Чацвер, 28.03.2024, 20:43

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Музейны архіў

Калі фотаапараты былі стужкавымі
Трэці матэрыял з рубрыкі «Музейны архіў» будзе прысвечаны калекцыі «Рэчавая», якая з’яўляецца як адной з найбольш буйнейшых па колькасці прадстаўленых прадметаў у фондах Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея, так і ці не самай каштоўнай.

Пад адной агульнай назвай у ёй сабраныя матэрыялы рознай тэматычнай напраўленасці. Тут знайшлося месца прадметам этнаграфіі, рэчам, што належалі вядомым асобам, спартыўным узнагародам, вопратцы, ёсць таксама прадметы, якія расказваюць пра гісторыю развіцця тэхнікі і яшчэ шмат чаго іншага.

Асобны раздзел у калекцыі «Рэчавая» адведзены пад фотаапараты, агульная колькасць якіх у фондах музея невялікая — усяго 10 штук, але ці не кожны з іх мае сваю адметную гісторыю. Перыядызацыя іх стварэння — другая палова ХХ стагоддзя і пераважная большасць з іх з’яўляюцца стужкавымі.

На сённяшні дзень ці не ў кожнага з нас ёсць мабільныя гаджэты, што дазваляюць рабіць не толькі фота, але і відэа. Лічбавыя тэхналогіі ўвайшлі ў наша жыццё на пастаяннай аснове і мы цяпер яго фактычна не ўяўляем іншым. Але яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму назад амаль у кожнай сям’і былі стужкавыя фотаапараты самай простай канструкцыі. А да таго, ў другой палове дваццатага стагоддзя, і ўвогуле фотаапараты лічыліся ледзь ці не прадметам дастатка. Цяпер жа стужкавымі фотаапарамі карыстаюцца толькі аматары такой справы, якія аб’ядноўваюцца ў свае творчыя саюзы.

Ці не самым адметным і каштоўным з усёй невялікай калекцыі з’яўляецца фотаапарат «Зоркий-С». Яго асаблівасць у тым, што ён хоць і далёкі, але нашчадак знакамітай нямецкай камеры «Leica II». Аўтар дадзенага фотаапарата — інжэнер-метролаг Оскар Барнак. Першы выпуск «Leica II» адбыўся ў 1932 годзе.

Легендарны фотаапарат «Зоркий-С»

А ўжо ў 1934 годзе копію дадзенага фотаапарата пачалі вырабляць у Харкаве на заводзе працакамуны імя Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага, адсюль ён і атрымаў сваю назву «ФЭД». Пасля Вялікай Айчыннай вайны ўся тэхнічная дакументацыя была перададзена на Краснагорскі механічны завод, дзе з 1948 года ён пачаў сваё другое жыццё пад назваю «Зоркий». У 1955 годзе на яго аснове быў распрацаваны фотаапарат «Зоркий-С», ад папярэдніка яго адрознівала наяўнасць сінхракантакта, які дазваляў пры націсканні спуска затвора адначасовае спрацоўванне ўспышкі. Фотаапарат «Зоркий-С» выпускаўся па 1958 год, агульная яго колькасць дасягнула 472702 экзэмпляра.

Асаблівае месца ў дадзеным раздзеле калекцыі «Рэчавая» займае фотаапарат «Зенит-Е». Так, ён з’яўляецца самым масавым у свеце аднааб’ектыўным малафарматным фотаапаратам, але цікава ў ім і іншае. Дадзены фотаапарат належаў ураджэнцу вёскі Гута знакамітаму паэту, пісьменніку і журналісту Івану Аляксандравічу Кірэйчыку. У фонды музея пад час святкавання юбілейнай даты з дня нараджэння Івана Аляксандравіча ў сакавіку 2010 года перадала яго жонка Вера Фёдараўна.

Фотаапарат «Зенит-Е», які належаў Івану Аляксандравічу Кірэйчыку

Сам жа фотаапарат «Зенит-Е» быў распрацаваны на Краснагорскім механічным заводзе і выпускаўся там з 1965 па 1982 гады. Пазней з 1973 па 1986 гады яго выраблялі і на Оптыка-механічным заводзе ў Вілейцы. Трэба адзначыць, што агульная колькасць адзінак выпушчаных фотаапаратаў «Зенит-Е» дасягнула лічбы ў восем мільёнаў, большасць з каторых маюць месцам свайго нараджэння менавіта горад Вілейку. Згодна з адзнакаю на ніжняй частцы фотаапарата, які належаў Івану Аляксандравічу Кірэйчыку, ён таксама быў зроблены на беларускім прадпрыемстве.

Цікавы і той факт, што па неафіцыйнай версіі індэкс «Е» фотаапарату быў прысвоены ў гонар дырэктара Краснагорскага механічнага завода Мікалая Міхайлавіча Ягорава (Егорова — русс.), што кіраваў дадзеным прадпрыемствам з 1953 па 1965 гады.

