Субота, 20.04.2024, 03:39

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна

Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна: падарожжа трэцяе — Аляксандр Сержпутоўскі, Алесь Каско
Мы прадаўжаем з вамі сваё падарожжа ў рамках праекта «Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна». На гэты раз мы адправімся на самы ўсход нашага багатага на літаратурныя таленты края, дзе наведаем былы хутар, цяпер — лясное ўрочышча Шарпутоўшчына, тут свае дзіцячыя гады правёў Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі, а таксама вёску Чудзін — малая радзіма Алеся (Аляксандра) Канстанцінавіча Каско.

Алесь Каско і Аляксандр Сержпутоўскі

Аляксандр Сержпутоўскі

Самая ўсходняя кропка нашага падарожжа — лясное ўрочышча Шарпутоўшчына, яно размяшчаецца паміж вёскамі Чудзін і Пярэвалакі, тут летам 2003 года ўстаноўлены памятны знак знакамітаму беларускаму фалькларысту, этнографу, мовазнаўцу і публіцысту Аляксандру Казіміравічу Сержпутоўскаму. На гэтым месцы пэўны час размяшчаўся хутар, на які з вёскі Бялевічы Слуцкага павета на стыку 1864—1865 гадоў пераехалі бацькі Аляксандра Казіміравіча, на той час яму было толькі сем месяцаў, а дата нараджэння — 21 чэрвеня 1864 года. Тут у лясной глухамані Слуцкага Палесся на беразе маляўнічай ракі Лань, якая працякала побач з хутарам, і прайшлі дзіцячыя гады Аляксандра Сержпутоўскага.

У 1880 годзе юнак закончыў народнае вучылішча ў мястэчку Вызна, зараз гэта гарадскі пасёлак Чырвоная Слабада Салігорскага раёна і паспяхова здаў экзамены ў падрыхтоўчы клас Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Аднак з-за таго, што да будучых семінарыстаў прад’яўляліся даволі жорсткія патрабаванні не толькі ў плане ведаў, але і здароўя Аляксандр Сержпутоўскі вярнуўся дамоў ні з чым. Ня гледзячы на адмову, юнак ад свайго вырашыў не адступаць і на другі год зноў падаўся ў Нясвіж, на гэты раз яго прынялі ў семінарысты.

Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі

Пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі першым месцам яго працы ў 1884 годзе стала Лучыцкае народнае вучылішча ў Мазырскім павеце. Тут у маладога настаўніка з’явілася жаданне запісаць мясцовыя абрады, занатаваць узоры вусна-паэтычнай творчасці. Пазней Аляксандр Казіміравіч прызнаваўся: «Жывучы доўгі час на Палессі і маючы непасрэдныя кантакты з народам, мне ўдалося далучыцца да ўсіх бакоў яго жыцця. Такім чынам, я рабіў свае назіранні, пры любой магчымасці знаёміўся з рознымі прымхамі, забабонамі, якімі так багатыя жыхары гэтага кутка Беларусі». Яго першы нарыс «Голас з глушы» быў надрукаваны ў «Минских губернских ведомостях» у 1891 годзе. У выніку ў гэтай газеце Аляксандр Сержпутоўскі апублікаваў іх звыш дваццаці.

У 1893 годзе ён пераяжджае ў Мінск, дзе працуе ў мясцовым аддзяленні сялянскага пазямельнага банка і паштова-тэлеграфным ведамстве. 1896 год адзначаны чарговым пераездам на гэты раз у Пецярбург, дзе Аляксандр Казіміравіч уладкаваўся на працу ў Галоўпаштамт. Тут ён сваю работу спалучаў з вучобай у археалагічным інстытуце, які закончыў у 1904 годзе і вышэйшых юрыдычных курсах.

Навуковая дзейнасць Аляксандра Казіміравіча пачалася з 1906 года, калі ён пачаў працаваць рэгістратарам этнаграфічнага аддзела Рускага музея. У названай навуковай установе Сержпутоўскі працаваў ажно да 1930 года. З гэтага ж часу пачынаецца публікацыя яго шматлікіх навуковых работ, пэўная частка з якіх была пабудавана на аснове матэрыялаў з экспедыцый, што праводзіліся па населеных пунктах, якія цяпер знаходзяцца ў межах сучаснага Ганцавіцкага раёна.

