Пятніца, 19.04.2024, 06:22

Галоўная » 2021 » Май » 26 » Тры дні Чарадзейства. Майстрыхі з Ганцавіцкага раёна ствараюць унікальныя маляваныя дываны
07:35
Тры дні Чарадзейства. Майстрыхі з Ганцавіцкага раёна ствараюць унікальныя маляваныя дываны
На Беларусі ў першай палове ХХ стагоддзя амаль у кожнай сельскай хаце можна было ўбачыць размаляваныя дываны. Альбо, як іх па-простаму называлі, маляванкі, з выявамі кветачак, жывёл ці з рамантычнымі сюжэтамі.

Выкладчык Вольга Івановіч і сёстры Марыя, Ганна і Анастасія Занька ўзаемадзейнічаюць у творчым працэсе

Яны павінны былі служыць адной мэце: упрыгожваць сціплы сялянскі побыт. Імёны Язэпа Драздовіча, Алены Кіш, Фёдара Сухавілы, якія стварылі шмат такіх «простых шэдэўраў», зараз добра вядомыя не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. На шчасце, сёння тое рамяство не забыта. Карэспандэнт «Народнай газеты» завітаў у Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў і ў тым пераканаўся.

Калі ажываюць малюнкі

Як гэта нярэдка бывае ў нашым жыцці, сапраўдная каштоўнасць незвычайных дываноў многімі была асэнсавана толькі тады, калі значная частка іх была незваротна страчана. Яшчэ крыху — знікла б і арыгінальная тэхналогія іх вытворчасці. На шчасце, знайшліся майстры, якія не толькі здолелі захаваць сакрэты ўнікальнай тэхналогіі для нашчадкаў, але і перадаюць маладому пакаленню свае веды і любоў да гэтага віду традыцыйнага народнага рамяства. Адна з іх — Вольга Івановіч, майстар па роспісе Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў:

Маляванка, на першы погляд, простая рэч, для стварэння якой не патрэбна асаблівага таленту і здольнасцей. Але так падаецца толькі спачатку. Насамрэч гэтыя дываны ствараліся па пэўных канонах, іх сюжэты падпарадкоўваліся строгай кампазіцыйнай пабудове, у якой нярэдка выкарыстоўваліся арнаментальныя элементы традыцыйнай вышыўкі. Як у беларускім нацыянальным адзенні існуюць строі, характэрныя для той ці іншай мясцовасці, так і ў маляванак з розных куткоў Беларусі ёсць свае адметныя рысы. Напрыклад, петрыкаўскі роспіс чымсьці падобны на рускую хахламу, для яго характэрны шырокія мазкі. У нас на Берасцейшчыне, і ў прыватнасці на Ганцаўшчыне, больш распаўсюджаны огаўскі роспіс. Яго вылучаюць больш выразныя контуры, выкарыстанне так званай ажыўкі — калі дзеля таго, каб кветачка на малюнку «ажыла», па яе краях право­дзяць танюсенькі контур альбо фарбай іншага колеру наносяцца кропелькі.

Па словах майстрыхі, на пачатку і ў сярэдзіне мінулага стагоддзя вясковыя гаспадыні вельмі цанілі гэтыя «стракатыя палотны». Яны былі добрым падарункам, іх часта маці давалі сваім дочкам у шлюбны пасаг, альбо госці дарылі маладым на вяселле. У тыя часы лічылася, што такую прыгажосць могуць дазволіць сабе толькі заможныя людзі. Хаця «заможнасць» гэтая была адноснай. За «асаблівыя карціны» з майстрамі, якія самі хадзілі па вёсках і прапаноўвалі свае паслугі, сяляне разлічваліся тым, што мелі: зернем, яйкамі, бульбай ці іншымі прадуктамі з уласнай гаспадаркі.


Дзверы ў дапамогу

Як і ўсе дэкаратыўныя мастацкія вырабы, арыгінальныя дываны мелі сваю асаблівую тэхналогію вытворчасці. Яна была наступнай: даматканае палатно афарбоўвалі ў цёмна-карычневы, цёмна-сіні альбо чорны колер, каб дэкаратыўныя элементы выглядалі ярка і каларытна. Сюжэт наносілі пры дапамозе трафарэтаў, якія накладвалі на тканіну, а потым дадаткова размалёўвалі. Каб стварыць адзін такі шэдэўр, майстру патрабавалася тры дні, адзначае Вольга:

У першы дзень наносіўся фон, у другі — асноўны малюнак, а ў трэці — рабілася «ажыў­ка». І яшчэ адна цікавая дэталь: дываны размалёўвалі толькі ў вертыкальным стане. Дзеля гэтага дзе-небудзь, звычайна ў хляве, здымаліся дзверы, а на праёме замацоўвалася палатно.

На Палессі асноўным сюжэтам такіх дываноў сталі раслінна-арнаментальныя кампазіцыі на цёмным фоне. Тады як на поўначы Віцебшчыны і Гродзеншчыне большае распаўсюджванне атрымалі сюжэтна-рамантычныя кампазіцыі з выявамі птушак і звяроў, нярэдка міфічных, а таксама з краявідамі са старажытнымі замкамі і сядзібамі наіўна-рэалістычнага напрамку.

