Нядзеля, 05.05.2024, 21:34

ЛЕСАХІМІЧНЫЯ ПРОМЫСЛЫ

Галоўная »
ЛЕСАХІМІЧНЫЯ ПРОМЫСЛЫ — вытворчасць вугалю, дзёгцю, смалы, паташу ў выніку сухой перагонкі дрэва. Выпальванне вугалю, гонка смалы, дзёгцю былі пашыраны на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў перыяд Кіеўскай Русі; выраб паташу ўзнік пазней.

Прадукцыя промыслаў задавальняла гаспадарчыя патрэбы мясцовага насельніцтва і экспартавалася праз балтыйскія, а з канца XVIII ст. і чарнаморскія порты. Смалу выкарыстоўвалі для прасмальвання рачных і марскіх суднаў, канатаў, рыбалоўных нератаў, дзёгаць — у народнай медыцыне, гарбарнай вытворчасці, для падмазвання калёс, вугаль — у руднай і кавальскай справе. Узнікненне і пашырэнне вырабу паташу звязана з развіццём цэхавага рамяства і мануфактур. Паташ выкарыстоўвалі ў шкляной, мылаварнай, тытунёвай, фармацэўтычнай, кандытарскай вытворчасці, для вырабу паліва, фарбавальнікаў, адбельвання тканін, мыцця воўны і інш.

Найбольш пашыраны былі лесахімічныя промыслы на ўсходзе Беларусі і Палессі. Належалі яны буйным землеўладальнікам і арандатарам. На будах, абсталяваных спецыяльнымі печамі для смалакуоэння, гонкі дзёгцю, выпальвання вугалю і вырабу паташу, працавалі прыгонныя і наёмныя рабочыя. Драўняны вугаль выпальвалі і кучавым спосабам.

Пасля адмены прыгону лесахімічнымі промысламі валодалі звычайна купцы-лесапрамыслоўцы. Акрамя мужчынскай, шырока выкарыстоўвалася жаночая і дзіцячая праца. Так, у Мазырскім павеце ў 1870-я г. за падноску лучыны да печы жанчынам і хлапчукам плацілі па 10 — 20 капеек у дзень, мужчынам — 2 рублі ў тыдзень.

Промысламі займаліся і сяляне-саматужнікі. У Магілёўскай губерні, напрыклад, у 1880-я г. сяляне гналі смалу і дзёгаць невялікімі арцелямі (5 — 7 чалавек). Яны арандавалі ў памешчыкаў участкі высечанага лесу, карчавалі асмол. Палавіну здабытай смалы аддавалі памешчыкам, астатнюю выкарыстоўвалі для сваіх патрэб або прадавалі на кірмашах.

У 2-й палове ХІХ ст. лесахімічныя промыслы пачалі скарачацца ў сувязі з павелічэннем аб'ёму лесанарыхтовак і экспарту таварнай драўніны. Асабліва паўплывала на гэта развіццё прамысловасці і выкарыстанне новых відаў сыравіны (каменнага вугалю, нафты, соды). Да канца ХІХ ст. саматужнае смалакурэнне прыйшло ў заняпад, хаця бытавала і ў пачатку ХХ ст., а выраб паташу спыніўся на пачатку ХХ ст.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі лесахімічную прадукцыю выраблялі дзяржаўныя прадпрыемствы, прамысловая кааперацыя і некаапераваныя саматужнікі. У 1928 г. удзельная вага дзяржаўнага сектара ў вырабе смалы і шкіпінару ў рэспубліцы складала 6,6 %, каапераваных саматужнікаў 32,4 % і некаапераваных саматужнікаў 61 %, а ў 1929 г. — адпаведна 35 %, 55 % і 10 %.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1395]
Здарэнні [466]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.