Пятніца, 29.03.2024, 08:51

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна

Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна: падарожжа першае — Іван Кірэйчык, Уладзімір Марук
Ганцавіцкі раён на літаратурнай карце Беларусі з’яўляецца адметным рэгіёнам, нашыя мясціны багатыя на таленты на ніве літаратуры. Не здарма ў горадзе Ганцавічы ў пачатку верасня 2011 года святкаваўся Дзень беларускага пісьменства — сёлета была адзначана юбілейная дзесятая гадавіна з моманту правядзення свята рэспубліканскага ўзроўню.

Ганцавіцкі раён багаты на літаратурныя таленты

Аб спадчыне, што засталася пасля святкавання Дня беларускага пісьменства ў горадзе Ганцавічы, мы падрабязна пісалі ў 2017 годзе. Зараз жа ў праекце пад назваю «Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна», што расцягнецца ў аднайменную серыю артыкулаў, мы раскажам аб тым, як у нашай мясцовасці ўшаноўваюць памяць аб сваіх славутых земляках-літаратарах. Фактычна сам праект — своеасаблівы даведнік турыстычнага маршрута па літаратурных мясцінах Ганцавіцкага раёна.

У стартавым артыкуле серыі мы кораценька ўсё ж узгадаем тое, што было зроблена да Дня беларускага пісьменства менавіта ў горадзе Ганцавічы.

З такой нагоды да дадзенага свята рэспубліканскага ўзроўню ў райцэнтры па вуліцы Кастрычніцкай была створана цэлая алея пісьменства. Яе адкрывае помнік у выглядзе аркуша паперы і пяра ў гонар самога Дня беларускага пісьменства. Калі прайсці па алеі, то можна пабачыць два памятныя знакі пад назваю «Літаратурны гонар Ганцаўшчыны», на якіх у бронзе адліты прозвішчы літаратараў, дзейнасць якіх была цесным чынам звязана з населеннымі пунктамі, што ў цяперашні момант размяшчаюцца ў Ганцавіцкім раёне — Аляксандр Сержпутоўскі, Васіль Праскураў, Іван Кірэйчык, Міхась Рудкоўскі, Іван Лагвіновіч, Уладзімір Марук, Алесь Каско і Віктар Гардзей.

Заключным і ці не галоўным элементам алеі пісьменства стаў помнік Якубу Коласу, яго аўтары — брэсцкія скульптары, сямейная пара Павел Герасіменка і Алеся Грушчанкова. З’яўленне помніка класіку беларускай літаратуры тут не выпадковае: пасля сканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі 20-гадовы Канстанцін Міцкевіч у 1902 годзе прыехаў настаўнічаць у вёску Люсіна. Акрамя настаўніцкай працы Канстанцін Міцкевіч рабіў этнаграфічныя запісы, збіраў вусную народную творчасць, аб чым сведчыць яго нарыс «О крестьянских постройках (деревни Люсино Минской губернии Пинского уезда Хотыничской волости)». У 1923 годзе ў Вільні асобным выданнем пабачыла свет першая частка трылогіі «На ростанях» — аўтабіяграфічная аповесць «У палескай глушы», у якой вёска Люсіна названая Цельшына.

Распачнём жа мы сваё падарожжа з поўначы Ганцавіцкага раёна, дзе размясцілася невялічкая вёска Гута, якая дала беларускай літаратуры адразу дзве постаці — Іван Аляксандравіч Кірэйчык і Уладзімір Антонавіч Марук.

Іван Кірэйчык

Іван Аляксандравіч Кірэйчык, які нарадзіўся 19 сакавіка 1935 года, адносіцца да пакалення людзей, дзяцінства якіх прыпала на часы Другой сусветнай вайны. Дадзеная абставіна ў пэўнай ступені паўплывала на далейшы лёс пісьменніка. Тата літаратара, Аляксандр Цімафеевіч, у 1945 годзе загінуў на фронце. З-за гэтага мама, Лізавета Герасімаўна, адна займалася выхаваннем сына і дачкі, якіх патрэбна было выводзіць у людзі. Ад мамы, што была вядома як таленавітая спявачка, выдатны знаўца беларускіх народных песень, павер’яў, прыкмет, прыказак і прымавак, Івану Аляксандравічу дасталася любоў да сваёй зямлі і роднага слова.

