Пятніца, 19.04.2024, 09:59

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна

Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна: падарожжа пятае — Віктар Гардзей і Васіль Праскураў
Дні нараджэнняў герояў нашага сённяшняга артыкула прыпадаюць на жнівень — Віктар Канстанцінавіч Гардзей і Васіль Фёдаравіч Праскураў. Пятая частка нашага літаратурнага падарожжа пройдзе па цэнтральнай частцы Ганцавіцкага раёна і закране непасрэдна раённы цэнтр — горад Гацавічы, а таксама невялічкую вёску Малыя Круговічы.

Віктар Гардзей

Сваё сённяшняе падарожжа мы пачнём менавіта з вёскі Малыя Круговічы, у якой 19 жніўня 1946 года нарадзіўся Віктар Канстанцінавіч Гардзей. У гонар свайго знакамітага земляка ўдзячныя аднавяскоўцы да 50-гадовага юбілея Віктара Гардзея назвалі адну з вуліц яго імем, а ў 2017 годзе на месцы, дзе стаяў дом у якім нарадзіўся і правёў свае дзіцячыя і юнацкія гады будучы пісьменнік і паэт, быў усталяваны памятны знак. Ёсць згадванне пра Віктара Канстанцінавіча і на Алеі пісьменнства ў горадзе Ганцавічы.

Віктар Канстанцінавіч Гардзей

Дзіцячыя гады былі няпростымі — вельмі рана памерла мама. З-за гэтага прытулак маленькі Віктар знайшоў у сям’і дзеда Сцяпана, тут ён атрымаў ўвагу і ласку. Шмат цяпла падаравалі цётка Альжбета і настаўнікі Круговіцкай сярэдняй школы. Асаблівую ўвагу юнаку надаваў малады настаўнік рускай мовы і літаратуры Вячаслаў Іосіфавіч Несцярук. І, як адзначае сам Віктар Канстанцінавіч, значная заслуга ў развіцці яго літаратурнага таленту належыць менавіта яму.

Першае апавяданне пад назваю «Памылка» будучага пісьменніка было надрукавана ў 1963 годзе ў газеце «Піянер Беларусі», праз год у рэспубліканскім друку з’яўляюцца і вершы. Скончыўшы школу ў 1964 годзе, Віктар Гардзей непрацяглы тэрмін працаваў у мясцовым калгасе «Сцяг Леніна», а потым у Ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму». З 1967 па 1983 гады Віктар Канстанцінавіч на розных пасадах (загадчык аддзела пісем, адказны сакратар, намеснік рэдактара) працуе ўжо ў Ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе». Тут, дзякуючы старэйшаму сябру і літаратурнаму настаўніку Васілю Фёдаравічу Праскураву, праца прыносіць плён як у журналістыцы, так і ў літаратуры. У гэты перыяд выходзяць першыя кнігі паэзіі «Касавіца», «Верасное палясоўе» і «Засевак Радзімы». У 1979 годзе Віктар Гардзей уваходзіць у Саюз псьменнікаў БССР. Акрамя гэтага, была і вучоба на завочным аддзяленні факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1983 годзе за год да сканчэння ўніверсітэта ён пераяжджае ў Мінск. Тут была плённая праца ў часопісах «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Полымя», «Вожык», выдавецтве «Мастацкая літаратура». Працоўны шлях быў завершаны ў 2016 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва». Дзейнасць на ніве літаратуры таксама не збавіла абаротаў. Перыядычна выдаваліся паэтычныя зборнікі: «Незабудкі азёр», «Узрушэнне», «Дзікая пчала», «Зялёныя дажджы», «Межань» і «Трыадзінства».

Вяктар Гардзей вядомы не толькі як лірык, але і празаік. Яго пяру належаць кнігі — «Дом з блакітнымі аканіцамі», «Карані вечнага дрэва», «Уратуй ад нячыстага» (гэтае выданне адзначана Літаратурнай прэміяй імя Івана Мележа), «Ці то грэбля, ці то гаць», «З мінулага не вяртаюцца», трылогія «Аселіца ў басейне Чорнага мора», а таксама раман «Бедна басота».

Плённа працуе Віктар Канстанцінавіч і на ніве літаратуры, што адрасавана дзецям. Першая дзіцячая кніга пад назваю «Чырвоны грабеньчык» за аўтарствам ураджэнца вёскі Малыя Круговічы пабачыла свет ажно ў 1976 годзе. А далей было яшчэ шмат кніг: «На арэхавай палянцы», «Коцікі на вярбе», «Мой тата — трактарыст», «Зай, які лічыў варон», «Зайкава балалайка», «Малая дзіцячая Чырвоная кніга», «Малая дзіцячая Чырвоная кніга, Ахоўная флора», «Мудры воран», «Сарочына цырульня», «Лясная трывога». У 2020 годзе за подпісам Віктара Гардзея была выдадзена не зусім звычайная кніга, якая адрасавана школьнікам — «Птушка года Беларусі 2000–2020». Яна ўзнікла ў рамках шматгадовай акцыі, што праводзіцца грамадскай арганізацый «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якая кожны год выбірае пэўную птушку як ганаровы сімвал.

