Чацвер, 25.04.2024, 22:27

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Музейны архіў

Прадметы археалогіі ў фондах Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея
Асноўным здабыткам любога музея з’яўляюцца яго фонды. Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей — не выключэнне з гэтага правіла. На сённяшні дзень агульная колькасць прадметаў у фондах музея дасягнула лічбы 7381 адзінка захоўвання.

Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей

Па ступені важнасці ўсе прадметы разбіты на два фонды — асноўны і навукова-дапаможны, якія ў сваю чаргу дзеляцца на адпаведныя калекцыі: «Археалогія», «Дакументы», «Нумізматыка», «Рэчавыя», «Фотаздымкі» і іншыя.

Сёння мы раскажам аб археалагічнай калекцыі. Яна налічвае ўсяго 36 адзінак захоўвання, невялікая колькасць звязана з унікальнасцю кожнага прадмета, а таксама адносна невялікай гісторыяй існавання музея (усяго 23 гады) — апошнія зафіксаваныя раскопкі помнікаў археалогіі на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна праводзіліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза і знойдзеныя прадметы траплялі на захоўванне ў іншыя ўстановы. Пагэтаму на сённяшні час у нас застаецца актуальным пытанне правядзення вялікіх археалагічных даследванняў з здзяйсненнем раскопак. Тым больш, перыядычна з’яўляюцца звесткі пра пашкоджанне помнікаў археалогіі так званымі "чорнымі археолагамі". Напрыклад, у канцы чэрвеня 2014 года былі пашкоджаны больш за дзесятак курганаў з могільнікаў у межах трохкутніка Вялікія КруговічыМалыя КруговічыЯсянец.

Пастаянная экспазіцыя зала «Археалогія» ў Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі

Пераважную большасць археалагічных прадметаў у фонды музея перадаюць людзі, якія знаходзяць іх у розных месцах. Напрыклад, самым старажытным прадметам у фондзе «Археалогія» з’яўляецца фрагмент ростра белемніта. Белемніт — прадстаўнік атрада вымерлых галаваногіх малюскаў з падкласа двухжабравых, якія жылі ў юрскім і мелавым перыядах (200 млн — 66 млн гадоў назад), а ростр — яго задняя завостраная цыліндрычная, канічная ці вераценістая частка з канічным паглыбленнем для ўтрымання задняй часткі фрагмокона (тулава). Яго на будоўлі ў Падмаскоўі знайшоў ганцаўчанін Алег Мікалаевіч Корань, што працаваў там.

Дзякуючы Алегу Мікалаевічу за апошнія некалькі гадоў фонды нашага музея папоўніліся шэрагам цікавых прадметаў: крамянёвыя скрабок, пласціна, нуклеус і трохкутны наканечнік стралы. Асабліва варта выдзяліць каменную сякеру, што ўяўляе сабою нарыхтоўку з каменя для стварэння падобнай прылады. Даўгаватай формы, знешне яна нагадвае ладдзю. Тулава нарыхтоўкі сякеры з вонкавага і ўнутранага боку мае імітацыю ліцейнага шва, якая ў ніжняй частцы выходзіць да ляза. З-за невялікіх памераў, па ўсёй бачнасці, сякера была павінна выкарыстоўвацца ў якасці дзіцячай цацкі. У хуткім часе ўсе гэтыя прадметы зоймуць сваё месца ў пастаяннай экспазіцыі.

Увогуле першым экспанатам, што трапіў у калекцыю «Археалогія» музея, з’яўляецца крамянёвая сякера, якая належыць да сярэдняга альбо позняга этапаў нёманскай неалітычнай культуры — канец 5-га тысячагоддзя да нашай эры—пачатак 2-га тысячагоддзя да нашай эры.

Першы прадмет у археалагічнай калекцыі — крамянёвая сякера, якая была знойдзена непадалёку ад вёскі Будча

Здаў яе жыхар Будчы Фёдар Барысавіч Карпеня. Знойдзена яна была непадалёку ад вёскі ва ўрочышчы Дубовае. Сама сякера мае блізкае да авалу папярэчнае сячэнне, лязо і абушок у ёй закругленыя і завужаныя.

Гэта не адзінкавыя крамянёвыя сякеры, што размяшчаюцца ў пастаяннай экспазіцыі музея. Ёсць яшчэ тры, знойдзеныя паблізу вёскі Лактышы і адна непадалёку ад горада Ганцавічы.

Крамянёвыя сякеры, знойдзеныя паблізу вёскі Лактышы і горада Ганцавічы

У фондах музея таксама маецца два фрагменты біўня маманта, адзін з якіх прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі. Асабліва цікавы лёс апошняга. Трапіў ён у музей у 2004 годзе, здатчыкам фрагмента біўня была Брэсцкая мытня, работнікі гэтага праваахоўнага органа затрымалі і канфіскавалі яго пры незаконным вывазе за межы краіны. Наведвальнікі, асабліва дзеці, якія бачаць яго ў вітрыне, за знешняе падабенства ўвесь час імкнуцца назваць фрагмент біўня "паленам".

