Чацвер, 02.05.2024, 01:01

Галоўная » 2015 » Жнівень » 11 » Святарства: калектыўны партрэт
21:56
Святарства: калектыўны партрэт
Дзяніс ЛісейчыкаўНе так даўно ў выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет грунтоўнае даследаванне ўраджэнца вёскі Дзяніскавічы Дзяніса Лісейчыкава «Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596 — 1839 гг». Гэта ўжо трэцяя кніга навукоўца, прысвечаная вывучэнню ўніяцкага святарства на беларускіх землях. Спачатку выйшла крыніцазнаўчае даследаванне візітаў уніяцкіх цэркваў XVII ст., другая кніга даследчыка прысвячалася гісторыі штодзённаму жыццю святароў, новае ж выданне прадстаўляе маштабны погляд на лёсы прадстаўнікоў гэтай сацыяльнай групы на вялікай тэрыторыі — практычна ўсяго ВКЛ, Падляшскага ваяводства Каралеўства Польскага, Інфлянтаў і Курляндыі (тэрыторыя сённяшняй Латвіі). Пра адметнасці новага даследавання, значэнне тэрміну «прасапаграфія», а таксама практычную значнасць кнігі мы гутарым з аўтарам — кандыдатам гістарычных навук, намеснікам дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзянісам Лісейчыкавым.

— Дзяніс Васільевіч, распавядзіце гісторыю напісання гэтай кнігі.
— Першапачаткова я не ўяўляў дакладнага плана і фармату працы. Не было такога, што паклаў перад сабой чысты аркуш і пачаў пісаць. Падобныя праекты ствараюцца паралельна з іншымі, да прыкладу, кандыдацкай дысертацыяй. Чым глыбей вывучаеш праблему — тым дакладней разумееш, у якім накірунку можна рухацца, якія пытанні да цябе ніхто не разглядаў. Яшчэ гадоў пятнаццаць таму, калі я толькі пачынаў вывучаць гісторыю ўніяцкай царквы, заўважыў, што кола найбольш «раскручаных» тэм у нас даволі абмежаванае — уніяцкія іканапіс, архітэктура, палемічная літаратура, але ніхто ніколі сур’ёзна не вывучаў асоб саміх святароў, шараговых «салдат» уніяцкай царквы. Заўважыў, што пры адной і той жа царкве ў розныя гады сустракаюцца людзі з аднолькавымі прозвішчамі. Стала цікава, ці сваякі яны. Так паступова склалася разуменне, што трэба збіраць біяграфічныя звесткі пра кожнага са святароў. Думаў адразу спыніцца, апрацаваўшы пэўнае кола крыніц — візітаў уніяцкіх цэркваў. Назбіралася 2500 біяграфій. Затым кола крыніц пашырылася, стала больш і біяграфій — 4 тысячы. З кожным новым годам я разумеў, што такіх матэрыялаў будзе ўсё больш і больш, таму паставіў для сябе мяжу ў 10 тысяч чалавек для падвядзення першых вынікаў. Але ўпэўнены, што і на гэтым праца па вывучэнні біяграфій уніяцкіх святароў не скончыцца. Зараз я спыніўся на лічбе 8500 імёнаў, пазней буду працягваць даследаванні, рыхтаваць другое выданне, дапрацаванае і дапоўненае.

— Можна сцвярджаць, што гэтая кніга — калектыўная біяграфія 8500 уніяцкіх святароў?
— Так і ёсць. Першапачаткова звесткі пра святароў збіраліся паводле пэўнай схемы: было важна выявіць год, месца нараджэння, хрышчэння, вучобы, службы, склад сям’і. Пазней, калі стала шмат звестак, якія маглі падлягаць пэўнаму аналізу, з’явілася ідэя не проста выдаць даведнік з біяграфіямі, але правесці так званае прасапаграфічнае даследаванне — на падставе сабраных звестак зрабіць пэўныя высновы: і пра памер сем’яў, і пра колькасць святароў, высвечаных у цалібаце, і пра колькасць тых, хто быў у шлюбе не адзін раз, якія імёны самыя распаўсюджаныя ў сем’ях уніяцкіх святароў, як часта сустракаецца імя Ясафат — своеасаблівы «маркёр» уніі, ці часта сустракаецца імя Напалеон. Сёння нам складана ўявіць бацюшку з іменем Напалеон, але такія былі. На падставе сабраных звестак удалося падрыхтаваць разгорнутую тэарэтычную частку, якая дае адказы на многія пытанні.

