Субота, 20.04.2024, 16:01

Галоўная » 2017 » Ліпень » 19 » Падарожнічаем разам: вёскі Дарава, Фларыянава і Каранеўшчына
07:22
Падарожнічаем разам: вёскі Дарава, Фларыянава і Каранеўшчына
Сёмая па ліку паездка ў рамках праекта «Падарожнічаем разам» адбудзецца ў Ляхавіцкі раён, дзе мы наведаем адразу тры населеныя пункты: вёскі Дарава, Фларыянава і Каранеўшчына.


Касцёл унебаўзяцця найсвяцейшай Дзевы Марыі размяшчаецца ў вёсцы Дарава каля шашы БаранавічыЛяхавічы. Пабудаваны ён у 1926—38 гады з цэглы.


Касцёл унебаўзяцця найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дарава


Уяўляе сабою твор архітэктуры гістарызму. Будынак вырашаны ў плане ў форме лацінскага крыжа: працяглы аб'ём малітоўнай залы, завершаны пяціграннай апсідай, перакрыжаваны крыламі трансепта. Да фасада, завершанага фігурным увагнута-пукатым франтонам (рудымент стылю барока), далучана трох’ярусная (васьмярык на дзвух чацверыках) шатровая вежа-званіца, дынамічны вертыкалізм якой узмацняецца бакавымі нізкімі каморамі. Перакрыжаванне двухсхільнага і вальмавага дахаў адзначана кампактнай сігнатуркай. Плоскасныя фасады члянёны разнастайнымі па форме і малюнку аконнымі праёмамі: лучковымі на бакавых фасадах, арачнымі на званіцы. Уваход аформлены рызалітам-парталам з трохвугольным франтонам.



Унутраная прастора арганізавана па каноне трохнефавай базілікі. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным драўляным скляпеннем, падтрыманым магутнымі чатырохграннымі міжнефавымі ўстоямі, вузейшая апсіда — конхай на распалубках. Перспектыву нефа завяршае двух’ярусны алтар у стылі неакласіцызму — чатырохкалонная арка-табернакль.

Касцёл унебаўзяцця найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дарава

Касцёл унебаўзяцця найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дарава

Сядзіба Фларыянава (Флер’янава) пабудавана Янам Оттанам Бохвіцам (1835–1915 гады жыцця), які быў жанаты на Стэфаніі Булгак. Ян Оттан быў удзельнікам Крымскай вайны, і пасля вяртання з яе ў 1856 годзе, атрымаў фальварак Новыя Вашкоўцы ў спадчыну ад свайго бацькі Фларыяна. Новая сядзіба была хутка перайменавана і названа імем айца. Вядомы мысляр памёр у гэтым фальварку. Затым маёнткам уладалі сын Яна Тадэвуш Оттан (1863–1930 гады жыцця) і ўнук Ян Оттан (1894–1937 гады жыцця), жанаты на Марыі Гальстэн.


Сядзіба закладзена на адной восі ў двух кіламетрах ад Вошкаўцаў (цяпер вёска Ураджайная) на тэрасе Ведзьмы, прытоку ракі Шчара. Каля 1870 года Ян Оттан пабудаваў невялікі драўляны дом з папярэчным другім паверхам, прамавугольны ў плане, абшыты буйнай гарызантальнай дошкай, з рустованнымі вугламі. Затым да яго былі прыбудаваны два бакавых каменных атынкаваных аб’ёмы. Левы двухпавярховы корпус пабудаваны ў неагатычных рысах. Тарцавы яго бок складзены з чырвонай цэглы, завершаны атыкавым франтонам, прыняў выглад параднага фасада. У ніжнім паверсе фасад мае два ўваходы, што аформлены ў форме гатычных праёмаў, і тры вялікіх прамавугольных вакна. У верхнім паверсе – тры гатычных вакна. Дэкор фасада складаюць парэбрык, лапаткі, машыкульны карніз, паўкалонкі. На фасоннай цэгле пазначаны вытворца «Б.Е. Лозински, Бобруйск». Завяршэнне франтона выканана ў выглядзе зубчатай сценкі з чатырмя вялікімі і чатырмя малымі шасціграннымі вежачкамі, якія завершаны кубачкамі накшталт кветкавых бутонаў. Іх форма аналагічная дэкору сядзібнага дома Бохвіцаў у Паўлінаве, даціруемага 1906 годам. Па ўсёй бачнасці, прыбудова корпуса адбылася прыкладна ў той жа час.