Іван Аляксандравіч Кірэйчык

Дзяцінства будучага пісьменніка было няпростым: з васьмігадовага ўзросту маленькі Іван пасвіў кароў, з-за гэтага і школу ён наведваў толькі ў халодную пару года, а прабелы па школьнай праграме яму прыходзілася папаўняць самастойна. Атэстат аб сярэдняй адукацыі Іван Аляксандравіч атрымаў толькі ў 1955 годзе, пасля чаго працаваў у калгасе «Праўда». У хуткім часе ён быў прызваны ў армію, дзе служыў на Балтыйскім флоце. Тут ён пачаў шмат пісаць прыгожыя лірычныя вершы на рускай мове, якія друкаваліся ў газеце «Страж Балтики» і калектыўным зборніку паэтаў-балтыйцаў «Песня, рождённая морем». Пад час службы Іван Кірэйчык пазнаёміўся з паэтамі Генадзем Бураўкіным, Вадзімам Сямерніным, Мікалаем Сідарэнкам.

У 1958 годзе пасля дэмабілізацыі Іван Аляксандравіч нядоўга працаваў у калгасе, пасля чаго па запрашэнні тагачаснага рэдактара Ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда» Івана Баляслававіча Лісецкага стаў спачатку яе літсупрацоўнікам, а потым і загадчыкам аддзела. Адначасова з работай у раёнцы Iван Кірэйчык завочна вучыўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, які скончыў разам са сваім калегам па рабоце Васілём Фёдаравічам Праскуравым у 1965 годзе.

Пэўны час Іван Аляксандравіч працаваў у Мінску, пасля чаго пераехаў у Гомель, дзе стаў уласным карэспандэнтам газеты «Чырвоная змена». У працоўнай кніжцы ёсць таксама запісы аб перыядзе рэдактарства на Гомельскай абласной студыі тэлебачання і працай намеснікам адказнага сакратара абласной газеты «Гомельская праўда». Фактычна Гомель можна назваць другой радзімай пісьменніка.

Іван Аляксандравіч Кірэйчык памёр 16 лютага 1996 года, пахаваны ён на могілках «Асаўцы» ў горадзе Гомелі. Ня гледзячы на багатую літаратурную спадчыну ён так і не стаў сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пяру Івана Аляксандравіча належаць два зборнікі паэзіі — «Аснова» і «З маіх крыніц», а таксама чатыры кнігі прозы, што былі складзены з нарысаў і апавяданняў — «Багацце душы — людзям», «Пялёсткавы бераг», «Каласам хіліцца долу», «Калінавая квецень». Акрамя таго, яго вершаваныя і празаічныя творы змяшчаліся ў калектыўных зборніках «Вернутае шчасце», «Люблю будзённы дзень» і іншых. Займаўся Іван Кірэйчык і літаратурнаю апрацоўкаю, з яго дапамогаю выйшлі кніга ўспамінаў партызана Рыгора Лазабаева «Лясныя пабрацімы» і дакументальная аповесць Міхаіла Качана «Апалены ранак». Акрамя таго аўтарам да друку былі падрыхтаваны ўласныя рукапісы прозы «Бяссмертнікі» і «Звычайнае дзіва», якія ён меў намер перадаць у выдавецтва.

Трэба адзначыць, што вялікі ўплыў на творчасць Івана Кірэйчыка аказаў паэт Мікалай Сідарэнка, пасля сустрэчы з якім ён пачаў пісаць на беларускай мове, а таксама Васіль Праскураў, дзякуючы якому Іван Аляксандравіч захапіўся жанрам нарыса. А першым дарадцам ва ўсіх літаратурных і не толькі справах была жонка, Вера Фёдараўна — родная сястра вядомых беларускіх дзеячаў Міхаіла і Станіслава Дубянецкіх.

Памятны знак на месцы, дзе знаходзіўся дом ў якім нарадзіўся і вырас Іван Кірэйчык

19 сакавіка 2010 года непадалёку ад самой вёскі Гута, дзе размяшчаўся хутар, на якім жыла сям’я Івана Аляксандравіча Кірэйчыка, быў адкрыты памятны знак. Яго ўстаноўка была прымеркавана да 75-гадавіны з дня нараджэння літаратара. Памятны знак уяўляе сабою вялікі валун на якім усталяваны дзве мемарыяльныя дошкі, на адной з іх прыведзены ўрывак верша:

О, краю родны,
Любой часінай,
Ты непаўторны,
Адзін-адзіны.

