Субота, 20.04.2024, 11:51

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна

Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна: падарожжа чацвёртае — Якуб Колас і Іван Лагвіновіч
Чацвёртым па ліку артыкулам мы прадоўжым сваё падарожжа ў рамках праекта «Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна». На гэты раз мы адправімся на поўдзень і апынёмся ў вёсцы Люсіна, якая стала першым месцам працы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, а таксама на былым хутары Запрапасць, цяпер — лясное ўрочышча, што размяшчаецца побач з вёскаю Малькавічы, дзе нарадзіўся і правёў свае дзіцячыя гады паэт Іван Піліпавіч Лагвіновіч.

Якуб Колас

Постаць Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча) не патрабуе шырокага прадстаўлення, пагэтаму ў дадзеным артыкуле мы сканцэнтруем увагу менавіта на мемарыялізацыі памяці аб класіку беларускай літаратуры непасрэдна ў вёсцы Люсіна і наваколлі.

Якуб Колас пад час навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. 1901 год

Першапачаткова пасля сканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Канстанцін Міхайлавіч па рашэнні Савета Мінскай дырэкцыі народных вучылішч быў прызначаны настаўнікам Охаўскага народнага вучылішча Пінскага павета. Аднак па невызначаных прычынах гэта рашэнне было перагледжана і яго накіравалі ў Люсіна. Тут Якуб Колас жыў пры школе з кастрычніка 1902 года па жнівень 1904 года. Сама кватэра складалася з трох пакояў: кухні, сталовай і спальні, на кухні жыла бабулька-старожка. У Люсіне адну зіму з Канстанцінам Міхайлавічам жыла яго сястра Юзэфа. «Костусь, — гаварыла яна, — працаваў многа. З некаторымі вучнямі займаўся і пасля абеду. Часта вечарамі да яго прыходзілі дарослыя мужчыны. З імі ён гутарыў, чытаў кнігі».

Акрамя асноўнай дзейнасці Якуб Колас ў Люсіне працаваў над вялікім празаічным творам на рускай мове «Адзін з сотні», галоўным героем якога з’яўляецца семінарыст Сошкін. Як пазней прызнаецца сам Канстанцін Міхайлавіч: «Лёс Лабановіча (галоўны герой трылогіі "На ростанях") увабраў у сябе задуму "Аднаго з сотні". Гэта мусіў быць празаічны твор. Я вёў героя Сошкіна ад семінарыі і далей у жыццё».

У самой вёсцы Люсіна шмат аб’ектаў, якія прысвечаны Якубу Коласу: ад назвы вуліцы і чыгуначнага прыпынку да музея. У студзені 2016 года Люсінскаму дзіцячаму садку-сярэдняй школе было прысвоена імя Якуба Коласа. Пры ўваходзе ў установу адукацыі размешчана мемарыяльная дошка. Год яе з’яўлення — 1966 і першапачаткова яна была ўстаноўлена на папярэднім будынку школы. Да святкавання Дня беларускага пісьменства ў 2011 годзе дадзеная мемарыяльная дошка была абноўлена.

Мемарыяльная дошка на будынку школы ў вёсцы Люсіна

Да 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа 24 красавіка 1982 года ў будынку школы быў адкрыты літаратурна-этнаграфічны музей. За час існавання яго наведала шмат людзей. У кнізе водгукаў ёсць запісы наведвальнікаў з Расіі, Узбекістана, Казахстана, Туркменістана, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі. Адметнай рысай з’яўляецца і тое, што сярод экспанатаў ёсць і асабістыя рэчы Якуба Коласа, іх музею падарыў малодшы сын беларускага класіка Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, які некалькі разоў з сваімі роднымі наведваў Люсіна.

Літаратурна-этнаграфічны музей імя Якуба Коласа ў Люсінскім дзіцячым садку — сярэдняй школы

У самым цэнтры вёскі на месцы, дзе размяшчалася школа, ў якой Якуб Колас пачаў сваю педагагічную дзейнасць, знаходзіцца памятны знак. Ён быў урачыста адкрыты 20 кастрычніка 2002 года, калі ў Люсіне прайшло раённае свята паэзіі «Песняй вітаю я вас», што было прысвечана 120-годдзю са дня нараджэння Якуба Коласа. У межах памятнага знака ўстаноўлены драўляныя скульптуры коласаўскіх герояў — дадзеныя творы мастацтва падарылі разьбяры па дрэву, пленэр якіх праходзіў у Люсіна на працягу некалькіх дзён да пачатку свята, а вучнямі школы была закладзена алея ў гонар народнага паэта.

