Пятніца, 19.04.2024, 15:59

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Алег Гаруновіч

Праект "Народнай газеты" "7 цудаў Беларусі" на Ганцаўшчыне
Праект "Народнай газеты" "7 цудаў Беларусі" аб славутых мясцінах і знакамітых людзях Ганцаўшчыны.

Знаўца палескіх душ

null145 гадоў таму ў беднай сялянскай сям’і Сержпутоўскіх, што жыла ў вёсцы Бялевічы Слуцкага павета, нарадзіўся хлопчык Алесь.

Яму было каля сямі месяцаў, калі бацькі пераехалі на Ганцаўшчыну, на хутар Шарпутоўшчына, што паміж вёскамі Чудзін і Пярэвалакі. Галава сям’і не меў сваёй зямлі, а таму займаўся лесапавалам, вартаваў лес.Тут, у глухім куточку Палесся, на беразе Лані прайшло дзяцінства знакамітага этнографа Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага. Ён праславіўся тым, што даследаваў побыт і традыцыі палешукоў. У тым ліку — іх прымхі і забабоны, якіх было нямала. Напрыклад, палешукі лічылі, што калі бачаць у сне дождж, то гэта да прыбытку ў гаспадарцы, а калі голую жанчыну, — то, наадварот, да страты. Сварка ж азначала хуткае прымірэнне з ворагам. Былі ў жыхароў Палесся і свае прыкметы. Так, рыжых і лысых людзей яны лічылі "паганымі”. Пра тых, хто нарадзіўся на маладзіку, казалі — "ніколі ім старасці няма, яны заўсёды маладыя”. Аляксандр Сержпутоўскі пакінуў пасля сябе 45 навуковых друкаваных прац — матэрыялы, якія былі сабраны падчас 25 навуковых экспедыцый (іх большая частка праходзіла па Палессі). Архівы даследчыка сёння знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу.


Першае каханне Коласа

null"Ваша школа была маім першым настаўніцкім месцам, з якога пачалася мая дарога ў жыццё”. Такі ліст аднойчы атрымалі пасталелыя вучні Люсінскай школы ад свайго былога настаўніка — Якуба Коласа.

У 1902 годзе выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Канстанцін Міцкевіч прыбыў на сваё першае працоўнае месца — у глухую палескую вёсачку Люсіна. Пасля ён апіша яе ў сваім рамане "На ростанях” пад назвай Цельшына. Рачулка Целяшоўка і сёння цячэ па вёсцы. А вось будынка, дзе выкладаў і кватараваў у бабкі Марыі будучы пясняр, няма. Пасля вайны дом згарэў. На тым месцы паставілі сельскі клуб, калгасную кантору і бібліятэку, але і гэты "мульцікомплекс” праглынуў агонь. Больш тут нічога не будавалі, а проста паставілі мемарыяльны знак у гонар Коласа. Тым больш што ў Люсіне ён сустрэў сваё першае каханне. Дачка падлоўчага Ядвіся адказвала яму ўзаемнасцю, але бацька звёз дзяўчыну з вёскі. Карацей, усё было як у кнізе. А хутка Люсіна пакінуў і сам настаўнік. Тым не менш у мясцовай школе створаны яго музей.


Беларускія выдмы на дне Ясельдскага мора

nullУ Ганцавіцкім раёне ворныя землі займаюць 20 тысяч гектараў, а балоты — 13,2 тысячы.

З іх 10 тысяч знаходзяцца ў рэспубліканскім гідралагічным заказніку "Падвялікі мох”. Той у сваю чаргу належыць да аднаго з буйнейшых у Еўропе балотных масіваў, які сфарміраваўся на месцы старажытнага возера — Ясельдскага мора. Перш за ўсё заказнік каштоўны сваім унікальным ландшафтам, бо рэдка дзе сустрэнеш сапраўдныя выдмы пасярод балота. Праўда, беларускія выдмы значна адрозніваюцца ад пустэльных або прыморскіх. Яны хутчэй нагадваюць невялікія астраўкі цвёрдай глебы, што раскіданы па балоце, — аазісы расліннага жыцця. Мінаеш такі аазіс, і знойку вакол цябе балота, аднастайнае і нізкарослае. Дарэчы, калі ёсць балоты — ёсць і журавіны. Мясцовыя жыхары вялікія майстры па зборы гэтых ягад. За сезон могуць назбіраць іх на 3 тысячы долараў і нават больш.


Шматдзетныя бабулькі з ансамбля "Завіца”

nullЦікавая гісторыя ў вёскі Раздзялавічы. Яе назва пайшла ад слова "разжалаваны”, бо ў гэты палескі куток высылалі разжалаваных афіцэраў царскай арміі. Доўгі час тут адбывалася змешванне розных культур, што вылілася ў дзіўны дыялект, які і сёння адрознівае мясцовых жыхароў ад іншых.

