Уступ. Вартасць беларускай мовы заўсёды была пад пытаннем. Аднак у той жа час наша мова жыла. Яна і сёння нікуды не збіраецца сыходзіць. Калі прыглядзецца, то можна заўважыць, што кожны час абумоўліваў свае прычыны існавання беларускай мовы, характэрны толькі для пэўнага гістарычнага моманту шэраг асаблівасцей. Іх рэтраспектыву пакінем гісторыкам мовы. Наступнымі ж радкамі хацелася б абазначыць тыя чыннікі, якія з’яўляюцца перадумовамі выкарыстання беларускай мовы ў самых шырокіх грамадскіх сферах на дзень сённяшні. І не проста абазначыць, а абгрунтаваць як тэарэтычна, так і з прыцягненнем надзённых практычных матэрыялаў.
Помнік літары "Ў" у Полацку
1. Прагматычны. У сённяшні рацыянальны час многім людзям у першую чаргу важны утылітарны аспект. Таму з яго можна і пачаць наш шэраг. Павярхоўны погляд, паводле якога вакол пануе руская мова, памылковы. Па жыцці (і не толькі на тэрыторыі Беларусі) не раз зможа выручыць толькі беларуская. Прывядзём папрыклады.
Здаць тэсты ці дыктоўку на іспытах (часцей, канешне, выпускных ці прыёмных) лягчэй па-беларуску. У гэтым пераконвае статыстыка: каля 40% абітурыентаў выбіраюць менавіта беларускую. Здавалася б, гэта меней, чым колькасць тых, хто выбраў рускую – 60%. Але ўспомнім, што беларускамоўных вучняў цяпер у краіне толькі каля 20% ад усёй колькасці. Значыць, вялікая доля (не меней 20%) выпускнікоў небеларускамоўных школ схіляюцца менавіта да іспыту па беларускай мове.
Наконт замежжа. Веданне яшчэ адной мовы будзе толькі вітацца, калі нехта захоча паспытаць шчасця на чужой старонцы. А валоданне такой мала распаўсюджанай, як беларуская, тым больш. Вядомы выпадак, калі дзяўчына паступіла ў амерыканскі універсітэт менавіта таму, што ў анкеце ўказала сваю беларускамоўнасць, што было для ўстановы даволі эксклюзіўна.
Існуе яшчэ мноства сітуацый, калі беларуская мова паспрыяе ісці па жыцці, у тым ліку зусім дробных. Так, адзін знаёмы беларус, які ў вяскова-беларускамоўным дзяцінстве пераехаў у Падмаскоўе і – вядома – стаў рускамоўным, расказваў, як некалькі разоў катаўся ўзад-уперад па мінскім метро, бо не мог знайсці станцыі «Октябрьской». Такіх непаразуменняў можна было б пазбегнуць, каб чалавек захаваў веданне роднай, стаў білінгвам.
2. Юрыдычны. Паводле Асноўнага Закона – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – беларуская і руская мовы раўнапраўныя. Забяспечанасць іх ужывання ў роўнай меры гарантуецца законам. Грамадзяне РБ як мінімум павінны валодаць абедзьвюма мовамі. А ў многіх выпадках (перадусім у сферах абслугоўвання, медыцыны, адукацыі, юрыспрудэнцыі, якія ахопліваюць, бадай, усё грамадства) беларускамоўныя маюць права атрымаць адэкватнае разуменне. Няведанне беларускай мовы ў такіх выпадках з’яўляецца антызаконнай, антыдзяржаўнай праявай у сілу дыскрымінацыі беларускамоўных. Напрыклад, у судах пры неабходнасці нават прадугледжана наяўнасць перакладчыкаў. У крамах прадаўшчыцы, у бальніцах дактары і іншы медперсанал, а таксама шафёры, кандуктары, дыспечары аўтабазаў грамадскага транспарту абавязаны ведаць беларускую. Яе няведанне гэтымі людзьмі ці тым больш адмаўленне ў абслугоўванні беларускамоўных кліентаў, якіх у нас вельмі шмат, можна цалкам кваліфікаваць як невыкананне службовага абавязку, што можа выліцца ў зусім непатрэбную нікому скаргу.
