Субота, 20.04.2024, 02:01

Галоўная » 2017 » Верасень » 19 » Падарожнічаем разам: горад Клецк (частка другая — Клецк хрысціянскі)
19:52
Падарожнічаем разам: горад Клецк (частка другая — Клецк хрысціянскі)
Другую частку свайго падарожжа па горадзе Клецк, які сёлета адзначае сваё 890-годдзе, мы здзейснім па аб’ектах хрысціянскага дойлідства.


Распачнем яго з цэнтральнай рынкавай плошчы, якая зараз носіць імя Маякоўскага. На ёй размешчаны Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзеве Марыі і кляштар дамініканцаў, які цяпер з’яўляецца праваслаўнаю Васкрасенскаю царквою.


Кляштар заснаваны ў пачатку 1683 года скарбнікам навагрудскім Юрыем Казімірам Булгакам і яго жонкай Кларай (з Галтоўскіх). У тым жа годзе па фундацыі маршалка літоўскага князя Станіслава Казіміра Радзівіла драўляны касцёл замянілі на мураваны, асвячоны 6 чэрвеня 1684 года. У 1784—1810 гадах пабудаваны мураваны жылы корпус.

Горад Клецк. Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзеве Марыі і кляштар дамініканцаў

Горад Клецк. Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзеве Марыі і кляштар дамініканцаў

Кляштар абдарылі зямлёй і капіталам Юрый Булгак і мінскі кашталян князь Андрэй Сангушка. У 1730 і 1811 гадах кляштар атрымаў грашовыя ахвяраванні ад Марціна і Іосіфа Радзівілаў. Да 1796 года манахам выплочвалася 7% прыбытку з Ракаўскага графства (паводле распараджэння жонкі Станіслава Радзівіла). У 1795 годзе М.Адахоўскі заснаваў пры кляштары школу на 10 навучэнцаў шляхецкага паходжання і шпіталь.




У 1832 годзе кляштар закрыты, касцёл пераабсталяваны пад Васкрасенскую царкву. У 1854 годзе яе адрамантаваў за ўласны кошт князь Леў Радзівіл. Быў створаны драўляны іканастас з 13 абразоў. У савецкі час касцёл закрыты. Цяпер адноўлены, дзейнічае.


Горад Клецк. Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзеве Марыі і кляштар дамініканцаў

Кaсцёл уяўляе сабою помнік архітэктуры барока. Магутны прамавугольны неф і паўкруглая апсіда накрыты агульным высокім дахам. Галоўны фасад з двумя чатырохграннымі шатровымі вежамі выходзіць на плошчу. Фланкіраваная вежамі плоскасць галоўнага фасада была завершана трохвугольным франтонам на высокім атыку і насычана барочнай пластыкай — шырокімі пілястрамі, карнізнымі паясамі, разеткамі, лучковымі і арачнымі нішамі са скульптурай (не захаваліся) і раскрапаванымі трохвугольнымі франтонамі. Бакавыя фасады вырашаны плоскасна, расчлянёны двумя ярусамі прамавугольных аконных праёмаў і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Элемент асіметрыі ў аб'ёмную кампазіцыю ўносіць невялікая паўночная сакрысція.


Жылы корпус вырашаны такімі ж сціплымі архітэктурна-пластычнымі сродкамі. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам надзелены рытмам прамавугольных аконных праёмаў і лапатак у прасценках, якія падтрымліваюць буйны апяразваючы карніз. Утульныя келлі за метровымі сценамі і пад крыжовымі скляпеннямі (на другім паверсе плоская столь) традыцыйна аб'яднаны прадаўгаватай галерэяй з тарцовай двухмаршавай лесвіцай. Пад будынкам скляпеністыя падвалы.


Далей мы рушым на вуліцу Гагарына, дзе ў адным з двароў захаваліся рэшткі Касцёла Найсвяцейшай Тройцы.


Ён быў заснаваны як фарны ў 1450 годзе Андрэем Масцівілоўскім, яго будаўніцтва скончана ў сярэдзіне 16 стагоддзя пры вялікай князёўне Боне Сфорца, а яго архітэктарам магчыма быў Джаванні Марыя Бернардоні. У 1560-я гады перададзены Мікалаем Радзівілам Чорным кальвіністам. Тут у 1560-я гады служыў міністрам (прапаведнікам) і выступаў з пратэстанцкімі казаннямі беларускі гуманіст Сымон Будны.


