Пятніца, 29.03.2024, 12:28

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна

Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна: падарожжа шостае — Вячаслаў Несцярук і Артур Бартэльс
Заключны артыкул з нашай серыі «Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна» будзе з пазнакаю «на перспектыву». У ім хочацца расказаць аб людзях, памяць аб якіх ў якім-небудзь варыянце варта ў хуткім часе увекавечыць на прасторах нашага края. Гэта дзве асобы — Вячаслаў Іосіфавіч Несцярук і Артур Бартэльс.

Вячаслаў Несцярук

Вёска Вялікія Круговічы стала для Вячаслава Іосіфавіча Несцерука другой малой радзімай. А нарадзіўся ён 10 сакавіка 1931 года ў невялічкай вёсачцы Свеклічы, што размяшчаецца непадалёку ад мястэчка Антопаль, дзе будучы настаўнік і паэт атрымаў сярэднюю адукацыю.

Вячаслаў Іосіфавіч Несцярук

Сваю любоў да рускай мовы і літаратуры Вячаслаў Іосіфавіч тлумачыў наступным: «Справа ў тым, што ў гады Першай сусветнай вайны мой дзед з сям’ёю быў у Расіі ў эвакуацыі. Там бацька і вывучыў рускую мову, а потым і мне прывіў да яе любоў. У мяне ўвогуле была асаблівая прывязанасць менавіта да моваў, да славеснасці. Адкуль гэта? Верагодна, ад мамы перадалося: Ганна Пракопаўна славілася на Антопальшчыне першай казачніцай, была вельмі чуллівай, рамантычнаю, творчаю натураю. Вось і мне перадала з генамі такія рысы характару».

Пасля школы была вучоба ў Брэсцкім педагагічным інстытуце на філалагічным факультэце. Інстытуцкія гады Вячаслаў Несцярук успамінаў з захапленнем — вучыцца было вельмі цікава, таксама ў гэты час адбылося знаёмства з будучаю жонкаю Раісай Андрэеўнай. У 1955 годзе ўжо як сям’я настаўнікаў яны былі накіраваныя ў Ганцавіцкі раён у вёску Вялікія Круговічы ў мясцовую сярэднюю школу: Вячаслаў Іосіфавіч як настаўнік рускай мовы і літаратуры, а Раіса Андрэеўна — настаўнік біялогіі і геаграфіі, а пазней і хіміі. Сваю педагагічную кар’еру Вячаслаў Несцярук пачынаў непасрэдна ў якасці настаўніка, потым былі два гады дырэктарства, далей — праца завучам, якая разбаўлялася ўрокамі рускай мовы і літаратуры. Тут у Вялікіх Круговічах, з якіх было некалькі але безвыніковых спроб выехаць у іншае месца, і прайшло жыццё сям’і Несцерукоў. Нарадзіліся і выгадаваліся тры дачкі: Наталля, Ларыса і Інна. Забягаючы наперад адзначым, што тут жа на мясцовых могілках знайшлі свой апошні прытулак Раіса Андрэеўна, сам Вячаслаў Іосіфавіч і яго бацька, што дажываў у доме сына свае апошнія гады.

Праца Вячаслава Несцерука ў якасці настаўніка дала плён ужо праз два гады — Аляксандр Муха і Фадзей Бобка ў гісторыі школы сталі першымі залатымі медалістамі. З таго часу ў кожным выпускным класе, які вёў Вячаслаў Іосіфавіч, заўсёды былі медалісты. Аб таленце маладога настаўніка хадзілі легенды, што і не дзіва, праз яго рукі штогод праходзіла з десятак таленавітых асобаў.

Асобна трэба ўзгадаць Віктара Канстанцінавіча Гардзея, на творчыя здольнасці якога Вячаслаў Іосіфавіч звярнуў увагу яшчэ ў сёмым класе. Пасля чаго пачалася крапатлівая праца настаўніка і вучня, вынік — станаўленне Віктара Канстанцінавіча як сапраўднага літаратара ў якога за плячыма дзесяткі кнігаў паэзіі і прозы, а таксама выданняў для дзяцей. І што вельмі прыемна, шмат з якіх прысвечана малой радзіме. Сувязь паміж вучнем і настаўнікам не перарывалася да смерці апошняга. Віктар Гардзей дапамагаў рыхтаваць да друку зборнікі паэзіі Вячаслава Несцерука, а таксама аўтабіяграфічную повесць «Пути-дороги».

