Чацвер, 25.04.2024, 13:05

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Сідарэвіч

З гісторыі баптысцкай царквы ў вёсцы Задуб’е
8 мая  2022 года ў вёсцы Задуб’е Ганцавіцкага раёна было адзначана 100-годдзе мясцовай царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў. 

Як і за царом, у час польскага панавання вёска Задуб’е ўваходзіла ў склад Дабраслаўскай гміны Пінскага павета. Адрозненне ў тым, што гміна за царом называлася воласцю. У 1939 годзе Задуб’е трапіла ў склад Малькавіцкага сельсавета Ганцавіцкага раёна. Сам Ганцавіцкі раён — гэта злепак гістарычных Пінскага (поўдзень) і Слуцкага паветаў.

Я не вывучаў пытанне аб баптысцкім руху на гістарычнай Піншчыне, але ўпэўнены, што Задубенская царква евангельскіх хрысціян калі не першая, дык адна з першых у гэтай частцы Беларусі.

Заснавальнікам Задубенскай царквы быў Піліп Піліпавіч Сідарэвіч (1892–1975). Сам ён родам з вёскі Бобрык (цяпер цэнтр сельсавета ў Пінскім раёне), але стаў задубенцам. З Задуб’ем Піліпа лучыла тое, што ў гэтую вёску замуж за майго прадзеда, Якава Сідарэвіча, аддалі яго старэйшую сястру Зіноўю

Заснавальнік Задубенскай баптысцкай царквы Піліп Піліпавіч Сідарэвіч

Зноў жа, не ведаю, ці працавала ў той час у Бобрыку народнае вучылішча, але можна смела сцвярджаць, што Піліп Сідарэвіч быў пісьменным маладым чалавекам. Непісьменнага не ўзялі б на вучобу ў Біблейскі інстытут.

Перш чым трапіць у інстытут, Піліп трапіў у Злучаныя Штаты Амерыкі. Як успаміналі яго патомкі, Піліп выехаў за акіян у 1911 годзе. Там увагу на яго звярнулі баптысты. І навярнулі ў сваю веру. Мала таго, яны вырашылі, што гэты малады чалавек з Палесся можа стаць місіянерам. Вучыўся Піліп у Біблейскім інстытуце Мудзі (Moody Bible Institute) у Чыкага. Гэтая навучальная ўстанова, заснаваная бізнесменам Дуайтам Ліманам Мудзі ў 1886 годзе, працуе і цяпер. Перад інстытутам Піліп праходзіў падрыхтоўку ў семінарыі Хіл (Seminary Hill) у штаце Тэхас. Ці можна сказаць, што адукацыю ён атрымаў у духу паўднёваамерыканскага — значыць, больш кансерватыўнага — баптызму?

У 1921 годзе, калі ва Усходняй Еўропе ўстанавіўся мір, Піліп Сідарэвіч вярнуўся на радзіму. Паставіў хату, ажаніўся, завёў гаспадарку. У Піліпа і яго Агапы (Агаф’і) было шэсць дзяцей: Акіліна, Надзея, Марыя, Даніла, Зоня (Соф’я) і Раман, якога задубенцы называлі Франакам. Надзю немцы пагналі на работы ў свой рэйх, там яна і памерла. У маёй запісной кніжцы занатавана такое: плачучы па Надзі, Агапа памерла. Аўдавеўшы, Піліп ажаніўся другі раз. Узяў Зосю з хутара Ходава (хутар той знаходзіўся па дарозе Пінск—Ганцавічы, недалёка ад Яловай; цяпер не існуе). З Зосяю дзяцей ён не меў.

Ад свайго дзядзькі Петрука, якога я яшчэ не раз тут успомню, я пачуў такое: Піліп прыехаў з Амерыкі ў Задуб’е, у Задуб’е быў дастаўлены ў скрынях і яго багаж. Задубенцы думалі, што ў тых скрынях поўна ўсякага дабра: адзежы, абутку і гэтак далей. Калі ж пабачылі, што там ляжыць, смяяліся. У скрынях яны ўбачылі кніжкі. Гэта была Біблія. Колькі гадоў таму адну такую скрыню мне паказваў Піліпаў унук, мой дзядзька Аляксандр Данілавіч Сідарэвіч. Ці захавалася тая скрыня дасёння? Калі ў баптыстаў Беларусі будзе свой музей, яна магла б стаць музейным экспанатам.

