Чацвер, 28.03.2024, 15:44

Галоўная » 2012 » Чэрвень » 20 » Што тчэ, забыўшыся, рука?
11:43
Што тчэ, забыўшыся, рука?
Як зберагчы народныя традыцыі і промыслы, абмеркавалі ў Ганцавічах

Феафанія Яўстаф'еўна Крысюк з вёскі Агарэвічы Ганцавіцкага раёна на І нацыянальнай выставе народнага мастацтва атрымала Гран-пры ў намінацыі "Лепшы традыцыйны ручнік". Было гэта чатырнаццаць гадоў таму, і майстрыхі, на жаль, ужо няма сярод нас. Але справа таленавітай паслядоўніцы сваіх бабуль ды аднавясковак працягваецца.

Ганцавічы, семінар

Народны майстар Рэспублікі Беларусь Ніна Мікалаеўна Казак, якая працуе ў раённым Доме рамёстваў, перадае навыкі малодшаму пакаленню. А крыніцай творчага натхнення, паводле яе слоў, служыць безліч народных арнаментаў, якія захаваліся ў вёсцы Хатынічы, апісанай Якубам Коласам у трылогіі "На ростанях". Цяжка паверыць, але ў Хатынічах да гэтай пары амаль у кожнай хаце зберагаюць у куфрах і шафах мноства ручнікоў і намітак, сувояў палатна.

Мост з даўніны ў сучаснасць

У кожнай вёсцы ёсць свае майстры і свае традыцыі. Менавіта таму і выбралі Ганцавічы месцам правядзення Міжнароднага семінара па захаванні традыцый і развіцці новых відаў народных рамёстваў. Як сказаў у сваім вітальным слове старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Аляксандр Саланевіч, нават убачыць гэтую прыгажосць, якую робяць тутэйшыя майстры, — гэта нібы прайсці па мосце, які аб'ядноўвае даўніну з сучаснасцю. У вёсках Ганцаўшчыны можна знайсці нават адгалоскі некаторых 1000-гадовых язычніцкіх традыцый. Тут да гэтай пары адорваюць ручнікамі дарагіх гасцей. Кожная сям'я мае народныя строі, захавалася і мясцовая гаворка, і рэцэпты старадаўніх страў.

Наша прырода не лічыцца экзатычнай, — кажа кіраўнік раёна. — Але яе ненавязлівая прыгажосць, прастата і веліч абавязкова адкрыюцца таму, хто ўмее цаніць сапраўднае.

Сапраўднае тут было ўсё. Цэлая плошча ручнікоў, вышыванак, посцілак. "Сорак саракоў ручнікоў" — так назвалі арганізатары выставу вясельнага пасагу. І ручнікі сталі дастойным аздабленнем галоўнага атрыбута свята — каравая. Караваі прывезлі з кожнага раёна. У большасці выпадкаў прэзентавалі іх самі аўтары, тыя, хто выпякаў. Як, напрыклад, Пётр Сцяпанавіч і Настасся Ігнатаўна Шапецюкі з вёскі Лелікава Кобрынскага раёна. Гаспадыня расказала, што пякла каравай яшчэ па рэцэпце сваёй бабулі. А гаспадар, паводле традыцыі сваёй мясцовасці, майстраваў вясельную дугу. Маладых у Лелікаве і навакольных вёсках абавязкова адорвалі дугой, каб злучыць іх, як злучае дуга дзве аглоблі ў возе. Пры гэтым новаспечаным сужэнцам жадалі разам дружна цягнуць сямейны воз, тым самым нагадваючы, якая нялёгкая гэта работа. Яшчэ Пётр Шапяцюк паказаў адмысловую пляшку, убраную вяночкам кветак. Гарэлку "ў вяночку" ставілі каля маладых, а вось адкаркаваць яе дазвалялася толькі пасля нараджэння першынца. Да таго часу пляшку павінна была захоўваць маладая гаспадыня. Вось вам і клопат пра здаровых нашчадкаў, які закладзены ў традыцыі палешукоў з глыбіні вякоў. Настассю Шапяцюк асабліва актыўна фатаграфавалі ўдзельнікі семінара за яе дзіўны галаўны ўбор. Аказалася, яшчэ адна традыцыя мясцовасці: каравайніца павінна была надзяваць упрыгажэнне з пер'яў. Часцей выкарыстоўвалі пёры жураўля. Але падыходзіла і яркае апярэнне петушынага хваста.

Караваю мой раю

Прыгожы, пухкі, духмяны каравай прывезла на свята 77-гадовая Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк з Дарапеевічаў Маларыцкага раёна. Ёй дапамагала цёзка па прозвішчы, аднасяльчанка Ніна Фёдараўна. Разам яны заспявалі для гасцей вясельную песню. Усе звярнулі ўвагу на фартух Ніны Фёдараўны з вышытым на ім тэкстам. Гаспадыня сказала, што рэч дасталася ёй ад прабабулі, фартушку больш за сто гадоў. А вышыты на ім пажаданні любові і згоды.

Як заўсёды, багатай была мотальская экспазіцыя. Ручнікі і падушкі размяшчаліся ў куфрах. Што асабліва цікава — у Моталі, акрамя каравая, на вяселле пяклі і хлеб. Кожны бохан меў сваю назву. Боханы-сваты выпякаліся для свата, з бацькоўскімі боханамі пачыналі вяселле, бласлаўлялі маладых. Каравайны боханчык упрыгожваў каравай. А яшчэ былі маленькія боханы-падручнікі, яны выконвалі функцыю абярэгаў. Іх маладыя пэўны час павінны былі трымаць пад пахаю, каб выпадкова не разняць рукі, каб паміж новымі мужам і жонкаю ніхто не прайшоў — не напрарочыў разлукі.

