Пятніца, 26.04.2024, 21:47

Галоўная » 2017 » Чэрвень » 19 » Падарожнічаем разам: вёскі Стралкава і Радзівілімонты
15:11
Падарожнічаем разам: вёскі Стралкава і Радзівілімонты
Сваю чарговую ўжо шостую паездку ў рамках праекта «Падарожнічаем разам» мы здзейснім у Клецкі раён, дзе наведаем два цікавыя гісторыка-культурныя аб'екты ў вёсках Стралкава і Красная Звязда (былыя Радзівілімонты).


Сядзіба ў невялікім маёнтку Стралкава сфарміравана напачатку ХХ стагоддзя. У плане яна мае форму прамавугольніка плошчаю прыкладна адзін гектар. Нясе ў сабе рысы сіметрычна-восевай пабудовы.

Стралкава, Стралково, Strzałkowo
Сям'я Стралкаў перад сядзібным домам (здымак 1930-х гадоў). Крыніца - radzima.org

Стралкава, Стралково, Strzałkowo
Сям'я Стралкаў на ганку сядзібнага дому (здымак 1930-х гадоў). Крыніца - radzima.org

На адной восі размяшчаліся брама з двух пілонаў вышынёй 2,5 метраў, сядзібны дом, перад якім на партэры растуць дзве ліпы. Заканчвалася вось альтанкай (не захавалася).





Стралкава, Стралково, Strzałkowo

З іншага, паўночна-усходняга боку (за ўязной алеяй) знаходзіўся вялікі двор, сіметрычна якому злева размешчана былая хата парабкаў, справа – свіран.


Стралкава, Стралково, Strzałkowo

Сядзібны дом пабудаваны ў 1909 годзе у формах неакласіцызму. Будынак каменны, прамавугольны ў плане (26 х 14 метраў), аднапавярховы, на бутавым цокалі. Галоўны фасад вылучаны цэнтральным рызалітам і масіўным чатырохкалонным порцікам з высокім трохкутным франтонам. Аконныя праёмы выкананы ў масіўным апраўленні. На паркавым фасадзе выступае паўкруглая сцяна параднай залы. Планоўка анфіладная. Ёсць вестыбюль, вялікая зала і шэсць пакояў. Бакавыя пакоі маюць тарцовыя выхады. У доме захаваліся кафляныя каміны, разеткі, карнізы.



Свіран драўляны (18 х 9 метраў) з шырокай (2 метры) навіссю на фасадзе. Пабудаваны на глыбокіх скляпах з чырвонай цэглы.


Стралкава, Стралково, Strzałkowo

Стралкава, Стралково, Strzałkowo

Дом і двор атачаюць адзінкавыя дрэвы, драўняныя групы, сад, бліжэй да хаты добра выяўлены драўняны кветнік з клёнам у цэнтры. Сядзіба захавалася ў адносна добрым стане. Сядзібны дом да нядаўняга часу выкарыстоўваўся як жылы.

Стралкава, Стралково, Strzałkowo

Стралкава, Стралково, Strzałkowo

Стралкава, Стралково, Strzałkowo

Стралкава, Стралково, Strzałkowo

Радзівілімонты – адна з найболей вядомых гістарычных сядзібаў міншчыны, якая эвалюцыянавала ад рэнесансу да класіцызму. Яе гісторыю ў агульных рысах можна прасачыць па інвентарных і літаратурных крыніцах. Да сярэдзіны XVI стагоддзя клецкія землі былі ўласнасцю каралевы Боны, у 1558 годзе адышлі Радзівілам.

Радзівілімонты, Radziwiłłmonty, Радзивиллимонты


Першым новым уладальнікам Клецка быў Мікола Радзівіл Чорны, які атрымаў права на кіраванне Клецкім княствам ад караля Жыгімонта Аўгуста. Пры ім Клецк становіцца адным з найбуйных цэнтраў пратэстанства. У 1579 годзе яго сыны Мікалай Крыштаф, Альбрэхт і Станіслаў падпісалі паміж сабой дамову, якая паклала пачатак тром ардынацыям, непадзельным і неадчужальным уласнасцям роду, тром галінам роду Радзівілаў. Мікалай Крыштоф узначаліў ардынацыю Нясвіжскую. Станіслаў – Алыцкую, Альбрэхт – Клецкую. Дамова ў 1586 г. была зацверджана Стэфанам Баторыем.

