Чацвер, 18.04.2024, 15:03

Галоўная » 2017 » Ліпень » 13 » Палёт матылька ў зачыненай прасторы
19:13
Палёт матылька ў зачыненай прасторы
Мікола Купрэеў яшчэ мог бы жыць. 25 траўня яму было б восемдзесят. А яго ўжо няма з намі трынаццаць гадоў.


Не зважаючы на ўсе жыццёвыя акалічнасці, бытавыя мітрэнгі, своеасаблівую натуру і няпросты характар Міколы Сямёнавіча, успамінаецца ён ярка і хораша. Асабліва запомнілася першая сустрэча. Вясна 1992 года. Белавежская пушча. Знаёмства на мансардзе яго жытла ў Папялёве. Мы прыехалі з тэлекамерай, і калі пачалі рабіць здымкі, аднекуль з-пад столі прасторнай спаруды з адзіным вялізным акном, грувасткім сталом, рыпучай табурэткай і шырокім жалезным ложкам выпырхнуў белы матыль, які ўпарта садзіўся на залысіну Міколы, які намагаўся звыкнуцца з накіраваным на яго тэлевізійным вокам… Як ні адганялі мы таго матыля, ён праз пэўны момант усё роўна да яго вяртаўся.

Рэжысёр Валодзя Таміла, ужо таксама даўно нябожчык, у рэшце рэшт, не стрымаўся і, скруціўшы газету, збіў нечаканага госця ў палёце. Лёткае, абяскрыленае Божае стварэнне бяздыханна ўпала на даўно не мытую падлогу… Які ж гнеў і невыказная ярасць маланкава ўспыхнулі ў вачах Купрэева! Аднак намаганнем волі ён стрымаўся. Хоць здымкі ўсё ж давялося адкласці на пазнейшы час… Адзінокі паэт меў шчасце жыць з матылём, адзінай жывой душой, якая падтрымлівала агмень яго сэрца і творчы дух. Белы — пазабыццёвы — матылёк натхнення…

На тым прыпынюся, бо я ўжо так шмат пісаў пра Міколу Купрэева, што дазволю сабе падумаць і памаўчаць. Замест новых слоў са старым зместам прапаную вашай увазе некалькі тэкстаў самога выклятага пісьменніка: яго арыгінальны допіс пра свае знікненні, вытрымкі з якога ўжо выкарыстоўваліся мной у розных артыкулах, аднак цалкам у арыгінале яшчэ не друкаваліся, а таксама апошнія перадсмяротныя лісты Мікалая Сямёнавіча, якія я атрымаў за тры месяцы да яго сканання. Гэта былі апошнія лісты, напісаныя дарэшты зболеным чалавекам з пробліскамі апошняга светлага пачуцця (закаханасці і ўдзячнасці) да высакароднай жанчыны, якая дапамагала яму. Адным словам, Мікола паміраў, як і жыў, адзінока і годна.

Давайце чытаць і памятаць сваіх паэтаў. Таленавітых і сапраўдных — іх так нямнога.


З лістоў Міколы Купрэева да Леаніда Галубовіча.

Абдымаю, Лёня!

Атрымаў апошні ліст твой у чацвер. Ані (Ганна Хадаровіч, машыністка Пружанскай райгазеты, — Л. Г.) паказаў (была). Можа, я і напісаў бы табе адразу, хацеў, але пошта за метраў 200, а я хаджу толькі па хаце. І толькі Аняй апошнім часам дасылаю табе канверты. Во-во яна павінна прыйсці (мой дом у баку ад яе дарогі — якраз там, дзе шаша)...

Наконт дома для састарэлых у Ждановічах — баюся нечага. Адчуваю: там культурна, утульна, дагледжана. Але, мабыць, не для мяне… Мне лепей будзе наш раённы Дом інвалідаў. Там усякія… Можа, прасцей, хаця і дурней. Во Аня сядзіць ля мяне. Пішу табе. Нешта недзе думаюць. Хай думаюць. Толькі каб не Таіса Бондар. Я чытаў яе артыкул у «ЛіМе». Ці не пахне чымсьці мінулым?.. Надта, бачу, мяняюць там у вас месцамі людзей, пасады, здымаюць тэксты і г. д. Цяжка там у вас. У Шарашоўскім Доме інвалідаў, можа, лягчэй. Хачу пісаць больш, каб Аня сядзела даўжэй побач.  Але зрок здраджвае.  Толькі бачу яе вочы насупраць.

Абдымаю на развітанне.

Мікола.
9.02.2004


Здароў, Лёня!

Сёння 7 красавіка — Дабравешчанне. І я атрымаў твой ліст, як заўсёды, па-галубовічаўску, добры ліст, бо — з добрым словам…

Аня мяне не толькі па-добраму ўшчувала, але і плакала — зусім па-дзіцячы і па-жаноцку. Помню яе вочы, яе слёзы, якія не йшлі з вачэй маіх жонак. І калі душой я яшчэ мацуюся, то нагамі — усё горш і горш. А за целам, бывае, падае і душа. І ў такой сітуацыі, бачу, чалавек можа засіліцца. Я ўжо глядзеў у сваёй кватэры, за што можна зачапіць прасціновую вяроўку. Становіцца крыху лепш, калі вып’ю віна. Чытаў твой ліст да Ані. У ім ты адносішся да мяне горш, чым у сваіх лістах, — маю на ўвеце твой фактаж з маёй біяграфіі… Але во твой ліст сёння да мяне — дабравешчанскі! Цудоўна! Ёсць на зямлі добрыя лю­дзі — і можна жыць. Ты для мяне ў Менску шмат зрабіў — усё! Зрабіў Гадульку ўсё, лічы, — гісторыя бел. літаратуры не забудзе. А да твайго ліста завіталі да мяне муж Ані, потым Папека, Антаноўскі — вось табе і дзень дабравешчання! І я ажыў, мне стала лепш, хаця ногі не валакуць. Аня другі дзень не прыходзіць — і мне лягчэй. Хай бы не прыходзіла. І хачу яе бачыць, хаця глядзець мне ёй у вочы цяжка. Ведаю, і ёй са мной цяжка. Я гэтую цяжкасць скора, напэўна, зліквідую, — бываю надта рашучы. Лёня! Дзякуй табе за дабравест з «Маладосці». А вершы новыя ў мяне ёсць — ніяк не магу перанесці іх з галавы на паперу. Але гэта, во-во, здарыцца. Я ж апошнюю сваю нізку ў «ЛіМе» (летась, «Вершы да Яе») напісаў (выліў) за адной паўночы. Пакуль рашуча не ліецца — хай, затое мне, аўтару, будзе цікавей, калі стане ўжо нязносна… Вясну й лета тут шчэ неяк працягну. А там… А там ужо й на высялкі… (Мікола сканаў у інтэрнаце Лясное пад Баранавічамі 19 верасня 2004, — Л. Г.) Што каму. А ты павінен дыхаць — мацавацца, ты й стаіш на гэтым. Толькі здароўе сваё не гняці, не сілкуй яго празмернай працай. А прозу новую я (па-новаму!) задумаў: два аўтары — пісьменнік і журналіст — пра адно і тое ж. Не магу сказаць пакуль што: пра гэта! Я і Яна! Хто яна — ты здагадаешся. Гадуйся, Лёня. Здароўя — тваім…

Мікола.
7 красавіка 2004

Леанід ГАЛУБОВІЧ - Новы час
Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 1211 | Дабавіў: vitalis | Тэгі: Мікола Купрэеў, Літаратурная Ганцаўшчына, Леанід Галубовіч
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1388]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.