Настаўнік і вучань: Вячаслаў Іосіфавіч Несцярук і Віктар Канстанцінавіч Гардзей

Свой шлях як паэт Вячаслаў Іосіфавіч пачаў пасля выхаду на пенсію, штуршком стала смерць жонкі. «Мне было так тужліва жыць, што ледзь не страціў надзею на само жыццё, — успамінаў ён сам. — І вось аднойчы ў сне мая каханая жоначка прыйшла да мяне і стала з таго часу маёй адданаю музай. Яна з нябёсаў водзіць маёй рукой пры напісанні кожнага новага верша».

Вынік плённай дзейнасці — амаль з дзесятак паэтычных зборнікаў: «Любви цветок», «Рассветы и закаты», «Дни как ручьи», «Ночные мысли», «56 сонетов», «Венок сонетов» и «Небесное и земное», дзе сабраныя лірычныя і публіцыстычныя вершаваныя творы, аднак, што важна, усе яны глыбока душэўныя, шчырыя, нярэдка ў шкоду эстэтыцы, формы. Але сваім самым лепшым творам, які мы згадвалі вышэй, стала повесць «Пути-дороги». Пісаў Вячаслаў Несцярук пераважна на рускай мове, што выглядае цалкам лагічным. Ёсць у паэта вершы і на беларускай мове, адзін з якіх прысвечаны Віктару Гардзею.

Памёр Вячаслаў Іосіфавіч Несцярук 3 кастрычніка 2019 года. Пасля сябе ён як настаўнік і літаратар аставіў добрую памяць і вялікую спадчыну.

Немало дум за жизнь я передумал,
В дорогах растерял немало сил.
На склоне лет не стал холодным и угрюмым,
Любовью к людям я дышал и жил.

Якім чынам увекавечыць памяць аб Вячаславе Іосіфавічу Несяруку ў Вялікіх Круговічах аставім непасрэдна самім кругаўцам. Тым больш варыянтаў для гэта можна прыдумаць шмат, тут усё залежыць ад жаданняў і магчымасцяў саміх мясцовых жыхароў і не толькі.

Артур Бартэльс

Амаль ва ўсіх энцыклапедычных выданнях і не толькі месцам нараджэння беларуска-польскага паэта-песенніка, сатырыка, карыкатурыста, ілюстратара і камедыёграфа Артура Бартэльса лічыцца горад Вільня. Але дзякуючы даследванням Анатоля Віктаравіча Трафімчыка апошнія некалькі гадоў усё часцей месцам нараджэння Артура Бартэльса пачаў згадвацца зусім іншы населены пункт. Падчас краязнаўчых росшукаў Анатолю Віктаравічу выпадкова трапілася пад увагу выданне — польскамоўны часопіс «Łowiec», што выходзіў з 1878 года ў горадзе Львоў — у ім у адным з нумароў за аўтарствам Артура Бартэльса была надрукавана паэма пад назваю «Дзяніскавічы». А ўжо ў самім выданні пазначана месца і час напісання — Дзяніскавічы, люты 1862 года.

Артур Бартэльс

Непасрэдна ў паэме аўтар прызнаецца, што месцам яго нараджэння з’яўляюцца менавіта Дзяніскавічы, а ў яго жылах цячэ «найсапраўднейшая i вельмі старая княская кроў». Бацькамі яго лічыцца памешчыцкая пара — Людвік Бартэльс i Канстанцыя Заблоцкая, але пэўная частка даследчыкаў схіляецца да таго, што ён з’яўляецца пазашлюбным сынам князя Льва Радзівіла.

Нарадзіўся Артур Бартэльс 30 жніўня ці (хутчэй) 13 кастрычніка 1818 года. Як ён сам узгадвае, першыя гады пасля з’яўлення на свет ён правёў менавіта ў Дзяніскавічах. Артур Бартэльс атрымаў добрую адукацыю. У 1830-я гады ён навучаўся ў ваяводскай Варшаўскай гіманазіі, пасля сканчэння якой была вучоба ў Пецярбургу і Парыжы. Далей — вяртанне на радзіму, дзе ён займаўся гаспадарствам — служыў упраўляючым вялікіх уладанняў беларускіх магнатаў Тышкевічаў, з якімі меў сваяцкія адносіны. У сяброўскім асяроддзі ён быў вядомы як заўзяты паляўнічы, майстар малявання, аматар паэзіі і музыкі. Як узгадвае Анатоль Трафімчык: «Апошні з указаных талентаў — эстраднага музыкі і выканаўца шансону (у нармальным значэнні гэтага жанру) — прынёс Артуру Бартэльсу прыжыццёвую славу і… спрычыніўся да забыцця пра творцу пасля яго сыходу ў лепшы свет… Нават не дапамог факт прыняцця верша "A tu jest Warszawaу" якасці нефармальнага гімна Варшавы пасля зруйнавання горада напрыканцы Другой сусветнай вайны».

