КРЫСЮК Феанія Яўстаф’еўнаГалоўная »
КРЫСЮК Феанія Яўстаф’еўна (гады жыцця — 1930—2007) — знакамітая на Ганцавіцкай зямлі ткачыха, вышывальшчыца і вязальшчыца. Нарадзілася ў невялічкай панадланьскай вёсачцы Лахоўшчына, што на Ганцаўшчыне, у сям’і майстравітых людзей. У вялікай сям’і яна была адзінай дзяўчынкай, таму з маленства прыйшлося дапамагаць маці адзяваць сям’ю. З усяго рукадзелля асабліва падабалася ткацтва, вышыўка і вязанне, з якімі яна не разлучалася ўсё жыццё.
Працаваць давялося і ў калгасе, і рабочай у Ганцавіцкім лясгасе, але захапленне рукадзеллем ніколі не пакідала. Пазней, скончыўшы курсы кройкі і шыцця пры Ганцавіцкім Доме культуры, пайшла на працу ў Ганцавіцкі камбінат бытавога абслугоўвання швачкай-вышывальшчыцай.
Публічнага прызнання свайго майстэрства Феанія Крысюк дачакалася ўжо на заслужаным адпачынку, калі з’явілася выдатная магчымасць прысвяціць увесь свой час любімай справе. Яна ткала, вышывала гладдзю і крыжыкам, дасканала валодала тэхнікай вышывання рышэлье ўручную, вязала шыдэлкам — не толькі сурвэткі, але і цэлыя абрусы, пледы, хусткі. Незлічоную колькасць такіх прыгожых рэчаў вырабіла на сваім вяку майстрыха. І ўсё было зроблена акуратна, дасканала. Кожны твор, зроблены рукамі Феаніі Яўстаф’еўны — гэта сапраўдны мастацкі шэдэўр, са сваім сюжэтам і кампазіцыяй, зроблены з густам і невычэрпнай любоўю. Яе вырабы вядомы далёка за межамі нашай краіны. Феанія Крысюк неаднаразова з’яўлялася ўдзельніцай раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў і атрымлівала за сваё майстэрства найвялікшую адзнаку. У 1998 годзе Крысюк Феанія Яўстаф’еўна стала Лаўрэатам усебеларускага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь — мая песня» і атрымала Гран-пры за лепшы традыцыйны беларускі ручнік.
Аўтар: Наталля Білімава Крыніца: Народныя майстры Беларусі / склад.: Я.М. Сахута, А.Ю. Лозка. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2020. — 300 с.
|