Пятніца, 19.04.2024, 11:55

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Таццяна Дзенісеня

Школьны гісторыка-краязнаўчы музей — захавальнік гісторыі роднай вёскі Дзяніскавічы
Гісторыю называюць настаўніцай жыцця. Вывучаючы мінулае, мы разумеем сучаснасць, у нас з'яўляецца магчымасць прадбачыць будучае. Каб палюбіць родную старонку, трэба ведаць яе гісторыю, традыцыі, абрады і побыт нашага народа, старанна захоўваць іх і перадаваць маладому пакаленню.

Будынак Дзяніскавіцкай сярэдняй школы

Гісторыя нашай вёскі Дзяніскавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці з’яўляецца неад’емнай часткай гісторыі роднай Беларусі. У «Нацыянальным гістарычным атласе Беларусі» паведамляецца, што вёска Дзяніскавічы ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1567 г. як шляхецкі маёнтак у Наваградскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. 3 1569 г. наша вёска ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, з 1793 г., пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, у склад Расійскай Імперыі як сяло Круговіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні. У дакументах канца XVIII ст. яно запісана як уласнасць Радзівілаў. У 1839 г. на сродкі прыхаджан і князя Льва Радзівіла была пабудавана драўляная Петрапаўлаўская царква. Сяло з'яўлялася цэнтрам праваслаўнага прыходу (у 1879 г. каля 1100 прыхаджан). У 1883 г. была заснавана царкоўна-прыходская школа. У 1886 г. у сяле налічвалася 40 двароў, 560 жыхароў.

Паводле Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай Імперыі 1897 г. у Дзяніскавічах было 143 двары, 1006 жыхароў, хлебазапасны магазін і піцейны дом. У 1909 г. у сяле налічваліся 184 двары, 1120 жыхароў. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, 3 двары, у якіх пражывала 30 жыхароў. Такія звесткі пра Дзяніскавічы падаюцца ў трэцім томе энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі».

3 мэтай вывучэння і захавання гісторыі роднага краю, а таксама адраджэння і зберажэння матэрыяльнай, духоўнай і культурнай спадчыны вёскі Дзяніскавічы з канца 1960-х гг. удзельнікі школьнага гуртка «Краязнаўчы» (вучні сярэдніх і старэйшых класаў) пачалі назапашваць экспанаты для будучага музея. Настаўніца гісторыі Марыя Канстанцінаўна Пупач, заснавальніца школьнага музея, расказвала, што з нагоды 25-годдзя Вялікай Перамогі над фашысцкай Германіяй гурткоўцы пачалі збіраць матэрыялы аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. Кіравала гэтай работай Дамашык Соф'я Мікалаеўна, у той час арганізатар пазакласнай работы, а пасля дырэктар школы. Да 1987 г. было сабрана шмат звестак з гісторыі вёскі і 485 экспанатаў для будучага музея. У 1990-х гг. арганізацыйную работу ажыццяўляў дырэктар школы Уладзімір Міхайлавіч Шахрай, разам з М.К.Пупач ездзілі ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і абмяркоўвалі з мастакамі-афарміцелямі кампазіцыю будучага музея.

Каб даведацца пра гісторыю вёскі і яе жыхароў, школьнікі запісвалі ўспаміны старажылаў, дасылалі запыты ў Дзяржаўны архіў Літоўскай ССР і Дзяржаўны архіў БССР, збіралі дакументы і фотаздымкі, прадметы адзення, хатняга ўжытку, посуд, прылады працы, манеты, гільзы, вінтоўкі, каскі часоў Вялікай Айчыннай вайны, школьныя прылады (падручнікі, сшыткі, чарніліцы). Работы было шмат, нярэдка інфармацыя пра гісторыю вёскі і яе жыхароў была вельмі супярэчлівай і патрабавала часу для ўдакладнення.