Вярнуўшыся на радзіму, Піліп Сідарэвіч пачаў місію. Так у 1922 годзе з’явілася Задубенская царква. Ад брата нашага паэта Івана Лагвіновіча, Аляксея Піліпавіча, я пачуў, занатаваў і свайго часу апублікаваў у газеце «Ганцавіцкі Час», што ў Малькавічы благавеснікі прыйшлі з Задуб’я. І на чале іх быў Піліп Амерыканец (мянушка Піліпа Піліпавіча). Так была заснавана царква ў Малькавічах (год заснавання трэба высветліць). Існавала царква і ў вёсцы Яловая (гэта цяпер Хатыніцкі сельсавет Ганцавіцкага раёна). Ялоўскія баптысты мелі цесныя сувязі з задубенскімі. Не выключаю, што прапаведаваў Піліп і ў родным Бобрыку. Магчыма, і ў вёсцы Ліпск, але апошняе трэба праверыць. Не выключана, што аб заснаванні Ліпскай царквы нешта напісаў вядомы беларускі хрысціянскі дзеяч у ЗША Тарас Сайка.

Працяглы час задубенскія баптысты збіраліся на свае набажэствы ў Піліпавым доме. Потым браты і сёстры сабралі належную суму, атрымалі дазвол польскіх уладаў і купілі патрэбнае для будаўніцтва дома малітвы. За будаўніцтва ўзяўся мой дзядзька Пятрук (Пётр Мітрафанавіч Сідарэвіч), унук Піліпавай сястры Зіноўі. Наогул, дзядзька Пятрук быў прафесійным будаўніком. Ад бацькі ён навучыўся мулярству і класці печы. Ён паставіў наш дом у Доўгім Лесе, мураваныя дамы сабе і сваёй дачцэ ў Слуцку (у гэтым горадзе ён працаваў мулярам у будаўнічай арганізацыі). 

Не трэба думаць, што баптыстам жылося за Польшчаю соладка. У польскіх уладаў у ласцы была рыма-каталіцкая царква. Гэтыя ўлады імкнуліся апалячыць праваслаўных, а на баптыстаў, пяцідзясятнікаў, адвентыстаў, метадыстаў (і далей па спісу) яны глядзелі вельмі непрыхільна, але мусілі цярпець, бо ў іх былі заступнікі на Захадзе.

Члены Задубенскай баптысцкай царквы міжваеннага часу

У палякаў была завядзёнка, бадай, усіх іншадумцаў запісваць у бальшавікі. Нават тое, што баптысты выдалі ў перакладзе на беларускую мову Новы Запавет і Псалмы (1931), польская пракуратура разглядала як камуністычную акцыю. А тут… У другой палавіне 1930-х гадоў, калі ў Еўропе запахла новай вайной, польская дзяржава абвясціла падпіску на абаронную пазыку, аднак народ не вельмі спяшаўся купляць тыя аблігацыі. І па вёсках ды сёлах пачалі ездзіць агітатары. Прыехалі яны і ў Задуб’е. Як апавядаў мне дзед Даніла, сын Піліпа Піліпавіча, задубенцы, выслухаўшы агітатараў, спыталіся: «А што, паны не могуць тыя аблігацыі купіць?». Агітатары пачалі нейк выкручвацца і раптам пачулі: «Аддайце нам панскую зямлю, дык мы выкупім». Гэта быў замах на "святое”. Адразу пачулася: ах ты бальшавік!.. Так задубенскія баптысты сталі камуністамі. Адны трапілі ў турму ў Лунінцы (здаецца, быў сярод іх Піліп Піліпавіч), а будаўнік дома малітвы Пётр Мітрафанавіч Сідарэвіч апынуўся ў Картуз-Бярозе і выйшаў на волю толькі 17 верасня 1939 года.

17 верасня, як мы ведаем, у Заходнню Беларусь прыйшла Чырвоная армія.

Дом малітвы, як мне казалі, стаяў за колішнім будынкам Задубенскай базавай школы, каля могліц. Калі ў Задуб’е прыйшлі саветы, яны нямала здзівілі задубенцаў, асабліва ж іх уразілі наладжаныя бальшавікамі танцы ў доме малітвы. А ў час нямецкай акупацыі дом малітвы згарэў, бо акупанты спалілі і немалую частку хат і гаспадарчых пабудоў задубенцаў.

