Аўторак, 31.01.2023, 12:49

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Партовая вёска Мельнікі. Безыменная рэчка, мельнікоўскае возера, яхта пад парусам — што з гэтага праўда?
Вёска Мельнікі належыць да ліку неперспектыўных. Але праблема працягу існавання паселішча ў будучыні аніяк не адмяняе незвычайнай старонкі мінулага, калі мельнікоўцы больш чым сто гадоў таму на свае вочы назіралі ля сваіх сядзіб плаванне на паруснай яхце. 


Дзіўна не толькі ад наяўнасці такога элітнага плаваючага сродку. Узнікае пытанне: дзе можна было ім карыстацца? Вадасховішча Лактышы (па-мясцоваму Дзікае) узнікла каля паўстагоддзя таму. Рака Лань далекавата, дый пад парусам па вузкай рацэ не паганяеш. Карацей, трэба шукаць, куды тую яхту можна было размясціць для выкарыстання па прызначэнні, — найперш возера і яго сасудаў-рэчак.

Намі публікаваліся артыкулы пра дзве круговіцкія ракі («Дзе бярэ пачатак Цна?» і «Любімая рака Уладзіміра Караткевіча выцякала з Круговічаў»). Вядомая ўсім Цна бярэ пачатак у Малых Круговічах. У старэйшай сястры гэтай вёскі была свая рака: адтуль пачыналася Смерць. Апошняя даўным даўно брала выток у Імшэчку, які сёння часцей называецца Балотцам, але перамясціла свой пачатак з утварэннем сажалак пад лагчыну ля царквы. 

Сёння мала хто ведае, што з Балотца выцякала яшчэ адна рачулка. Ва ўсходні бок, у кірунку Мельнікоў. Яе назвы ў памяці людзей не засталося. Прынамсі аўтару гэтых радкоў пра нейкі гідронім ад мясцовых жыхароў нічога не ўдалося разведаць. Але, як аказалася, назва была! Да гэтага вернемся ніжэй.

Пакуль што адзначым, што рэчку гэту заўжды лічылі ручаём. Ён, як і Смерць, таксама не вылучаўся паўнаводнасцю. Але ж і ў жывучасці яму было не адмовіць. Нават у сённяшнія высушаныя канавамі часы заўсёды можна патрапіць на яго сляды. Так, лагчыну, дзе працякаў ручай, ля сваёй вёскі мельнікоўцы добра ведаюць і называюць "Вілы” (аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць за паведамленне ўраджэнцу вёскі Мельнікі Віктару Супруну 1975 года нараджэння). Там і сёння існуе лужок. 

Некалі праяўляў сябе ручай вышэй па цячэнні. Напрыклад, адно месца на лясной дарозе паміж Вялікімі Круговічамі і Ясянцом па-ранейшаму і ў самую спёку і сухмень застаецца гразкім. У свой час яно было вельмі праблемным для аўтамабілістаў. 

У раннім дзяцінстве і мне "пашчасціла” трапіць у прыгоду на перакрыжаванні ручая і дарогі. У той дзень вярталіся з гасцей разам з бацькам і ўкраінскім дзядзькам-прапаршчыкам, які якраз набыў "Жыгулі” ды падчас адпачынку раз’язджаў па сваяках. Тады наведалі цётку Маню ў Вароніне, што ў Клецкім раёне. Туды паехалі дарогамі больш-менш акультуранымі — асфальтам і гравейкаю — праз Кукоў, Галынку, Чашу… Адтуль, натуральна, выязджалі не ў тым стане, каб ён спадабаўся аўтаінспекцыі. Таму вырашылі не падкідваць клопату "даішнікам” і паехаць лесам, дзе хутчэй можна было стрэць чорта лысага, чым праваахоўніка, тым больш ноччу. Да таго ж такі шлях прыкметна карацейшы. Усё ішло гладка. Пакуль не ўехалі ў злашчасную лагчыну, якая падпітвалася ручаём. Яе спадзяваліся праскочыць ці то з прычыны адсутнасці дажджоў тым летнім часам, ці то з прычыны ўяўнай плыткасці нават мора ў сувязі з павышанай ступенню суб’ектыўнасці пры ўспрыманні рэчаіснасці на той біяграфічны момант кожнага з дарослых мужчын. З абдымкаў ручая вырвацца ўсё ж ўдалося. Але коштам і забруджвання новенькай чырванашчокай "капейкі”, і вялікіх нерваў, дый немалых фізічных намаганняў, чым, несумненна, удалая бяседа была падпсаваная. Мне ж, падшыванцу, шчыра кажучы, прыгода спадабалася і запомнілася. Як сёння разумею, тады і адбылося маё знаёмства з легендарнай ручаінай.