Пасля доўгіх гадоў карпатлівай працы 20 лістапада 1997 г. на базе Дзяніскавіцкай сярэдняй школы адбылося ўрачыстае адкрыццё гісторыка-краязнаўчага музея. 3 кожным годам папаўняюцца яго фонды. Так, на канец 2016 г. колькасць экспанатаў асноўнага фонду склала 919 адзінак, навукова-дапаможнага — 40 адзінак. На сённяшні дзень музей займае плошчу 96,1 кв. м, у ім шэсць залаў:
1-я зала — «Вёска Дзяніскавічы са старажытных часоў да 1914 года»
2-я зала — «Першая сусветная вайна і Кастрычніцкая рэвалюцыя. Вёска пад уладай Польшчы (1914—1939 гг.)»
3-я зала — «Уз’яднанне з Усходняй Беларуссю»
4-я зала — «Вёска ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў (1939—1945 гг.)»
5-я зала — «Вёска Дзяніскавічы ў пасляваенныя гады»
6-я зала — «Гісторыя школы».

Па кожным тэматычным раздзеле экспазіцыі ладзяцца экскурсіі, пазнавальныя і выхаваўчыя мерапрыемствы для дарослых і школьнікаў. Уваходзячы ў першую залу музея «Вёска Дзяніскавічы са старажытных часоў да 1914 года» наведвальнік трапляе ў звычайную сялянскую хату канца XIX — пачатку XX ст. У цэнтры залы размешчаныя кросны, калаўрот, куфар і прадметы хатняга побыту сялян, якія былі характэрныя для вясковага побыту палешукоў. Самымі старажытнымі экспанатамі першай залы з'яўляюцца каменная сякера і рала з жалезным наканечнікам. Пра далёкае мінулае вёскі Дзяніскавічы сведчаць знойдзеныя Швайка Вольгай у 1961 г. на тэрыторыі вёскі манеты XVII ст. Рэчы Паспалітай.


На адным са стэндаў экспазіцыі першай залы размешчана картасхема вёскі сярэдзіны XIX ст., на якой паказаныя пабудовы для княжацкай адміністрацыі (знаходзіліся ў цэнтры вёскі), а таксама дом паляўнічага, у якім ніхто не жыў, а толькі адзін-два разы на год спыняўся князь Ежы Фрыдэрык Радзівіл, прыязджаючы на паляванне са сваімі гасцямі. У 1900 г. пабудаваны ў вёсцы лесапільны завод і пракладзена да мястэчка Ганцавічы вузкакалейка.

У другой і трэцяй залах прадстаўленыя фотаздымкі, прадметы, дакументы, якія расказваюць гісторыю вёскі 1914—1939 гг. У іх апісана, што ў гады Першай сусветнай вайны многія аднавяскоўцы ваявалі ў расійскай арміі. У музеі ёсць матэрыялы і фотаздымкі, якія сведчаць пра тое, што ў снежні 1917 г. у вёсцы быў створаны рэвалюцыйны сялянскі камітэт, у склад якога ўвайшлі Зялёнка Сільвестр Лявонавіч (старшыня камітэта), Долмат Апанас Цімафеевіч, Зялёнка Іван Рыгоравіч, Швайка Ігнат Сямёнавіч, Карпеня Дзмітрый Сямёнавіч, Карпеня Сямён Ігнатавіч. 3 музейных дакументаў вядома, што вясной 1918 г. у Дзяніскавічы ўвайшлі нямецкія войскі, а разам з імі вярнулася адміністрацыя князя Радзівіла. I толькі ў снежні 1918 г. у Дзяніскавічах была ўсталявана савецкая ўлада. Старшынёй рэвалюцыйнага камітэта быў абраны С.І.Карпеня.

Пасля польска-савецкай вайны 1919—1920 гг. Дзяніскавічы ўвайшлі ў склад Польскай дзяржавы. У другой зале музея на стэндзе размешчаны фотаздымкі падпольшчыкаў Карпені Фамы, Карпені Антона і яго сына Андрэя, ляснікоў Зялёнкі Ігната і Берташа Андрэя, якія пад кіраўніцтвам вядомага камандзіра партызанскага атрада К.П.Арлоўскага змагаліся за ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР.

