Аўторак, 23.04.2024, 13:34

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Раней Вялікія Круговічы былі цэнтрам рэгіёна
Вялікія Круговічы былі адным з першых пасяленняў у рэгіёне. Першая згадка пра іх датуецца 1445 годам. Таму вёска заўсёды заставалася адной з самых значных сярод іншых пасяленняў.

Яна стала спярша цэнтрам воласці (у перыяд Расійскай імперыі), затым — гміны (у перыяд уваходжання ў склад Польшчы). Колькасць населеных пунктаў імкліва павялічвалася на працягу ўсяго ХІХ стагоддзя. Асабліва гэты рост паскорыўся ў першай палове ХХ стагоддзя.

Менавіта ў гэты час, "пры Польшчы” (1921—1939), лік самых розных населеных пунктаў у Круговіцкай гміне дасягнуў свайго рэкорднага паказчыка.

Круговіцкая гміна амаль век таму

У параўнанні з сучаснымі сельскімі Саветамі гміны былі большымі па памерах. У прыватнасці, Круговіцкая займала амаль палову сучаснага Ганцавіцкага раёна (паўночную яго частку). Яна ахоплівала дзясяткаў восем розных паселішчаў, разнастайнасць форм якіх сёння — калі ў сучаснасці ўсё зведзена фактычна да вёсак і ўрочышчаў — уражвае.

Круговіцкая гміна на Адміністрацыйнай мапе Польскай Рэспублікі 1937 года

У міжваенны час было: вёсак — 18, фальваркаў — 21, асадаў — 13, засценкаў — 9, калоній — 8, леснічовак — 8, урочышчаў — 2, мястэчка — 1.

Паводле польскага перапісу 1921 года, па ўсёй гміне было 2285 дамоў і 13474 чалавекі насельніцтва (9308 беларусаў, 3776 палякаў, 336 яўрэяў і іншыя), якое ў асноўным складалася з праваслаўных (11048), 1827 чалавек былі католікамі, 592 — іўдзеямі (485 з іх жылі ў мястэчку).

Цэнтральная вёска мела 116 двароў і 667 жыхароў: 645 беларусаў, 14 палякаў і 4-х яўрэяў. З іх большасць (623) належалі да праваслаўнай канфесіі, 39 да каталіцкай, жылі таксама чатыры іўдзеі і адзін евангеліст.

У Малым Сяле (Малыя Круговічы) было 86 двароў і 543 жыхары. У ім 490 спавядала праваслаўе, 45 — каталіцызм і 8 — іўдаізм. У фальварку стаяла 4 дамы і жыло 26 чалавек (17 беларусаў і 9 палякаў), з якіх 14 былі католікамі, а 12 праваслаўнымі.

Адбітак перапісу 1921 года со статыстыкай па Круговіцкай гміне

Кідаецца ў вочы, што за кароткі прамежак часу, значная частку якога была насычана жорсткімі войнамі, адбыўся дэмаграфічны рост колькасці насельніцтва. Хутчэй за ўсё павелічэнне адбылося за кошт прыезджых на заходнебеларускія землі палякаў — асаднікаў і дзяржаўных апаратчыкаў.

Але і натуральны прырост у той перыяд назіраўся даволі значны. За няпоўныя 20 гадоў — ужо з прыходам савецкай улады — Вялікія Круговічы павялічылі колькасць жыхароў недзе ў паўтара раза і колькасць жыхароў вёскі пераўзышла 1000 чалавек. І гэта пры вельмі высокай дзіцячай смяротнасці, якая назіралася на заходнебеларускіх тэрыторыях, — больш за 20%.

Мірныя 1920-я і першая палова 1930-х гадоў павялічылі колькасць насельніцтва і населеных пунктаў. Так, у Круговіцкай гміне на стан 1935 года 26 грамад (найменшая адзінка мясцовага самакіравання) налічвалі: вёсак — 21, засценкаў — 7, асад — 4, маёнткаў — 5, фальваркаў — 13, хутароў — 42, леснічовак — 23, урочышча — 1, мястэчка — 1, а таксама пасяленні на тартаку (пілараме) ля Дзяніскавіч, царкву ў Ізбійскім Бары (значыць, пры ёй нехта жыў), бальніцу, асобна ўлічваліся дамы і кашары (казармы, нешта накшталт інтэрната) чыгуначнікаў (13 штук) — усяго 121 пазіцыя (не блытаць з колькасцю населеных пунктаў). Цэнтральная вёска гміны Вялікія Круговічы, акрамя сябе самой, уключала ў грамаду панскі маёнтак, асаду Бор, два хутары Дуброва і Цагельня, леснічоўку Копань.

Адбітак перапісу грамад Круговіцкай гміны на стан 1935 года

Несупадзенні з папярэднімі дадзенымі гавораць, па-першае, пра тое, што жыццё не стаяла на месцы — адбывалася пераструктурызацыя, нешта знікала, нешта ў сваю чаргу паяўлялася; па-другое, маркіраванне населенага пункта пэўным статусам было адносным.

З надыходам савецкай улады ў 1939 годзе колькасць населеных пунктаў зменшылася. Наступіла ліквідацыя ці скарачэнне найперш такіх паселішчаў, як асады, фальваркі, маёнткі, часткова засценкі і леснічоўкі. Галоўнай прычынай сталі рэпрэсіі, якія абрынуліся на іх жыхароў, адкрыта ці патэнцыйна настроеных супраць новай улады.

Чарговы віток Другой сусветнай вайны з нападам Германіі на СССР прыўнёс у жыццё вёсак свае сацыяльныя трансфармацыі, якія характарызаваліся галоўным чынам павелічэннем драматызму і трагізму ў людской паўсядзённасці.

Колькасць ахвяр павялічвалася. Сетка населеных пунктаў павужалася. Пасля вайны яна так і не аднавілася: савецкая ўлада мела свае погляды на пасяленні, дзе не было месца такім уласнапрыватніцкім перажыткам, як, напрыклад, фальваркі і засценкі.

З’яўленне лясніцтваў прывяло да ліквідацыі леснічовак. Так званыя калоніі сталі называцца вёскамі. Таму некаторыя населеныя пункты перасталі існаваць фармальна (часцей зліваліся з большым населеным пунктам, вёскай), некаторыя — фактычна (яны проста знікалі з твару зямлі). У колькасным намінальным выражэнні іх засталася меншая частка, а да нашага часу ўвогуле толькі 1/3. Тым не менш усе яны варты нашай згадкі.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (24.09.2022) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 372 | Тэгі: Круговіцкая гміна, мястэчка, засценак, Анатоль Трафімчык, Ганцавіцкі раён, вёска, Вялікія Круговічы | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.