Адной з цэнтральных работ Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага з’яўляецца кніга «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» — вынік шматгадовай збіральніцкай дзейнасці вучонага. У ёй змешчана 2275 тэкстаў, якія запісаны пераважна ў вёсцы Чудзін. Нельга абыйсці і грунтоўную мовазнаўчую працу «Граматычны нарыс беларускай гаворкі вёскі Чудзін Слуцкага павета Мінскай губерні». У гэтым жа населеным пункце Аляксандр Сержпутоўскі запісаў нямала народных казак, якія сёння сталі хрэстаматыйнымі, а таксама адкрыў свету казачнікаў: Дудара, Рэдкага, Матруну Бахмачыху, Данілу Куляша. Творы гэтых казачнікаў, а таксама іншыя казкі, легенды, паданні склалі два вялікія зборнікі «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў», «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета». Асобнай увагі варты «Сшытак для нататкаў», яго Аляксандр Казіміравіч вёў пад час паездкі па беларускаму Палессю ў 1906 годзе, у ім апісаны вёскі Агарэвічы, Шашкі, Круговічы, Дзяніскавічы, Чудзін, Гаўрыльчыцы.

Пераважная большасць архіваў Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага, а гэта сапраўдная скарбніца нашай беларускай культуры, захоўваюцца ў Санкт-Пецярбургу. Яны вартыя больш дасканалага вывучэння, апрацоўцы і публікацыі, для таго каб як мага больш шырокае кола людзей мела магчымасць для азнаямлення з імі.

Памёр Аляксандр Сержпутоўскі 5 сакавіка 1940 года, дакладнае месца пахавання яго ў Санкт-Пецярбургу па сённяшні дзень не ўстаноўлена.

Памятны знак ва ўрочышчы Шарпутоўчына

У дабаўку да памятнага знака, што ўстаноўлены ва ўрочышчы Шарпутоўшчына, у вёсцы Пярэвалакі адна з вуліц носіць імя Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага.

Алесь Каско

Зусім побач з урочышчам Шарпутоўшчына на другім беразе ракі Лань размяшчаецца вёска Чудзін, дзе 10 снежня 1951 года ў шматдзетнай сям’і нарадзіўся паэт, журналіст, перакладчык і грамадскі дзеяч Алесь (Аляксандр) Канстанцінавіч Каско, які на стыку 1980—1990-х гадоў быў адным з стваральнікаў і лідэраў беларускага адраджэнскага руху ў Брэсцкай вобласці.

Па прызнанні самога Алеся Каско, ён толькі ў 28 гадоў ад таты Канстанціна Рыгоравіча даведаўся, што іх сапраўднае прозвішча Казка. Таксама па словах Алеся Канстанцінавіча інфармацыя, што ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і — напалавіну праўда. Мама — Ксенія Васільеўна — была адной з першых дзвюх у вёсцы камсамолкаю і трактарысткаю, з-за чаго ў вайну хавалася ад немцаў і паліцаяў. Перажыўшы ваеннае ліхалецце, яна працавала ў калгасе, нарадзіла пяцярых дачок і чатырох сыноў, шасцярых дзяцей выгадавала… Тата — Канстанцін Рыгоравіч — быў на ўсе рукі майстар. У дзяцінстве з-за малазямелля бацькоў быў пастухом, пасля шаўцом, ці як казалі ў самім Чудзіне «сапожнікам». Алесь Каско ўспамінаў: «Шыць боты прыязджалі да яго і з Ганцавіч, і са Слуцка, але ён яшчэ і сталяр, і цясляр, і садоўнік, і пчаляр, і кравец, і ў краме прадавец, і калгасны брыгадзір, і шорнік, і нават мастак (шорнікам і мастаком зрабіўся ў сталінскім лагеры напачатку 1950-х гадоў)».