А некалькі гадоў раней адна з вуліц у вёсцы Гута была названа імем Івана Аляксандравіча Кірэйчыка.

Уладзімір Марук

Тут жа ў вёсцы Гута 13 чэрвеня 2013 года пры ўдзеле тагачаснага старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Аляксандра Паўлавіча Саланевіча на доме, дзе жыў Уладзімір Антонавіч Марук, была адкрыта мемарыяльная дошка.

Мемарыяльная дошка на доме, дзе жыў і гадаваўся Уладзімір Антонавіч Марук

Уладзімір Антонавіч з’явіўся на свет 6 студзеня 1954 года. З малых гадоў ён цяжка хварэў — прычына пападання яго ў школу-інтэрнат. Ды і надалей хвароба сэрца стала пастаянным спадарожнікам Уладзіміра Марука па жыцці.

Пасля заканчэння Моўчадскай сярэдняй санаторнай школы-інтэрната, ён у 1970 годзе паступіў у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Дзякуючы настаўніку Аляксею Пысіну, які заўважыў і падтрымаў талент юнака, гады вучобы ў тэхнікуме спрыялі творчаму станаўленню будучага паэта. Пад час вучобы ў газеце «Магілёўская праўда» былі апублікаваны першыя вершы Уладзіміра Марука — «Беларусі», «Пазаслалі хмары ўсе шляхі» і іншыя.

Скончыўшы тэхнікум, Уладзімір Антонавіч працаваў бібліятэкарам ў Шашкоўскай сельскай і Ганцавіцкай раённай дзіцячай бібліятэках. У гэты час у часопісе «Маладосць» у 1974 годзе з'явіўся цэлы цыкл вершаў маладога паэта, які засведчыў яго несумненны паэтычны талент. Потым была вучоба на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе ён уваходзіў у ўніверсітэцкае літаб’яднанне «Узлёт», якім кіраваў Алег Лойка. Уладзімір Марук тут быў заўважнаю асобаю, ён быў старастам літаратурнага аб’яднання. У гэты час друкаваўся няшмат, але кожная публікацыя была падзеяй для сапраўдных аматараў паэзіі.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Уладзімір Антонавіч працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 106 у Мінску. 3 1981 года ён карэспандэнт, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», з 1986 года — рэдактар, загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва». 3 1998 года Уладзімір Марук стаў галоўным рэдактарам выдавецтва «Белфакс», а ў 2003—2010 гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», дзе ў звзязцы са сваім былым універсітэцкім таварышам Міколам Мятліцкім і з іншымі таленавітымі творцамі, збіраў і публікаваў лепшае з сучаснай беларускай літаратуры.

Творчы багаж Уладзіміра Антонавіча як паэта складаецца з чатырох зборнікаў паэзіі: «Зоркі ў кронах», «Ліст рабіне», «Інкрустацыя голасам» і «Кудмень», рукапіс якога праляжаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» пятнаццаць гадоў і пабачыў свет толькі ў 2011 годзе, калі самога аўтара ўжо не стала. Яшчэ дзве кнігі арыентаваны на дзіцячую аудыторыю — «Ехаў Чыж у Парыж» і «Чыж вярнуўся з-за мяжы». Вядомы Уладзімір Марук і як перакладчык літаратурных твораў на беларускую мову з рускай, армянскай, узбекскай і туркменскай, таксама ён аўтар шматлікіх публіцыстычных публікацый.

Уладзімір Антонавіч Марук на сваім працоўным месцы намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Полымя»

Ці не больш за ўсё Уладзімір Антонавіч любіў сваю родную Гуту, дом, дзе нарадзіўся і вырас, сваю матулю Надзею Уладзіміраўну і тату Антона Васільевіча, якім ён прысвячаў свае вершы:

Гута — крыштальнае дно
Самых высокіх нябёсаў.
Хаты бацькоўскай акно
3 дзедавым полем зжылося.

Уладзімір Антонавіч аддаў беларускай літаратуры тры дзесяткі гадоў таленавітай напружанай працы. Сярод яго ўзнагарод ёсць і Ганаровая грамата Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Памёр Уладзімір Антонавіч Марук 23 студзеня 2010 года ў самым росквіце жыццёвых і творчых сіл. Шмат з задуманага, так і не было рэалізавана, а шматлікія вершы засталіся ў рукапісах, якія, хацелася б верыць, будуць апублікаваныя.
Катэгорыя: Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна | Дабавіў: vitalis (11.09.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 823 | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.