Невыпадкова менавіта тут утварыўся фальклорны ансамбль "Завіца”, які спявае "чыстую аўтэнтыку, некрануты фальклор, які спявалі матулі і бабулі”. У гэтым запэўнівае кіраўнік ансамбля Ірына Гурская. Сярэдні ўзрост яе падапечных — 65 гадоў. Амаль усе яны штадзетныя матулі. Па прыблізных падліках, на кожную выпадае не менш як чацвёра дзяцей! Гэтыя ж жанчыны адраджаюць у Раздзялавічах старажытныя абрады. Таму сямейна-бытавыя мерапрыемствы тут працякаюць, як і сто гадоў таму. Напрыклад, у вёсцы ёсць жанчыны, якіх называюць каравайніцамі. Напярэдадні вяселля яны пякуць каравай для маладых, пры гэтым спяваюць абрадавыя песні, выконваюць рытуальныя рухі. Па тым, як гарыць агонь у печы, каравайніцы могуць прадказаць, як складзецца лёс новай сям’і.


Што цудоўнага ў Чудзіне

nullУ самой назве гэтай вёскі закладзена нешта дзіўнае. Хтосьці верыць у легенду, згодна з якой калісьці людзі ішлі ўздоўж ракі Лань, пакуль не дабраліся да дзіўных мясцін...

У лясах было шмат дзічыны, у рэчцы — багата рыбы. Вось і заснавалі тут вёску і назвалі яе Чудзін. У процівагу гэтай рамантычнай версіі існуе другая — іранічная. Быццам продкаў сённяшніх вяскоўцаў людзі лічылі вялікімі дзівакамі. Як можна было пасяліцца ў такой глухамані?! Вось і празвалі іх чудзінцамі. Трэці варыянт паходжання назвы — самы ваяўнічы. Нібыта калісьці ў вёсцы Царквішча жыў пан. Быў ён тоўсты і вельмі злосны. Любіў здзекавацца з сялян, а больш за ўсё — на копах ездзіць. Узваліць мужык сена сабе на плечы, і пан на карак следам скача. І вось аднойчы ён даскакаўся — мужыкі забілі яго каламі. А каб іх ніхто не пакараў, уцяклі. І заснавалі вёску, якая атрымала назву Чудзін. Чаму? Бо гэта лічылася неверагодным — узняць руку на пана. Як бы там ні было, але жыхары вёскі даўно маюць славу набожных людзей. У 1867 годзе яны збудавалі царкву ў гонар Георгія Перамаганосца. Сёння яна лічыцца старэйшая драўлянай пабудовай у Ганцавіцкім раёне.


Сядзіба добрай пані

nullУ вёсцы Агарэвічы захавалася сядзіба Свіжынскіх. Некаторыя сталыя людзі яшчэ памятаюць, як калісьці тут жыла пані Марыся. Гавораць, жанчына вельмі добра ставілася да сялянскіх дзяцей. Ладзіла для іх навагоднія ёлкі, часта рабіла падарункі. Магчыма, такая ласка тлумачыцца тым, што ў разведзенай гаспадыні маёнтка было чацвёра сваіх дзяцей. На жаль, адзін яе хлопчык рана памёр. У памяць аб ім Марыся паставіла крыж, які стаіць і да гэтага часу.

Любілі пані не толькі дзеці, але і яе слугі, бо за працу яна заўжды плаціла золатам. Пасля рэвалюцыі прыйшлі бальшавікі і сказалі вяскоўцам, што залатыя манеты лепш памяняць на савецкія грошы. Сяляне на сваю галаву ім паверылі... Марыся Свіжынская жыла ў маёнтку пры Польшчы. Але ў 1939 годзе, пасля ўз’яднання Беларусі, зімовай ноччу яе выгналі з дому басанож на снег, у адной кашулі. А з ёй — траіх яе дзяцей. Так пачаўся шлях Свіжынскай у Сібір, адкуль яна не вярнулася. Яе малодшы сын неўзабаве загінуў, а вось хлопчыка Браніслава і дзяўчынку Марыю ўратавалі суседзі. Ёсць звесткі, што яны жывуць і сёння — ці то ў Польшчы, ці то ў ЗША. У нашы дні стары панскі дом не пустуе. Гадоў 15 таму жыхары вёскі вырашалі, што з ім рабіць — разбіраць або аднаўляць. Выбралі другое. Зараз там месціцца невялічкая гасцініца, у якой звычайна спыняюцца прыезджыя рыбакі і паляўнічыя. Гаспадарыць у маёнтку Галіна Кулікоўская. Дарэчы, яе бабуля была ў пані Марысі пакаёўкай.


Памаліцца ў Ізбійскім Бары

nullНекалі ў гэтым месцы стаяла невялічкая царква, куды кожны год на Прачыстую з’язджаліся святары з усяго наваколля і прыходзіла шмат простых вернікаў.

Згодна з паданнем, у Ізбійскім бары была знойдзена ікона Маці Божай. Таксама тут білі з зямлі гаючыя крыніцы. Цэркаўка згарэла падчас вайны, ад яе застаўся толькі падмурак. Крыніцы перасохлі. Сляды іконы згубіліся. Але вернікі, як і раней, прыходзяць у бор памаліцца. Настаяцель ганцавіцкага храма Свяціцеля Ціхана протаіерэй Пётр Піліпчук выношвае ідэю, каб адбудаваць ізбійскую царкву. Епіскап Тураўскі і Мазырскі Стэфан ужо благаславіў гэты намер.
Катэгорыя: Алег Гаруновіч | Дабавіў: admin (11.08.2009) | Аўтар: Алег ГАРУНОВІЧ - Народная Газета W
Праглядаў: 3349 | Тэгі: 7 чудес Беларуси, Олег Горунович, Народная газета | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.