Пятніца, 29.03.2024, 09:37

Галоўная » 2019 » Снежань » 2 » Светлыя Ганцавічы
23:29
Светлыя Ганцавічы
Даведаўшыся пра паездку аглядальніка газеты "Культура” ў "свой” раён, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганцавіцкага райвыканкама Віктар Супрун настойліва парэкамендаваў мне паспець зазірнуць у Раённы дом рамёстваў у самім горадзе.


"Кіруе ім сапраўдны прафесіянал у галіне культуры Ала Васільеўна Занька, — паведаміў ён. — Будынак, у якім знаходзіцца ўстанова, адрамантавалі ў канцы 2017-га года так, што паказаць яго сёння не сорамна чыноўнікам самых высокіх рангаў. Адно задавальненне кіраваць ім! Дакранаючыся ж непасрэдна да дзейнасці Дома рамёстваў, скажу наступнае: працуе ён не горш, чым арганізацыі падобнага профілю краіны. Галоўнае — удалося захаваць пераемнасць пакаленняў. Да нядаўняга часу ў раёне пражывалі чатыры ўмельцы, што насілі званне народны майстар Рэспублікі Беларусь. (На жаль, ткачыхі і вышывальшчыцы Феаніі Яўстаф’еўны Крысюк ужо няма на гэтым свеце.) На змену ж заслужаным спецыялістам, ім у дапамогу заўсёды гатовыя прыйсці іх вучні, якія толькі яшчэ ўчора пачыналі навучацца рамёствам”. Ігнараваць запрашэнне Віктара Міхайлавіча я, вядома, не мог…

Што было і ёсць

Сапраўды, звонку раённы Дом рамёстваў глядзіцца проста прыгажуном. Прыгожы ён, як аказалася, і тым, што адбываецца ўнутры яго. А адкрылася ўстанова ў 1997-м годзе, і ў ёй быў прадстаўлены велізарны матэрыял пра традыцыі рэгіёна, аб ткацкіх вырабах, які збіралі тагачасны дырэктар РДР Марыя Іванаўна Муха з паплечнікамі. З тых часоў і па гэты дзень спецыялізуецца ўстанова менавіта на ткацтве — чатырохнітавым, характэрным для Ганцаўшчыны: фонд Дома складае больш за чатырыста прадметаў такой вытворчасці. Зрэшты, гістарычна вядомы раён і сваімі ганчарным мастацтвам і вышыўкай рышэлье.


Праводзячы для мяне экскурсію па Доме рамёстваў і распавядаючы пра асаблівасці вырабу той ці іншай рэчы, дырэктар Ала Занька адзначыла, што на выставах, якія тут праводзяцца рэгулярна, экспануюцца не толькі работы ткачых, вышывальшчыц, але і прадметы, выкананыя майстрамі па пляценні з прыродных матэрыялаў, карункапляценні, выцінанкі, ганчарнай справы, роспісу па дрэве, разьбярамі па дрэве. Прадукцыю гэтую можна набыць як у самой установе, так і на выязных кірмашах-продажах, — няхай будзе тое Рэспубліканскі фестываль "Вясновы букет” або "Ягелонскі кірмаш” у польскім Любліне.

У асобным памяшканні РДР знаходзяцца работы народных майстроў — ткачых і вышывальшчыц Феаніі Крысюк, Ульяны Віннік, Ніны Казак і ганчара Віталя Шэпелевіча.

Вы можаце ўбачыць вырабы, да прыкладу, і бабулі Ніны Мікалаеўны, яе мамы, дачкі, унучкі, — акцэнтуе маю ўвагу дырэктар. — Вось як дынастыя рукадзельніц Казак у нас прадстаўлена!

У Доме рамёстваў ёсць і экспанаты, якім за сто гадоў, і дзеючыя ткацкія станкі, што бесперабойна выдаюць прадукт ужо другое стагоддзе. Пабыць жа некалькі хвілін докамі якога-небудзь рамёства могуць тыя, хто прыходзіць у РДР на майстар-класы (кошт урока складае два рублі). "Неяк да нас прыводзілі дзяцей з дзіцячага сада, і ім захацелася праявіць сябе ў выцінанцы, — успамінае спадарыня Занька. — Я думала, ніхто з іх нажніц яшчэ не ўмее трымаць, а яны так тут сталі выразаць — проста вундэркінды нейкія!”

Пры Доме рамёстваў дзейнічаюць "Народны клуб майстроў "Багач” (25 чалавек), гурткі па ткацтве, вышыўцы і роспісу (усяго 36).

"Багач” — месца сустрэчы вопытных спецыялістаў, — распавядае Ала Занька. — А гурткі наведваюць у асноўным школьнікі, пераважна навучэнцы сярэдніх класаў (на жаль, старшакласнікі ў гэтым сэнсе інэртныя, ды і майстар-класы асаблівую цікавасць у іх не выклікаюць). Захапленні для гурткоўцаў хобі, як правіла, і застаюцца: скажам так, — прафесійна рамёствамі займаецца не вельмі шмат нашых выпускнікоў, як хацелася б. Але — займаюцца, таму і за пераемнасць пакаленняў пакуль асцярогі няма.