— А якія імёны самыя распаўсюджаныя ў сем’ях уніяцкіх святароў?
— Мужчынскае — Ян, ён на першым месцы з адрывам працэнтаў на трыста ад наступных за ім Іосіфа і Васіля, а жаночае — Ганна.

— Хто чытач вашай кнігі? На якую аўдыторыю вы арыентаваліся падчас працы над выданнем?
— Першапачаткова я збіраў звесткі для сябе, каб пад рукой мець даведнік па святарах, але праз некалькі гадоў зразумеў, што гэтыя звесткі патрабуюць увядзення ў шырокі навуковы ўжытак. Прасапаграфічныя доследы вельмі прыцягальныя нават для неспецыялістаў. Многіх людзей цікавіць гісторыя малой радзімы, дзе была царква, існавала парафія, сярод продкаў многіх беларусаў ёсць выхадцы з духавенства. Прыемна, калі людзі звяртаюцца, дзякуюць, што ў выданні згаданы іх продкі. Нашчадкі старажытных святарскіх родаў адгукаюцца нават з Масквы і Краснадара. Безумоўна, чытачамі будуць тыя, хто займаецца вывучэннем уласнага радаводу, краязнаўцы, супрацоўнікі краязнаўчых музеяў, якія таксама шукаюць звесткі пра тых, хто ў старажытнасці жыў і працаваў у розных кутках былога Вялікага Княства Літоўскага. Зацікавіць кніга і супрацоўнікаў бібліятэк, ім праца дапаможа ідэнтыфікаваць, каму магла належаць тая ці іншая кніга XVII ці XIX ст. з царкоўных збораў з інскрыпцыямі на палях. А тэарэтычная частка даследавання будзе карысная тым, хто вывучае сацыяльную гісторыю, бо часта многія працэсы ў культуры і эканоміцы нашай краіны дэперсаніфікаваныя. Мы прывыклі гаварыць пра духавенства (ці іншы пласт грамадства) як пра нешта агульнае, аднароднае і адназначнае. А гісторыя — гэта не столькі даты і працэсы, як прынята лічыць, колькі канкрэтныя людзі.

У цэлым, падобнае даследаванне — не разавая акцыя Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. На найбліжэйшую будучыню мы запланавалі выданне даведнікаў па асабовым складзе ўдзельнікаў паўстання 1863 — 1864 гг., асабовым складзе чынавенства Мінскай губерні ды інш.

— Што стала асновай для напісання даследавання? Дзе захоўваюцца дакументы, з якімі вы працавалі?
— У першую чаргу я працаваў з фондамі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, а таксама прапацоўваў дакументы, што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы і аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук імя Урублеўскіх у Вільнюсе, Дзяржаўным архіве ў Любліне, Дзяржаўным гістарычным архіве Латвіі ў Рызе, а таксама Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу. Мне вельмі прыемна, што рэцэнзентамі кнігі пагадзіліся выступіць вядомыя ў свеце навукоўцы. Гэта прафесары з Польшчы, Украіны і ЗША — вядомыя даследчыкі гісторыі хрысціянскіх цэркваў Анджэй Гіль, Ігар Скачыляс і Барбара Скінэр.