Відным баптыстам у Задуб’і быў Васіль Якаўлевіч Сідарэвіч, сын Піліпавай сястры Зіноўі, самы малодшы з яе шасці сыноў. Малады (нарадзіўся ў 1908 годзе), энергічны, ён меў прадпрымальніцкую жылку: быў падрадчыкам у мясцовага пана Грабоўскага. Калі прыйшлі саветы, Васілько (так звалі яго задубенцы), маючы навыкі каморніка (землямера), дзяліў паміж беззямельнымі і малазямельнымі задубенцамі панскую зямлю. Ён быў у ліку першых членаў Малькавіцкага сельсавета. У палітыцы ж ён быў наіўны чалавек. Калі бальшавікі абвясцілі выбары, ён думаў, што гэта сапраўды будуць выбары… У 1940 годзе, як дакладваў свайму начальству першы сакратар Ганцавіцкага раённага камітэта Кампартыі бальшавікоў Беларусі Залман Бейненсон, "ставленник польского панства” Васіль Якаўлевіч Сідарэвіч (Бейненсон пісаў: Сідаровіч) быў "изъят органами НКВД”. На руках у яго жонкі Сцепаніды Якаўлеўны (у дзявоцтве Стасюкевіч, з суседняй вёскі Малая Плотніца) засталося сем дзяцей (восьмае дзіця, народжанае пасля арышту бацькі (Васіль Васільевіч), доўга не пражыло).

Члены Задубенскай баптысцкай царквы паваеннага часу

Пад канец нямецкай акупацыі многія баптысты Берасцейшчыны і Піншчыны меліся выехаць на Захад. Як расказваў мне дзед Даніла Піліпавіч, баптыстам з Ганцавіцкага раёна належала кіравацца на Берасце, дзе іх чакаў вядомы пратэстанцкі дзеяч Лукаш Дзекуць-Малей. Але не ўсе здолелі своечасова адправіцца ў дарогу, не ўсім шанцавала з транспартам. Як бы там ні было, але факт застаецца фактам: Пятру Сідарэвічу з жонкай і дачкою дарогу перагарадзілі энкавэдзісты. У войска забраць яго не маглі (праблемы са зрокам), затое прапанавалі альтэрнатыву: або ў "истребки”, або… "Истребки” — гэта нібыта добраахвотныя "истребительные батальоны” пад кіраўніцтвам НКВД, у задачу якіх уваходзіла барацьба з "ляснымі братамі”. Служыць у такіх фарміраваннях значыла рызыкаваць жыццём сваіх родных: "лясныя браты”, даведаўшыся, што ты служыш НКВД, маглі папомсціцца на тваіх бацьках, братах, сёстрах… Тым больш, што хутар Доўгі Лес, як кажа яго назва, знаходзіўся пасярод лесу, наводдаль  ад вёсак. І дзядзька Пятрук адмовіўся ісці ў "истребки”. У 1960-х гадах ён апавядаў мне, як на Калыме ён, стоячы на гары, зверху глядзеў на воблакі. Яго ратавала тое, што ён умеў класці печы, грубкі, ляжанкі. Дэфіцытная спецыяльнасць ва ўмовах суровага клімату. 

Па вайне ўлада не толькі не дала задубенскім баптыстам пабудаваць новы дом малітвы, але і адмовілася рэгістраваць саму царкву. Царква была зарэгістравана ў Малькавічах, і задубенцам належала хадзіць ці ездзіць на службы туды, а гэта на той час, калі дарогі былі лесавыя, грунтовыя, пакручастыя, не менш як 10 кіламетраў, ды яшчэ ў Малькавічах трэба было прайсці не адну вярсту. Задубенскім баптыстам нічога не заставалася, як збірацца на супольныя малітвы па хатах. За сваёй цёткай Зоняй (Соф’я Васільеўна Дзмітровіч, дачка Васіля Якаўлевіча і Сцепаніды Якаўлеўны Сідарэвічаў) і Любоўю Рыгораўнай Стрыжыч я запісаў імёны тых гаспадароў, у чыіх хатах праводзіліся службы. Гэта Іосіф Піліпавіч Маляўка (Есіп Піліпчыкаў; сват Піліпа Піліпавіча: яго дачка Надзея была замужам за Данілам Піліпавічам), гэта Максім Сідарэвіч (па-вулічнаму Багалуша), гэта ужо названая тут Сцепаніда Якаўлеўна Сідарэвіч (баба Сцепка), гэта Міцё (Дзмітрый Васільевіч) Сідарэвіч, гэта Іванчык (Іван Іванавіч Валасюк), гэта Тамаш (Фама Фаміч Валасюк), гэта Міхаль Занька… Магчыма, спіс няпоўны.

Зразумела, што гаспадары, у чыіх хатах праводзіліся службы, рызыкавалі трапіць пад рэпрэсіі. Самае меншае пакаранне, якое чакала іх, — штраф. А можна было трапіць і за краты.

