Субота, 20.04.2024, 07:46

Галоўная » 2015 » Люты » 14 » Сем кіламетраў песень, або Чаму ў Хатыніцкай сярэдняй школе на Ганцаўшчыне многія дзесяцікласнікі збіраюцца паступаць у сталічны ўніверсітэт
07:00
Сем кіламетраў песень, або Чаму ў Хатыніцкай сярэдняй школе на Ганцаўшчыне многія дзесяцікласнікі збіраюцца паступаць у сталічны ўніверсітэт
Кажуць, калі аб’яднаць дзве самыя доўгія вуліцы вёскі Хатынічы – ад пачатку адной і да канца другой – атрымаецца сем кіламетраў. Не дзіўна, што самы запатрабаваны від транспарту тут веласіпед. Падумалася: цікава, колькі можна праспяваць народных песень – вясёлых і сумных, пра каханне і шчасце-долю, – шыбуючы па хатыніцкім "праспекце"? А ці хопіць "матэрыялу" для такога працяглага песеннага шпацыру?..

Хатынічы, Хатовічы

Калі ў мяне і ўзніклі сумненні, дык толькі наконт уласных вакальных і рэпертуарных магчымасцей: у слынных спявачак мясцовага народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву "Хатовічы", які існуе з 1976 года, назбіраўся вялікі багаж песень – "за тры дні не перапець". Шаноўнага ўзросту ўдзельніцы слаўнага на ўсю краіну калектыву дакладна пахадзілі-пабегалі ўдосталь, а наспявацца ўсё не могуць – і гэта цудоўна.

"Валацугі" – кажуць яны пра сябе. Вясна прыходзіць – і жанчыны на полі: зажынкі ў раёне трэба песняй адзначыць. Абрад "Каляда" спачатку паказалі на сцэне, а потым з зоркай пайшлі па роднай вёсцы – свята ж у людзей! "Хатовіцкіх" бабуль вы маглі бачыць у праграме абласнога тэлебачання, дзе яны паказвалі абрад "Хрэсьбіны". Або згадайце: на мінулагоднім Дні Незалежнасці менавіта яны ў Мінску ішлі ў святочнай калоне і Прэзідэнт не абмінуў іх увагай. Выступаюць на радыё і разнастайных імпрэзах, прыгадваюць удзел нават у… фестывалі бардаўскай песні. Паўсюль выклікаюць цікавасць сваёй самабытнасцю. Імправізаваныя фотасесіі, запрашэнні пагасцяваць – звыклая рэч, адзначае кіраўнік "Хатовіч" Таццяна Буйкевіч, якая, здаецца, сваіх жанчынак гатовая песціць і мілаваць бясконца. Так што ёсць усе падставы з цягам часу стварыць музей у мясцовым Доме культуры на аснове калектыву, як марыць Таццяна Іванаўна.

Як ні сумна, трэба разумець, што калектыў узроставы, пакідаюць яго ўдзельнікі. Але прыходзяць новыя, месца маці займаюць дочкі, спяваюць сёстры, а то і муж з жонкай – усіх не пералічыць. "На доўгі голас" зацягваюць "свайго напісання народныя" або частушкі, зоркім вокам ды чулым вухам заўважаюць, калі дзіця мае талент: "Будзе спяваць!"

Згадваецца наша сустрэча ў Хатыніцкай школе: вось модніцы ў аўтэнтычных строях, якія самі пашылі – каптаны з рознакаляровымі гузікамі, хусткі з махрамі, спадніцы вышываны, – зацягнулі на "хатыніцкай мове" песню разам з дзяўчатамі са школьнага калектыву "Валошкі" – таксама ў народных касцюмах. Першыя на вачах памаладзелі, шчокі заружавелі, усмешкі расцвілі на тварах. А школьніцы нібы пасталелі, па-жаночы мудра даносілі кожнае слоўца песні. Спявалі разам два пакаленні – бабуля і ўнучка – песню, якую калісьці даўно, магчыма, спявала іх сваячка…

Зноў жа, метамарфоза: з бабулямі мы гаварылі пра Якуба Коласа ("Быў тут, калі працаваў у Люсіна, пісаў пра Хатовічы – колішняя назва нашай вёскі, таму і мы так завёмся. Яшчэ гавораць Хаценічы"), пра іх удзел у тэлепраекце "Наперад у мінулае" ў 2013 годзе ("Аж двойчы былі! Нашы "Калыханку" і "Хмелю" перарабілі так, што пасля нават не пазналі!"), пра папулярнасць у інтэрнэце ("На "Дажынках" у Пінску "перахапіла" нас вяселле. Мы ім паспявалі ад душы –доўга тады не адпускалі… А потым маладыя выклалі відэа ў інтэрнэт – дык столькі праглядаў назбіралі!").

Ну, а з моладдзю – пра захаванне народных традыцый, пра даследчыя работы, якія яны пішуць аб Хатынічах, пра абрады, у якіх удзельнічаюць разам з бабулямі – "Хатовічамі", пра школьны калектыў "Валошкі", у якім задзейнічаны 10 клас у поўным складзе: нехта спявае, хтосьці танцуе хатыніцкія "падэспан", "нарэчанька" ды "лысы”, хлопцы граюць на барабане ды трашчотцы. І пра запаветную мару: многія будучыя выпускнікі хочуць паступаць на "народнікаў” у сталічную "культурную” ВНУ. Таму што ім гэта цікава, яны жывуць у "эпіцэнтры” народных традыцый.

Класны кіраўнік, настаўнік музыкі і кіраўнік калектыву ў адной асобе – Алена Казак запэўнівае: нікога сілком не заганялі. Асаблівае для дзяўчынак задавальненне – спяваць з дарослым калектывам. "Валошкі" маюць свае ўзнагароды і граматы, выступаюць на абласных конкурсах і раённых святах. Цікава, што Алена Дзмітрыеўна для сваіх вучняў таксама натхняльнік – напрыклад, дзесяцікласніца Валерыя Казак прызналася, што звязаць сваё жыццё з народнай культурай і музыкай захацела, у многім дзякуючы ёй.

…На развітанне хатыніцкія прыгажуні ўсіх узростаў праспявалі "Ой, сяло Хатынічы" – песню мясцовай паэткі Ніны Кавальчук, радкі з якой усплывалі ў памяці, калі мы на адваротным шляху праязджалі па вёсцы, дзе традыцыі такія ж працяглыя, як вуліцы.

Алёна САЦУТА, "Народная трыбуна"
Катэгорыя: Грамадства | Праглядаў: 1295 | Дабавіў: admin | Тэгі: Хатынічы, Ганцавіцкі раён, Натродная трыбуна, Хатовічы
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Люты 2015  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
232425262728
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.