Пятніца, 26.04.2024, 00:11

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Паэт Мікалай Гумілёў быў у Ганцавічах
Вынесены ў загаловак факт адбыўся ў верасні 1915 года. Удзел у тых падзеях літаратар не мог не апісаць, пакінуўшы памяць у «Запісках кавалярыста». Шлях вайсковай часткі, дзе служыў паэт, прасачыў па рассакрэчаных архіўных дакументах даследчык жыццядзейнасці паэта Яўген Сцяпанаў.

Мікалай Гумілёў

28 ліпеня 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. Праз год баявыя дзеянні перакінуліся на тэрыторыю Беларусі. На Берасцейска-Пінскім Палессі нямецка-аўстрыйскім войскам супрацьстаяла ІІІ Армія. У жніўні 1915 года яна адступала ажно з-пад Брэста. У яе складзе ва Уланскім палку служыў унтэр-афіцэрам вядомы расійскі паэт Мікалай Гумілёў (1886–1921 гады жыцця).

1 верасня эскадрон Мікалая Гумілёва быў пакінуты ў вёсцы Козікі для прыкрыцця адзінай у гэтай мясцовасці добрай дарогі. У загадзе па дывізіі за гэты дзень гаварылася: «Загад №4395. 10 гадзін раніцы. Целяханы. Праціўнік займае Любішчыцы—Яглевічы—Гічыцы—Хадакі—Жытлін. Загадваю: 1) 1-й брыгадзе — не дапусціць праціўніка ў раён Святой Волі, назіраючы за Козікамі, Бабровічамі, Выганашчамі і ў напрамку ад Хадакоў да Аброва адбіваць атрады праціўніка (яны невялікія), насельніцтву загадваць сыходзіць на ўсход ад канала (маецца на ўвазе канал Агінскага. – А. Т.) на Ганцавічы, не пакідаючы ніякай жывёлы на захад ад канала. Прыспешваць насельніцтва неабходна ўсімі мерамі».

Даследчык выявіў, што частка Мікалая Гумілёва 14 верасня атрымала загад адсунуцца на заўтра да Хатыніч. 15 верасня кавалярысты арганізавалі свой прывал у дзвюх вёсках — «Хотеничи» і «Радзяловичи» (назвы, відавочна, падаюцца паводле архіўных дакументаў, якімі карыстаўся Яўген Сцяпанаў).

17 верасня ў загадах па 2-й Гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі было абвешчана: «Загад №4679. Рудня, 1 гадзіна дня. Праціўнік займае Агінскі канал ад Выганашчанскага возера да ракі Ясельда, умацаваўшы заходні бераг і высунуўшы акопы на ўсход ад Выганашчаў і ўсходней лініі Вулька—Целяханы. Нам трэба ўтрымліваць кірунак Выганашчы—Целяханы і шляхі на Ганцавічы».

Апошнім днём перабывання на ўказаным участку фронта Мікалая Гумілёва Яўген Сцяпанаў лічыць 19 верасня, калі згодна з загадам адбылася ратацыя вайсковых частак. Адпаведна ў той дзень паэт якраз і мог наведаць чыгуначную станцыю Ганцавічы з мэтай камандзіравання ў школу прапаршчыкаў.

Адыход вайсковай часткі паэта Мікалая Гумілёва па Берасцейска-Пінскім Палессі.
Легенда Яўгена Сцяпанава з указаннем глаў "Запісак кавалярыста» Міклая Гумілёва: 1 – адыход на ўсход ад Буга і Брэста, праз Вялікарыту – Радванічы – Азяты – Барысава – Кустовічы – Стрыгава – Варотна, у раён Бярозы і ракі Ясельды, з 13 па 21 жніўня (прамежак паміж главамі XIV і XV). 2 – размяшчэнне на пазіцыях па берагах ракі Ясельды, бой за пераправы ля вёсак Перасудавічы і Здзітава 24-25 жніўня (глава XV). 3 – прыкрыццё адыходу частак па дарозе Івацэвічы – Лагішын ў раёне вёскі Козікі 1-2 верасня (глава XVI). 4 – размяшчэнне на пазіцыях уздоўж Агінскага канала і сутыкненне з немцамі каля вёсак Вулька-Лаўская, Хворосна і Валішча 10 верасня (глава XVII)

Цікава, што менш чым праз год на Палессі апыніцца яшчэ адзін класік расійскай паэзіі — Аляксандр Блок, які таксама быў прызваны ў войска. Ён прабыў там працяглы час — з ліпеня 1916 года па сакавік 1917 года.

Аляксандр Блок

Частка паэта — інжынерна-будаўнічая, хоць і знаходзілася паблізу фронта, у баявых дзеяннях удзелу не прымала, бо яе задачай было ўзвядзенне неабходных для арміі і баявых дзеянняў пабудоў. Але калі пра перабыванне Аляксандра Блока пад Пінскам шырока вядома, нават у вёсцы Лапацін (цяпер — Пінскі раён) быў адкрыты сціплы музей, дык тэма знаходжання на Палессі і ў Беларусі наогул Мікалая Гумілёва пакуль не знайшла належнага распрацоўкі і ўшанавання.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (15.10.2021) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 721 | Тэгі: Мікалай Гумілёў, Аляксандр Блок, Анатоль Трафімчык, Раздзялавічы, Першая сусветная вайна, Хатынічы, Ганцавічы | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.