Пятніца, 29.03.2024, 11:07

Галоўная » 2014 » Кастрычнік » 23 » Ваенны марак-падводнік Іван Караленка, вярнуўшыся ў Беларусь, аддаўся сэрцам і душою дзіцячай мары – жывапісу
08:43
Ваенны марак-падводнік Іван Караленка, вярнуўшыся ў Беларусь, аддаўся сэрцам і душою дзіцячай мары – жывапісу
Іван КараленкаВы калі-небудзь чулі… карціну? Так-так, маю на ўвазе мастацкае палатно, а не інтэрнэтную паштоўку з гуказапісам. Скажаце – пачуць карціну немагчыма? Вось і я гэтак жа думала, пакуль не пазнаёмілася ў Ганцавічах з творамі мясцовага мастака Івана Караленкі.

Стаю, гляджу і… рып-рып-рып – удалечыні, чую, парыпвае снег пад нагамі жанчыны, што няспешна ідзе па сцежцы. Усё навокал заснежана, вёска губляецца ў снезе, а ўдалечыні – рып-рып-рып. Гэты момант Іван Караленка "злавіў” у Борках, недалёка ад Ганцавіч.

Увогуле, на палотнах Івана Іванавіча тутэйшыя людзі часта пазнаюць мясцовыя пейзажы. Мастак захоплена расказвае: "Я не пішу проста малюнак з натуры. У кожным пейзажы вылучаю нейкую дэталь, акцэнтую ўвагу гледача. Нават у назвах карцін гэта падкрэсліваю: "Халодная вада”, "Зялёная лодк", "Рэчка зімой"… Галоўнае ў пейзажы – злавіць настрой таго імгнення, калі глядзіш на наваколле. Падабенства адзін у адзін – гэта не мае значэння. Галінка дрэва можа ў натуры быць унізе, а на карціне – зрушыцца ўправа. Ці ў гэтым сутнасць? Не, сутнасць – у ідэі пейзажа, у настроі і ў тым, як ты перадаеш адчуванні ад убачанага".

Мужчына на якую хвіліну задумваецца, а потым выносіць свой вердыкт мастака: "Калі адчуў, што менавіта спадабалася, які настрой у гэтага месца – тады перадаць на палатне малюнак будзе лёгка. Калі падышоў да натуры з прахалодай, думкі недзе далёка ад гэтага месца блукаюць, не ідзе праца – значыць, усё, не твой пейзаж. Закрывай эцюднік і сыходзь! Або думай, шукай той самы настрой"

Пошукі свайго настрою Іван Караленка вядзе ў кожнай рабоце. На многіх карцінах, напрыклад, у яго прысутнічаюць аблокі. На думку ганцавіцкага мастака, менавіта неба перадае настрой, стварае рух кампазіцыі, таму, калі атрымліваецца напісаць патрэбнае неба, лічы, 90 працэнтаў карціны ўжо ёсць. Аблокі на палотнах Караленкі розныя – ад бялюткага пуху да счарнелай ад дажджу і, відавочна, не зусім добрага настрою навальнічнай хмары.

Ці вось нацюрморты. Здавалася б, прасцей не бывае: склаў рэчы ды малюй. Але ж кожны прадмет, які Іван Іванавіч робіць часткай кампазіцыі, нясе пэўны настрой і адначасова стварае настрой у гледача. Крамяныя грыбы, рознакаляровыя кветкі, нават эцюднік, за якім ужо больш за 20 год працуе мастак і які ён некалі набыў у таварыша па ваеннай службе, – розныя прадметы выносіць мастак на "агледзіны". А яны, гэтыя прадметы, расказваюць самыя розныя гісторыі: удалага паходу ў лес, рамантычнай раніцы, спакою і цішыні ў доме, дзе жыве шчаслівая сям’я…

Ёсць у Івана Караленкі серыя з 8-мі работ, створаная па ўспамінах дзяцінства (мастак сам родам з Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці): "Дзявочыя сакрэты", "Купанне коней", "На Прыпяці", "Злавіўшы залатую рыбку", "Будучыя капітаны", "Бабуліна варэнне", "Дзядулеў рубанак", "Татава фуражка", "Маміны туфлі". Апошнія чатыры карціны разглядала асабліва доўга – шукала бабулю, дзядулю, тату і маму. Насамрэч, яны прысутнічалі ў мастацкіх творах апасродкавана, праз рэчы, што ім належылі, але настрой момантаў мастаку ўдалося перадаць так рэалістычна, што нават не сумнявалася, напрыклад, што дзяўчынка прымярае туфлі не бабулі, не цёткі, не старэйшай сястры, а менавіта – мамы.

Гэтак жа лёгка глядач прасякаецца праўдай адлюстравання простых вясковых клопатаў: "Пчаляр", "Зіма не за гарамі", "Касцы", "Араты". Як высветлілася, на карцінах – канкрэтныя людзі, лецішча мастака ў вёсцы, прататыпы герояў – ягоныя суседзі. Не, Іван Іванавіч не прасіў іх пазіраваць спецыяльна, каб і ад працы не адцягваць, і не бянтэжыць. Рабіў спакваля эцюды, а потым у майстэрні пісаў карціны. Звыклая вясковая праца, з якой, прынамсі, сустракаюцца ў любой вёсцы, на лецішчы, набывае ў Караленкі статус асновы жыцця, таго самага падмурка, на якім трымаецца наша паўсядзённасць.