Чаму легендарнай? Спытае паспаліты чытач. Справядліва. Вось з-за гэтага флёру ў рэчкі мы і ўзяліся за яе гісторыю.

Рэч у тым, што да канца ХХ стагоддзя ў людской памяці захаваліся нейкія цьмяныя звесткі (іх даводзілася чуць мне ў школьніцтве), што ў Мельніках паны Абуховічы мелі цэлае возера. На яго беразе ўзвялі прыстань. І гэта не проста так, ногі паласкаць: пабудавалі яхту і плавалі на ёй пад сапраўдным парусам.

Доўгі час не верылася ў такія расказы. Маўляў, адкуль у Мельніках мог быць вадаём дастатковы для хаджэння па ім ні менш, ні больш як на парусніку?

Аднак пошукі прывялі да таго дыму, без якога не бывае агню. Знойдзены мапы на якой у ваколіцах Мельнікаў адлюстравана возера!

Першая з іх — расійская, саменькага канца XVIII стагоддзя (малюнак 1). На ёй пазначаны вадаём на поўнач ад Мельнікаў. Праўда, месцазнаходжанне самой вёскі памылковае: яе размясцілі на паўднёвы ўсход ад Вялікіх Круговіч, у той час калі яна стаіць на паўночны ўсход ад сядзібнага сяла Абуховічаў. Да таго ж у назве дапушчана памылка: напісана "Меднікі”. 

Малюнак 1. Фрагмент расійскай мапы 1800 года з возерам каля вёскі Мельнікі

Зрэшты для нас у дадзеным выпадку важней наступнае. На мапе пазначана возера. Але само па сабе. Адкуль яно папаўняла водныя запасы, не акрэслена.

Знаходзіцца таго ж часу другая мапа (малюнак 2). Яна таксама з’яўляецца прадуктам расійскай вытворчасці і ў многім паўтарае папярэдніцу. Так, тыя ж Мельнікі памылкова засталіся на поўдзень ад Вялікіх Круговіч. Засталося і возера, назавём яго, як падказвае мапа, Мельнічным. 

Малюнак 2. Фрагмент расійскай мапы 1800 года з возерам каля вёскі Мельнікі

Назва вадаёма, як бачым, утворана не ад наймення вёскі (бо было тады "Мельниковским”) — ад рускага слова "мельница”. Гэтае прадпрыемства на беларускай літаратурнай мове называецца "млын”, на мясцовай гаворцы блізка — "млін”. Таму думаецца, што назвалі так сажалку аўтары мапы. Ці мелася ў азярца назва мясцовая, інфармацыі не знойдзена. Не выключана, што ў сувязі з адсутнасцю ў бліжэйшым наваколлі вёскі іншых аналагічных вадаёмаў мельнікоўцы маглі яго называць імем агульным — проста возерам ці сажалкаю (такі падыход быў распаўсюджаны ў сялянскай масе).

Але гэтым разам расійскія распрацоўшчыкі мапы пайшлі ў яе дэталізацыі далей. Яны, у прыватнасці, нанеслі пару ручаёў, якія ўпадалі ў вадаём з розных бакоў свету – захаду і ўсходу. Прычым апошні з подпісам "ру безымянной” (хаця, як неўзабаве высветліцца, гэта не зусім так).