Памятны знак на месцы школы, дзе пачынаў сваю педагагічную дзейнасць Якуб Колас

Зусім нядаўна ў 2019 годзе ў лясным урочышчы Яшукова Гара, якое размяшчаецца побач са старою дарогаю з Люсіна на Малькавічы, таксама усталяваны памятны знак. Згадкі пра Яшукову Гару ёсць у самым пачатку другой часткі трылогіі «На ростанях» аповесці «У глыбі Палесся». Едучы да цягніка легенду пра злога пана Яшука Лабановічу расказаў адзін з герояў аповесці дзядзька Раман.

Памятны знак у ўрочышчы Яшукова Гара

Іван Лагвіновіч

Самыя паўднёвыя пункты нашага літаратурнага падарожжа — былы хутар Запрапасць і суседняя вёска Малькавічы, якія цесным чынам звязаны з постаццю Івана Піліпавіча Лагвіновіча.

Іван Піліпавіч Лагвіновіч

У Запрапасць з вёскі Малькавічы ўжо тады вялікая сям’я Лагвіновічаў перабралася перад пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1937 годзе. Паступова лясное ўрочышча разрасталася сялянскімі гаспадаркамі і ператварылася ў невялікае пасяленне, у выніку чаго і атрымала афіцыйную назву хутар, хаця, на сам рэч, з-за адносна вялікай колькасці двароў мала нагадвала яго. У Запрапасці на той час хаты стаялі з з аднаго боку дарогі і на даволі прыстойнай адлегласці адна ад адной. Тут 16 студзеня 1940 года і нарадзўся Іван Піліпавіч Лагвіновіч.

Тата Піліп Мікалаевіч і мама Тэкля Міхайлаўна імкнуліся вучыць сваіх дзяцей, а іх было ўсяго сем. Усім сынам і старэйшай дачцы Ганне давялося быць вучнямі, а вось меншая Паўліна з-за ваенных абставін і пасляваеннай нястачы школьніцай не была. У школу, што размяшчалася ў вёсцы Малькавічы за пяць кіламетраў ад Запрапасці, Іван Піліпавіч пайшоў у 1947 годзе. У гэты ж год у сям’і Лагвіновічаў здарылася вялікая бяда — памёр гаспадар Піліп Мікалаевіч.

Скончыўшы сем класаў, Іван Лагвіновіч далей вучыцца не мог, бо за вучобу ў 8—10-х класах трэба было плаціць 150 рублёў. І, як успамінае даследчык Анатоль Міхайлавіч Сідарэвіч, дзеля гэтага трэба было набраць у лесе і прадаць 75 вёдзер чорных ягад пры ўмове, што ў вядры было 10 кілаграмаў, а кілаграм чарніц каштаваў тады 20 капеек. Мажліва не пабачылі Івана настаўнікі Малькавіцкай школы у восьмым класе і па той прычыне, што сям’я Лагвіновічаў вырашыла аб непатрэбнасці далейшай адукацыі юнаку: пісаць, чытаць, лічыць умееш — і годзе.

Пасля навучання ў школе Іван Піліпавіч тры гады перабіваўся часовымі заробкамі ў лясгасе, леспрамгасе і калгасе. У 1957 годзе, калі юнаку споўнілася 17 гадоў, ён у пошуках лепшай долі перабраўся ў Украіну на Данбас, дзе 22 ліпеня 1959 года скончыў горнапрамысловае вучылішча ў горадзе Снежнае Данецкай вобласці. Шахцёрскаую працу на тры гады перарывала служба ў арміі.

З-за прафесійнага захворвання Іван Лагвіновіч у трыццаць сем гадоў па прычыне прафесійнага захворвання cтаў інвалідам трэцяй групы і перавёўся з шахты на абагачальную фабрыку слесарам. Тут жа на Данбасе, працуючы на шахце ў горадзе Тарэз, ён вучыўся ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе рабочай моладзі № 1 і 25 чэрвеня 1966 года ён атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. У гэтым жа 1966 годзе Іван Піліпавіч ажаніўся з бібліятэкаркай Зінаідай Іўлевай. У шлюбе нарадзіліся дачка і сын. Сямейнае жыццё доўжылася 22 гады пасля чаго быў развод, які можна меркаваць адной з прычын вяртання паэта на радзіму.