Маляваныя дываны цяпер з задавальненнем набываюць не толькі прафесійныя калекцыянеры, але і простыя людзі, якія цікавяцца нашай культурнай спадчынай, — працягвае тэму ганцавіцкая майстрыха. — А ў 1970—80-я гады многія дзеці і ўнукі першых гаспадароў маляванак, не разумеючы, наколькі каштоўныя рэчы дасталіся ім у спадчыну, выкідвалі іх, а на іх месца вешалі модныя рэпрадукцыі, якія тысячамі штампавалі мастацкія і паліграфічныя камбінаты па ўсім Савецкім Саюзе. Так незаўважна быў страчаны значны пласт нашых культурных здабыткаў.

Работы выхаванцаў гуртка і яго кіраўніка зроблены ў адпаведнасці з традыцыйнай тэхнікай

Любоў да сваёй зямлі

Вольга Івановіч упэўнена, што сёння традыцыйны дэкаратыўны роспіс, як і іншыя беларускія рамёствы, пачынае адраджацца і набываць новых прыхільнікаў.

У нашым Доме рамёстваў я вяду гурток «Рукатвор», які наведваюць дзеці рознага ўзросту, — расказвае Вольга. — На сваіх занятках мы таксама робім традыцыйны роспіс па дрэве і шкле: размалёўваем розныя куфэркі, рамкі пад фота — імкнёмся ўпрыгожыць інтэр’ер так, як у свой час рабілі прабабулі. Пры гэтым мы выкарыстоўваем выключна тыя прыёмы і тэхніку, якія распрацавалі майстры ў мінулым стагоддзі. Я бачу, як дзеткі з задавальненнем і стараннасцю асвойваюць гэтае рамяство, што такая творчасць выклікае ў іх сапраўдную цікавасць.

Тры сястры, аднак не чэхаўскія Празоравы, а мясцовыя 14-гадовая Марыя, 13-гадовая Ганна і 9-гадовая Анастасія Занька, якія чатыры гады таму разам упершыню прыйшлі на заняткі да Вольгі Івановіч, у адзін голас пацвярджаюць словы сваёй выкладчыцы:

Заняткі роспісам патрабуюць засяроджанасці і ўседлівасці, але нам да гэтага не прывыкаць. Мы ж яшчэ ў дадатак займаемся па класе фартэпіяна ў нашай дзіцячай школе мастацтваў. Так што тут, можна сказаць, адпачываем. А калі сур’ёзна, то вельмі падабаецца не проста маляваць, а ства­раць нейкія арыгінальныя рэчы. Пры гэтым для нас важна, каб яны былі звязаны з нашай беларускай культурай. Мабыць, гэтая цікавасць да аўтэнтычнасці перадалася нам ад матулі — Любові Занька, па-сапраўднаму творчага чалавека, кіраўніка ўзорнага ансамбля народных духавых інструментаў «Дударыкі». Канешне ж, мы з’яўляемся яго ўдзельнікамі. І вось нашы дываны-набіўкі сталі аднымі з рэчаў, якія дапамаглі аформіць кабінет ансамбля ў традыцыйным беларускім стылі.

Дарэчы, мастацкія рэчы, зробленыя выхаванцамі гуртка разам з яго кіраўніком, атрымалі высокую адзнаку не толькі ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў, але і на тэматычных выставах і фестывалях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню — «Вясновым букеце» ў Мінску, «Славянскім базары ў Віцебску», «Ягелонскім кірмашы» ў Любліне і іншых мерапрыемствах. Ёсць цікавасць да такой творчасці не толькі з боку прафесіяналаў. Як узгадвае Вольга Івановіч, мінулай зімой да іх спецыяльна на двухдзённы майстар-клас прыязджала жанчына з Мінска. Яна была ў захапленні ад таго, што тут убачыла, паабяцала прыехаць зноў летам і падзялілася сваёй марай — стварыць уласную калекцыю адзення з набіўкамі і роспісам па тканіне.

Традыцыйны роспіс, як і іншыя беларускія рамёствы, — гэта не проста праца рукамі, — упэўнена Вольга Івановіч. — Вывучаючы яго, і дзеці, і дарослыя асвойваюць не толькі тэхналогію вытворчасці, але і спасціга­юць глыбінны сэнс, што закладзены ў малюнках на дыванах, куфрах, шкле. Такім чынам яны дакранаюцца да нацыянальнай культуры, пераймаюць светапогляд сваіх продкаў, іх любоў да сваёй зямлі.

Генадзь ПАПЛАЎСКІ — «Народная газета»
Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 455 | Дабавіў: vitalis | Тэгі: маляваныя дываны, Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў, Народная газета, дываны-маляванкі, Генадзь Паплаўскі, Ганцавіцкі раён, Ганцавічы
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2021  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.