Самым каштоўным абазначэннем гэтай мапы з’ўляецца на ўказанне прадпрыемства па молцы мукі. Паводле крыніцы значыць, што менавіта на ручаі стаяў вадзяны млын. Так! Той самы, які і даў назву ўсяму паселішчу. Думаецца, нараджэнне вёскі звязана з устаноўкай якраз таго млына. Ранейшых упамінанняў паселішча нам не сустракалася. Гэта таксама можа сведчыць на адначасовасць узнікнення Мельнікаў і млына. 

Заўважым наступнае. Як і ў выпадку з назвай возера, назва вёскі ўтворана ад рускай лексемы – "мельники”, якая абазначае назву прафесіі. Па-беларуску было б — "млынары”. Па-польску блізка да беларускай — "młynarzy”. Але 1800 год — час, калі на нашыя землі прыйшла расійская ўлада. Канечне, яна не выцесніла польскіх уплываў і не русіфікавала мясцовае беларускамоўнае насельніцтва, але прымусіла перавесці справаводства на тытульную мову імперыі. Таму і назва вёскі замацавалася такой, якой пайшла па дакументацыі. Значыць, хутчэй за ўсё млын і вёска тады і паўсталі. Калі б іх нараджэнне адбылося раней, паселішча займела б найменне мясцовае або польскае (нагадаем, яны этымалагічна роднасныя). 

Паказальна, што дакладна такая самая назва была "прылеплена” яшчэ да аднаго паселішча Круговіцкай воласці, якое ўтварылася ля млына на рацэ Цна. Ён стаяў на ўездзе ў мястэчка Ганцавічы, якога, праўда, пры ўзнікненні прадпрыемства яшчэ не існавала, адразу па правым баку ад агароўскай дарогі. Прычым польскамоўная крыніца (вядомы "Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў”) абодва паселішчы падае пад рускамоўнай назвай "Мельнікі”, без перакладу на мову слоўніка. Дарэчы, пазней, калі расійская ўлада змянілася на польскую, якраз гэтае невялічкае паселішча было перайменавана — у Młynek (па-беларуску Млынок, але, заўважым, не ва ўмоўныя "Млынары” ці "Млынажы”). 

Чаму ж разгляданыя тут Мельнікі пры гэтым "за Польшчаю” захавалі сваю рускамоўную назву? Адказ можа заключацца ў тым, што "цнянскія” мельнікі-млынары сябе да гэтай просталюдзіннай катэгорыі не адносілі і належалі да шляхецкага саслоўя каталіцкага веравызнання, нават пасяленне іх называлася фальваркам. Яны былі прыхільнікамі польскай культуры, якая лічылася вышэйшай і за беларускую, і за рускую. Да таго ж само прадпрыемства на Цне, па ўсёй верагоднасці, узнікла раней, яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай, у якой дамінавала пальшчызна, і, адпаведна, адпачаткова называлася не па-руску, а па-польску — млынам. Таму пры першай жа магчымасці жыхары пасялення і пераназвалі сябе. Чаго не зрабілі іншыя "мельнікі” — звычайныя сяляне, самае старэйшае (на 1921 год) пакаленне якіх нарадзілася яшчэ за прыгонам у якасці ўладання круговіцкага памешчыка, права голасу яны яшчэ не мелі, дый наўрад ці ім прыходзілі ў галаву падобныя думкі за больш прыземленымі клопатамі. Плюс іх паселішча адразу было названа па-руску — Мельнікамі, і назва, як бачым, арганічна прыжылася.

Зрэшты, вернемся да інфарматыўнасці мапы. З яе зразумела, што плынь ручая перакрывалася плацінаю, як і мае быць у такіх выпадках. Толькі, лагічна будзе меркаваць, плаціна стаяла не так, як пазначана: быццам бы ёю ўтваралася яшчэ адна сажалка. Такой неабходнасці, натуральна, не было. Канечне, плаціна была ўзведзена ў месцы, дзе ручай выцякаў з возера Мельнічнага. Менавіта дзякуючы плаціне яно і ўтваралася. 

