Чацвер, 20.02.2020, 02:26

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Да 90-годдзя абвяшчэння Савецкай Беларусі
Літаральна на працягу аднаго года Беларусь адзначыла ў сваёй навейшай гісторыі ажно тры 90-гадовых юбілеі: абвяшчэнне БНР і заканчэнне Першай сусветнай вайны. I вось яшчэ адна такая ж гадавіна не менш значнай падзеі – стварэння беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. 

Да сённяшняга дня некаторыя лічаць, што менавіта бальшавікі сталі бацькамі беларускай дзяржаўнасці, забываючы ці не ведаючы не толькі пра БНР, але і пра іх адносіны і планы стасоўна лёсу Беларусі.

Мал.1  Герб БССР 1919 года

Да захопу ўлады У. Ленін прызнаваў за беларусамі спеласць у нацыянальным развіцці. Аднак па кастрычніцкай рэвалюцыі Беларусь выпадае з кантэксту народаў з нравам на нейкую дзяржаўнасць. Пакуль беларускі нацыянальны рух (як, зрэшты, і іншыя) набываў сілу пад царскай уладай, ён каталізаваўся бальшавікамі, бо такім чынам расхістваўся царызм. Калі ж бальшавікі захапілі ўладу, ім нацыянальныя рухі сталі муляць, і яны іх уплывы імкнуліся мінімізаваць ці фармалізаваць, бо на мэце ставілася распаўсюджванне пралетарскай рэвалюцыі па ўсім свеце.

Мал.2 Сцяг ССРБ 1920 года

Ды спачатку БНР голасна заявіла пра сябе як пра незалежны ад бальшавікоў палітычны праект. Бальшавікі ж мелі цвёрдыя намеры ўстанавіць сваю ўладу на Беларусі. Таму ім давялося тут прыкласці ўсю палітычную хітрасць.

null
Мал. 3 і 4 Герб і сцяг БССР 1927 года 

Хоць яшчэ ў снежні 1918 г. савецкае кіраўніцтва займала пазіцыю непрымання беларускага сепаратызму ў якім бы там ні было выглядзе. У газеце «Западная Коммуна» (орган Аблвыкамзаху) 21.12.1918 г. гаворыцца: «Зачем эта игра в советские республики?.. Ведь для нас ясно, что Советская власть ставит своей задачей... не создание национальной обособленности в рамках маленьких национальных государств, а снесение всяких национальных рогаток. Провозглашение Советской республики Белоруссии не только не служило бы интересам борьбы с националистическими тенденциями мелкой буржуазии, но как раз развивало бы простор этим тенденциям. А это не в интересе социалистической революции».

null
Мал. 5 Сцяг БССР 1937 года

25 снежня 1918 г. па ініцыятыве I. Сталіна адбылася нарада з удзелам кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камісарыята па абмеркаванні пытання "аб дзяржаўным уладкаванні Беларусі”, на якой прыйшлі да высновы, што "з прычыны сучасных міжнародных адносін, якія склаліся, у мэтах умацавання і пашырэння заваёў сацыялістычнае рэвалюцыі ў сусветным маштабе ў цяперашні момант поўнасцю наспела неабходнасць абвяшчэння Беларусі як самастойнай ва ўсіх адносінах нацыі, незалежнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай”. У абставінах, калі Захад рэальна пагражаў Савецкай Расіі, урад бальшавікоў выпрацоўваў "палітыку абароны рэвалюцыі”, што прадугледжвала ўтварэнне уздоўж заходняй мяжы ланцуга савецкіх рэспублік, у ліку якіх былі найперш створаны Украінская, Эстонская, Латвійская, Літоўская.

