Субота, 20.04.2024, 07:20

Галоўная » 2011 » Снежань » 12 » “Я сумленны ў сваёй паэзii...”
18:23
“Я сумленны ў сваёй паэзii...”
Вядомаму паэту Алесю Каско 10 снежня споўнілася 60 гадоў. Вiншуем!

Алесь Каско

Алесь Каско нарадзіўся ў в.Чудзін Ганцавіцкага раёна. Упершыню надрукаваўся дзясяцікласнікам у ганцавіцкай раёнцы. У 1976 годзе закончыў Брэсцкi педагагічны інстытут імя A.С.Пушкіна. У гады вучобы лёс звёў яго з выдатным педагогам, вучоным, крытыкам і даследчыкам літаратуры, пісьменнікам Уладзімірам Калеснікам. Ён аказаў моцны ўплыў на маладога паэта, дапамог яму развіць творчыя здольнасці. I цяпер Алесь Каско лічыць яго сваім першым і самым лепшым настаўнікам, дзякуючы якому ён стаў вядомым у рэспубліцы літаратарам.

Працяглы час Алесь Каско працаваў карэспандэнтам Жабінкаўскай раённай газеты «Сельская праўда», потым - рэдактарам на Брэсцкай абласной студыі тэлебачання. У 2007 годзе зноў вярнуўся ў «Сельскую праўду».

Алесь Каско аўтар 8 паэтычных зборнікаў («Скразная лінія», «Набліжэнне», «Час прысутнасці», «Трохкроп’е», «45» і іншых), дзвюх кніжак для дзяцей, у адной з якіх сабраны народныя казкі. Выступае ў друку і як празаік, эсэіст, перакладае вершы з рускай, украінскай, польскай, македонскай і нямецкай моў.

Творчасць паэта адзначана літаратурнымі прэміямі імя А.Куляшова, У.Калесніка, міжнароднай імя Г.Краснапёркі. Ён кіраўнік раённага літаб’яднання «Плынь» пры газеце «Сельская праўда». Актыўна дапамагае пачынаючым паэтам авалодаць словам.

У адным з нядаўнiх iнтэрв’ю Алесь Каско выказаў свой погляд на паэзiю i паэта як творчай асобы: «Лiчу, што паэт у першую чаргу выказвае сябе, а чытач успрымае тое, што яму да душы, i цэнiць тыя вершы, якiя яму блiзкiя. Стрэсы, дэпрэсiя альбо вялiкая радасць для паэта - гэта ўсё крынiца творчасцi. Сапраўдны паэт не адразу напiша верш, толькi праз некаторы час усё выльецца на паперу, калi ён будзе ўжо ў душэўнай раўнавазе, у той час, калi ён застанецца адзiн, як манах у келлi.

Заўсёды маладым раю: калi не пiшацца – не хвалюйцеся, галоўнае – жывiце. Не вымучвайце вершы. Сустракайцеся з людзьмi, шмат чытайце, смуткуйце, радуйцеся, будзьце не абыякавымi ў жыццi. Духоўна ўзбагачайцеся. Тады натхненне абавязкова прыйдзе да вас.

Ведаеце, паэт перажывае не толькi за сваю сям’ю, за сваiх блiзкiх i сяброў. Ён перажывае таксама за сваю краiну, за сваю родную мову. Усё гэта адбiваецца на творчасцi. 

Што датычыць мяне асабiста, то я нiколi не крывiў душой у вершах i быў сумленны ў сваёй паэзii».

Сёння мы прапануем чытачам новыя вершы Алеся Каско.

***

Было. Не вярнуць. Ды ніколі не сцерці.
Мне б заўтра не страціць
таго пачуцця,
якое ёсць сёння: не боязна смерці,
а проста да смерці шкада мне жыцця.

Як шпарка ні бег бы мой час танканогі
і лёс мой кульгавым ні быў бы якім,
павек не зракуся пачатку дарогі:
яна праз Айчыну ішла напрамкі.

Праз душы сяброў і праз сэрцы каханых
Сягала скрозь вырак і вокрыкі "стоп".
Але каб паўторна мной шлях быў абраны -
Не ўпэўнены я, што ўсё тое ж было б.

Зноў выстаяць перад прымусам,
спакусай,
спыніцца ад здрады за хвілю, за крок?..
Такое бяды мне, што не паўтаруся,
шкада, што дарога ўпіраецца ў змрок.



Віхор

З разветранай і скурчанай лістоты,
з травы звішэлай на старым узмежку,
з пяску на абясследжанай дарозе -
сухі струмень, клубок,
крутлівы стоўп.

За хаасам жа бачу ўсёй істотай
хаціны, вуліцы, двары і сцежкі,
крыжы над тымі, хто спачыў у Бозе,
цвінтар перад царквой, на ім - натоўп.



***

Не пад тваёй рукой званок дзвярны
кіпіць... Тваю руку і ў сне пазнаю...
Для ўсіх астатніх сёння хата з краю,
хай там званкі грымяць або званы.

Ды дзверы - дзіўна! - свецяцца. Скрозь іх
у мой пакой заходзіць хто папала.
Я з кімсьці п’ю віно, гуляю ў кінг,
чытаю ліст, які ты не пісала.

Завітваюць знаёмыя і не:
сябры былыя, здрайцы, графаманы,
бяздомнікі, што маюць "маны-маны"
і спраў, як ты, не маюць да мяне.

Звіх набліжае кожны новы госць,
іх плойма навязала долю вязня.
"Вы хто такія? Вас я не заказваў!" -
крычу, хоць ведаю: без іх - шчэ горш...

Нарэшце днее. Ззяннем яснаты
развейваецца мроя. Час да працы.
Наросхрыст дзверы - і ўваходзіш ты,
нібы працяг начных галюцынацый.
 


Санет прыродзе

Хай дымам - лес, хай заплыла крыніца
і западае яр усё глыбей -
а першатворнасць мусіць
паўтарыцца
і паўтарыць хоць некалі цябе.

Такі закон; пад ім ты і ў журбе
вытокамі шчаслівы наталіцца
ў траве сухой або ў сівой вярбе,
ці ў ручаіне, гэтакай жа ніцай.

Дарма, калі ты целам і памёр.
Лес адрасце, паўстане зноўку бор
і яру дно падыме каранямі,
і звон крынічны з-пад зямлі абудзіць, -
і вобраз твой тут будзе жыць вякамі, 

калі яго забудуць нават людзі.

Уладзiмiр ТУРАЎ, газета "Зара"
Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 1840 | Дабавіў: admin
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Снежань 2011  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.