ЛУБАЧНАЯ ЛІТАРАТУРA — танныя масавыя выданні для народа ў дарэвалюцыйнай Расіі. З'явіліся ў 2-й палове XVIII ст. і разам з лубком карысталіся вялікай папулярнасцю. Выдаваліся вялікімі накладамі і служылі сродкам нажывы для выдаўцоў.
Галоўныя жанры: пераробкі казак і былінаў, рыцарскіх раманаў (пра Баву Каралевіча, Еруслана Лазаравіча), авантурных аповесцяў, жыцій святых; зборнікі анекдотаў, песеннікі, аракулы, соннікі. Часам у лубачную літаратуру траплялі творы народнай сатыры, рускай класікі (А.Пушкіна, М.Лермантава, М.Гогаля) — звычайна пераробленыя і без подпісу аўтара. Стылізаваныя «пад народныя творы лубачнай літаратуры падаваліся як ананімныя. Псеўданародны характар, безгустоўнасць і фальш такіх кніг выклікалі пратэст у В.Бялінскага, М.Дабралюбава. М.Чарнышэўскага, М.Някрасава. Выданне спынілася ў 1918 г.
Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.