Таксама ў другой зале прадстаўленыя дакументы Берташ Настассі Уласаўны аб заканчэнні польскай школы. Цікавым экспанатам гэтай залы з'яўляецца драўляны акучнік, які быў прывезены вучнямі школы ў 2010 г. з былога сялянскага падворка. Такім акучнікам продкі сям'і Кляўчэняў апрацоўвалі зямлю яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У трэцяй зале «Уз’яднанне з Усходняй Беларуссю» адлюстравана гісторыя вёскі Дзяніскавічы з 1939 г. да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Наведвальнікі могуць пабачыць фотаздымкі першых жывёлаводаў і трактарыстаў, піянераў і камсамольцаў нашай вёскі, даведацца, як у вёсцы праводзілася калектывізацыя і беларусізацыя. Некаторыя дакументы адлюстроўваюць, як увосень 1939 г. Заходняя Беларусь уз'ядналася з БССР, у снежні ў вёсцы Дзяніскавічы была створана сельскагаспадарчая арцель, а потым калгас імя Сталіна, першы калгас у Ганцавіцкім раёне. Яго старшынёй быў абраны Глеб Рыгор Фёдаравіч, а намеснікам — Сукач Макар Васільевіч. 3 вясны 1940 г. да пачатку Вялікай Айчыннай вайны калгас узначальваў камуніст, былы ленінградскі рабочы Мікалай Мінаевіч Мінчонак. За гэты час у калгас паступіла сельскагаспадарчая тэхніка: два калёсныя і тры гусенічныя трактары, аўтамашыны, сеялкі. Першымі трактарыстамі сталі Зялёнка Фёдар Рыгоравіч і Цыган Сяргей Іванавіч.


На спецыяльным стэндзе трэцяй залы знаходзяцца дакументы, якія распавядаюць пра тое, як у пачатку чэрвеня 1941 г. жывёлаводы і паляводы Зялёнка Іван, Швайка Алена, Берташ Настасся паехалі ў Маскву на Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу і потым з цяжкасцямі вярталіся дадому, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Асобныя музейныя экспанаты сведчаць, што напрыканцы 1939 г. і да пачатку вайны ў вёсцы працавала беларуская школа для 150 вучняў. Яе дырэктарам працаваў Музычэнка Міхаіл Іванавіч. У школе была створана піянерская арганізацыя, у якую ўвайшлі Сукач Таццяна Паўлаўна, Берташ Апанас Уласавіч, Карпеня Марыя Сцяпанаўна. У склад камсамольскай арганізацыі ўваходзіла больш за 40 чалавек.

Самай цікавай залай, асабліва для наведвальнікаў-хлапчукоў, з'яўляецца чацвёртая зала «Вёска ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў (1939—1945 гг.)». У ёй адметнымі «жывымі галасамі» тых часоў з’яўляюцца пісьмы-трохвугольнікі, ваенныя білеты воінаў Чырвонай арміі з франтоў, фотаздымкі салдат-аднавяскоўцаў, успаміны воінаў, што ўдзельнічалі ў вызваленні Ганцавіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, нямецкія каска, лыжка, відэлец, кацялок і іншыя рэчы.

У выніку шматгадовай пошукавай работы былі высветлены цікавыя факты з гісторыі вёскі, імёны аднавяскоўцаў, якія сваімі гераічнымі ўчынкамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны заслужылі права застацца ў памяці людзей. Напрыклад, Швайка Ігнат Сямёнавіч (падпольная мянушка Ленскі) дзейнічаў у партызанскім атрадзе пад кіраўніцтвам К.П.Арлоўскага. Швайка І.С. і некалькі яго паплечнікаў распрацоўвалі планы баявых аперацый, кіравалі баявымі групамі ў час аперацый па захопу нямецкіх гарнізонаў і пастарункаў. У 1944 г. Швайка Г.В. быў наводчыкам станковага кулямёта ў 275-м палку 117-й стралковай дывізіі. У час заняцця Берліна войскамі Чырвонай арміі камандзір палка аддаў яму і некалькім байцам загад знішчыць нямецкіх снайпераў, што заселі ў шматпавярховым доме. Hi адзін з байцоў, якія адправіліся на заданне, не прабіліся да гэтага дома, адзіны Гаўрыла Васільевіч не толькі змог пранікнуць у дом, але ўзяў у палон чатырох палонных нямецкіх салдат. За мужнасць і адвагу ў баях з фашыстамі Швайка Г.В. быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. Але ён не атрымаў яго, бо нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, служыў у польскай арміі, быў у нямецкім палоне. Ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Славы II і III ступені, медалямі. У музеі захоўваюцца фотаздымкі, яго ўспаміны, пасведчанні да медалёў.


