
Кожны год, 12 жніўня, у Ганцавічы прыязджае высокі, убелены сівізной пажылы чалавек. Яго хударлявую, крыху сагнёную цяжарам пражытых гадоў постаць у гэты дзень можна ўбачыць на Кастрычніцкай плошчы, ля помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам і партызанам, і на гарадскіх могілках, дзе ўстаноўлена надмагільная пліта ў памяць расстраляных у Ганцавічах фашысцкімі пачварамі мірных жыхароў, у пераважнай большасці яўрэйскай нацыянальнасці.
Абапіраючыся на кіёчак, Андрэй Фёдаравіч (Ізраіл Файвелавіч) Шостак (а гэта менавіта ён) схіляе сваю сівую галаву над святымі для ўсіх нас, і для яго асабіста, месцамі.
Чаму ж менавіта 12 жніўня наведвае ветеран наш горад і сваю малую радзіму? Адказ на гэтае пытанне знайсці не складана: у гэты дзень 1941 года ў Ганцавічах разыгралася страшная трагедыя — гітлераўскія вырадкі па-зверску расстралялі ў мястэчку больш 6000 яго жыхароў і вязняў яўрэйскага гета. Сярод забітых — родныя, блізкія, сябры і проста добрыя знаёмыя Андрэя Фёдаравіча.
З таго часу мінула шмат гадоў. Але памяць сэрца, боль па блізкіх трывожаць душу І непакояць сэрца, клічуць ветэрана да родных мясцін.
Цікавы лес і самога Андрэя Фёдаравіча Шостака.