
Той, каму давялося зведаць жахі вайны, без слёз пра гэта не расказвае. Вось і жыхарка Малькавіч Ганна Трафімаўна Жукоўская, даведаўшыся, чаго я завітала да яе, зглытнула даўкі камяк, змахнула слязу: "Галубка мая, я ўсё прайшла. Як успомню сваіх…”
На некаторы час я нават пашкадавала, што прыйшла, каб развярэдзіць незагойныя раны душы гэтай цудоўнай, гасціннай жанчыны. Апраўдвала сябе толькі тым, што мы, маладзейшыя, павінны ведаць сваё мінулае, каб не дапусціць яго паўтору, павінны прайсці ў думках шляхамі нашых дзядоў і прадзедаў, каб зразумець перажытае імі і ацаніць па заслугах іх подзвіг.