Чацвер, 28.03.2024, 18:02

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Па слядах Міхася Раманюка. Палесскія могілкі ў вёсцы Хатычнічы
Нярэдка так бывае, што пуцяводнай ніццю да цікавых могілак ці ўнікальных помнікаў аказваецца звычайны фотазыдмак. Часам для гэтага не патрэбныя архіўныя пошукі ці паляванне на інтэрнэт-аукцыёнах.

Міхась Раманюк

Вядомы беларускі этнограф Міхась Раманюк (1944–1997) на сваім, верагодна, самым пазнаваным фотаздымку, апублікаваным на першых старонках яго альбома "Беларускія народныя крыжы”, глядзіць на нас, прысеўшы побач з вялікім драўляным крыжом і паклаўшы руку на калоду, якая ляжыць перад ім. Подпіс знізу, за нумарам адзін у альбоме, сведчыць, што гэта могілкі вёскі Хатынічы Ганцавіцкага раёну, 1989 год, верагодна, ранняя восень.

Хатынічы — старое палесскае сяло на дарозе з горада Ганцавічы да Лагішына. Яго часта праязжаюць турысты, едучы з Мінска ў Пінск, але звычайна не затрымліваюцца тут, бо ні старых цэркваў, ні іншых славутасцей тут не засталося. Тым не меньш, для аматара прагулак па беларускіх могілак гэта месца можна назваць сярод абавязковых пунктаў для наведвання. Тут усё яшчэ, і здаецца, як найбліжэй ад Мінска, можна агледзіць драўляныя дубовыя прыклады, пра якія шмат хто чуў, але якія ўсё радзей можна ўбачыць на ўласныя вочы.

Старыя могілкі ў вёсцы Хатынічы

Прыехаўшы на месца, лёгка памыліцца ў пошуках, бо ў Хатынічах двое могілак і на тых, што размешчаны непадалёк ад цэнтра, ніводнай калоды няма. Затое ўвесну, пасля радуніцы тут можна пабачыць у росквіце фарбаў жывую палесскую традыцыю памінання продкаў. Помнікі, перапаясаны фартушкамі, зверху да крыжоў прывязаныя яскравыя стужкі, знізу магілы поўняцца ня меньш яскравымі пластыкавымі кветкамі. Паміж помнікамі пастаўлены невялікія столікі, дзе на сподычках ляжаць фарбаваныя яйкі і цукеркі, а побач — абавязковыя відэльцы і лыжкі, бо і насамрэч, не есці ж продкам рукамі.

На старых могілках ў вёсцы Хатынічы

Могілкі з калодамі знаходзяцца на заходнім ўскрайку Хатынічаў, на выездзе ў напрамку вёскі Раздзялавічы. На першы погляд, яны падаюцца зусім новымі, поўнымі сучасных помнікаў, але пры ўвазе і цярпенні хутка паміж імі можна заўважыць зарослыя мохам і часам паўспарахнелыя дубовыя калоды. Гэта знікаючая традыцыя – новыя калоды на магілы сваіх родных тут не кладуць ужо шмат дзясяцігоддзяў, а ўсё ж і ў ёй яшчэ цепліцца жыццё — на некаторых можна пабачыць пакінутыя некім чырвоныя яйкі. 

На могілках атрымаецца яшчэ знайсці некаторую колькасць драўляных крыжоў, але паасобку, у спалучэнні з калодамі, так як на фатаздымку Міхася Раманюка, іх больш няма. Затое засталіся яшчэ варыянты, дзе калода пакладзена перад паваенным бетонным помнікам. Такое спалучэнне архаічных і амаль што сучасных мемарыяльных форм можа здзівіць, але гэта толькі на першы погляд. Важна разумець, што калода не была варыянтам надмагільнага помніка ва ўласным сэнсе слова. Помнікам звычайна быў драўляны крыж, які мог стаяць асобна "у галаве”, а мог там жа ўстаўляцца ў адтуліну ў калодзе, звычайна, у тых выпадках, калі яна была невялікіх памераў. У сярэдзіне ХХ стагоддзя ўсё больш папулярнымі сталі даступныя па кошту бетонныя надмагіллі, якія паступова выцяснілі з ужытку драўляныя крыжы. Калоды, аднак, працягвалі нейкі час ставіць і перад бетоннымі помнікамі проста таму, што яны былі не варыянтам надмагілля, але самой магілы, магільнага насыпу.