Вядомы Віктар Гардзей і як перакладчык. Дзякуючы яму на беларускую мову былі перакладзены раманы Гюстава Флябера «Саламбо» і Роберта Льюіса Стывэнсана «Чорная страла», аповесць-казка Эрнэста Гофмана «Шчаўкунчык і мышыны кароль», а таксама кніга казак народаў Еўропы «Хрустальны калодзеж». У 2018 годзе ў перакладзе Віктара Канстанцінавіча была выдадзена паэма Артура Бартэльса «Дзяніскавічы». Гэтае выданне было прымеркавана да 200-годдзя з дня нараджэння беларуска-польскага паэта-песенніка, сатырыка, карыкатурыста, ілюстратара і камедыёграфа, малая радзіма якога з вялікай верагоднасцю — вёска Дзяніскавічы.

Ёсць у творчым партфелі Віктара Гардзея і літаратуразнаўчыя артыкулы, шмат ён пісаў менавіта пра літаратараў з Ганцавіцкага раёна. У 2007 годзе Віктар Канстанцінавіч разам з Кастусём Мохарам у якасці ўкладальнікаў выступілі да кнігі «Паміж Бобрыкам і Ланню. Ганцаўшчына літаратурная: паэзія, проза, публіцыстыка», якая была выдадзена ў рамках серыі «Беларусь літаратурная». Да Дня беларускага пісьменства, якое святкавалася ў горадзе Ганцавічы ў самым пачатку 2011 года, Віктар Гардзей стаў аўтарам тэксту да кнігі «Ганцаўшчына — край легенд і талентаў народных». Цудоўнымі фотаздымкамі гэтае выданне аздобіў Анатоль Кляшчук, а мастаком — Вячаслаў Паўлавец.

Акрамя прэміі імя Івана Мележа за сваю плённую працу Віктар Гардзей ў 2007 годзе ў намінацыі "крытыка і літаратуразнаўства" стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі «Залаты купідон».

Памятны знак на месцы, дзе стаяў дом, у якім нарадзіўся Віктар Гардзей

Значную частку твораў Віктара Канстанцінавіча прысвечаны менавіта сваёй малой радзіме — вёсцы Малыя Круговічы:

Лясы, сухадолы, пагоркі,
І скрозь пералескі відны.
Бараціна, Горская, Боркі –
Багата што кажуць яны…
Імшэчак, Прасека, Дадаткі –
Назовы дайшлі праз вякі…

Васіль Праскураў

Гісторыя горада Ганцавічы другой паловы ХХ стагоддзя цесным чынам звязана з постаццю пісьменніка і журналіста Васіля Фёдаравіча Праскурава. Ён больш за дваццаць гадоў узначальваў рэдакцыю мясцовай раённай газеты «Савецкае Палессе». За сваю плённую працу на літаратурнай і журналісцкай ніве Васіль Фёдаравіч быў узнагароджаны чатырма медалямі СССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, таксама ён з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі і заслужаным дзеячам культуры.

Васіль Фёдаравіч Праскураў

У 1995 годзе выйшла пасмяротная кніга Васіля Фёдаравіча Праскурава «Наўсцяж вясковай вуліцы». У яе ўвашлі творы, што не друкаваліся пры жыцці аўтара — аднайменная аповесць, апавяданні, нарысы, быль «Рута-мята» і нарыс «Бярозавы сок». Кніга таксама была дапоўнена матэрыяламі пра жыццёвы і творчы шлях Васіля Фёдаравіча. У самым пачатку 1996 года 12 студзеня ў Ганцавіцкім гарадскім Доме культуры адбылася прэзентацыя дадзенага выдання. У гэты ж дзень на доме, дзе жыў Васіль Фёдаравіч, і на будынку рэдакцыі, у якой ён працаваў, былі устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Таксама гарадскі выканаўчы камітэт перайменаваў вуліцу Пралетарскую ў вуліцу Васіля Фёдаравіча Праскурава. Пазней у гэтым жа 1996 годзе 29 сакавіка пастановай Кабінета Міністраў Беларусі Ганцавіцкай раённай бібліятэцы прысвоена імя Васіля Фёдаравіча Праскурава. Фактычна гэтыя падзеі сталі адной з складаючых святкавання 70-годдзя нашага знакамітага земляка.