Сядзіба Фларыянава (Флер’янава)

Дом, павялічаны ў памерах, меў дзевятнаццаць пакояў. З іх асабліва вядзяляліся бібліятэка, сталовая і вялікі салон, аформлены ў неагатычным стылі. Дом, абстаўлены новай мэбляю, не ўтрымліваў асаблівых старадаўніх каштоўнасцяў. Меліся карціны пэндзаля Аляксандра Арлоўскага, партрэты Фларыяна і яго сясцёр пэндзаля мастака Францішака Фялінскага.


У сядзібы па восі вышэй абазначанага бакавога фасада, які прыдаваў дому выгляд маляўнічага неагатычнага замка, праходзіць ліпавая ўязная алея шырынёю восем метраў з дрэвамі ў радзе праз шэсць метраў. Уезд у сядзібу быў аформлены ўязною брамаю, утворанай масіўнымі каменнымі пілонамі, завершанымі дэкаратыўнаю чугуннаю рашоткаю. Яна была вывезена немцамі ў Першую сусветную вайну ў 1914 годзе. Не захаваліся пілоны, страчаны пад’язны круг на газоне паміж брамаю і домам.


Парадны партэр размяшчаўся перад галоўным фасадам, меў прамавугольную форму і фіксіраваўся з боку сіметрычна размешчаных рознай велічыні будынкамі сыраварні і афіцыны (абкладзена цэглаю і выкарыстоўваецца пад жыллё). За партэрам размяшчаліся будынкі гаспадарчага двара (канюшні, кароўнікі, гумно і іншае). У двор з паўднёвага боку вяла ўязная алея. Асобна за афіцынаю размешчаны ляднік у выглядзе невялікага гранёнага будынка з самана.


Адзін з фотаздымкаў пачатку ХХ стагоддзя перадае планіроўку цэнтральнай часткі партэра. Па васі будынка размяшчалася клумба, шырокая, добра адсыпаная інэртным матэрыялам дарожка абхоплена кустарнікамі і дрэвамі, што растуць на газоне. Старыя адзіночныя дрэвы клёна, ліпы і дуба дайшлі да нашага часу. Асаблівай прыгажосцю выдзяляўся кветнік каля дома, з якога Эліза Ажэшка прывезла ў гродзенскі дом гербарый, а пялёсткамі фларыянаўскіх ружаў упрыгожвала лісты. Там жа размяшчалася пляцоўка для крыкета. Цяпер пад домам праходзіць газапровад, прымыкае машынны двор былога калгаса, што адмоўна адбіваецца на стане былога партэра.

Добры газон з адзіночнымі дрэвамі, кветкавымі рабаткамі меўся за домам, з боку парку. Каля паркавага фасаду дома захавалася велічная, больш чым двухсотгадовая ліпа буйналістовая са зламанай вяршыняю (дыяметр ствала каля 145 сантыметраў). Побач з ёю расце кустам буйное дрэва ліпы мелкалістовай.


Парк з садам мае ў плане выгляд паўсферы. Парк размешчаны з паўночнага боку дома, акружаны алеямі. Быў адкрыты ў бок поймы, а адной з краявідных кропак быў ганак, які называўся «альтанаю» (захаваўся яго падмурак), пад магутнаю кронаю вышэй узгаданай ліпы буйналістовай. Тут адпачывала сям’я, збіраліся госці. Ад «альтаны» пачыналася алея бэзу звычайнага, да якой звярталася Эліза Ажэшка ў лісце: «Скажыце Фларыянаўскім бэзам, каб да майго прыезду не адквітнелі!». Алея вяла ў пойму да невялікага вадаёма, які падсілкоўваўся крыніцаю. З ператварэннем русла Ведзьмы ў канал, пейзаж парушыўся, не стала крыніцы, сажалка зарастае.

