Чацвер, 25.04.2024, 16:07

Галоўная » 2017 » Жнівень » 19 » Падарожнічаем разам: горад Клецк (частка першая – Клецк гістарычны)
20:56
Падарожнічаем разам: горад Клецк (частка першая – Клецк гістарычны)
На гэты раз аб’ектам нашага вялікага праекта-падарожжа стане горад Клецк. Сёлета спаўняецца 890 гадоў з дня першага ўпамінання гэтага населенага пункта ў пісьмовых крыніцах.


Клецк, які ляжыць на шляху многіх ганцаўчан у сталіцу нашай краіны горад Мінск, мае амаль тысячагадовую гісторыю і налічвае шмат помнікаў гісторыі і архітэктуры.


На ўездзе ў горад з правага боку ад дарогі з вёскі Сіняўка стаіць памятны знак – два крыжы. Яны ўстаноўлены на месцы дзе 5 жніўня 1506 года адбылася так званая Клецкая бітва паміж войскам Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем князя Міхаіла Львовіча Глінскага і крымскімі татарамі на чале з царэвічамі Біці і Бурнашом. Мэтай татарскага нападу, арганізаванага ханам Менглі-Гірэем, акрамя захопу палонных, маёмасці і жывёлы быў націск на ўрад ВКЛ, каб прымусіць яго пазбавіцца ад ганаровага вязня, былога хана Вялікай Арды і смяротнага ворага крымчакоў Шах-Ахмата (забіць яго ці жывым выдаць у Крым).


Крымскае войска (каля 4 тысяч чалавек пры 10 тысячах коней) пад Чарнігавам пераправілася праз Дзясну, а пад Лоевам – цераз Дняпро. Адсюль рушылі татары на Слуцк, пасля на Клецк, дзе прыкладна 20–22 ліпеня сталі кашом (лагерам) і распусцілі атрады для збору палону. Асобныя іх чамбулы дасягалі Мінска.


Цяжкахворы вялікі князь Аляксандр 27 ліпеня ў Лідзе склікаў паспалітае рушэнне і перадаў камандаванне гетману Станіславу Пятровічу Кішку і маршалку дворнаму Глінскаму. 29 ліпеня ў Лідзе сабраліся некаторыя павятовыя харугвы, 31 ліпеня яны дайшлі да Навагрудка. Тут да 3 жніўня войска ВКЛ вырасла да 7 тысяч чалавек (у асноўным харугвы Гарадзенскага, Навагрудскага і Мінскага паветаў, а таксама наёмная кавалерыя, польская гвардыя Аляксандра і нешматлікая артылерыя).

Горад Клецк. Клецкая бітва

Атрымаўшы інфармацыю ад языкоў, 3 жніўня войска шпарка рушыла на Клецк. У час маршу было разбіта некалькі дробных татарскіх атрадаў, аднак Кішка занямог, і паны паставілі на чале войска Глінскага. 5 жніўня войска ВКЛ выйшла на левы бераз ракі Лань насупраць Клецка і спусцілася крыху ніжэй да дарогі на Пінск.

Горад Клецк. Клецкая бітва

Наносячы ўдар з паўднёвага захаду, Глінскі разлічваў адрэзаць татарам шляхі да ўцёкаў, прыціснуць іх да водных перашкод і разбіць. Абапал грэблі, па якой ішла дарога Клецк – Пінск, былі збудаваны дзве гаці. Першым на правы бераг Лані пераправіўся невялікі атрад вялікага маршалка Яна Юр’евіча Забярэзінскага, але быў хутка разбіты. Пасля ўдарылі асноўныя сілы. Спачатку рушыла правая калона, адразаючы татарам шлях да адступлення, а калі тыя ўсе сілы кінулі супраць яе, цераз Лань пераправілася левая калона з самім Глінскім і ударыла ў фланг татарам.

Горад Клецк. Клецкая бітва

Жорсткая бітва скончылася ўцёкамі татараў, шмат іх патанула ў раццэ Цапра. Рэштку гналі далей, білі пад Капылём, Слуцкам, Петрыкавам, Оўручам, Жытомірам. Яшчэ некалькі дзён войска ВКЛ перахоплівала асобныя татарскія атрады, якія вялі ў Клецк палон з навакольных мясцін. Пераможцам дасталіся шматлікія коні татараў. Было вызвалена шмат палонных (40 тысяч паводле сведчанняў сучаснікаў, відаць, перабольшаных), узята ў палон 2–3 тысячы татараў.

Клецкая бітва стала самым значным паражэннем крымскіх татараў у Беларусі і паклала канец іх буйным набегам за Прыпяць.



На паўночна-заходняй ускраіне Клецка на левым карэнным беразе ракі Лань размяшчаецца гарадзішча. Яно складаецца з дзядзінца і вакольнага горада, раздзеленых ровам шырынёй 30 метраў, глыбінёй 6–7,5 метраў.