Радзівілімонты, Radziwiłłmonty, Радзивиллимонты

З утварэннем клецкай ардынацыі яе адміністрацыйным цэнтрам становіцца Радзівілімонты. Іх будаўніцтва і развіццё пачалося пры Альбрэхце, які атрымаў бліскучую адукацыю ў Лейпцыгскім універсітэце, выявіў сябе таленавітым дыпламатам, адзначыўся ў вобласці права пры стварэнні Галоўнага Літоўскага Трыбунала. Пасля смерці Альбрэхта Радзівілімонтамі валодалі яго нашчадкі: Ян Альбрэхт, Міхась Кароль, Станіслаў Казімір. Апошні не меў дзяцей, пагэтаму пасля яго смерці (1690 год) ардынацыя перайшла да дзядзькі Дамініка, князю Нясвіжскаму і Алыцкаму, які і стаў заснавальнікам іншай лініі Клецкіх ардынатараў. Ад яго ардынацыя перайшла сыну Яну Мікалаю, а затым – унуку Марціну. Тым часам, мабыць, Радзівілімонты заставаліся адміністрацыйным цэнтрам ардынацыі, а яе гаспадары працягвалі жыць у Клецкім замку. Пасля разбурэння замка ў гады Паўночнай вайны Марцін пераважна жыў у сваім замку ў Чарнаўчыцах (каля Брэста). У Клецку таленавітага князя прыцягвала добра абсталяваная лабараторыя, дзе ён займаўся фізічнымі досведамі. Марцін любіў хімію і медыцыну, захапляўся музыкай, вывучаў старажытныя рэлігіі.

Радзівілімонты, Radziwiłłmonty, Радзивиллимонты

Радзівілімонты, Radziwiłłmonty, Радзивиллимонты
Галоўны фасад. Фрагмент праекту аднаўленьня пасьля пажару 1909 год

Пасля яго смерці (1759 год) ардынацыя адыйшла да сына Мікалая Юзафа, якіў быў трокскім ваяводам. Клецкі замак на працягу XVIII стагоддзя ўсё больш і больш разбураўся. Мікалай Юзаф не стаў яго аднаўляць, а пачаў будаўніцтва палаца ў Радзівілімонтах. Паколькі два сыны ваяводы памерлі ў маладым узросце, ардынацыя, а адпаведна і Радзівілімонты, адыйшлі пасля смерці Мікалая Юзафа да яго пляменніка Людвіга Мікалая, які бязвыезна жыў у Радзівілімонтах і паспяхова займаўся гаспадаркаю.

Радзівілімонты, Radziwiłłmonty, Радзивиллимонты
Сядзібны дом. Здымак 1980-х гадоў. Крыніца - radzima.org

Пасля Людвіга ўладальнікам ардынацыі стаў яго сын Леон. Пад час паўстання ў 1830 годзе Леон у адрозненні ад іншых Радзівілаў ваяваў на расійскім баку. Знаходжанню пры двары Мікалая І спрыяў яго шлюб з Сафіяй Урусавай. У 1844 годзе князь атрымаў званне палкоўніка, быў на дыпламатычнай службе ў Расіі. Пад час Крымскай вайны камандаваў рэзервовай уласнай дывізіяй, за праяўленую мужнасць атрымаў званне генерал-лейтэнанта. З Санкт-Пецярбурга ардынат часта прыяжджаў у маёнтак са сталічнымі гасцямі. Па выпадку прыезда тут рабіліся пышныя балы і паляванні. Нашчадкаў у князя не было, пагэтаму ў 1874 годзе згодна з дазвола імператара Аляксандра ІІ, ён аддае ардынацыю Антонію, нясвіжскаму ардынатару, унуку Антонія Генрыха па прускай лініі Радзівілаў. Леон, атрымаўшы права ад расійскага імператара на пажыццёвую пенсію, выехаў у Парыж, дзе безтурботна пражыў рэштку свайго жыцця, захапляючыся балетам і сімфанічнай музыкай.

Радзівілімонты, Radziwiłłmonty, Радзивиллимонты
Сядзібны дом. Інтэр'ер памяшкання. Здымак пасля 1945 года. Крыніца - radzima.org

З нясвіжскімі Радзівіламі звязаны заключны перыяд развіцця Радзівілімонтаўскай сядзібы ў апошняй чвэрці 19 стагоддзя. Нясвіжскі замак у гэты час быў у запусценні, пагэтаму прыехаўшыя з Берліна Радзівілы пасяліліся ва ўтульных Радзівілімонтах. Тут у 1875 годзе жыла і займалася перапланіроўкаю старога барочнага парка ў рамантычны княгіня Марыя Дарота. Аб гэтым сведчыць памятны камень з надпісам: «Гэта алея закладзена ў 1875 годзе Марыяй дэ Кастэлян, Антоніевай княгіняй Радзівілавай». З 1904 года ўладальнікамі Клецкай і Нясвіжскай ардынацыямі былі сыны Антонія і Дароты: Юрый, Антоній і Леон.