Я нейк не папытаўся ў задубенцаў, калі была зарэгістравана іх царква. Вядома, што пасля 1988 года, калі адзначалася 1000-годдзе хрышчэння Русі, калі камуністычны рэжым пайшоў на саступкі рэлігійным аб’яднанням. Цяперашні ж дом малітвы царква займела ў 1999 годзе. Браты і сёстры зноў скінуліся і купілі дом у спадкаемцаў Марыі Андрэеўны Маляўка (свацця Данілы Піліпавіча Сідарэвіча) і перанеслі яго на тое месца, дзе стаяў дом Міхаля Занькі. Помніцца, у сярэдзіне 1950-х гадоў палавіну таго дома займала Задубенская сельская бібліятэка. Асіліўшы да Каляд 1955 года Буквар, я прыйшоў у тую бібліятэку, і бібліятэкарка Нона Дворак выдала мне першую кніжку — «Як воўк з сабакам ваяваў». І сёння магу расказаць тую гісторыю.

P.s.: Яшчэ на пачатку гэтага стагоддзя я атрымаў ад Міхаіла Маляўкі, зяця Данілы Піліпавіча Сідарэвіча, дзевяць здымкаў. Тры з іх непасрэдна датычаць Задубенскай царквы. Гэтыя здымкі варт было б захаваць у музеі ці архіве баптысцкага руху ў Беларусі, калі такі музей (архіў) маецца ці яго заснаванне плануецца.

На першым здымку мы бачым заснавальніка царквы Піліпа Сідарэвіча.

Апісаць два іншыя здымкі мне дапамаглі Соф’я Васільеўна Дзмітровіч, Надзея Іосіфаўна Маляўка (нявестка Піліпа Піліпавіча, жонка дзеда Данілы) і Любоў Рыгораўна Стрыжыч. 
На другім здымку мы бачым членаў Задубенскай царквы міжваеннага часу. У першым радзе дзеці: Надзея Маляўка (Сідарэвіч), Зоня Дзмітрыеўна Сідарэвіч (памерла ў 10 год) і Васіль Дзмітрыевіч Сідарэвіч. У другім радзе Піліп Маляўка (Піліпчык), яго сын Іосіф (Есіп Піліпчыкаў), Дзмітрый Сідарэвіч, Аляксандра Валасюк (Цімахова маці), Іван Іванавіч Валасюк (Іванчык), яго бацька Іван Валасюк. У трэцім радзе: Цімафей (Цімох) Валасюк , чалавек з Пінска, Тэкля Сідарэвіч (жонка Дзмітрыя), Марыя Іосіфаўна Маляўка (жонка Есіпа Піліпчыкавага), Пятрук Сідарэвіч і чалавек з Пінска (з роварам).

На трэцім (паваенным) здымку спераду сядзяць Вера Сідарэвіч (сястра Дзмітрыя Васільевіча), Надзея Сідарэвіч (дачка Васіля Якаўлевіча і Сцепаніда Якаўлеўны, у замустве Маляўка), Таццяна Іванаўна з Яловай, Хвядося (Феадосія) Цімафееўна Валасюк, Мілка (Людміла)  Сідарэвіч і яе бацька Пятрук. У другім радзе сядзяць Ганна Валасюк (Цімахова жонка), Ганна Валасюк (маці Івана Іванавіча), Сцепаніда Якаўлеўна Сідарэвіч, Марыя Іосіфаўна Маляўка, Праскоўя Дзям’янаўна Сідарэвіч (Петрукова жонка, у дзявоцтве Абрамчук). У наступным радзе з-за Ганны Валасюк выглядае яе сын Іванчык, далей сядзяць Цімафей Валасюк і Іосіф Маляўка, стаіць Варвара Сідарэвіч, удава Петруковага стрыечнага брата Хведара Мікалаевіча Сідарэвіча (прызваны ў польскае войска, прапаў без вестак ў час нямецка-польскай вайны 1939 г.). Ля сцяны ў белай хустцы з дачкою Любай на руках стаіць Еўфрасіння Сідарэвіч, Петрукова сястра, мая родная цётка; дачку Зоню на руках трымае яе муж Іван Паўлавіч Сідарэвіч ; у белай сарочцы — ужо названы тут Тамаш Валасюк; за Іосіфам Маляўкам — Максім Сідарэвіч; побач з Максімам хлопец з Яловай; у аблавушцы стаіць Іосіф (Юзік) Валасюк, сын Цімафея; хлопец у кепцы набакір — Стась Сідарэвіч, сын Васіля Якаўлевіча і Сцепаніды Якаўлеўны, брат Надзеі; за Максімам Сідарэвічам стаіць Раман (Франак) Сідарэвіч, Піліпаў сын.
Катэгорыя: Анатоль Сідарэвіч | Дабавіў: vitalis (22.10.2022) | Аўтар: Анатоль СІДАРЭВІЧ
Праглядаў: 307 | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.