Істотна змяніўся і амаль страчаны сам парк, частка яго разарана. Застаўшыся дрэвастой здзічэў. Пад полагам дрэваў першага яруса (вяз, ліпа, сасна, ёлка) багатае развіццё атрымаў падрост. Паляна раз’ежджана, на ёй ўстаноўлена газавая станцыя. Алеі з ліпы, граба, ясеня пакрыліся падростам і прымаюць выгляд ахоўных палос.


Янам Оттанам ў парк прыцягвалася шмат рэдкіх відаў дрэваў і кустоў. Захаваліся адзіночныя дрэвы конскага каштана васьмітычынкавага, сасны сібірскай кедравай, лістоўніцы, белай акацыі. Вялікім дрэвам прадстаўлена рэдкая ў культуры ліпа Мольтке (вышыня 19 метраў, дыяметр ствала 92 сантыметра, дыяметр кроны 15 метраў). Гібрыд быў атрыманы ў Берліне да 1880 года. Велічных памераў дасягае таполя канадская "Serotin". З кустоў растуць глог, бузіна чорная, спірэі. Амаль зведзены бэз, ў якой патанала сядзіба. Выпалі ў апошні час старыя конскія каштаны і сасна веймутава.

З усходняга боку, па ўсёй шырыне сядзібы, Ян Оттан заклаў трыццаціморгавы сад (морг – мера плошчы), які ўключаў у сябе вытворчае і эксперыментальнае (па выпрабаванні новых гатункаў) аддзяленні і сад вішнёвы – гатункавай прышчэпленай вішні (на яго месцы цяпер бензазапраўка). Ён лічыўся адным з лепшых садоў на Беларусі. Сад, які часткова дайшоў да нашых дзён, па перыметру акружаны ліпаваю двухадоваю алеяю, у складзе якой у выглядзе акцэнтаў уведзена лістоўніца. Дзесяць лістоўніц выдзяляюцца па вышыні і асабліва заласцістым асеннім уборам. Акружная алея кампазіцыйна звязвала сад і парк, а прагулачны маршрут быў бясконца доўгім. Адзін з сучаснікаў таго часу пісаў: «…кампанія збіралася пасля доўгіх шпацыраў, а сама прагулка па вялізным фларыянаўскім садзе настолькі стамляла, што не было ўжо вялікай ахвоты да жвавай мазуркі, альбо стамляльнай полькі». Элізе Ажэшка здавалася, што сядзібныя алеі «вялі ў бесканечнасць».


Сад з паркам і невялікм, але добра ўладкаваным сядзібным домам з вежачкамі на фасадзе, па выказванні Аляксандра Ельскага, з’яўляўся «украшением околицы». Яго ўладальнік пісаў вершы, быў вядомым грамадскім дзеячам, прыхільнікам адмены крэпаснога права, спецыялістам ў галіне сельскай гаспадаркі, асабліва садаводства. Ён выступаў за павышэнне ў мясцовым краі культуры земляробства, любіў расліны, займаўся памалогіяй – вывучэннем гатункаў пладовых дрэваў і адборам найбольш перспектыўных для культуры. Яго даследаванні апублікаваны ў працах «Некоторые огороднические наблюдения» (1901 год), «Как закладывать и ухаживать за садами» (1904 год). Сучаснікі называлі Яна Оттана Бохвіца «образцовым хозяином».


У пачатку ХХ стагоддзя добра склаўшаяся да гэтага часу сядзіба, на чале якой стаяў ужо немалады Ян Оттан, у мінулым удзельнік паўстання 1863–1864 гадоў, прысуджаны да смяротнага пакарання вязень Дынабурга, цягнула да сябе людзей. У доме мелася немалая бібліятэка, якую збіраў уладальнік, а затым яго сын Тадэвуш, які добра валодаў французскаю моваю і перачытаў ў арыгінале лепшыя творы французскіх класікаў ХІХ стагоддзя. Сур’ёзна захапляўся Тадэвуш гісторыяй журналістыкі. Ім была сабрана агромістая калекцыя перыядычных выданняў, якая ўключала па адным нумары ўсе часопісы, выдаваемыя ў свеце, і поўнасцю перыядычныя польскія выданні. Мелася бібліяграфія па гісторыі польскай журналістыкі. Перыядычныя выданні адпісваліся бібліятэцы ў Нясвіжы, але значная частка іх была згублена ўжо ў гады Першай сусветнай вайны.


