Чацвер, 02.05.2024, 00:43

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Музейны архіў

Другі год акцыі «Дар музею»
Другі год запар Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей праводзіць акцыю «Дар музею». Гэтым артыкулам хацелася б падвесці пад ёй своеасаблівую выніковую рысу. Сама акцыя стала рэгулярнай і, што саме прыемнае, — пазнавальнай.

У яе з’явіліся пастаянныя ўдзельнікі, якія штогод прыносяць у музей цікавыя рэчы і даюць ім другое жыццё. І ў гэтым артыкуле хочацца падзякаваць усім тым, хто прымаў у ёй удзел, а таксама планіруе прымаць і надалей.

Самавар, які быў выраблены на самаварный фабрыцы «Первая кооперативная артель» у горадзе Тула

Ці не самы адметны прадмет, што патрапіў у фонды музея ў мінулым, 2021 годзе — самавар, які быў выраблены на самаварный фабрыцы «Первая кооперативная артель» у горадзе Тула. Перыяд яго стварэння — 1920-я гады, калі разнастайныя кааператыўныя арцелі прыйшлі на змену шматлікім прыватным прадпрыемствам часоў Расійскай імперыі. Такі шыкоўны падарунак музею зрабіў ганцаўчанін Мікалай Адамавіч Чабатарэнка. Акрамя таго, ён перадаў і два каталіцкія малітоўнікі на польскай мове.

Каталіцкія малітоўнікі

Мікалай Адамавіч аддаў у музей таксама два старыжытныя абразы, зараз яны знаходдзяцца на часовым захаванні. Вырашаецца пытанне мэтазгоднасці правядзення рэстаўрацыйных работ па іх захаванні ў належным стане.

Былі ў мінулым годзе паступленні і ў археалагічную калекцыю. Найбольш значны ўнёсак па колькасці належыць ганцаўчаніну Алегу Мікалаевічу Кораню, які перадаў у музей чатырнаццаць крамянёвых і каменных артэфактаў: плітка шліфавальная, пласціны, нуклеусы, сколы і адшчэп. Знойдзены яны былі паблізу ад вёскі Агарэвічы, а таксама ў лясным урочышчы Качайка на паўднёвы захад ад горада Ганцавічы.

Археалагічныя знаходкі ганцаўчаніна Алега Мікалаевіча Кораня

Жыхар вёскі Любашава Сяргей Рыгоравіч Підліпны падарыў музею металічную сякеру, якая па сваёй тыпалогіі адносіцца да баявых. Датыроўка пераважнай большасці падобных сякераў, што былі знойдзены на тэрыторыі Беларусі — сярэдзіна-другая палова першага тысячагодзя нашай эры. Але ёсць асобныя экзэмпляры, якія выкарыстоўваліся і ў XI стагоддзі, аб гэтым сведчаць і літоўскія археолагі. Сякера была знойдзена па поўдзень ад дарогі з вёскі Любашава на Сукач.

Металічная баявая сякера, што была знойдзена паміж вёскамі Любашава і Сукач

На сённяшні дзень у рамках супрацоўніцтва з Гродзенскім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі яна экспануецца ў выстаўцы «Эвалюцыя ўзбраення: ад першабытнасці да сярэдневечча», якая распавядае наведвальнікам нетрывіальную гісторыю ўзбраення на тэрыторыі Беларусі ад яе з’яўлення і да распаўсюджвання агнястрэльнай зброі. Пасля заканчэння выстаўкі ў Гродна, сякера вернецца ў Ганцавічы і зойме сваё месца ў пастаянаннай экспазіцыі Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея.

У ліпені 2021 года аўтар гэтага артыкула разам з археолагамі Аляксандрам Дзмітрыевічам Гаршковым і Аленай Фёдараўнай Касюк выязджалі на месца знаходкі ў пошуках аналагічных артэфактаў. Пошукі ў гэтым накірунку плёну не прынеслі, але былі праведзены археалагічныя даследванні ў выніку якіх на адносна невялікай плошчы толькі на паверхні былі знойдзены 25 разнастайных крамянёвых прыладаў. Пасля працэдуры апісання яны таксама папоўняць адпаведную калекцыю нашага музея, але і зараз можна смела сцвярджаць, што адкрыты новы археалагічны аб’ект перыяду неаліта.

Былі паступленні і ў калекцыю этнаграфіі. Здатчыкамі тут выступілі ганцаўчанкі Надзея Мікалаеўна Паніна і Валянціна Мікалаеўна Пічыц. Дзякуючы ім, музей атрымаў змястоўнае папаўненне сурвэткамі, тканымі рушнікамі, карункамі, вышытымі палавікамі і яшчэ шмат чым цікавым. Усё гэтае багацце свамі рукамі стварылі і аставілі для нашчадкаў майстырцы Феадосія Сцяпанаўная Ярашэвіч з вёскі Хатынічы і Сафія Васільеўна Рабцэвіч з вёскі Раздзялавічы.