У дзейнасці ўстановы занята за дзвесце ўмельцаў з усяго раёна. Перыядычна яны прымаюць удзел у конкурсах як унутры краіны, так і за мяжой, перамогі, натуральна, прыходзяць. А мінулым летам у Ганцавічах упершыню арганізавалі свята народных промыслаў, рамёстваў і фальклору "З народнымі традыцыямі ў новы век”. Мяркуецца, што гэты фестываль стане штогадовым.

Што ёсць і будзе

Ала Васільеўна, у выставачнай зале разам з творамі народных майстроў можна ўбачыць і батлейку, — звяртаюся я да дырэктара. — Гэта значыць, установа выконвае функцыі, уласна, Дома рамёстваў, музея і, як аказваецца, арганізацыі, што праводзіць забаўляльныя мерапрыемствы?

Так. У гэтую нядзелю батлейка пакажа праграму для дзяцей "У гасцях у Зюзі”, на будучыню рыхтуем спектакль пра цара Ірада. Традыцыя і гэтых мерапрыемстваў, і іншых закладзена яшчэ маімі папярэдніцамі-дырэктарамі Марыяй Іванаўнай Мухай і Маргарытай Аляксандраўнай Саланевіч. Я ж узначальваю раённы Дом рамёстваў з мінулага снежня, а наогул у маім паслужным спісе праца бібліятэкарам, кіраўніцтва сельскім клубам і Домам народнай творчасці ў вёсцы Ганцавічы, раённым краязнаўчым музеем, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганцавіцкага райвыканкама. Амаль сорак гадоў я ў культуры, і за гэты час у мяне назапасілася шмат матэрыялу, звязанага з беларускімі народнымі традыцыямі. І сабранае, вядома, трэба было рэалізаваць, што мы з калегамі і пачалі рабіць у перыяд летніх аздараўленчых лагераў для дзяцей. Не па метадычках і інтэрнэту, а самі прыдумлялі праграмы на аснове мясцовых забаў, у якія калісьці гулялі нашы прабабулі і прадзеды, бабулі і дзядулі. Ладзілі конкурсы — таксама з выкарыстаннем тутэйшых прыказак, прымавак.

Дарэчы, пры Доме рамёстваў збіраюцца арганізаваць і ўласны фальклорны калектыў! А цяпер яшчэ пра музей. Той, што дзейнічае ў РДР, так у ім і застанецца. Але ва ўстанове, як я ўжо пісаў вышэй, сабралася вялікая колькасць вырабаў з тканін, якія таксама патрабуюць выхаду на публіку. І ў Доме рамёстваў прыдумалі гуманітарны праект па стварэнні на сваёй базе інтэрактыўнага музея традыцыйнага ручнога ткацтва. Прафінансавана павінна быць узвядзенне самога будынка — пажадана прыбудовы да асноўнага, яго аздабленне, набыццё і мантаж абсталявання для дэманстрацыі экспазіцый — ад стэлажоў да перасоўных тэрміналаў, і гэтак далей. Вопыт выйгравання грантаў у РДР ёсць — у 2002-м годзе ён атрымаў Прэзідэнцкі грант на развіццё ткацтва. (Між іншым, Аляксандр Лукашэнка адзначыў калектыў установы і ў 2011-м, калі Дом рамёстваў на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне” быў удастоены спецпрэміі Прэзідэнта "за адраджэнне і захаванне народных рамёстваў, далучэнне моладзі да традыцыйнай культуры”). У РДР спадзяюцца, што і гэтая ідэя ўвасобіцца ў жыццё — як і ініцыятыва аб унясенні чатырохнітавага ткацтва ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Сярод іншых планаў установы — рэалізацыя яго прадукцыі ў замежных краінах, і магчымасці для гэтага ёсць.

У савецкім кінахіце 1940-га года "Светлы шлях” распавядаецца пра лёс дзяўчыны, якая, пераехаўшы з вёскі ў горад, стала там перадавой ткачыхай. Існаванне і дзейнасць Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў і ёсць прыклад светлага шляху. Ва ўстанове не проста беражліва захоўваюць памяць аб промыслах рэгіёна, а не даюць ім знікнуць у глыбіні стагоддзяў. Старадаўнія прадметы адзення, абрусы, посцілкі, ручнікі, сучасныя рэчы выступаюць тут і ў ролі экспанатаў, і як узоры высокай народнай творчасці, асновы якой спасцігаюць паслядоўнікі знакамітых мясцовых майстроў. А тыя, у сваю чаргу, і іншыя ўмельцы-прафесіяналы працягваюць цудадзейнічаць, і, дзякуючы іх чароўным рукам, на свет з’яўляюцца новыя, шыкоўныя творы мастацтва. Усе разам гэтыя людзі і ідуць шляхам светлым. І хай на ім магчымых цёмных кіламетраў будзе паменш. Ну а рэальным пацвярджэннем выбару дакладнай дарогі рамеснікамі Ганцаўшчыны служыць той факт, што, напрыклад, у аграгарадку Чудзін і вёсцы Будча плануецца стварэнне майстэрняў з ткацкімі станкамі ў іх.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 1022 | Дабавіў: vitalis | Тэгі: Ганцавіцкі раён, Ніна Казак, ганчарства, Ала Занька, газета Культура, Віктар Супрун, Ганцавічы, Феанія Крысюк, батлейка, Ульяна Віннік, Віталь Шапялевіч, Чудзін, ткацтва, вышыўка, Будча, Дом рамёстваў
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Снежань 2019  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Хто тут?
Анлайн усяго: 9
Гасцей: 9
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.