ЛОЎЧАЯ ЯМА — выкапаная ў зямлі, перакрытая тонкімі жэрдкамі і замаскіраваная імхом і лісцем пастка для лоўлі ласёў, дзікоў, казуль, мядзведзяў, ваўкоў. Вядома з глыбокай старажытнасці; канструкцыйная прастата і універсальны характар абумовілі яе існаванне да ХХ ст.
Лоўчая яма — першая і адзіная пастка, заснаваная на выкарыстанні цяжару самой жывёлы. Капалі ямы на звярыных пераходах, каля вадапояў і інш. Найбольш улоўнымі былі ямы ў праходах шматкіламетровых жардзяных платоў (наткнуўшыся на такі плот, звер ішоў уздоўж яго, збочваў у першы праход і трапляў у лоўчую яму). У мясцовасцях з мяккім і сыпкім грунтам лоўчую яму абшывалі плашкамі, тоўстымі дошкамі (тарчыцамі), жэрдкамі або забівалі ў цэнтры гладкі, завостраны зверху дубовы кол. Драпежнікаў прываблівалі мясам.
Паводле звестак A.М.Семянтоўскага (Паляўніцтва і звярыныя промыслы ў Віцебскай губерні. Спб., 1863. С. 16—17), у 1860 г. у Полацкім павеце з дапамогай лоўчых ям было злоўлена шмат ласёў. Асобныя выпадкі лоўлі звяроў з дапамогай лоўчых ям зафіксаваны ў 1920-я г. ў Асіповіцкім раёне.
Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.