Што тычыцца пісьмовай спадчыны Артура Бартэльса то гэта чатыры паэмы: «Дзяніскавічы», «Палескі тыдзень», «Зімовыя ловы на Літве» і «Летнія ды асеннія паляванні», 40 вершаў зборніка «Песні і сатыры», які выйшаў пасля смерці аўтара, у 1888 годзе, сем п’ес, пяць нарысаў пра паляванне на Літве — «Пра баброў на Літве», «Пра мядзведзей на Літве», «Пра літоўскіх ваўкоў і паляванні на іх», «Некалькі слоў пра Палессе, Палешуках і паляванні» і «Князь ваявода Тракайскі». Хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе будуць знойдзены і публіцыстычныя допісы. Захаваліся таксама тры альбомы графічных малюнкаў, сюжэтна складзеныя і дапоўненыя дасціпнымі каментарыямі — своеасаблівы графічны раман, а таксама адзін альбом каляровых малюнкаў «Літоўскія тыпы».

Як прадстаўнік ліцвінскай шляхты ў выбары мовы для сваёй творчасці Артур Бартэльс быў не арыгінальны — польская, запісаў па-беларуску ў яго не выяўлена. Аднак творца не лічыў сябе палякам, ён неаднаразова праяўляў сваю прыналежнасць да ліцвінскага народа. Трэба адзначыць, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя ліцвінская свядомасць пачала трансфармавацца ў беларускую. Можна з упэўненасцю меркаваць, што Артур Бартэльс валодаў беларускаю моваю. На прыкладзе паэмы «Дзяніскавічы» — гэта добра бачна, хоць твор і напісаны на польскай, але пэўныя элементы выдаюць тое, што паэт шмат думаў па-беларуску.

Артур Бартэльс быў удзельнікам паўстання Кастуся Каліноўскага і каб пазбегнуць пакарання з Бацькаўшчыны пераязджае ў Варшаву. З 1875 па 1878 гады ён жыве ў Рызе. Апошнім месцажыхарствам Артура Бартэльса стаў Кракаў, дзе ён памёр 23 снежня 1885 года і пахаваны на мясцовых Ракавіцкіх могілках. Аб прамых нашчадках — дзеці, нічога не вядома, з вялікай долі верагоднасці можна меркаваць, што іх не было.

Помнік на магіле Артура Бартэльса на Ракавіцкіх могілках у горадзе Кракаў (Польшча). Аўтар фота – кандыдат філалагічных навук, даследчык польскай літаратуры, перакладчык Серж Мінскевіч, 2018 год

Пераклад паэмы «Дзяніскавічы» на беларускую мову быў выкананы Віктарам Канстанцінавічам Гардзеем. У 2018 годзе да 200-годдзя з дня нараджэння Артура Бартэльса дадзеная паэма была выдадзена асобнаю кнігаю, у выданні надрукаваны два яе варыянты: на мове арыгіналу — польская, а таксама на беларускай. Трэба адзначыць, што Віктар Канстанцінавіч не спыніўся на перакладзе аднаго твору Артура Бартэльса. Хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе свет пабачыць і пераклад яшчэ адной паэмы — «Палескі тыдзень».

Памяць пра Артура Бартэльса варта ўвекавечыць непасрэдна ў саміх Дзяніскавічах і для гэтага можна выбраць адразу некалькі варыянтаў. Напрыклад, у сценах гісторыка-краязнаўчага музея мясцовай школы размясціць адпаведную тэматычную вітрыну, а на адным з адміністрацыйных будынкаў, напрыклад сельвыканкам, можа з’явіцца памятная шыльда аб знакамітым земляку.
Катэгорыя: Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна | Дабавіў: vitalis (30.11.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 450 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Ганцавіцкі раён, Вячаслаў Несцярук, Ганцавічы, Вялікія Круговічы, Артур Бартэльс, Дзяніскавічы | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.