У 1990 годе Іван Лагвіновіч выйшаў на пенсію, а 2 лістапада 1991 года вярнуўся ў Беларусь. Першыя паўгода ён жыў у горадзе Паставы, пасля чаго 11 мая 1992 года, каб быць бліжэй да сваіх родных мясцін, ён пераехаў у Баранавічы.

Экспазіцыя, што прысвечана Івану Піліпавічу Лагвіновічу ў Малькавіцай бібліятэцы-музеі

Першыя спробы пісаць вершы здарыліся яшчэ ў трэцім класе, але як сапраўдны паэт Іван Піліпавіч дэбютаваў дваццацігадовым юнаком калі служыў у войску вершам «Аб тым не ведалі…», што быў надрукаваны 10 верасня 1960 года ў газеце «Чырвоная Змена». На Украіне ён таксама працягваў пісаць вершы як на беларускай, так і пераважна рускай мовах. Некаторыя з іх друкаваліся ў мясцовых газетах і часопісах, а таксама калектыўных зборніках. Пасля пераезду ў Беларусь ён пісаў выключна на беларускай мове — вяртанне на радзіму стала таксама вяртаннем да паэзіі. У Баранавічах, дзе пасяліўся паэт, склаліся даволі прыкметная патрыятычная і культурніцкая супольнасць, літаратурна-мастацкі асяродак, было наладжана выданне кніг. Іван Лагвіновіч натхнёна працаваў, у 2000 годзе пабачыў свет яго першы зборнік вершаў «Разлукі выраёвыя», пасля былі «Піліпаўка», «Ляда юдолі», «Далёкае і блізкае» і «Палыновыя кветкі», за які аўтар у 2008 годзе стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі Уладзіміра Аляксандравіча Калесніка. Таксама ў 2003 годзе пяць вершаў паэта ўвайшлі ў анталогію выбранай беларускай паэзіі 20 стагоддзя «Краса і сіла».

Памятны знак на месцы дома, дзе нарадзіўся і жыў Іван Піліпавіч Лагвіновіч на былым хутары Запрапасць

Вершы за аўтарствам Івана Піліпавіча Лагвіновіча як філасофскай, так і пейзажнай тэматыкі мала каго пакідаюць абыякавым. Гэта тычыцца і грамадзянскай лірыкі, якая зусім не трыбунная па стылі.

І з чыстым сэрцам,
чыстымі рукамі
вазьму я чысты ліст паперы,
за чысты стол пісьмовы сяду
ў пакоі чыстым
і запішу лірычны верш
пра чыстую любоў
да Беларусі.

Пасля цяжкай хваробы Івана Піліпавіча не стала 29 сакавіка 2011 года. Пахавалі яго на вясковых могілках у Малькавічах, дзе знайшлі вечны супакой яго родныя і блізкія. Ужо пасля смерці паэта ў ліпені 2011 года быў выдадзены зборнік «Элегія палескага матыля». У гэтай кнізе змешчаны яго апошні ім самім складзены зборнік «Свечкі трыпутніка», а таксама два дзесяткі найлепшых вершаў Івана Лагвіновіча.

Помнік на магіле Івана Піліпавіча Лагвіновіча

Напрыканцы 2012 года імем паэта названа вуліца ў горадзе Баранавічы. У вёсцы Малькавічы ў бібліятэцы-музеі Івану Піліпавічу прысвечана асобна экспазіцыя, у ёй размешчана шмат асабістых рэчаў земляка. А ў 2019 годзе ў лясным урочышчы Запрапасць, дзе на былым хутары размяшчаўся дом, у якім нарадзіўся і правёў свае дзіцячыя і юнацкія гады Іван Піліпавіч Лагвіновіч, усталяваны сціплы памятны знак.
Катэгорыя: Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна | Дабавіў: vitalis (23.10.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 473 | Тэгі: Ганцавіцкі раён, Малькавічы, Літаратурная Ганцаўшчына, Запрапасць, Якуб Колас, памятны знак, Люсіна, Іван Лагвіновіч, музей | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.