Уладальнік горада і маршалак Вялікага Княства Літоўскага Альбрэт ІІ Радзівіл зноў вярнуў яго католікам, і храм быў асвячоны віленскім біскупам Юрыем Радзівілам у 1607 годзе. На 1912 год налічваў больш за 6760 парафіян. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў пашкоджаны, а ў 1950-я гады ўзарваны. На сённяшні дзень захавалася толькі частка заходняй сцяны.


Касцёл быў вырашаны ў гатычна-рэнесансным стылі. Уяўляў сабою аднанефавы высокі карабель, двухсхільны дах над якім пераходзіў у вальмавы над пяціграннай апсідай. На франтальным фасадзе меў магутную трох’ярусную (два васьмерыкі на чацверыку) вежу-званіцу з цыбулепадобным купалам і ліхтаром з галоўкай. Плоскасныя грані, невялікія квадратныя і круглыя вокны-байніцы надавалі ёй абарончы характар. Сцены былі ўмацаваны контрфорсамі і завершаны прафіляваным карнізам. Над прэсьбітэрыем вільчык даху завяршаўся невялікай вежачкай па форме верхняга яруса званіцы.


Рудыментамі готыкі з’яўляліся пілоны-контрфорсы ў прасценках высокіх арачных аконных праёмаў і гатычная цагляная муроўка сцен (26–27 х 12,5–13 х 6,5–7 см). З паўночнага боку да апсіды асіментрычна далучалася двухпавярховая сакрысція, на другім паверсе якой была скарбніца.


Зала храма была перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, у інтэр’еры прысутнічалі багата аздобленыя разныя алтары, скульптура. Падлога была цагляная, у асноўным аб’ёме ў ёй было пакладзена некалькі каменных пліт. Над уваходам у касцёл ў залу храма выступала драўляная галерэя хораў. Пад апсідай знаходзілася скляпеністая скрыпта.

На вуліцы Перамогі размяшчаецца новы Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, што быў пабудаваны ў пачатку 21 стагоддзя з цэглы і мае знешняе падабенства да знішчанай святыні. З 2006 года святыня адчынена для вернікаў, а 30 чэрвеня 2012 года мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў касцёл.




Крыжовы ў плане храм фарміруюць прамавугольныя ў плане аб'ёмы нефа з пяціграннай апсідай і крылаў трансепта, накрытыя агульным высокім двухсхільным дахам. У фасад убудавана двух'ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца, франтальная грань якой вылучана высокім стральчатым перспектыўным парталам увахода, да якога вядзе высокі лесвічны каскад. Такой жа формы аконнымі праёмамі і пілонамі-контрфорсамі ў прасценках расчлянёны бакавыя фасады. Алтарны фасад і грані апсіды завершаны ступеньчатымі атыкамі.


Горад Клецк. Троіцкі касцёл

Апошнім пунктам нашага сённяшняга падарожжа стане праваслаўная Пакроўская царква, што размяшчаецца па вуліцы Леніна на гарадскіх могілках. Пабудавана яна была ў другой палове 19 стагоддзя (1876–1879 гады) з цэглы і з’яўляецца помнікам архітэктуры псеўдарускага стылю.



Сіметрычна-восевая аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка складаецца з рознавялікіх прамавугольных аб’ёмаў званіцы, бабінца, асноўнага аб’ёму і арыентаванай на ўсход апсіды. Цэнтральны квадратны ў плане аб’ём накрыты пакатым чатырохсхільным дахам з драўляным двух’ярусным васьмерыковым барабанам, што завершаны шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Падобнае драўлянае завяршэнне – васьмярык на чацверыку – мае і трох’ярусная званіца.



Галоўны ўваход у храм вылучаны драўляным тамбурам. Да яго з трох бакоў вядуць масіўныя лесвіцы, выкладзеныя з блокаў ружовага вапняку. Сцены будынка прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Вуглавыя часткі раскрапаваны магутнымі лапаткамі, па перыметры будынка выступае драўляны карніз простага профілю, дэкарыраваны бляшаным арнаментаваным падзорам.

Горад Клецк. Пакроўская царква

Кампазіцыя інтэр’ера пабудавана на кантрасце нізкіх памяшканняў бабінца і алтарнай часткі з больш высокай цэнтральнай залай храма. Унутраная прастора пазбаўлена дэкору. Апсіда аддзелена ад зальнай часткі іканастасам.

Горад Клецк. Пакроўская царква

Гэта не апошняя наша паездка. У бліжэйшы час чытайце аб працягу падарожжа па цікавых месцах, што знаходзяцца адносна блізка ад Ганцавіцкага раёна.

Чытаць таксама:
Катэгорыя: Падарожнічаем разам | Праглядаў: 1775 | Дабавіў: vitalis | Тэгі: падарожнічаем разам, Клецк
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Верасень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.