— У сваім даследаванні вы адзначаеце, што ў сем’ях уніяцкіх святароў былі адметныя метады выхавання. Як жа выхоўваліся дзеці?
— Святарская супольнасць цікавая тым, што, у адрозненне ад іншых, нават самых прывілеяваных пластоў грамадства, магнатаў і шляхты, гэта была цалкам пісьменная супольнасць. Непісьменны святар — нонсэнс, ён мусіў ведаць літары, умець весці набажэнствы паводле літургічных кніг, зрабіць запіс у метрычнай кнізе. Таму ўсіх хлопчыкаў у святарскай сям’і, якія павінны былі прадоўжаць бацькаву справу, з самых малых гадоў вучылі грамаце. Школы былі даступныя і для шляхты, і для мяшчан, але стапрацэнтнай пісьменнасці ні ў адной тагачаснай сацыяльнай групе, апрача духавенства, нельга прыгадаць. Такім чынам, для хлопчыкаў са святарскіх сем’яў адкрываўся свет кніжнай культуры. Яны маглі чытаць не толькі літургічныя кнігі, але і літаратуру, якая насіла прыкметы папулярнага стылю, на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах. Выпускнікі семінарый ведалі яшчэ як мінімум лацінскую, грэцкую і старажытнаяўрэйскую. Канечне, гэта значна пашырала кругагляд.

— Напэўна, менавіта па гэтай прычыне, як вы таксама адзначаеце, са святарскіх сем’яў выйшла шмат знакамітых вучоных, пісьменнікаў?
— Я раней думаў, што з сем’яў уніяцкіх святароў выйшла толькі некалькі знакавых асоб у культурным жыцці нашых земляў таго часу. Але паколькі я збіраў звесткі пра ўсіх прадстаўнікоў духавенства, то выявіў, што фактычна ў любой сферы культуры і эканомікі беларуска-літоўскіх зямель ХІХ ст. можна ўбачыць сыноў уніяцкіх святароў на самых першых ролях. Да іх ліку належаць: гісторык і архівіст, прафесар Віленскага універсітэта Ігнат Анацэвіч, аграбіёлаг і эканаміст Міхал Ачапоўскі, прафесар Віленскага ўніверсітэта, доктар тэалогіі, славіст і арыенталіст Міхал Баброўскі, пісьменнік і выдавец, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі, філолаг Антон Будзіловіч, доктар медыцыны і гісторык Міхал Гамаліцкі, прафесар Віленскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў, гісторык і правазнаўца Ігнат Даніловіч, прафесар Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, прафесар Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, гісторык і публіцыст Міхал Каяловіч, паэт і публіцыст, заснавальнік «Дэмакратычнага таварыства» ў Віленскай Медыка-хірургічнай акадэміі Францішак Савіч, мастак Іван Хруцкі і многія іншыя.

Нават знайшлася цікавая адметнасць: калі заўважаеш, што нехта ў сям’і святара паступае вучыцца ў навучальную ўстанову свецкага ведамства, то можаш смела шукаць гэтае імя ў энцыклапедыях. Так я для сябе адкрыў, што заснавальнік расійскай санскрыталогіі, прафесар Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Каятан Касовіч таксама быў з сям’і ўніяцкіх святароў, падобнае паходжанне мела цэлая плеяда прафесараў Віленскага ўніверсітэта.

— Ці часта дзеці святароў самі станавіліся святарамі і працягвалі справу бацькоў?
— Безумоўна, вельмі часта. У часы, калі адукацыйная сістэма магла ахапіць толькі невялікую частку духавенства, існавала ўсяго некалькі семінарый і некалькі дзясяткаў кляштарных школ на ўсё Вялікае Княства Літоўскае, самым простым выйсцем для падрыхтоўкі новых кадраў было выхаванне пры бацьку. Кожны будучы святар менавіта пры бацьку вучыўся чытаць, пісаць, вывучаў катэхізіс, асновы арыфметыкі, а пасля на некаторы час накіроўваўся да кафедральнай царквы, дзе праходзіў непасрэдную вузкаспецыяльную падрыхтоўку. Калі браць звесткі да моманту ўваходжання нашых земляў у склад Расійскай імперыі, то каля 80 працэнтаў святароў з’яўляліся святарскімі сынамі. Натуральна, калі дзяцей у сям’і было многа, то не было магчымасці ўсіх уладкаваць на святарскія месцы, некаторыя станавіліся памочнікамі — вікарыямі, а некаторыя сыходзілі на больш нізкія пасады, былі дзячкамі, псаломшчыкамі пры цэрквах. Своеасаблівы рэкорд быў пастаўлены сям’ёй Вячоркаў з мястэчка Гарадной, што на Століншчыне. Клан Вячоркаў асеў пры царкве ў першай палове XVIII ст. і ўжо не выбіраўся адтуль ледзь не да нашага часу. Разам з членамі сем’яў, напрыклад, у 1819 годзе пры царкве адначасова пражывала 39 прадстаўнікоў роду.