Фларыянаўская сядзіба выдзялалася высокім узроўнем духоўнай культуры, моцнымі традыцыямі асветы, патрыятычным духам. Яе наведвалі Рэйтаны з Грушаўкі, Радзівілы з Нясвіжа, Казімір Здзехоўскі з Ракава і іншыя. Вядомасць дому прынёс таксама летні пансіянат, які вяла жонка Тадэвуша Браніслава з Цывінскіх (1865–1938 гады жыцця). «Пани Броня», па ўспамінах удзельнікаў пансіяната, была ўвасабленнем «доброты, мягкости и трудолюбия». У асноўным яна вяла фларыянаўскі маёнтак. Інтэлектуальны Тадэвуш спяшаў адыйсці ад гаспадарчых прац да сваіх «папер».

У пансіянаце адпачывалі лаўрэат Нобелеўскай прэміі, пісьменнік Уладзіслаў Рэймант з жонкаю Аўрэріяй, Генрых Нусбаўм, вядомы доктар, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, сваяк Вітольд Чачот, артыст Януш Страхоцкі і іншыя.

Эліза Ажэшка
Эліза Ажэшка

Удзельніцай салона ў доме Бохвіцаў напрыканцы жыцця стала Эліза Ажэшка, якая ў 1908 годзе разам са сваёю сяброўкаю Марыняю (Марыя Абрэмская з Сямашка; гады жыцця – каля 1850 – каля 1915) прыехала ў Фларыянава. Збіраючыся ў дарогу яна пісала: «Я прагну яшчэ раз у жыцці правесці лета, карыстаючыся гасціннасцю панства Бохвіцаў, якія тут уладкавалі выгодны і ладны пансіянат для людзей такіх як я, у вясковым значэнні, бяздомных». Многае з таго, што любіла пісьменніца, яна знайшла ў сядзібе: сапраўдную літоўскую гасціннасць, вялікую колькасць кветак. Акрамя таго візіт нечакана адарыў пісьменніцу сяброўствам з духоўна багатым Тадэвушам. Іх перапіска склала цэлы том – трыста старонак мастацкай прозы. Яна пачалася прама тут – на месцы і працягвалася каля двух гадоў. Першыя лісты перадаваліся з пакоя ў пакой дома, пад дахам якога яны жылі. Лісты былі адкрытаю размоваю двух людзей, якія сталі блізкімі духоўна, думкамі і імкненнямі. Эліза дзялілася ўспамінамі аб паўстанні, пісала аб сваіх адносінах да самых папулярных пісьменнікаў, імкнулася вызначыць месца пісьменніка ў грамадстве, не хавала таксама сваіх гаспадарчых клопатаў, занепакоенасці стану, продажу бацькоўскага маёнтка ў Мількоўшчыне. Сімпатыі былі ўзаемнымі. Эліза з’яўлялася для Тадэвуша «ангелом-хранителем, наивысшим даром неба». Так пісаў ён у адным з лістоў, які ўспамінала Марыя Дамейка, сяброўка Валерыі, дачкі Тадэвуша.

Сядзіба Фларыянава (Флер’янава)

Госці фларыянаўскага дома запрашаліся на святы, прысвечаныя пасеву зернявых, пасадцы дрэваў. Праца на зямлі асабліва шанавалася Элізаю, а таксама вядомым пісьменнікам Уладзіславам Рэймантам, аўтарам «Мужыкоў», «Зямлі запаветнай», які таксама бываў у Фларыянаве. Пісьменніца лічыла яе (працу) цяжкім крыжом і адначасова паэзіяю. Тэатральны дзеяч і літаратурны крытык Юзаф Катарбінскі так апісваў фларыянаўскія звычаі: «…Мы выходзілі цэлай грамадой у поле, на краі якога стаіць запрэжаная пара коней сеялка, упрыгожаная для гэтай урачыстасці гірляндамі з палявых кветак. Гаспадар падае Ажэшкавай аздоблены кветкамі кошык са збожжам. Яна благаслаўляе крыжам раллю і кідае дрыжачай рукой некалькі жменяў сыпнага зерня на ўзараныя загоны. Затым Рэймант з фантазіяй перакідвае сабе праз плячо пас ад сяўні, бярэ поўную жменю жыта і робіць некалькі рухаў як артыст, а потым сяўбу распачынае сеялка, дасканала ашчаджаючы зерне…». Госці зладжвалі літаратурна-музыкальныя вечары, на якіх пелі песні, чыталі вершы, заслухоўваліся мелодыямі Шапэна, Бетховена, Грыга.

