Пятніца, 19.04.2024, 02:30

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Ганна Дулеба

З гісторыі школ граматы царкоўна-прыходскіх
У межах сучаснага Ганцавіцкага раёна стварэнне школ у праваслаўных прыходах пачалося пасля прыняцця ў 1884 годзе "Палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах". Установы падпарадкоўваліся мясцовым праваслаўным святарам і прызначаліся для дзяцей сялян, сярод якіх тады панавала масавая непісьменнасць. Галоўнай іх мэтай было пашырэнне і ўзмацненне ўплыву на народ праваслаўнай веры. Даць сельскім дзецям элементарныя веды — гэтая задача была другаснай. У параўнанні з царкоўнапрыходскімі школамі, школы граматы ўяўлялі сабой тып царкоўных школ ніжэйшага разраду. Умовы для заняткаў там былі горшымі, настаўнікі — менш адукаванымі і падрыхтаванымі.

У аднакласных царкоўнапрыходскіх школах (а на Ганцаўшчыне яны ўсе былі такімі) і школах граматы дзеці праходзілі аднолькавыя прадметы: Закон Божы, рускую і царкоўнаславянскую мовы, чытанне, чатыры першыя дзеянні арыфметыкі і царкоўныя спевы. Аб'ём ведаў у царкоўнапрыходскіх школах быў некалькі большым.

Заняткі ў школах пачыналіся ў кастрычніку, а часам і ў лістападзе, калі ўжо заканчваліся палявыя работы. Працягвалася вучоба 5 — 6 месяцаў, да пачатку новых сельскагаспадарчых работ, калі сялянскія дзеці патрэбны былі бацькам дома, каб няньчыць, даглядаць малодшых брацікаў і сястрычак, пасвіць жывёлу або выконваць іншую работу. Многія сяляне глядзелі на вучобу дзяцей, як на нешта не вельмі патрэбнае, другараднае або як на дарэмную трату грошай, якіх заўсёды не хапала.

Настаўнікі таксама атрымлівапі заробак толькі за перыяд, калі вяліся заняткі ў школе. У межах сучаснай Ганцаўшчыны сетка царкоўных школ была негустой. Згодна з царкоўнымі звесткамі, у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя тут дзейнічалі толькі 8 школ гэтага тыпу: Будчанская, Дзяніскавіцкая, Лактышоўская, Малькавіцкая і Чудзінская царкоўнапрыходскія аднакласныя і Агарэвіцкая, Кукаўская і Малакруговіцкая школы граматы.

Будчанская царкоўнапрыходская школа

У 1890 годзе ў сяле (цяпер — вёска) Будча была адкрыта школа граматы, якая спачатку размяшчалася ў наёмным будынку. Ў 1890-1891 вучэбным годзе тут вучыліся 35 хлопчыкаў і 39 дзяўчынак. Настаўнікам працаваў К.Герасіменя, які скончыў аднакласнае народнае вучылішча. За вучэбны перыяд ён атрымаў 24 рублі 74 капейкі (таго часу) грошай.

У 1898 годзе для школы граматы быў узведзены будынак, і ў гэтым жа годзе яна пераўтварылася ў царкоўнапрыходскую аднакласную школу. Настаўнікам у ёй працаваў Караор-Корбут, а загадчыкам і адначасова выкладчыкам Закона Божага быў свяшчэннік мясцовай Праабражэнскай прыходскай царквы Аўтамон Шамоўскі.

Дзяніскавіцкая царкоўнапрыходская школа

Размяшчалася школа ва ўласным будынку ў сяле (цяпер — вёска) Дзяніскавічы. Спачатку, з дня адкрыцця ў 1890 годзе (а па іншых звестках — у 1870-м), таксама дзейнічала як школа граматы. У 1890-1891 вучэбным годзе тут вучыліся 31 хлопчык і 32 дзяўчынкі. У якасці настаўніка працавала Анастасія Сушчынская, якая да гэтага атрымала дамашняе выхаванне і адукацыю. Яе заробак за вучэбны перыяд склаў 50 рублёў 50 капеек.

Пазней школа была пераўтворана ў царкоўнапрыходскую аднакласную школу. У 1904 годзе будынкі яе і мясцовай царквы згарэлі. Тады ж быў зроблены новы будынак для школы, дзе пачаў настаўнічаць Аляксандр Завітневіч. Загадчыкам школы і выкладчыкам Закона Божага быў свяшчэннік мясцовай прыходскай царквы.