Алесь (Аляксандр) Канстанцінавіч Каско. Аўтар фота - Алесь Паплаўскі

Аляксандр Канстанцінавіч нарадзіўся і вырас на ўскрайку вёскі, дзе побач з «…гушчэзным, грыбным і ягадным, борам, паводкаю Лані, што ўвесну зрывала маснічыны ў хаце…» і прайшлі яго дзіцячыя гады. Калі Алесь Каско навучаўся ў школе, ужо вядомы тады Мікола Купрэеў, які працаваў на пасадзе завуча ў Чудзіне, даў яму кароткую і ёмістую характарыстыку: «…чалавека з цябе не будзе…». Літаратурны дэбют адбыўся ў выпускным дзесятым класе ў 1968 годзе вершам «Пралескі», што быў дароблены Віктарам Гардзеем і надрукаваны ў ганцавіцкай раёнцы «Савецкае Палессе». Пасля, з перарывам на двухгадовую службу ў арміі і працу ў школах, была вучоба на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута. У той час на розных курсах тут навучаліся Мікола Пракаповіч, Алесь Разанаў, Васіль Жуковіч, Алесь Зайка.

Стаўшы студэнтам, Алесь Каско далучыўся да літаратурнага жыцця і пачаў актыўна наведваць не толькі інстытуцкі літаратурны гурток, але і абласное літаб’яднанне. Знаёмства з выдатным пісьменнікам і падагогам Уладзімірам Калеснікам, які падтрымаў і дапамог развіць яму творчыя здольнасці, моцна паўплывала на маладога паэта. Значнай падзеяй у жыцці Алеся Каско стала паездка на Рэспубліканскі семінар маладых літаратараў у 1974 годзе.

Пасля сканчэння інстытута з 1976 па 1984 гады была праца ў Жабінкаўскай раённай газеце «Сельская праўда», з 1984 па 1991 гады — рэдактарам на Брэсцкай абласной студыі тэлебачання. У 1984 годзе Алесь Каско быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а з 1991 года ўзначальваў Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе заснаваў серыю паэтычных аўтарскіх кніжак «Берасцейскае вогнішча». Пры ўдзеле Алеся Канстанцінавіча ў Брэсце ў 1995 годзе пасмяротна пабачыла свет кніга Васіля Праскурава «Наўсцяж вясковай вуліцы». У 2007 годзе ён вярнуўся ў Жабінку, дзе працягнуў працаваць у мясцовай газеце «Сельская праўда» і паралельна кіраваў літаратурнай студыяй «Вестка» пры мясцовай раённай дзіцячай бібліятэцы.

Пяру Алеся Каско належаць амаль з дзесятак зборнікаў вершаў, за адзін з якіх — «Час прысутнасці» — аўтар у 1995 годзе стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. У 2001 годзе Алесь Канстанцінавіч стаў першым уладальнікам Брэсцкай мядовай літаратурнай прэміі, якую заснаваў пружанскі паэт-пчаляр Мікола Папека. А за калектыўны паэтычны зборнік вершаў «Трохперсце» ў 2008 годзе ў кампаніі з Міколам Пракаповічам і Міхасём Рудкоўскім стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка. Для дзіцячай аўдыторыі ў 2001 годзе падрыхтаваны зборнік народных казак пад назваю «Чыстага ўсё нячыстае баіцца», які быў сабраны ў вёсцы Чудзін, а таксама кніжка вершаў і казак «Два сонцы», што пабачыла свет у 2004 годзе.

Алесь Каско пайшоў з жыцця 26 лістапада 2018 года, праз два тыдні яму б споўнілася 66 гадоў. Не стала Паэта, але пасля яго засталася вялікая спадчына, у якой адметнае месца займе родны Чудзін…

Калі не цуд, што мой выток, мой Чудзін – 
палескіх казак даўні чарадзей,
што першы зруб, прагнаўшы ўсіх чарцей,
паставіў ён на непадступным грудзе…

Калі не ўлічваць узгадванне Алеся Каско на Алеі пісьменства ў горадзе Ганцавічы і невялікай экспазіцыі ў музеі Чудзінскай сярэдняй школы, то ў плане ўшанавання памяці земляка-літаратара ёсць куды працаваць. Хочацца спадзявацца, а такія планы ўжо ёсць, вуліца, на якой знаходзіцца дом, дзе нарадзіўся і вырас Алесь Каско, будзе названа яго імем, а непасрэдна на самім доме з’явіцца годная мемарыяльная дошка.
Катэгорыя: Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна | Дабавіў: vitalis (09.10.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 542 | Тэгі: Ганцавіцкі раён, Пярэвалакі, Літаратурная Ганцаўшчына, Ганцавічы, Алесь Каско, Аляксандр Сержпутоўскі, Чудзін | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.