А вось у другім цыкле работ мастака я ўбачыла той стрыжань, што яднае нашы жыццёвыя падмуркі з паўсядзённым увасабленнем лёсу ў справах. Гэта работы, прысвечаныя 1025-годдзю Хрышчэння Русі. Іван Іванавіч, чалавек веруючы, задумаў расказаць мовай жывапісу пра веру, пра тое, хто і як служыць Богу і людзям, дапамагае нам прыйсці да веры. Так з’явіліся "Паломнік у святых месцах", "Перазвон", "Прастольнае свята". Вось "Першая споведзь": дзяўчынка з праніклівым позіркам уважліва слухае бацюшку. Ці "Чытаючы Біблію": святар, які ўжо шмат год служыць, задумаўся над кнігай кніг – быццам толькі што зрабіў сваё найвялікшае адкрыццё сутнасці быцця.

У Ганцавічах успамінаюць, што вялікую персанальную выставу Івана Караленкі ў Доме культуры паглядзеў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан. Ён прыехаў у райцэнтр на мерапрыемства, якое ладзілася ў ГДК, убачыў карціны, не змог проста прайсці міма. Уважліва паглядзеў  і задуменна спыніўся каля гэтых – пра служыцеляў веры. Нават давялося затрымацца з пачаткам мерапрыемства, бо не выпадала парушыць неверагодную еднасць архіепіскапа і жывапісу, які так яго закрануў.

У творчай скарбонцы Івана Караленкі ёсць і сюррэалістычныя карціны. На той выставе, якая згадвалася вышэй і стала своеасаблівай творчай справаздачай Івана Іванавіча перад землякамі, іх і пабачыў глядач – тым самым адкрыў для сябе іншага Караленку. Мастак не пабаяўся паказаць свае фантазіі, пераўвасобіць у фарбы свае думкі. Напрыклад, некалькі год ён "спеў", каб напісаць "Прысвячэнне Ван Гогу" – любімаму мастаку, біяграфія якога ўразіла Івана Іванавіча.

Асабіста мяне заінтрыгавала яго "Вішнёвая зямля": на пясочку раскіданы вішанькі, а наўкол лятаюць бурбалкі, быццам нейкія мроі – лёгкія, паветраныя. Ты глядзіш на карціну і можаш прыдумваць сваю гісторыю. Выходзіць, што да аўтарскай фантазіі далучаюцца фантазіі гледачоў, а іх можа быць безліч.

Па праўдзе кажучы, я не чакала, што мастак з Ганцавіч акажацца такім розным! Нехта скажа: ён распыляецца. А я не пагажуся – гэтаму чалавеку ўсё і ўсе цікавыя! Ну чым яшчэ патлумачыць, што хлопец, якому падабалася маляваць з дзяцінства, захапіўся марской рамантыкай (два браты хадзілі па марах-акіянах у грамадзянскім флоце) і "пайшоў" у маракі, як не прагай адкрыццяў? Іван Караленка – падводнік, выпускнік Бакінскага вышэйшага ваенна-марскога Чырванасцяжнага вучылішча, хадзіў у мора на Далёкім Усходзе. Капітан III рангу, калі пайшоў у адстаўку, з сям’ёй пераехаў у Ганцавічы – ролю сыграла кватэрнае пытанне. Ён заўсёды ведаў, што жывапіс – яго стыхія, а таму паглыбіўся ў яе самааддана і без страху. "Я – самавучка, – кажа Іван Іванавіч. – Скончыў Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт імя Н.К. Крупскай, факультэт станковага жывапісу. Заданні дасылалі, тлумачэнні, але да ўсяго даходзіў сваім розумам".

Цяпер Іван Караленка – член грамадскага аб’яднання творчых людзей "Тур", яго выставы праходзілі ў Пінску, Брэсце, Лунінцы, Калінкавічах, Светлагорску, Лельчыцах, у парламенце Беларусі ў Мінску. Карціны мастака знаходзяцца ў Ганцавіцкім краязнаўчым музеі, Светлагорскай і Прыморскай карцінных галерэях, Вялікакаменскім музеі сучаснага мастацтва (на Далёкім Усходзе, у горадзе Вялікі Камень). А дома ён усё ж захоўвае сваю першую мастацкую працу – "Астры", якую напісаў алейнымі фарбамі ў 1986 годзе (у якасці растваральніка скарыстаў звычайны харчовы алей).

Іван Караленка даўно развітаўся з марамі-акіянамі, да якіх часам вяртаецца ў сваёй творчасці (быў у яго цыкл работ пра падводныя лодкі і партрэт ураджэнца Пінска Сяргея Дудко, пісаў пад уражаннем ад трагічнага здарэння з "Курскам", які патануў. З тых карцін у мастака нічога не засталося – што падарыў, што купілі). Бліжэй яго сэрцу стала наша зямная будзённасць з прыгажосцю роднага краю, шчырасцю людзей, што ў ім жывуць, працуюць, гадуюць дзяцей…

Адлегласць з марской глыбіні да неба, насамрэч, неабсяжная. Так што нагод узяць эцюднік і "злавіць" настрой адзінага, а таму непаўторнага, імгнення ў мастака Івана Караленкі будзе яшчэ шмат.

Святлана ТАБОЛІЧ, "Народная Трыбуна"
Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 1624 | Дабавіў: admin | Тэгі: Ганцавічы, Народная трыбуна, Мастак, Іван Караленка
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Кастрычнік 2014  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.