Прыкладам самаадданага служэння Радзіме з'яўляецца жыццё нашай зямлячкі — партызанскай разведчыцы Сукач Таццяны Паўлаўны. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Таццяне было 17 гадоў, яна рушыла за адступаючымі часцямі Чырвонай арміі, была санітаркай, у адным з баёў атрымала раненне. Пасля выздараўлення была разведчыцай у партызанскім атрадзе імя К.Варашылава Гомельскага партызанскага злучэння. Да канца вайны Таццяна Паўлаўна мужна змагалася з ворагам і была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі і многімі медалямі. У школьным музеі захоўваюцца некаторыя баявыя ўзнагароды і асабістыя рэчы нашай зямлячкі.

У чацвёртай зале дэманструюцца фотаздымкі аднавяскоўцаў, якія змагаліся з ворагам не толькі на франтах, але і на акупаванай тэрыторыі. На асобным стэндзе размешчаныя фотаздымкі падпольшчыкаў-камсамольцаў: Кляўчэні Аляксея, Зялёнкі Мікалая, Берташа Апанаса, Берташа Васіля, Карпені Івана, Кляўчэні Сямёна, Сукача Дзмітрыя, Бруя Мікалая, Зялёнкі Івана, Швайкі Фядоса, Карпені Іосіфа, Карпені Карпа, Валаскевіча Івана, Дзенісені Аляксея.

Захоўваюцца ў школьным музеі і ўспаміны пра былых сувязных партызанскага атрада імя Дзяржынскага, які дзейнічаў на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна. Адным з іх быў Рулінскі Павел Іванавіч. Праз яго партызаны звязваліся з вясковым доктарам Свянціцкім Мечыславам Уладзіслававічам і яго сынам Генрыхам. У час вайны доктар атрымліваў медыкаменты з ганцавіцкай аптэкі і тайна перадаваў іх праз сувязных партызанам.


У 2011 г. былы вучань школы Святаслаў Бубніковіч перадаў у музей газету «Красная Звезда» ад 10 мая 1945 г., якую знайшоў за шафай у бабулінай хаце. Хочацца верыць, што калі вучні звяртаюць увагу на такія рэчы і не выкідаюць іх, а перадаюць у музей на захаванне, то і надалей яны будуць беражліва ставіцца да прадметаў, якія маюць гістарычную каштоўнасць.

У час экскурсіі па чацвёртай зале музея юныя экскурсаводы пасля расказа пра жыццё і подзвігі, якія здзейснілі жыхары вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, звяртаюцца да наведвальнікаў са словамі: «Кожны раз, успамінаючы іх, мы павінны схіліць свае галовы перад светлай памяццю нашых продкаў, якія змагаліся за Айчыну, каб мы змаглі нарадзіцца і жыць!»

Пятая зала музея «Вёска Дзяніскавічы ў пасляваенныя гады» прысвечана пасляваеннаму аднаўленню. Адзначым, што вёска амаль поўнасцю згарэла ў лютым 1944 г. падчас бою паміж партызанамі і акупантамі. Пяць гадоў спатрэбілася дзяніскаўцам, каб аднавіць разбураную вайной вёску і гаспадарку. Спачатку на тэрыторыі вёскі былі створаныя тры калгасы: імя Чапаева, імя Сталіна, імя Панамарэнкі. У верасні 1950 г. яны былі аб'яднаныя ў адзін калгас імя І.В.Сталіна.

У пятай зале школьнага музея прадстаўлены фотаздымкі і дакументы заслужаных калгаснікаў, перадавікоў вытворчасці. Сярод іх Карпеня Еўдакія Іванаўна, Дзенісеня Даніла Міронавіч, Бруй Кірыл Уласавіч, Карпеня Фалімон Раманавіч, Швайка Ганна Трафімаўна, Сукач Пётр Рыгоравіч. У музейных фондах захаваліся звесткі пра Сукача Пятра Рыгоравіча (1896—1979 гг.), удзельніка Грамадзянскай вайны, брыгадзіра калгаса імя Сталіна, дэпутата сельскага Савета, выдатніка сельскай гаспадаркі.

Вялікую цікавасць у наведвальнікаў музея выклікае шостая зала «Гісторыя школы», у якой прадстаўлена гісторыя адукацыі ў Дзяніскавічах. На адным са стэндаў залы занатавана, што першы настаўнік, прозвішча якога ўстанавіць пакуль што не ўдалося, прыехаў у вёску ў 1870 г. Вучыў ён сямёра вясковых дзяцей у паўкурнай хаце Зялёнкі Герасіма. Але неўзабаве ён пакінуў вёску. 3 1883 г. да пачатку Першай сусветнай вайны ў вёсцы дзейнічала царкоўна-прыходская школа. У дарэвалюцыйны час двое нашых вяскоўцаў сталі настаўнікамі. Гэта Сукач Лаўрэнцій і Зялёнка Гаўрыіл.