— Вы распавядаеце ў асноўным пра хлопчыкаў. А як складваўся лёс жанчын — жонак і дачок святароў?
— Вывучаць іх лёсы намнога складаней, бо крыніцы па святарскай генеалогіі да канца XVIII стагоддзя вельмі рэдка ў складзе сем’яў фіксуюць жанчын. Лічылася, што ў гэтым няма асаблівай патрэбы, бо парафія замацоўвалася за святаром. Нават калі ён паміраў, то ўдава мела мала правоў на саму царкву, зямельныя надзелы, калі не было дзяцей мужчынскага полу. Тады сваякі святара па мужчынскай лініі маглі кіраваць маёмасцю. Было прасцей жанчыне, калі яна мела шляхецкае паходжанне. Тады для абароны сваіх правоў яна магла звяртацца ў суды. Да пачатку ХІХ ст., акрамя метрычнай кнігі, дзе проста згадваецца імя жонкі ці дачкі, мы больш нідзе звестак пра іх не сустрэнем. Спецыяльных школ для дзяўчынак, дзе давалася якасная адукацыя, не існавала. Пры жаночых базыльянскіх манастырах былі школы, там вучылі асновам вядзення гаспадаркі, але далёка не кожную з дзяўчынак вучылі чытаць і пісаць, бо гэта не было жыццёва неабходна.

— Наколькі актыўна беларускія гісторыкі карыстаюцца прасапаграфічным падыходам у сваіх даследаваннях?
— Сам падыход у той ці іншай ступені выкарыстоўваўся і выкарыстоўваецца, але сам тэрмін у нас яшчэ не прыжыўся. Нашы навукоўцы часта інтуітыўна робяць тое, што ў заходняй гістарыяграфіі даўно і сістэмна тэарэтычна распрацавана. Прасапаграфічны метад яшчэ часта блытаюць з біяграфічным. Справа ў тым, што біёграфы збіраюць звесткі, што тычацца ўсіх бакоў жыцця чалавека: яго лёс, хобі, схільнасці, асабістае жыццё. Лічыцца, чым больш інфармацыі сабрана, тым лепш. Але калі мы вывучаем праблему ў прасапаграфічным зрэзе, то маем пэўную анкету-апытальнік, якія менавіта звесткі нас цікавяць. Ад гэтых пытанняў мы не адыходзім. Калі збіраеш звесткі пра святара і бачыш нейкія цікавыя моманты, да прыкладу, пра яго маёмасць, рысы характару, адметнасці ладу жыцця, ёсць спакуса іх таксама згадваць. Але гэтая інфармацыя прадстаўляе суб’ектыўную характарыстыку асобы — вачыма складальніка дакумента, у абавязкі якога ўваходзіла даць сваю ацэнку дзейнасці святара.

У 2014 г. тэрмін «прасапаграфія» ўжо «засвяціўся» ў беларускім перакладзе працы літоўскага гісторыка Рымвідаса Пятраўскаса «Літоўская знаць у канцы XIV–XV ст.». Цяпер, пасля выхаду аб’ёмнай кнігі «Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596 — 1839 гг.» варта чакаць узросту цікавасці да гэтага безумоўна каштоўнага і цікавага падыходу.

Марына ВЕСЯЛУХА, «Літаратура і мастацтва»
Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 2273 | Дабавіў: admin | Тэгі: Дзяніскавічы, Літаратурная Ганцаўшчына, Марына Весялуха, Дзяніс Лісейчыкаў
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [470]
Эканоміка [37]
Транспарт [146]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Жнівень 2015  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.