Першая Радзівілімонтаўская сядзіба згодна інвентара пачатка 18 стагоддзя мела рэнесансыя рысы. Яна размяшчалася на адлегласці ў 10 кіламетраў ад Клецка на адной васі з замкам. Уздоўж восі ішла прамая дарога, якая ў выглядзе больш позняй клянова-таполевай алеі захавалася да нашых дзён. У пяцідзесятыя гады 18 стагоддзя на змену старой сядзібе прыйшоў палаца-паркавы ансамбль, пабудаваны ў формах барока. Палац быў драўляным з "ламаным" дахам, параўнальна невялікім (шэсць жылых пакояў, зал, два пярэднія пакоі і капліца ў мезаніне). Рэгулярны парк складаўся з ліпавых баскетаў, асобныя дрэвы з якіх дажылі да нашых дзён. Сядзіба ўключала шматколькасныя гаспадарчыя пабудовы: кухню, дом адміністратара, адрыну, свіраны, сырніцу, гумно, сенавал, вінакурню, кароўнікі, склеп і іншае. У васьмідзесятыя гады васемнаццатага стагоддзя Юзаф Радзівіл ставарае новы палаца-паркавы ансамбль з садам плошчаю каля 60 гектараў. Першапачаткова ён быў задуманы як летняя рэзідэнцыя. Ансамбль уключаў у сябе палац, парк, два аднапавярховых драўляных флігелі. На восі палаца стаяла каменная брама. На тэрыторыі сядзібы размяшчаліся: будынак канцэлярыі, канюшня, вяндлярня, свіран, дом, млын, вадакачка, капліца. У яе гаспадарчай частцы размяшчаліся дамы эканома, батракоў, вінакурня, варыўня, свірны, канюшні, кароўнік, гумны. За межамі сядзібы былі пабудаваны вадзяны млын, вятрак і сушылка.

Радзівілімонты, Radziwiłłmonty, Радзивиллимонты



Цэнтрам кампазіцыі стаў новы палац, які заняў месца з левага боку старога барочнага. Будаваўся ён у 1780 – 1783 гадах італьянскім архітэктарам Карлам Спамані з удзелам Берса ў стылі класіцызма. Будынак увасабляе традыцыі драўлянага і каменнага дойлідства. Вонкавыя сцены, складзеныя з дубовага бруса, былі абкладзены цэглаю і атынкаваны, унутраныя – ў асноўным былі цагляныя. З дрэва быў выкананы порцік з франтонам і іншыя элементы, запазычаныя з каменнай архітэктуры (руст, сандрыкі, разеткі, трыгліфы). Будынак аднапавярховы, прамавугольны ў плане (50,4 х 168 метраў). Цэнтральны ўзвышаны аб’ём (мансардны паверх) з боку параднага фасада мае чатырохкалонны дарычны порцік. З тыльнага боку маецца паўкруглы эркер цэнтральнай залы. Правае крыло сканчваецца паўратондай, у якой знаходзіўся зімовы сад. Сцены бакавых крылаў мелі дубовую абшыўку, выкананую пад каменны руст, што прыдавала будынку манументальны выгляд. Значную ролю ў мастацкім афармленні палаца выконваў колер. Так, калоны, іх базы і капітэлі, трыгліфы, разеткі, профілі былі традыцыйна белымі, а тампон франтона, метопы і прамежкі паміж медальёнамі франтона афарбаваны ў цёмна-чырвоны колер. Парадныя памяшканні (вестыбюль, зала, гасціная, зімовы сад) мелі багатае аздабленне. У іх афармленні выкарыстоўваліся калоны, ляпныя вазы, фестоны, гірлянды, медальёны, манаграмы, скульптуры. У тэхніцы стука пад ружовы мармур была багата аформлена хатняя капліца. У афармленні палацавых інтэр’ераў прымаў удзел Антон Смуглевіч, брат знакамітага мастака і графіка Францішака Смуглевіча. Па яго эскізам былі выкананы мастацкія працы ў палацы, упрыгожаны кафляныя печы і каміны. У 1909 годзе палац з шматлікімі пабудовамі сядзібы згарэў, затым быў адбудаваны. Афтаназі называе яго найбольш значным помнікам беларускай архітэктуры. Але за пошні час, на вялікі жаль, будынак аказаўся ў руінах.