У пачатку мінулагодняга лістапада ў музей па пошце прыйшоў нечаканы, але вельмі прыемны ліст. Жыхарка горада Мінска Паліна Рыгораўна Стрыжонак даслала дваццаць фотаздымкаў з сямейнага архіва з гісторыі Ганцавіцкага педагагічнага вучылішча. Частка з іх дубліравала тыя, што ўжо маюцца ў фондах нашага музея, але восем з дасланых аказаліся ўнікальнымі.

Трэці выпуск Ганцавіцкага педагагічнага вучылішча

У самім лісце Паліна Рыгораўна растлумачыла, што з’яўляецца дачкою Рыгора Рыгоравіча Стрыжонка, які працаваў дырэктарам вучылішча фактычна ўвесь час яго існавання з 1945 па 1954 гады. Сам ён родам з Віцебскай вобласці з гарадскога пасёлка Ушачы. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Рыгоравіч скончыў педагагічны інстытут па спецыяльнасці настаўнік гісторыі. У самым пачатку вайны ён служыў у кавалерыі, пасля чаго стаў удзельнікам партызанскай барацьбы на тэрыторыі Беларусі, атрымаў шматлікія ўзнагароды. Пасля вызвалення Рыгор Рыгоравіч працаваў у ўрадзе БССР. З 1945 года ён узначаліў Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча. Памёр у жніўні 1956 года пасля цяжкай хваробы — лейкіміі.

На сённяшні дзень у фондах Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея знаходзіцца не так шмат дакументаў аб педагагічным вучылішчы, як хацелася б. Можна смела меркаваць, што вялікі іх пласт захоўваеццца ў занальных дзяржаўных архівах гарадоў Баранавічы і Пінска. Безумоўна, гэтая тэма вартая вывучэння.

У верасні на сайце музея распачала працу віртуальная выстаўка «Гісторыя Дня беларускага пісьменства ў паштовых канвертах». У ёй коратка расказваецца аб самім свяце, якое ўзнікла ў 1994 годзе і 3—4 верасня 2011 года прайшло ў горадзе Ганцавічы. На сённяшні момант у выстаўцы прадстаўлена дваццаць паштовых канвертаў, на большай частцы якіх маюцца штампы першага дня гашэння. Трапілі яны да нас ад прыватных калекцыянераў з усёй тэрыторыі Беларусі. Выстаўка будзе папаўняцца прадметамі і далей, тым больш бліжэйшы Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў горадзе Добруш Гомельскай вобласці.

Паштовыя канверты да Дня беларускага пісьменства

Трэба адзначыць, што вялікую карысць для папаўнення фондаў аказвае і дадзеная серыя артыкулаў «Музейны архіў», што друкуецца ў газеце «Савецкае Палессе». Напрыклад, у верасні мінулага года быў апублікаваны артыкул «Гісторыя брытвы: ад небяспечнай да электрычнай». Пасля яго выхаду і да заканчэння 2021 года ганцаўчане прынеслі адразу дванаццаць разнастайных прыладаў для галення, сярод якіх пераважную большасць складаюць электрычныя брытвы часоў СССР. У гэтым пераліку варта выдзяліць дзве брытвы Харкаўскага завода электраапаратуры, якія людзям сталага пакалення вядомы пад назвай «Эхо» — «Харьков-1» и «Харьков-6».

«Харьков-1» — першая распрацаваная на дадзеным прадпрыемстве мадэль элекатрабыртвы і, што з’яўляецца даволі распаўсюджанай з’явай у часы СССР, яна — поўны аналаг брытвы «Москва». Канструкцыйна яны былі даволі простыя: электрабрытвы са спаранымі дыскавымі нажамі, што цвёрда ўстаўляліся ў брыючай галоўцы. Электрарухавік у іх быў разлічаны на напружанне ў 127 вольт, а пры працы ад сеткі ў 220 вольт падключаўся рэзістар, што размяўшчаўся ў «тоўстай» вілцы, якая ў выніку моцна награвалася. Асноўнае адрозненне «Харькова-6» ад сваіх папярэднікаў — «плаваючая» ўсталёўка дыскавых нажоў, што забяспечвалі добрае прыляганне і галенне цяжкадаступных месцаў твару.

Электрычныя брытвы «Харьков-1» і «Харьков-6»

Акцыя «Дар музею» прадоўжыцца і ў 2022 годзе. Мы ўпэўнены, што яна будзе мець поспех і далей. У сувязі з гэтым праз дадзены артыкул хочацца звярнуцца да чытачоў: мы будзем рады бачыць вас у музеі не толькі ў якасці наведвальнікаў, але і ў якасці здатчыкаў. Давайце ствараць і захоўваць гісторыю разам!
Катэгорыя: Музейны архіў | Дабавіў: vitalis (05.02.2022) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 698 | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.