У асобнай музейнай экспазіцыі шостай залы апісваецца, што ў 1921—1939 гг. шасцігадовую адукацыю ў польскай школе атрымалі каля 70 жыхароў нашай вёскі. Аднак за 18 гадоў ніхто з жыхароў вёскі Дзяніскавічы не атрымаў ні сярэдняй, ні спецыяльнай адукацыі. У 1939 г. у вёсцы была адкрыта сямігадовая школа з выкладаннем на роднай мове. У ёй размяшчалася 9 класаў, у якіх навучаліся 150 вучняў.

Вялікая Айчынная вайна спыніла работу школы ў Дзяніскавічах. Толькі пасля вызвалення вёскі ад акупантаў у 1944 г. пачала наладжвацца работа ў сямігадовай школе. 3 1962 г. школа стала васьмігадовай. Са студзеня 1966 г. вучні вучацца ў прасторным трохпавярховым будынку. 3 гэтага года школа стала дзесяцігадовай. У студзені 2016 г. нашай школе споўнілася 50 гадоў. За гэты перыяд сярэднюю тут адукацыю атрымалі 955 вучняў. На стэндах у шостай зале размешчаны фотаздымкі будынкаў школы розных гадоў, вы-датных выпускнікоў і выпускных класаў, на музейных паліцах дэманструюцца падручнікі 1950—1970-х гг., чарніліцы, сшыткі вучняў, прафсаюзныя білеты настаўнікаў, ганаровыя граматы.

Вёска Дзяніскавічы — гэта малая Радзіма доктара філасофскіх навук Кляўчэні Аляксандра Сямёнавіча і яго брата, кандыдата псіхалагічных навук Кляўчэні Міхаіла Сямёнавіча (1929—2011 гг.), кандыдата сельскагаспадарчых навук Рулінскага Івана Сцяпанавіча (1932—1976 гг.), доктара сельскагаспадарчых навук Мікалая Мікалаевіча Цыбулькі, кандыдата сельскагаспадарчых навук Соф’і Фёдараўны Карпеня, старшага выкладчыка кафедры лацінскай мовы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алены Сцяпанаўны Швайка. У пачатку кожнага навучальнага года вучняў роднай школы віншуе з Днём ведаў доктар біялагічных навук, загадчык лабараторыі храмасомнай інжынерыі раслін Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Іван Андрэевіч Гардзей. Гэтыя выбітныя аднавяскоўцы падарылі музею некаторыя ўласныя рэчы — фотаздымкі і манаграфіі навуковых работ.

Можна доўга расказваць, якія цудоўныя людзі жылі і жывуць у нашай палескай вёсцы. Цяпер у вёсцы Дзяніскавічы налічваецца 504 двары, у якіх пражывае толькі 908 чалавек. На жаль, мала хто з маладых людзей застаецца тут жыць.

На працягу шмат гадоў на базе музея працуюць аб'яднанні па інтарэсах «Краязнаўчы» і «Юны экскурсавод». Пад маім кіраўніцтвам гурткоўцы праводзяць пошукавую і экскурсійную работу, збіраюць для музея краязнаўчы і этнаграфічны матэрыял. На падставе сабраных для музея дакументаў гурткоўцамі на краязнаўчых канферэнцыях і алімпіядах абараняліся даследчыя работы: «Славутыя сыны вёскі Дзяніскавічы» (Іна Кандраценя, Ала Сукач, раённая краязнаўчая алімпіяда, 2007 год), «Летапіс вёскі» (Таццяна Новік, Таццяна Бруй, раённая краязнаўчая алімпіяда, 2011 г.), «Гісторыя помнікаў вёскі Дзяніскавічы» і «Баявы шлях 48-й стралковай дывізіі» (Таццяна Бруй, раённая навукова-практычная канферэнцыя «3 навукай у будучыню», 2-е месца, 2011 і 2013 гг.).