Фрагмент біўня маманта

Адным з найбольш цікавых прадметаў у вітрыне «Археалогія» з’яўляецца каменная сякера, яна лічыцца характэрным вырабам неалітычный культуры лейкападобных кубкаў — 3-е тысячагоддзе да нашай эры. Знойдзена яна была непадалёку ад вёскі Малькавічы. Гэтая сякера мае грыбападобны акруглы абушок, пашыранае тулава і амаль дыскападобнае лязо. На сякеры распачата свідраванне, а само тулава з тыльнага боку мае прыплюшчаны ўчастак паверхні. Сякера шліфаваная і гладкая.

Каменная сякера эпохі неалітычный культуры лейкападобных кубкаў — адзіная падобная, знойдзеная на тэрыторыі Беларусі

Падобны тып сякераў упершыню адзначаны на тэрыторыі Беларусі. Бліжэйшыя аналагі вядомы ў Заходняй Украіне (усяго чатыры экзэмпляры) і на тэрыторыі Польшчы.

Таксама ў пастаяннай экспазіцыі размешчаны іншыя каменныя сякеры культуры лейкападобных кубкаў і бронзавага веку (3-е і 2-е тысячагоддзяў да нашай эры).

Каменныя сякеры культуры лейкападобных кубкаў

Калекцыя каменных сякераў эпохі бронзавага веку

Маюцца і дэманструюцца наведвальнікам яшчэ два вырабы з каменю — фрагмент булавы і жалобчатае цясло. Булава — абуховая зброя, якая складаецца з дзяржання (рукаяць) і наверша. Эфект выкарыстання булавы дасягаўся ўзмацненнем ударнага дзеяння за кошт даўжыні рукаяці, якая павялічвала кінетычную энергію зброі. А вось цясло — мірная прылада працы, яна служыла для апрацоўкі драўніны з прымацаваным на канцы рабочым целам, лязо якога размешчана перпендыкулярна дзяржанню. Формай цясло нагадвае матыку, выкарыстоўвалася для выдзёўбвання чаўноў, начовак, ступ і іншых ёмістасцей з дрэва, апрацоўкі паверхні бярвён.

Цікавасць у наведвальнікаў выклікаюць і прылады для здабычы агню — крэсіва і трут. Пры дапамозе металічнага крэсіва з крэменю высякалі іскру, што падпальвала трут — матэрыял, які мог лёгка ўзгарэцца ад іскраў. Асноваю для трута зачастую служыў высушаны грыб-трутавік.

Прылады для высякання агню — крэсіва і трут

Згодна з звесткамі вядомага беларускага археолага Юрыя Уладзіміравіча Кухарэнка паблізу ад Малькавічаў ва ўрочышчы Града ў 1956 годзе ворывам быў разбураны адзін старажытны курган. Некаторыя з знаходак трапілі ў фонды Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Шкляны бранзалет цёмна-фіялетавага колеру, скроневае бронзавае кальцо з прывескамі і сёння ўпрыгожваюць пастаянную экспазіцыю ў абласным музеі. А два гліняныя праселкі (грузік з адтулінай у цэнтры, які надзявалі на верацяно, каб павялічыць інерцыю яго вярчэння) былі вернутыя на малую радзіму і знайшлі сваё месца ў вітрыне «Сярэднявечча».

Сведчаннем таго, што на тэрыторыі сучаснага Ганцавіцкага раёна ў перыяд ранняга сярэднявечча жылі балцкія плямёны, служыць наканечнік кап’я, які быў знойдзены непадалёку ад вёскі Лактышы. Пяро выканана ў форме выцягнутага ромба з нізкаапушчанымі плечыкамі, папярэчнае сячэнне — ромбападобнае. Утулка наканечніка рабрыстая (васьмігранная) і мае дзірку. Найбольш верагодная датыроўка стварэння дадзенага наканечніка — 5—7-я стагоддзі.

Наканечнік кап’я, які быў знойдзена паблізу ад вёскі Лактышы

Праца па напаўненні прадметамі калекцыі «Археалогія» праводзіцца на пастаяннай аснове. Але на сённяшні дзень яна ў першую чаргу залежыць ад актыўнасці наведвальнікаў музея. Пагэтаму праз дадзены артыкул хацелася б звярнуцца да наведвальнікаў сайта: мажліва ў каго з вас захоўваюцца пэўныя археалагічныя артэфакты, якія б маглі стаць упрыгожваннем пастаяннай экспазіцыі Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея. Музей будзе рады прыняць іх ад вас у дар, зробіць дэталёвае навуковае апісанне і дасць ім новае жыццё ў якасці музейнага экспаната. Свае прапановы раім накіроўваць па тэлефоне 8 (01646) 214-51, на электронную пошту gants-museum@tut.by, альбо звяртайцеся наўпрост ў музей.
Катэгорыя: Музейны архіў | Дабавіў: vitalis (20.03.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 805 | Тэгі: археалогія, Будча, Малыя Круговічы, Вялікія Круговічы, Ганцавіцкі раён, Ясянец, музей, Малькавічы, Ганцавічы | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.