Знайшлося месца ў фондах музея і прадстаўніку Кнігі рэкордаў Гінэса — фотаапарат «Смена-8М». З’яўленне яго ў гэтым аўтарытэтным сусветным выданні зусім невыпадковае. Справа ў тым, што ён — самы масавы фотаапарат планеты: разам з папярэдняю мадыфікацыяю «Смена-8» іх агульны сумарны выпуск з 1970 па 1995 гады ўключна склаў 21041191 экзэмпляраў! Выпускаўся ён на Ленінградскім оптыка-механічным аб’яднанні і ў рознічным гандлі ў савецкі час яго кошт складаў усяго 15 рублёў — ці не галоўная прычына вялікага попыту. Але і сёння дадзены фотаапарат за сваю лёгкасць, невялікую патрабавальнасць, дастатковую функцыянальнасць і прастату рамонту карыстаецца папулярнасцю ў аматараў плёнкавай фатаграфіі.

Прадстаўнік Кнігі рэкордаў Гінэса — фотаапарат «Смена-8М» і яго нашчадак — «Смена-35»

На змену легендарнаму фотаапарату «Смена-8М» у 1990 годзе прыйшла «Смена-35». Ад папярэдніка знешне дадзеную камеру адрозніваў новы пластыкавы корпус, што дазволіла стварыць больш сучасны дызайн.

Яшчэ ў фондах музея ёсць фотаапарат «Электра-112». Ён з 1980 па 1984 гады выпускаўся на тым жа Ленінградскім оптыка-механічным аб’яднанні. Усяго ён быў выраблены ў колькасці 22800 экзэмпляраў, што з’яўляецца малою лічбаю. Прычына гэтага — невялікі попыт сярод насельніцтва, які быў выкліканы вялікім коштам — 160 рублёў. Трэба адзначыць, што фактычна поўны аналаг дадзенага фотаапарата, але пад назваю «Силуэт-автомат» з 1977 па 1984 гады вырабляўся ў БССР на Беларускім оптыка-механічным аб’яднанні. Але і ён не радаваў патэнцыйных пакупнікоў сваім коштам, на пачатку 1980-х гадоў яго можна было набыць за 140 рублёў, а ўжо ў сярэдзіне тых жа 1980-х — за 95 рублёў.

Фотаапараты «Вилия» і «Электра-112»

Беларускім оптыка-механічным аб’яднаннем, а менавіта яго падраздзяленнем у горадзе Вілейцы, доўгі час з 1974 па 1985 гады выпускаўся фотаапарат «Вилия». Ён з’яўляеца другой мадэлью з аднайменнага ўніфікаванага сямейства, ў межах якога выпускаліся чатыры віды фотаапаратаў: непасрэдна — «Вилия», «Вилия-авто», «Силуэт-электро» і «Орион-ЕЕ». Усе яны маюць аднолькавы корпус і аб’ектыў, а адрозніваюцца толькі варыянтам устаноўкі экспазіцыі. Усяго фотаапаратаў «Вилия-авто» и «Вилия» было выраблена каля трох мільёнаў экзэмпляраў.

У 1980—1990-я гады сярод насельніцтва было модным мець у асабістым карыстанні фотаапарат амерыканскага вытворцы «Polaroid». Папулярнасць якога была выклікана прастатою выкарыстання, ён дазваляў атрымліваць фатаграфіі нават не ведаючы тэарытычнай асновы дадзенага працэса, да гэтага дабаўлялася магчымасць атрымаць каляровыя фатаграфіі ўжо ў працэсе здымкаў. Для задавальнення вялікага попыта фотаапарат «Polaroid 636 Closeup», які маецца ў фондах музея, па ліцэнзіі кампаніі выпускаўся ў СССР на сумесным прадпрыемстве «Светозар», што праіснавала з 1989 года па другую палову 1990-х гадоў. Што яшчэ цікава, то камплектуючыя для гэтага фотаапарата выпускаліся на ваенна-абарончых прадпрыемствах СССР.

Фотаапараты «Polaroid Spice 600» і «Polaroid 636 Closeup»

Акрамя гэтага зусім нядаўна ў музей быў перададзены фотаапарат «Polaroid Spice 600». Ён тэхнічна ідэнтычны «Polaroid 600», але мае некалькі візуальных колеравых асаблівасцей і быў выпушчаны дастаткова абмежаванай серыяй. Уся справа ў тым, што яго вытворчасць вялася сумесна з папулярнай у канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў брытанскай дзявоцкай поп-групай «Spice Girls». Дадзены фотаапарат з’яўляецца адзіным, што быў выпушчаны кампаніяй «Polaroid» сумесна з музыкантамі. У якасці прома да выпуску камеры была запушчана рэкламная кампанія і знята некалькі відэаролікаў з удзелам групы «Spice Girls».

Праз краязнаўча-інфармацыйны партал хочацца звярнуцца да ганцаўчан. Мажліва ў вас захоўваюцца як фотаапараты, так і абсталяванне на якім займаліся непасрэдна працэсам праяўкі фотастужкі і вырабам фатаграфій. Будзем вам удзячныя за папаўненне фондаў Ганцавіцкага раённга краязнаўчага музея каштоўнымі прадметамі.
Катэгорыя: Музейны архіў | Дабавіў: vitalis (03.04.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 619 | Тэгі: фотаапарат «Polaroid Spice 600», Ганцавіцкі раён, фотаапарат «Зоркий-С», фотаапарат «Polaroid 636 Closeup», фотаапарат «Электра-112», фотаапарат «Смена-8М», Ганцавічы, фотаапарат, фотаапарат «Зенит-Е», фотаапарат «Вилия», музей | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.