Дзядзінец займае прыроднае ўзвышша, якое аддзелена ад берага шырокім і глыбокім ярам, мае форму круга дыяметрам 80 метраў, узвышаецца над поймай ракі на 9–10 метраў. На краях пляцоўкі, з боку поля выяўлены рэшткі вала вышынёй 0,6–1,2 метра. Пляцоўка і яе схілы здзірванелыя. Вакольны горад эліпсоіднай формы памерам 400 х 100 метраў прымыкае да дзядзінца з усходняга боку. З паўночна-усходняга боку захаваліся рэшткі абарончага вала вышынёй каля 1 метра і рова глыбінёй 1,2–1,4 метра, шырынёй 10 метраў (у паўднёва-ўсходняй частцы вакольнага горада вал і роў разараны).


Даследванне гарадзіша ў 1964, 1966, 1967 гадах на плошчы 116 метраў квадратных праводзіў Пётр Фёдаравіч Лысенка. Культурны пласт дзядзінца каля 1 метра. Знойдзены фрагменты шкляных бранзалетаў, шыферныя прасліцы, прадметы ўзбраення, прылады працы і быту, збожжа, косці свойскіх і дзікіх жывёл. У культурным пласце (0,7–1,2 метраў) вакольнага горада выяўлены рэчы, адначасовыя знаходкам ніжняга гарызонта дзядзінца. Адносіцца да эпохі Кіеўскай Русі, датуецца 11–13 стагоддзямі. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук Беларусі.

Непадалёку ад гарадзішча па вуліцы Школьная размяшчаюцца тры карпусы былой бальніцы, якая была пабудавана з цэглы ў 1090 годзе.



Горад Клецк. Шпіталь

Цэнтральны будынак шпіталя – Ш-падобны ў плане аднапавярховы аб’ём, пакрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад сіметрычна-восевай кампазіцыі члянёны рызалітамі, завершаны ступеньчатымі атыкавымі шчытамі па вуглах. Цэнтральны рызаліт вылучаны шырокім уваходным праёмам, паабапал якога аконныя праёмы. Фасады насычаны дэкаратыўнай пластыкай, выкананай сродкамі мастацкай цаглянай муроўкі – ліштвы лучковых аконных праёмаў з клінападобнымі перамычкамі, філёнгі, лапаткі, карнізы. Унутры будынка калідорная планіроўка.



Корпусы былога шпіталя з’яўляюцца помнікамі архітэктуры стылю мадэрн.

Нападалёку ад іх размясціўся будынак былой іешывы, якая верагодна пэўную частку сваёй гісторыі выконвала ролю і сінагогі.



Прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны ўваход вылучаны двухпавярховым рызалітам, завершаным шчытом з люнетам у цэнтры. Фасад раскрапаваны вуглавымі лапаткамі, карнізам простага профілю, ліштвамі рознавялікіх лучковых аконных праёмаў. Прамавугольная ў плане зала з двух бакоў мае двух’ярусныя галерэі. Перакрыццё выканана на металічных бэльках.



Будынак іешывы можна аднесці да помніка з рысамі стылю мадэрн.


Горад Клецк. Казармы

Далей мы адправімся на поўнач горада, дзе на аднайменнай вуліцы знаходзяцца захаваўшыеся казармы 9-га батальёна Копуса Аховы Памежжа, якія стануць апошнім пунктам нашага сённешняга падарожжа. Пабудаваны яны ў 1920–1930-я гады па тыпавым праекце з дрэва, цэглы і бутавага каменю (падобны праект быў рэалізаваны і на тэрыторыі сучаснага Ганцавіцкага раёна – ваенны гарадок Людвікова, дзе размяшчаўся 15-ы батальён Корпуса Аховы Памежжа). Тры тыпавыя будынкі казарм і стайні складалі ансамбль сіметрычна-восевай планіроўкі. Цяпер казармы выкарыстоўваюцца пад жыллё і як адміністрацыйны будынак.


Две казармы – П-падобныя ў плане аднапавярховыя будынкі, пакрытыя вальмавымі дахамі. У цэнтры манументальныя двухпавярховыя мураваныя аб’ёмы з скразнымі праездамі ў выглядзе шырокіх арак (перакрыцці плоскія на бэльках). Сцены цэнтральных аб’ёмаў завершаны фігурнымі ўвагнута-выпуклымі шчытамі. Вуглы ўмацаваны буйнымі контрфорсамі. Элементы архітэктурнага дэкору – ліштвы квадратных аконных праёмаў, профілі з чырвонай цэглы, вылучаюцца на фоне бутавых сцен. Галоўны фасад фланкіраваны рызалітамі бакавых крылаў. Планіроўка памяшканняў калідорная.



Казармы з’яўляюцца помнікам архітэктуры стылю мадэрн.

У наступны раз мы застанемся ў Клецку і прысвяцім сваё падарожжа хрысціянскім святыням гэтага старажытнага горада.

Чытаць таксама:
Катэгорыя: Падарожнічаем разам | Праглядаў: 2061 | Дабавіў: vitalis | Тэгі: падарожнічаем разам, Клецк
Меню
https://leaubk.com адвокат по взысканию алиментов.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
https://leaubk.com адвокат по взысканию алиментов.
Каляндар
«  Жнівень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
https://leaubk.com адвокат по взысканию алиментов.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.