды людзям паказваць сваё ўменне па ткацтве".

Дружара – гэта сямейная палавінка Ніны Мікалаеўны, муж Станіслаў Фёдаравіч. Трэба сказаць чалавек майстравіты – і печ скласці можа, і ткацкі станок зрабіць, і сталярку розную. Для сваёй Мікалаеўны ён – сябар па жыцці. Станіслаў Фёдаравіч першым 14 год таму падтрымаў жанчыну, калі яе запрасілі на працу метадыстам па ткацтве ў Дом рамёстваў. Яна вагалася: а ці хопіць майстэрства, каб іншых вучыць? Сумнявалася, бо на працу трэба ў райцэнтр ездзіць. Суседкі таксама падбадзёрылі – усёй вясковай вуліцай угаворвалі згадзіцца на прапанову. Так спрадвечны навык вясковай жанчыны – ткацтва – стала яе работай на ўсё жыццё.

Сяброўка Ніны Казак і калега па рабоце ў Доме рамёстваў Ульяна Віннік таксама родам з вёскі Хатынічы. Цяпер народны майстар Беларусі жыве ў вёсцы Боркі. Ткаць, вышываць, вязаць – усё ўмее Ульяна Пятроўна. "З малых год мне хацелася рукадзеллем займацца, – расказвае жанчына. – Памятаю, маладая была, сяжу на печы, узор прыдумваю, потым яго намалюю і – ткаць ці вышываць кідаюся. Зробіш адну рэч, хочацца хутчэй за наступную брацца”.

Ульяна Віннік
Майстрыха Ульяна Віннік

Кросны ў доме Ульяны Віннік – звыклы прадмет інтэр’еру. За імі яна і адпачывае, і творыць. Куды прыедзе – найперш бяжыць шукаць, дзе ніткі прадаюць. Жанкі нават жартуюць з яе, ды Ульяна Пятроўна не крыўдуе: калі сэрца да нейкай справы ляжыць, дык чалавек жа ўвесь ёй аддаецца. Асабліва ж праславілася майстрыха сваімі ручнікамі – і тканымі, і вышыванымі. Колькі іх зрабіла – хіба хто падлічыць?! Калі б скласці ўсе – дык у дзясяткі, а то і сотні кіламетраў атрымалася б тая ручніковая сцяжынка. І ў музеях па ўсёй Беларусі работы Віннік ёсць, і ў далёкім ды блізкім замежжы. Часта заказваюць ёй вясельныя ручнікі. "Яго павінна ткаць толькі адна ткачыха, аніякіх памагатых, – тлумачыць Ульяна Пятроўна. – Гэта, каб маладыя толькі адзін у аднаго былі ўсё жыццё. Узоры выбіраюць спецыяльныя, дзе шмат сімвалаў жыцця, прадаўжэння роду, заможнасці. Штосьці маці мне перадала, нешта ў аднавясковак падглядзела, нечым на семінарах ды фэстах жанкі з розных куточкаў Беларусі падзяліліся. Свет, паглядзіце, які прыгожы – вось і хочацца, каб хараством ззялі і ручнікі, і абрусы, і посцілкі, і адзенне".

Ульяна Пятроўна з замілаваннем расказвае пра рамяство, якім захапляецца. Не дзіўна, што яе 9-гадовая ўнучка Дар’я зацікавілася і таксама рукадзеллем стала займацца пад бабуліным кіраўніцтвам.

Між іншым, калі вы засталі б Ульяну Віннік у звычайным вясковым асяроддзі, дык здзівіліся б, якая яна ўвішная гаспадыня. У гаспадарцы і карова, і свінні, і куры. Агарод зноў жа ўвагі патрабуе. Не ўтрывала, пытаюся: "А муж Вас да кроснаў, нітак ды іголак не раўнуе? Вунь Вы – то ў Мінск, то ў Брэст, то ў Віцебск…" Ульяна Пятроўна смяецца: "Дык ён жа мне сам часта кампанію складае – мы з Аляксандрам Дзям’янавічам разам у самадзейнасці спяваем".

Блакітны, чырвоны, бардовы, ружовы… Гэта ж трэба так падабраць колеры, так пераплесці нітачкі, каб узор атрымаўся такі, што вачэй адвесці нельга! Шкадую, што ў газеце здымкі чорна-белыя, а таму колеравую гаму работ народных майстроў з Ганцаўшчыны не перадаць. Ды паверце мне на слова – гарманічна, прыгожа і незабыўна!

Работамі Ніны Казак і Ульяны Віннік захапляюцца наведвальнікі музеяў, выстаў, "Гарадоў майстроў" на розных фэстах, святах ды кірмашах. А колькі захопленых водгукаў ад калег па ткацкім цэху! Але не дзеля дыпломаў ды званняў шчыруюць ткачыхі. Яны ўсім сэрцам любяць хараство, душой прыкіпелі да рамяства. Дарэчы, ткацтва – адно з самых старажытных і пашыраных рамёстваў на Беларусі, яно вядома з эпохі неаліту.

Тысячагоддзі ўдасканальвалася ткацтва, яго сакрэты перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Вось і цяпер у Доме рамёстваў народныя майстры Беларусі Ніна Казак і Ульяна Віннік вучаць дзяўчынак і нават хлопчыкаў прыгажосці ткацтва, адмысловасці арнаменту, гармоніі каларыту. Бо гэта традыцыі іх краю, культура іх народа, тая нітачка часу, што яднае пакаленні, каб не згубіліся ў іншай культуры, не страцілі сваёй адметнасці. І каб там, у будучыні, абавязкова знайшліся рукі, якія будуць ткаць дзівосныя ўзоры роднай Беларусі…

Святлана ТАБОЛІЧ, "Народная трыбуна"

Самая полная информация о Челси на сайте болельщиков этого футбольного клуба.
Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 3067 | Дабавіў: admin
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Верасень 2013  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.