null
Мал. 6 і 7 Герб і сцяг БССР з 1951 па 1991 гады

Праз пару тыдняў на абвяшчэнні Савецкай Беларусі 1 студзеня 1919 г. У. Ленін ужо адзначаў, што рэспубліка буферная і патрэбна толькі таму, што мяжуе з іншымі краінамі, а што тычыцца ўсходніх яе губерняў (Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай), то іх можна выключыць са складу рэспублікі, бо яны не мяжуюць з іншымі краінамі. Хаця спачатку Савецкай Беларусі адводзілася амаль уся беларуская этнічная тэрыторыя, а гэта пяць губерній. Тэрыторыя БССР у такіх памерах нават па самых прыблізных падліках складала больш за 300000 кв. км з насельніцтвам блізу 10 млн чалавек. Ды сітуацыя змянілася пры пагрозе адарвання рэспублікі ад Савецкай Расіі: каб пагроза не вісела над пяццю губернямі, спярша пакінулі толькі дзве з іх. Устаноўку У. Леніна ажыццявілі на пасяджэнні Цэнтральнага Бюро КП(б) Беларусі 22 студзеня 1919 г., у пратаколе якога А. Іофе падкрэсліваў, што бальшавіцкае кіраўніцтва вырашыла стварыць паміж Савецкай Расіяй і імперыялістычным акружэннем, у першую чаргу мелася на ўвазе Польшча, шэраг рэспублік-буфераў, чым быў бы пастаўлены бар'ер націску імперыялістаў. Была і другая прычына абмежавання памераў БССР — жаданне ЦК РКП(б) аслабіць у рэспубліцы нацыянальныя тэндэнцыі.

null
Мал. 8 БССР на мапе СССР 

Цікава, што знешнепалітычны кантэкст тым не менш вымусіў Маскву нават прызнаць немэтазгодным хуткае ўключэнне Беларускай рэспублікі ў склад Савецкай Расіі на правах федэрацыі, бо гэта "ліквідуе ўсю выгаду існавання буфераў-рэспублік”, і прапанаваў метад працяглых перамоваў пра федэрацыю. 05.02.1919 г. газета «Звезда» ў рэдакцыйным артыкуле «К итогам съезда Советов Белоруссии» тлумачыць: «Почему съезд ограничился только пожеланием о вступлении в Российскую Советскую федерацию, почему он сразу не претворил в дело свое пожелание о полном объединении с Россией? Для этого были очень и очень важные причины международно-политического характера. Перед Белоруссией был поставлен вопрос, как она принесет больше пользы... существуя как самостоятельная республика или сливаясь с РСФСР. И после зрелого и всестороннего обсуждения данного вопроса... политическая мудрость говорит нам, что мы должны пока существовать самостоятельно». Разам з тым, працягвае артыкул, «съезд подтвердил, что потуги белорусской националистической интеллигенции к созданию «своего» белорусского языка, «своей» национальной культуры напрасны... Пусть примут это к сведению белорусские писатели».

Мал. 9 Мапа БССР на 1940 год

Ролю разменнай манеты і ігнараванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі бальшавікі пацвердзілі на I Усебеларускім з'ездзе Саветаў. У гісторыі, мабыць, яшчэ не было прэцэдэнтаў, каб нацыянальны форум, пакліканы быць арганізацыйным у справе дзяржаўнасці для нацыі, стаў фактычна для яе дэструктыўным. З'езд, лейцы кіравання якога цягнуліся ў Маскву, спыніў існаванне Савецкай Беларусі, аб'яднаўшы яе з Савецкай Літвой. Новае ўтварэнне стала называцца ЛітБел. Але і яно не замацавалася на палітычнай мапе: беларускія землі тым часам займаліся польскімі войскамі, а літоўцы змаглі рэалізаваць план пабудовы свайго дзяржаўнага дома.

Мал. 10 Мапа БССР на 1955 год

Такой бясслаўнай аказалася старонка першага абвяшчэння БССР. Аднак чаму ж яна ўсё-такі важная? Галоўным тут з'яўляецца тое, што моцныя палітычныя сілы, пад якімі трэба мець на ўвазе перадусім бальшавікоў і палякаў, не змаглі скамячыць беларускі нацыянальны парастак, які ўсё ж змог заваяваць месца пад сонцам, прымусіўшы бальшавікоў летам 1920 г. пайсці на паўторнае абвяшчэнне Савецкай Беларусі. Штопраўда беларуская краіна толькі ў 1991 г. атрымала незалежнасць. Тым не менш 1 студзеня 1919 г., як і дзень абвяшчэння БНР 25 сакавіка 1918 г., стаў этапнай датай у генезе сучаснай Рэспублікі Беларусь, якая паўстала менавіта на базе БССР.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (23.01.2009) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3390 | Тэгі: БССР, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/10
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [35]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [76]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [2]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [76]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.