Фальклорна-этнаграфічны калектыў "Мотальскія суседкі" і пазней, на сцэне, удзельнічаў у цікавай дзеі — выпяканні каравая. З гэтай імправізацыі можна было даведацца, колькі асаблівасцяў у рытуале прыгатавання вясельнага атрыбута. Напрыклад, садзіць каравай у печ павінна была не толькі жанчына замужняя (а не ўдава), але і сабой прыгожая, спрытная, працавітая.

Некаторыя ўдзельнікі выставы ладзілі імправізаваныя прэзентацыі літаральна на плошчы. А намеснікаў міністраў культуры і спорту і начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама дзяўчаты прыцягнулі да прагляду пасагу. Там жа завязвалі вузлы на ручніках: колькі вузлоў атрымаецца — столькі дзяцей будзе ў сям'і.

Адкуль мы пайшлі і што пакінем нашчадкам?

Гэта галоўнае пытанне, якое найчасцей гучала на семінары, да адказу на якое спрабавалі наблізіцца яго ўдзельнікі. Гаварылі аб набытках. Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі падкрэсліў, што за апошнія 25 гадоў створана сістэма падтрымкі народных промыслаў. Намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга казаў аб традыцыйнай народнай культуры як прынада для турыстаў, а промыслы назваў спосабам заробку для мясцовых жыхароў. А вось доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута паспрабаваў данесці да ўдзельнікаў сваю заклапочанасць. Катастрафічнае старэнне і заняпад вёскі звужаюць умовы для заняткаў рамёствамі. Стварэнне аграгарадкоў вырашае сацыяльныя праблемы, а праблему адраджэння рамёстваў не вырашае. Бо нават у дамах і цэнтрах рамёстваў народную творчасць часта падмяняюць безгустоўнасць і масавая культура. Здараецца, у гуртках альбо суполках па вышыўцы замест народных арнаментаў бяруць "у работу" ўзоры з глянцавых часопісаў. І крыжыкам вышываюцца галандскія пейзажы, а таксама коцікі, конікі. Атрымліваецца нават не асучасніванне, а падмена культуры псеўдакультурай. Старшыня грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз майстроў народнай творчасці" расказаў і пра цяжкасці з прысваеннем звання "Народны майстар". Народных майстроў у нашай краіне 65. Гэта смехатворна мала, калі народнай творчасцю і промысламі займаюцца больш за 30 тысяч чалавек. Але, акрамя гонару, такое званне нічога не дае. Старэйшыя людзі з глыбінкі і не імкнуцца займець статус народнага, а моладзь, якую вылучаюць, часта і блізка "не цягне" на званне. Што за народны майстар, калі на мове народа ён і двух слоў звязаць не можа, ды і наогул прыехаў колькі гадоў таму з блізкага замежжа? Сустракаліся, паводле слоў Яўгена Сахуты, і такія прэтэндэнты.

Гараднянская мамзэлька, іванаўская бочачка

Таму вельмі важна падтрымаць сапраўдных майстроў, асабліва тых, якія маюць маладых паслядоўнікаў. Загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко з-за трыбуны семінара паказала прысутным "мамзэльку" — гараднянскі гаршчок. Не адну сотню гадоў тут робяць посуд, якім некалі адмяралі кілаграм збожжа. Відаць, яго памерамі і прывабнасцю абумоўлена назва. У Гараднянах Столінскага раёна ганчарства засталося ў аўтэнтычным выглядзе. Цяпер там перыядычна праходзяць святы, выставы, міжнародныя пленэры ганчароў. Але ў вёсцы засталося толькі сем патомных майстроў. І патрэбна тэрміновая дакументальная фіксацыя, так бы мовіць, натуры, якая знікае. Варта выдаць нармальныя фотаальбомы, кнігі, даследаванні, — даводзіла Ларыса Мікалаеўна.

Добра, што ганчары ў Гараднянах перадаюць свае навыкі маладым хлопцам. Як і іванаўскія бондары, якія падхапілі майстэрства ад дзядоў і стварылі школу бондарства. Яна ўжо атрымала пэўную вядомасць, адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта. Пра школу бондарства расказвалі многа цікавага. Займацца туды прыходзяць нават так званыя "цяжкія" падлеткі. На занятках яны атрымліваюць навыкі, якія потым становяцца шляхам да прафесіі. Школа зарабляе сякія-такія грошы. Адзін з яе былых выхаванцаў вярнуўся сюды майстрам-настаўнікам.

Такіх бы школ — ды пабольш! — пагадзіліся многія выступоўцы. Пра тое, што немінуча страчваем, з болем казаў і Іван Крук, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Іван Іванавіч гаварыў аб тым, што сыдзе пакаленне 70-80-гадовых, а з імі апошнія жывыя парасткі народнай культуры. А для захавання яе, для папулярызацыі мы пакуль што робім недаравальна мала. "Чые, скажыце, дзеці пры ўступленні ў шлюб стаялі на такім вось ручніку?" — накіраваў у залу, здавалася б, рытарычнае пытанне Іван Іванавіч. Але... узнялося каля дзясятка рук. Дырэктар абласной бібліятэкі Тамара Данілюк падняла дзве рукі — абедзве яе дачкі ішлі замуж з традыцыйнымі беларускімі ручнікамі. І гэта ўсяліла пэўны аптымізм.

Фотарэпартаж з семінара глядзець ТУТ!
Святлана ЯСКЕВІЧ, газета «Звязда»
Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 1976 | Дабавіў: admin | Тэгі: Ганцавічы
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Чэрвень 2012  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.