Могілкі ў вёсцы Хатынічы

Калода — гэта тое, чым прыкладалі магілу, адкуль яна атрымала іншую сваю назву – прыклад.  Першы раз магіла сімвалічна "запячатвалася” ў час пахавання, звычай гэты добра вядомы і сёння, калі на свежым насыпе чаранком рыдлёўкі адціскалі знак крыжа. Другі раз, звычайна перад гадавінай смерці, у шэрагу рэгіёнаў у першую восень пасля смерці, магілу "прыкладалі” дзе кладучы камень, а дзе, як у Хатынічах, калоду.

Так з’яўляліся палескія прыклады, якія, як мы добра ведаем па фотаздымках, былі вельмі папулярнымі і маглі раўнамерна запаўняць сабою могілкі. Пра іх у папулярных тэкстах можна прачытаць цэлы набор недарэчных інтэрпрэтацый. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца версія пра тое, што прыклады клалі на магілы хадзячых нябожчыкаў, каб перашкодзіць ім наведваць жывых. Канешне, гэта чыстая фантазія, бо па-першае, "дрэнных” нябожчыкаў, за якімі ў народнай культуры падазравалі здольнасць уставаць з магілы, хавалі за межамі могілак, а над іх магіламі не толькі не клалі калоды, але звычайна і не ставілі крыжоў. Па-другое, дубовыя прыклады былі ў свой час вельмі папулярнай, прынятай для большасці вясковых пахаванняў формай у шэрагу рэгіёнаў. У пасмяротным хаджэнні маглі падазравацца адзінкі, але ніяк не цэлыя вясковыя супольнасці.

Акрамя сімвалічнай прагматыкі, калоды мелі і чыста ўтылітарнае значэнне. На Палессі (хоць у ХІХ стагоддзі арэал іх быў значна шырэйшым) яны дазвалялі магілам захоўвацца ў час паводак, якія нярэдка затаплялі і могілкі, як бы не імкнуліся іх размяшчаць у самых высокіх месцах. Моцныя паводкі маглі зносіць крыжы і размываць магілы, а цяжкая калода надзейна перад гэтым бараніла. Хоць зараз у такое складана паверыць, але ў лясных раёнах у ХІХ ст. і раней праблемай былі дзікія зверы, якія маглі раскопваць пахванні. І ў гэтым выпадку калоды былі надзейнымі абярэгамі. 

Могілкі ў вёсцы Хатынічы

У альбоме "Беларускія народныя крыжы” з Хатынічаў больш за дзясятак фотаздымкаў. На адным мы бачым вясковае пахаванне, на другім жанчына павязвае стужку на драўляны крыж, на трэццім – іншая жанчына сядзіць побач з велізарнай, больш як два метры, калодай пакладзенай перад бетоннымі помнікамі з фотаздымкамі на іх. Стаяць гэтыя помнікі і сёння, але калоды больш няма. На яе месцы звыклая новая агароджа. Гэтак жа знікла і большасць зафіксаваных у 1989 годзе крыжоў і прыкладаў. 

Міхась Раманюк быў не адзіным вядомым этнографам, хто працаваў у Хатынічах. У 1912 годзе ў час палесскай экспедыцыі сюды прыязджаў Ісак Сербаў. Ён фатаграфаваў сялянак і сялян, многія з якіх, напэўна, спачылі пад тымі самымі калодамі. На адным з ягоных фота мы бачым і хатыніцкія могілкі, а на іх старую драўляную царкву, пабудаваную яшчэ ў XVIII стагоддзі. Царква гэта пасля была занядбана, спарахнела і была разабрана ў 1980-я гады (заўвага ад GantsRegion: на сам рэч Міхайлаўская царква, якая зафіксавана на здымках Ісака Сербава была разабрана значна раней. У 1980-я гады была разабрана Успенская драўляная царква).

Міхайлаўская царква ў вёсцы Хатынічы на здымку Ісака Сербава

Тое, што  да нашых дзён дайшлі некаторыя нарубы, можна назваць невялікім цудам. Магчымасцю іх убачыць варта скарыстацца, не адкладаючы гэтыя планы надоўга – неўзабаве матэрыяльныя сляды існавання гэтай традыцыі знікнуць, а мы ўсвядомім сябе апошнімі сведкамі, якія бачылі яе на ўласныя вочы.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: vitalis (19.09.2022) | Аўтар: Сяргей ГРУНТОЎ
Праглядаў: 516 | Тэгі: Ганцавічы, Хатынічы, пахаванне, Сяргей Грунтоў, царква, могілкі, калода, вёска, Міхась Раманюк, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 4.7/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.