Яшчэ адна мапа, напалеонаўскага часу (малюнак 3), таксама адзначае вадаём. Крыніца пакутуе на тыя самыя хібы, што і расійская мапа, — як у назвах населеных пунктаў, так і стасоўна іх размяшчэння ў графічнай прасторы. Магчыма, французы арыентаваліся на досвед расійскіх калег, і таму перанялі памылкі апошніх. Адметна, што на ўсіх трох мапах абрысы Мельнічнага возера зусім розныя. Агульным з’яўляецца толькі большая ці меншая выцегнутасць з усходу на захад.

Малюнак 3. Фрагмент фрацузскай мапы 1812 года з возерам каля вёскі Мельнікі

У далейшым возера каля Мельнікаў рэдка трапляе на мапы. Так, яно будзе нанесена на "Трехверстную Военно-Топографическая карту Российской Империи Шуберта Ф.Ф.”, якая датуецца не пазней 1863 года (малюнак 4). На ёй вадаём паказаны ў прыкладна тых жа абрысах. Аднак з воднымі артэрыямі не абышлося без нюансаў. Ручай, што ўпадае ў возера з заходняга боку нанесены збольшага правільна. З другога боку, усходняга, ручай выцекае, але не ўпадае ў Мельнічнае возера, як пазначалася на ранейшай мапе (малюнак 2). Але, паводле крыніцы, ён перарываецца і з’яўляецца трохі далей, кіруючы ў бок тады яшчэ дастаткова паўнаводнай ракі Лань, да якой і далучае свае воды. Адразу скажам, наўрад ці артэрыя перарывалася. Калі меркаваць па просталінейнасці сцёку з усходняга боку, там штучна ўтварылі канал. Ён дацягнуўся да неакультуранай забалочанай мясцовасці, з якой выцякаў у выглядзе дзікім. Прычым ён у дадзеным выпадку нават назву атрымаў — "Мелкой” (у тагачаснай арфаграфіі рускай мовы), што ў перакладзе на беларускую мову — мелкі, на мясцовую гаворку — плыткі.

Малюнак 4. Фрагмент расійскай мапы сярэдзіны ХІХ стагоддзя

Назва ручаіны гаворыць сама за сябе. Значыць, паўнаводнасцю яна не вылучалася. Разам з тым як мінімум аднойчы (у крыніцы мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў — згаданым вышэй "Геаграфічным слоўніку”) ручай названы ракой, якая "разліваецца ў багнах ракі Лань” і на якой стаіць вёска Мельнікі з 11 сядзібамі. Прычым там таксама гаворыцца наяўнасць млына на сажалцы.

Ізноў паяўляецца ручай у крыніцах на пачатку ХХ стагоддзя. Напрыклад, на мапе 1910 года вадаём аказаўся пазначаным (малюнак 5). Значыць, ён існаваў да таго часу! Дый знікаць яму было аніяк нельга: млын жа па-ранейшаму працаваў.

Малюнак 5. Фрагмент расійскай мапы 1910 года

Больш таго, на мапе нанесены таксама два ручаі, злучаныя з возерам на супрацьлеглых берагах. Адзін з іх выцекае якраз з паўночнага боку ад Вялікіх Круговіч, з боку Балотца. Але яго пачатак не трапіў пад увагу складальнікаў мапы (мы яго ўказалі эліпсам) — і застаўся абазначаным толькі абапал на ўсходні бок ад дзяніскаўска-ясянецкай дарогі (глязіце нашу стрэлку). 

Паводле апошняй мапы ўезд у Мельнікі з паўднёвага боку адбываўся па дарозе, якая ішла ці то паўз плаціну, ці то (здаецца, менавіта на гэта мапа і ўказвае) непасрэдна па самой плаціне. У такім выпадку яна ўяўляецца збудаваннем даволі моцным. У сувязі з гэтым і яе магутнасць магла быць высокай, і адпаведна млын мог быць вельмі прадуктыўным.

Зразумела, ліквідацыя плаціны вяла да знікнення вадаёма. Даведаўшыся, калі яе прыбралі, установім і прыкладны час сыходу ў нябыт Мельнічнага возера. Па ўсёй верагоднасці, так сталася з наступленнем індустрыялізацыі і пранікненнем яе ў глухую правінцыю. Тады на змену прыродным сілам прыйшлі рухавікі і гідрамлын спыніў існаванне, у выніку чаго знікла неабходнасць у плаціне. 