У адпаведнасці з асаблівасцямі стыля пры палацы фарміруецца парк. Сіметрычна-восевая планіроўка як элемент рэгулярнай кампазіцыі аслабляецца. Перад палацам фарміруецца вялікі партэр, які аддзяляецца ад сада двумя двухрадовымі алеямі конскага каштана. Уздоўж сцен палаца былі пасаджаны клёны. Гэты прыём – характэрная рыса паркаў першай паловы і сярэдзіны 18 стагоддзя. Шырокая ўязная алея размешчана не перпендыкулярна, як звычайна, а паралельна палацу. Складаецца яна з магутных дрэваў ясеня звычайнага і таполі канадскай "Serotina”. Разрэджаная пасадка не закрывала краявід на сядзібу. Вадаёмы плошчаю 1,45 гектараў прынялі натуральную форму, ахапіўшы парк з паўночнага і паўночна-ўсходняга бакоў. Сілкаваліся яны паверхневымі водамі і крыніцамі, абнесеннымі дубовымі зрубамі. Вадаёмы мелі не толькі дэкаратыўнае, але і дрэніруючае значэнне: цераз пратоку лішак вады адводзіўся ў раку Цапра. З парушэннем агульнага гідралагічнага рэжыма тэрыторыі і пабудоваю помпавай станцыі вада, наадварот, пацякла з ракі ў водную сістэму парка. У 1992 годзе станцыя перастала працаваць і вадаёмы зусім абмялелі.



Асноўны масіў парка распрасціраецца на паўднёвым захадзе былой сядзібы. Тут сутыкнуліся прыёмы рэгулярнай і пейзажнай планіровак. У плане парк мае форму прамакутніка, да якога з поўдня прымыкае сад, а паўночнага боку яго агінае канал. На цэнтральнай паляне часткова захаваліся ліпавыя алеі з краявіднымі пляцоўкамі (дыяметр дзевяць метраў). Усяго захавалася 53 ліпы і тры клёны ў узросце больш за 200 гадоў. Ад партэра да канала вядзе яшчэ адна алея – грабавая, у мінулым, верагодна, фармованная. Яна выходзіла на алею з конскага каштана (амаль не захавалася). За каналам на ўзлеску знаходзіцца краявідны ўзгорак вышынёю да чатырох метраў. Адсюль адкрываецца маляўнічая панарама наваколля, дзе ў мінулым праводзіліся паляванні. Тут ярчэй за ўсё пад уплывам Марыі дэ Кастэлян праявіліся матывы рамантызму: краявідны ўзгорак на месцы магілы любімай сабакі гаспадара, невялікі вадаём з двумя астраўкамі і альтанкаю.



Паўднёва-заходнюю частку парка займае вялікі драўняны масіў з невялікімі палянкамі, простымі і складанымі клумбамі дрэў. Зараз тут расце ў асноўным дуб, ясень, ёлка. У надглебавым полазе пераважае шматколькаснае дубраўнае разнатраўе. Уздоўж канала растуць магутныя таполі канадскія "Serotina". З інтрадуцэнтаў (новых для дадзенага рэгіёна відаў) у парку больш за ўсё было конскага каштана. Дрэвы вышынёю да 20 метраў ствараюць шчыльны масіў на мяжы парка з былым садам. Прагулачны маршрут парка пабудаваны па прынцыпу кантраста святла і цені. Ён праходзіць па самкнутым цяністым і нават цёмным алеям, перасякае групы дрэў і выходзіць на светлыя паляны і лугавіны. Чаргаванне святла і цені ўтварае прыемны эфект.


Радзівілімонты, Radziwiłłmonty, Радзивиллимонты

Сядзіба ўключала ў сябе вялікі гаспадарчы двор, які гарэў і адбудоўваўся адначасова з палацам. Тут захаваліся: вінакурня, тры гаспадарчыя пабудовы (канюшні, кароўнік) і драўляны свіран. Лічыцца, што ён будаваўся адначасова з палацам Карлам Спамані, і, верагодна, па яго праекце. Будынак прамавугольны ў плане, аднапавярховы, з бруса, на высокім цокалі. Выдзяляецца двух’яруснай галерэяй на слупах. Сцены з высока размешчанымі паўкруглымі вокнамі апрацаваны, як і палац, пад каменны рост. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе порціка з двумя стылізаванымі дарычнымі калонамі. На вільчыку даху мелася вежачка з невялікім звонам і флюгерам.

*   *   *

У наступны раз мы прадоўжым сваё падарожжа ўжо па тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, дзе наведаем Дарава, Фларыянава і Каранеўшчыну.

Матэрыял падрыхтаваны паводле кнігі Анатоля Тарасавіча Федарука «Старинные усадьбы Минского края».

Чытаць таксама:
Катэгорыя: Падарожнічаем разам | Праглядаў: 1770 | Дабавіў: admin | Тэгі: Клецкі раён, падарожнічаем разам, Стралкава, Радзівілімонты
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Чэрвень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.