Лактышоўская царкоўнапрыходская школа

Ва ўласным будынку ў сяле (цяпер — вёска) Лактышы з 1887 года размяшчалася яшчэ адна школа граматы, якая ў 1890 годзе стала царкоўнапрыходскай. У 1890-1891 вучэбным годзе яе наведвалі 16 хлопчыкаў. Працаваў бясплатна загадчыкам школы і адначасова настаўнікам свяшчэннік мясцовай прыходскай царквы Ан.Яневіч. Памочнікам настаўніка быў Ігнацій Зуйкевіч, які атрымаў за гэта 16 рублёў зарплаты.

Малькавіцкая царкоўнапрыходская школа

Школа была заснавана ў сяле (цяпер — вёска) Малькавічы ў 1887 годзе, мела ўласнае памяшканне. У 1890-1891 навучальным годзе тут вучыліся 10 хлопчыкаў. Настаўнічаў тут псаломшчык Ст.Ждановіч (атрымаў за вучэбны перыяд 15 рублёў), а загадчыкам установы і адначасова выкладчыкам Закона Божага быў свяшчэннік мясцовай прыходскай царквы, выхаванец духоўнай семінарыі Р.Цішкевіч.

Чудзінская царкоўнапрыходская школа

Размяшчалася ва ўласным будынку ў сяле (цяпер — вёска) Чудзін. Са школы граматы, якая існавала тут з 1898 года, у 1900-ым была пераўтворана ў царкоўнапрыходскую.

Агарэвіцкая рухомая школа граматы

Была заснавана ў 1890 годзе ў Вялікакруговіцкім прыходзе ў сяле (цяпер — вёска) Агарэвічы. Размяшчалася па чарзе бясплатна ў хатах бацькоў вучняў. У 1890-1891 вучэбным годзе тут вучыліся 12 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, у якасці іх настаўніка працаваў селянін, выхаванец народнага вучылішча Іван Коўш. Яго заробак за вучэбны перыяд склаў 25 рублёў.

Кукаўская рухомая школа граматы

Была адкрыта ў 1884 годзе ў вёсцы Кукава Салтанаўшчынскага прыхода. Размяшчалася бясплатна, папераменна ў хатах бацькоў вучняў. У 1890-1891 навучальным годзе яе наведвалі 13 хлопчыкаў. Іх настаўнікам быў селянін, выхаванец народнага вучылішча Мартын Кляцко, які атрымаў за вучэбны перыяд 10 рублёў заробку.

Малакруговіцкая рухомая школа граматы

Заснавана ў 1890 годзе ў Вялікакруговіцкім прыходзе ў вёсцы Малыя Круговічы. Размяшчалася бясплатна, па чарзе ў хатах бацькоў вучняў. У 1890-1891 вучэбным годзе школу наведвалі 10 хлопчыкаў. Настаўнікам працаваў пісьменны селянін К.Муха, які атрымаў за гэта 20 рублёў (па 2 рублі — за кожнага школьніка).

Усе пералічаныя вышэй царкоўныя школы былі змешанага тыпу: у іх маглі вучыцца і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Школы мелі свае ўласныя невялікія бібліятэкі, якія складалі падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, а вось кніг для пазакласнага чытання там не было. Дарэчы, свае бібліятэкі мелі і цэрквы, адкуль бацькі, часам, бралі духоўныя кнігі (пераважна жыцці святых), якія дзеці чыталі дома.

Усе царкоўныя школы Ганцаўшчыны ўтрымліваліся за кошт сялян, якія выдаткоўвалі сродкі на зарплаты настаўнікаў, рамонт класных памяшканняў, іх асвятленне і ацяпленне. Жалаванне настаўнікаў, як відавочна з прыведзеных прыкладаў, было мізэрным, але яны нярэдка сталаваліся па чарзе ў бацькоў школьнікаў бясплатна або атрымлівалі даплату да грашовага заробку — так званую ссыпку, што ўяўляла сабой збор збожжа з сялянскіх двароў па рашэнню сходу мясцовага сельскага таварыства ці па дамоўленасці бацькоў паміж сабой.
Катэгорыя: Ганна Дулеба | Дабавіў: admin (27.08.2008) | Аўтар: Ганна ДУЛЕБА - Савецкае Палессе
Праглядаў: 4347 | Тэгі: церковно-приходские школы, газета Савецкае Палессе, Анна Дулеба | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.