Акрамя даследаванняў вялікая праца праводзіцца па вывучэнні ваколіц вёскі і іх назваў. Юнымі краязнаўцамі быў распрацаваны аднадзённы маршрут па ваколіцах вёскі Дзяніскавічы з апісаннем помнікаў, якія ёсць вакол нашай вёскі. У маі традыцыйна гурткоўцы адпраўляюцца ў велапаход па распрацаваным маршруце, спыняюцца каля наступных аб'ектаў: трох курганных могільнікаў часоў Ранняга сярэднявечча (першы, другі, трэці); помніка расстраляным у час Вялікай Айчыннай вайны яўрэям, жыхарам вёскі Дзяніскавічы; Брацкай магілы; Кургана Славы; помніка сям'і лясніка Зялёнка А.І., расстралянай нямецкімі захопнікамі ў 1942 г.; помніка сям'і лясніка Кляўчэня С.С., расстралянай нямецкімі захопнікамі 25 ліпеня 1942 г., помніка польскаму палкоўніку Масціцкаму Баляславу, які загінуў ў 1918 г. Кожны з удзельнікаў велапаходу расказвае пра гістарычныя аб'екты. У 2017 г. за распрацоўку гэтага краязнаўчага маршрута ўдзельнікі аб'яднання па інтарэсах «Юны экскурсавод» занялі другое месца ў раённым этапе абласнога краязнаўчага фестывалю.

У музеі пастаянна праходзяць урокі гісторыі і ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, напрыклад «Хатка з матчынай душою», «Матулін ручнік», «Зорны шлях хлеба», выставы «Подзвіг народа», «Ганцаўшчына літаратурная» (прысвечаная Дню беларускага пісьменства 2011 г.), «Навекі юны» (памяці Мікалая Гойшыка, яго імя носіць піянерская дружына нашай школы). У 2015 г. па ініцыятыве вучня нашай школы Дзяніса Дзенісені была створана выстава «Да 100-годдзя з дня нараджэння Дзенісені Мітрафана Міронавіча». Ён напісаў верш да стагоддзя з дня нараджэння свайго прадзеда-мінамётчыка, які ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Гэты верш паслужыў асновай для тэматычнай выставы і экскурсіі.

Пры музеі працуе савет музея, у склад якога ўваходзяць дырэктар школы А.А.Маркавец; захавальніца музея Т.І. Дзенісеня, бібліятэкар сельскай бібліятэкі Л.І.Швайка, а таксама вучні школы. Кожны вучэбны год распрацоўваецца план работы музея па правядзенні велапаходаў, тэматычных выстаў, навукова-даследчай дзейнасці, сустрэч з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны і ветэранамі працы, воінамі-інтэрнацыяналістамі, экскурсій для вучняў школ раёна і дэлегацый, якія наведваюць сельскі Савет і школу, урокаў па гісторыі Беларусі па розных тэмах. Метадычную дапамогу музею аказвае Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей.

Для вучняў нашай школы знаёмства і вывучэнне гісторыі роднай вёскі пачынаецца са школьнага гісторыка-краязнаўчага музея і аб'яднанняў па інтарэсах, якія працуюць на базе музея. Таму западае ў душы дзяцей пачуццё любові да роднага краю, да тых мясцін, дзе яны нарадзіліся і жывуць. I я ўпэўненая, што гэтую любоў яны пранясуць праз усё жыццё.

Даведка «GantsRegion»
Таццяна Дзенісеня
ДЗЕНІСЕНЯ Таццяна Іванаўна
Настаўніца гісторыі, грамадазнаўства і вучэбнага прадмета «Мастацтва» Дзяніскавіцкай яслі-сад — сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Нарадзілася ў в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 2000 г. закончыла Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С.Пушкіна, у 2007 г. — гістарычны факультэт БДПУ імя Максіма Танка. З'яўляецца захавальнікам школьнага гісторыка-краязнаўчага музея, кіраўніком раённага вучэбнаметадычнага аб'яднання настаўнікаў вучэбнага прадмета «Мастацтва». Мае першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Катэгорыя: Таццяна Дзенісеня | Дабавіў: admin (18.05.2017) | Аўтар: Таццяна ДЗЕНІСЕНЯ - "БГЧ"
Праглядаў: 2644 | Тэгі: Таццяна Дзенісеня, Ганцавічы, музей, Дзяніскавічы, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.