3. Эстэтычны. Беларуская мова з’яўляецца адной з самых прыгожых, мілагучных моў у свеце, што прызнана міжнароднай супольнасцю. Таму імкнуцца да карыстання беларускай мовай натуральна для чалавека гэтак сама, як імкнуцца да прыгожага. Неабходна звярнуць увагу, што прыгажосць беларускай мовы адзначаецца як самімі беларускімі прадстаўнікамі мастацтва слова, так і замежнікамі, перш за ўсё нашымі суседзямі. Гэту рысу яшчэ ў ХІХ стагоддзі адзначалі расіяне, калі пачалі этнаграфічныя і лінгвістычныя даследаванні з мэтай даказаць, што беларусы – гэта не асобны народ, а сапсаваная пальшчызнай частка вялікай рускай нацыі, прыйшоўшы ў выніку да прызнання нацыянальнай аўтэнтычнасці беларусаў. Гэту рысу адзначалі і дзеячы польскай культуры. Так, мілагучнасць мовы 8-мільённага на той час народа захапляла вялікага сусветнага рамантыка Адама Міцкевіча, выхадца з гэтага народа, моваю якога ён сам добра валодаў і нават, па некаторых меркаваннях, пісаў на ёй вершы. Дарэчы, беларуская паэзія адна з самых прыгожых у свеце. У многім, канешне, дзякуючы мове. Дый Беларусь многія называюць краінай паэтаў, якіх у нас сапраўды шмат, калі кіравацца прапорцыямі. Хіба ж не гучыць?
У любiмай мове, роднай, наскай, Ах, якiя словы: "Калi ласка!..." (П. Броўка)
І ўсё мілагучна да слыху майго І звонкае "дзе”, і густое "чаго”. (П. Панчанка)
4. Этычны ці культурны. Беларуская мова нясе ментальнасць высокай культуры. Пераходам на яе адбываецца ачышчэнне мовы і мыслення ад брыдкаслоўя. Сярод беларускамоўных ужыванне матаў на парадак меншае. Гэта таму, што ўтвораныя ад чатырох папулярных каранёў словы (не будзем іх тут называць) прыйшлі да нашага народа з усходу – з цюркскіх моў праз расійскую. Канешне, і многія беларусы лаюцца, але для гэтага выкарыстоўваюць не маты, а пракляцці накшталт: "А каб цябе Пярун ляснуў!", "Каб цябе бабы на лаве абмылі!”, "Каб ты спруцянеў!" і да т. п. Зразумела, і ад такой, са свойскім каларытам лаянкі беларусы не становяцца этычней. Але прынамсі выкарыстаць для "сувязі слоў" цэлую фразу-пракляцце проста не магчыма, а вось маты, ужытыя з гэтай мэтай, даводзілася шмат разоў чуць ад дзяцей дашкольнага ўзросту. Увогуле, як паказвае практыка, ступень культуры ў нашай краіне вышэйшая сярод беларускамоўных. Менавіты актыўныя носьбіты беларускай мовы і з’яўляюцца фактычна рухавіком нашай культуры і мастацтва. Пра літаратуру і казаць хіба не варта: мастацтва слова на беларускай зямлі можа існаваць толькі на адной мове – беларускай. Той, хто, нарадзіўшыся і жывучы ў Беларусі, піша на іншых мовах, асуджаны на безаблічнасць сваіх твораў. Адзіным, бадай, яркім выключэннем з’яўляецца Адам Міцкевіч. Многія беларускія класікі, у тым ліку Купала і Колас, пачыналі пісаць адпаведна па-польску і па-руску. Але даволі хутка прыйшлі да ўсведамлення, што толькі беларусчына – іхняя стыхія. Беларускай мовай паслугуюцца многія і многія тэатралы, журналісты, музыкі… Здавалася б, для мастакоў мова зусім не мае розніцы, бо карціны пішуцца не мовай, а фарбамі. Але ж у іх асяродку пануе ўпартая тэндэнцыя размаўляць па-беларуску. 