Сядзіба Фларыянава (Флер’янава)

У 1909 годзе пражыванне Элізы Ажэшка ў маёнтку зацягнулася да восені. Яна разам з Уладзіславам Рэймантам заклала гай ў памяць аб пражыванні тут польскіх літаратараў. Адзін з дубоў, пасаджаны з усходняга боку дома, цяпер называецца дубам Элізы Ажэшка. У 2019 годзе дрэва адзначыць свае 110-годдзе.


Сядзіба Бохвіцаў мае вялікае мемарыяльнае значэнне.

Каранеўшчына (Кажанеўшчына) – ўладанне роду Лопаць. У 1847 годзе яго атрымаў у спадчыну Рамуальд Лопаць, калежскі сакратар. Зямельны надзел маёнтка складаў 150 дзесяцінаў. У пачатку 20 стагоддзя маёнтак перайшоў сыну Вітольду.


Каранеўшчына (Кажанеўшчына)

Сядзіба закладзена Рамульдам Лопацем. Цэнтрам кампазіцыі з’яўляецца сядзібны дом, двухпавярховы будынак (28 х 11 метраў), які складаецца з некалькіх аб’ёмаў. Сцены без чляненняў і дэкора, вуглы маюць руст. Уваход з параднага боку выдзелены верандаю на пяці масіўных калонах. Паркавы фасад мае рызаліт з балконам, які абапіраецца на два гранёныя слупы.


Пабудова параднай часткі незвычайная. Да дома па краю партэра вядзе нешырокая ліпавая алея (шырыня 6 метраў, дрэвы ў радзе праз 3 метры). Яна з’яўлалася адначасова часткаю левага баскета з садам. У сувязі з вуглавым размяшчэннем галоўнага ўвахода перад ім у партэры не было круга. Ён размяшчаўся за домам, забяспечваючы разварот і зваротны выезд транспарту.


Паралельна галоўнай алеі з другога боку партэра праходзіла другая алея, якая вяла да гаспадарчага двару з рознымі пабудовамі ўтылітарнага прызначэння, уключаючы млын. Дом атачалі дрэвы, якія растуць на газоне. Захаваліся адзінкавыя ліпы, клёны, лістоўніца еўрапейская.


Будынак сядзібы добра захаваўся.


Рамуальду Лопацю з 1862 года належаў таксама невялікі (150 дзесяцін) маёнтак Тафелін (Тэафілін), вядомы па статыстычнаму апісанню за 1859 год як валоданне І. Казімірскай. Затым ён перайшоў у спадчыну сыну Вітольду. Па планіроўцы сядзіба была падобная з Вошкаўцамі. Сядзібны дом, невялікі драўляны будынак, разбураны ў 1990-я гады. У паўразбураным стане аказаліся гаспадарчыя пабудовы. Аб былым маёнтку цяпер яшчэ нагадвае ўязная кляновая алея, зарастаючая сажалка, старыя дрэвы парку і саду з чарэшнямі, бэзам і абарончаю лінейнаю пасадкаю па перыметры.

Уладальнікі маёнткаў пахаваны на дараўскіх могілках недалёка ад пахаванняў Бохвіцаў. Сярод іх стваральнік сядзіб Рамуальд і яго жонка Аляксандра, якая памерла ў 1861 годзе ва ўзросце 37 гадоў, іх дзеці Ганна, Вітольд і Стэфан, які памёр ў 1931 годзе.

*   *   *

Восьмая частка нашага падарожжа таксама адбудзецца па Ляхавіцкім раёне: мы зазірнем у вёску Сваятычы.

Чытаць таксама:
Катэгорыя: Падарожнічаем разам | Праглядаў: 1897 | Дабавіў: vitalis | Тэгі: Ляхавіцкі раён, Дарава, падарожнічаем разам, Каранеўшчына, Фларыянава
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.