Азярцо з абодвума ручаямі пазначана яшчэ на некаторых мапах пачатку ХХ стагоддзя. Але ўжо праз кароткі час, недзе з пачаткам польскай улады на землях Заходняй Беларусі, на мапах застаецца толькі адзін ручай, без азярыны. 

Гэта стасуецца з тагачасным павелічэннем ступені механізацыі, што наступіла ў памешчыцкіх гаспадарках "за Польшчай”. Значыць, і вадаём прыходзіць у заняпад недзе ў 1920-я гады (тым болей што Абуховічы каля свайго круговіцкага фальварка мелі ажно чатыры сажалкі і не было асаблівага сэнсу ездзіць у Мельнікі).

Пасля Другой сусветнай вайны рэчышча ручаіны каналізавалі — і, пасля выкапання ў 1970-х гадах вадасховішча Лактышы — Дзікага, далучылі да гэтага штучнага вадаёма. На месцы возера, аднак, абапал канавы сёння існуе невялічкі лужок як напамінак пра даўнія часы.

Канечне, легенда на тое і легенда, каб з мухі вырасла нашмат большая жывёліна. Тым не менш сабраная фактура дазваляе ўбачыць, што ўсе ўмовы для плавання на чоўнах ля Мельнікоў былі створаны. Таму справай невялікага цяслярскага клопату ўяўляецца майстраванне парусніка — несапраўднага, дзеля дзіцячай ці дзявочай забавы (успомнім сваё дзяцінства, калі з некалькіх бярвенняў збіваўся плыт нават на любым стаўку, на самай плыткай сажалцы). Што датычыцца так званай прыстані, тут яшчэ прасцей. Пры наяўнасці праточнай ракі сяляне з берага клалі памост для мыцця бялізны і адзежы. Ён мог служыць як свайго роду прычал для чоўнаў. Трохі пашырыць такі насціл — і чым не прыстань?

Аднак тут узнікае пытанне, калі ж такія панскія забавы ладзіліся, у якія гады? Таму што Млыном не заўсёды валодалі Абуховічы. Ім прадпрыемства перайшло недзе на пачатку ХХ стагоддзя. Да гэтага ўладальнікам з’яўляўся нейкі прадпрымальнік яўрэйскага паходжання Давід Бляхер. Ці можна было эксплуатаваць сажалку Абуховічам у рэкрэацыйных мэтах пры іншым гаспадары млына? Наўрад ці млынар дазваляў сабе пярэчыць аднаму з самых уплывовых людзей воласці. Зрэшты, гэта моманты прыватныя і яны ні ў якім разе не адмяняюць вышэйсказанага, не касуюць легенду.

Падводзячы рысу пад матэрыялам, адзначым галоўнае, што вынеслі з яго. З круговіцкага Балотца-Імшэчка выцякаў яшчэ адзін ручай (апрача таго, які ператвараўся ля вясковае царквы ў раку Смерць). Ён з пераменным поспехам (бо мог перасыхаць) кіраваў ва ўсходнім напрамку. Да статуса ракі, што праўда, за рэдкім выключэннем, дацягнуць ручай не здолеў. Аднак ля Мельнікаў дзякуючы яму з мэтай узвядзення на ім вадзянога млына ўтварылася азярцо. На вадаёме, паверым легендзе, ладзілі актыўны адпачынак мясцовыя памешчыкі: плавалі на чоўне пад парусам. Калі возера перапаўнялася, яно давала жыццё яшчэ аднаму ручаю — Мелкаму, які ўпадаў у недалёкую Лань.

Такая адметная гісторыя, здавалася б, дробнай ручаіны, ад якой да сённяшняга часу засталіся толькі ледзь прыкметныя сляды. 
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (03.12.2022) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 248 | Тэгі: ручай, рака, возера, Мельнікі, Анатоль Трафімчк, Ганцавіцкі раён, прыстань, Порт | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [44]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [79]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.