5. Інтэлектуальны. Чалавек жыве столькі жыццяў, колькі ведае моў. Гэта, канешне, алегорыя. Перадусім маецца на ўвазе, што жыццё паліглота багацейшае ўжо само па сабе дзякуючы веданню моў, а праз іх – дзякуючы магчымасці суіснаваць з жыццём іншых народаў, карыстацца набыткамі перадусім іх разумовай дзейнасці. Важнасць беларускай мовы на нашай зямлі для развіцця інтэлекту абумоўлена гістарычна. Актуаліі ж яе яшчэ больш каталізуюць: каб жыць паўнавартасным жыццём у Беларусі, без мовы народа не абысціся, без мовы інтэлекту ў поўнай меры не адбыцца. У гэтым пераконваюць шматлікія прыклады выдатных беларускіх навукоўцаў, якім для правядзення даследаванняў па фізіцы, прыродазнаўству, матэматыцы і да т. п. веданне беларускай было не абавязковым, тым не менш мова для многіх з’яўляецца роднай. 6. Модны. Панаванне трасянкі становіцца добрым фонам для выгаднага выдзялення беларускамоўных. Тым больш што вышэйшая ступень культуры беларускамоўных паспрыяла ўзнікненню атаясамлення беларускамоўнасці і культурнасці. А з улікам таго, што беларускай мовай характарызуецца інтэлектуальная эліта нашага народа, у тым ліку тая частка, якая з’яўляецца носьбітам вечных, а не часовых, каштоўнасцей, а таксам моды, то і беларуская мова стала апошім часам моднай. Гэта мода распаўсюдзілася ўжо даволі шырока. Яе падхапіў моладзевы асяродак. У многім мода падмацоўваецца прэстыжнасцю: беларускай мовай актыўна размаўляюць аўтарытэты ў розных накірунках дзейнасці. Так, пасол Швецыі ў Беларусі С. Эрыксан гаворыць амаль без акцэнту; спявак і кампазітар У. Мулявін прыехаў з Расіі, але беларуская, як сведчаць песні, стала для яго ці не роднай; памерлы рымскі Папа Іван Павел ІІ ведаў шмат моў, сярод іх была і беларуская. Ёсць выпадкі авалодвання беларускай неграмі. 7. Патрыятычны. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі. Так сказаў некалі паэт і меў рацыю. Мова – душа народа, аснова нацыі. Без мовы народ ператвараецца ў насельніцтва ці ў лепшым выпадку ў грамадзян. Сапраўдны патрыятызм не можа быць іншамоўным. Таму нават звычайнае ўжыванне беларускай мовы з’яўляецца праявай патрыятызму. Каб абудзіць патрыятызм, да беларускага народа звярнуўся на яго мове Кастусь Каліноўскі, выдаўшы газету "Мужыцкая праўда". З гэтай жа мэтай былі аслаблены лейцы русіфікацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны: нават цэнтральная савецкая газета "Праўда” ў першыя дні фашысцкай навалы змясціла без перакладу верш Якуба Коласа, дый партызанскія газеты і лістоўкі ў большасці былі беларускамоўнымі. Нельга быць патрыётам – носьбітам іншай мовы і культуры. Высновы. Як бачна з напісанага, акрэсленыя чыннікі пераплятаюцца паміж сабой, пераходзяць адзін у адзін, складваючыся ў цэлы комплекс. Такая цесная карэляцыя яшчэ больш цэментуе тэзу, што па-беларуску размаўляць варта, і нават проста неабходна. Прычым не толькі і не столькі для мовы (яна жыла і будзе жыць), колькі для сябе самога – чалавека, які жыве на зямлі сваіх беларускамоўных продкаў, на зямлі багатай культуры, на зямлі народа з душой прыгожай, далікатнай, глыбокай. Беларуская мова патрэбна кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, каб жыць сёння і каб далучыцца да вечнасці. Дык не пакінем жа мовы! |