Мемарыяльная дошка на доме, дзе жыў Васіль Праскураў

Васіль Праскураў нарадзіўся 25 жніўня 1926 года ў вёсцы Нягаціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Тата — Фёдар Карпавіч працаваў лесніком, мама — Санклета Максімаўна з-за таго, што не было ўласнай зямлі, хадзіла ў наймы.

Васіль Фёдаравіч гадаваўся ў вялікай сям’і, ён быў самым малодшым дзіцём і адзіным сынам. У 1934 годзе ён пайшоў вучыцца ў мясцовую пачатковую школу, потым вучоба працягнулася ў Святошыцкай няпоўна-сярэдняй школе. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны будучы пісьменнік скончыў сем класаў. У пачатку вайны памёр тата, з-за гэтага ўся мужчынская цяжкая праца па гаспадарцы легла на плечы юнака. У час акупацыі ён жыў разам з маці, бабуляй і сёстрамі ў сваёй роднай вёсцы.

У 1945 годзе Васіль Праскураў быў прызваны ў Савецкую армію, дзе пяць гадоў служыў у Цэнтральнай Групе Войск — у Венгрыі, Аўстрыі, Германіі. Пад час службы ён быў карэспандэнтам армейскай газеты «За честь Родины». Адслужыўшы, ён прыехаў дадому, дзе яго ніхто не чакаў — засталася пустой бацькоўская хата. Маці і бабуля да гэтага часу памерлі, а сёстры павыходзілі замуж. Да сябе Васіля пазвала старэйшая сястра Ганна Фёдараўна Праходская, якая пасля заканчэння Пінскага педінстытута працавала ў Ганцавічах настаўніцай. Тут Васіль Праскураў уладкаваўся на працу ў мясцовы райспажыўсаюз, дзе працаваў на розных пасадах. У Ганцавічах ён скончыў сярэднюю школу працоўнай моладзі, экстэрнам — Брэсцкую гандлёва-кааперацыйную школу. Ажаніўся з Лідзіяй Сцяпанаўнай, разам з якой выгадаваў чатырох дачок — журналістку, настаўніцу, двух урачоў.

Аднак мара быць журналістам не пакідала Васіля Фёдаравіча. Першы літаратурна-крытычны артыкул ён апублікаваў у 1950 годзе, а ў 1958 годзе ўладкаваўся на работу літсупрацоўнікам у Ганцавіцкую раённую газету «Сялянская праўда». У гэты перыяд Васіль Праскураў пісаў вершы, апавяданні. Таксама ён паступіў на завочнае аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое ў 1965 годзе закончыў з дыпломам з адзнакай.

З 1962 па 1966 гады была праца карэспандэнтам па Ганцавіцкай зоне ў Ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму». Пасля аднаўлення Ганцавіцкага раёна ў 1967 годзе Васіль Фёдаравіч узначаліў новаствораную Ганцавіцкую раённую газету «Савецкае Палессе». Праз яе, так і праз ранейшае выданне — газета «Сялянская праўда», прайшлі героі нашай серыі — Іван Кірэйчык, Міхась Рудкоўскі і Віктар Гардзей.

Мемарыяльная дошка на будынку газеты "Савецкае Палессе"

Акрамя працы рэдактарам Васіль Праскураў шмат пісаў не толькі для сваёй газеты, але і ў абласныя, а таксама рэспубліканскія выданні. Пісаў пераважна ў жанры нарыса, у якім расказваў аб людзях Палесся, ствараючы галерэю сацыяльна-этнаграфічных партрэтаў. У гэтым накірунку ён заслужыў славу сапраўднага майстра слова, вялікага знаўцы чалавечых душ. 

У самым пачатку 1987 года Васіль Фёдаравіч стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР. Акрамя пасмяротнай кнігі «Наўсцяж вясковай вуліцы», пяру аўтара належаць зборнікі нарысаў: «Святая сівізна», «Трое з-за Лані», «Людзі-суседзі», «Пакажы чалавеку дарогу», «Пакланіся зямлі-карміцельцы», «Чорны хлеб».

Васіль Фёдаравіч Праскураў памёр пасля працяглай хваробы 22 мая 1987 года, пахаваны ён ў горадзе Ганцавічы на старых закрытых могілках.

Акрамя вышэй згаданага, імя Васіля Фёдаравіча ўвекавечана і на Алеі пісьменства.
Катэгорыя: Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна | Дабавіў: vitalis (06.11.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 531 | Тэгі: Ганцавічы, Васіль Праскураў, Віктар Гардзей, Ганцавіцкі раён, Малыя Круговічы, Літаратурная Ганцаўшчына | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.