Серада, 24.04.2024, 20:03

НЕАЛАГІЗМЫ

Галоўная »
НЕАЛАГІЗМЫ (ад неа... + грэч. logos слова) — словы або спалучэнні словаў, утвораныя для абазначэння новых прадметаў, паняццяў і з'яваў аб'ектыўнай рэчаіснасці. Шмат неалагізмаў узнікла ў беларускай мове пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі адбыліся карэнныя гістарычныя змены ў грамадскім, эканамічным і культурным жыцці беларускага народа («акцябраты», «калгас», «селькор», «сельсавет», «стаханавец», «суботнік», «трактар», «шматтыражка» і інш.).

Многія новыя словы цягам дзесяцігоддзяў страцілі адценне свежасці і навізны, сталі агульнаўжывальнымі («гарсавет», «камсамол», «піянерважаты», «Краіна Саветаў», «народны кантроль» і інш.); некаторыя перайшлі ў разрад гістарызмаў («валвыканком», «камбед», «лікбез», «нэп», «харчразвёрстка» і інш.). Пазней у нашай мове з'явіліся словы «акванаўт», «акрылан», «галаграфія», «гідробус», «касмабачанне», «луніт» і інш.

У час новых камунікацыйных і лічбавых тэхналогіяў (канец XX — пачатак XXI ст.) у беларускую мову прыйшоў шэраг словаў, каб абазначыць паняцці, звязаныя з лічбавай тэхнікай («камп'ютар», «жосткі дыск», «флэшка», «інтэрнэт», «смартфон», «манітор» і інш.). Вялікая колькасць словаў прыходзіць з англійскай мовы праз рускую («менеджар», «дыджэй», «прадзюсар», «мерчэндайзер», «месыдж» і інш.) і часцяком дублюць словы, адпаведнікі якія ёсць у нашай мове. Шырокія магчымасці радыё, тэлебачання, друку ды інтэрнэту садзейнічаюць надзвычай хуткаму засваенню сучасных неалагізмаў, іх паўсюднаму замацаванню і пашырэнню ў большасці стыляў мовы.

Адрозніваюць неалагізмы лексічныя, што выступаюць як новыя назвы прадметаў і з'яваў («гагарыніт», «касмадром», «мікробус»), і семантычныя, што абазначаюць новыя значэнні вядомых словаў: «нагрузка» («даручэнне»), «планшэт» (партатыўны камп'ютар невялікага памеру), «мышка» (прыстасаванне для камп'ютара). Лексічныя і семантычныя неалагізмы ўваходзяць у лексічную сістэму мовы і з'яўляюцца агульнамоўнымі.

Шырокае распаўсюджванне ў беларускай мове атрымалі індывідуальна-стылістычныя, або аўтарскія, неалагізмы — аказіяналізмы, што не адпавядаюць агульнапрынятым моўным нормам і абумоўленыя спецыфічным кантэкстам ужывання. Асабліва многа іх было створана ў 1920 — 1930-я гг., напрыклад, «сонцатканыя словы» (А. Александровіч), «бурнапеністая завіруха» (М. Зарэцкі), «сонцакрылыя маякі» (Т. Кляшторны), «агняцветны прасцяг» (П. Трус), «буравейныя далі» (У. Хадыка). Аўтарскія неалагізмы з'яўляюцца прыкметай стылю многіх сучасных пісьменнікаў (напрыклад., «Па лясах блакадзіў з брыгадамі» (Р. Барадулін), «У тым гаі жыў апошні пехацінец» (А. Куляшоў), «Блукаюць грыбазбіры, якоча рэхам лес» (П. Панчанка). Асобныя аўтарскія неалагізмы могуць пераходзіць у катэгорыю агульнаўжывальных словаў.

Крыніца: "Краязнаўчая газета”
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.