Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Аўторак, 30.05.2023, 13:51 | ||||||||||||||||||||||||||||||||
ШЭПЯЛЕВІЧ Віталій ЛеанідавічГалоўная »ШЭПЯЛЕВІЧ Віталій Леанідавіч (1976 год нараджэння) нарадзіўся ў 1976 годзе ў горадзе Ганцавічы Брэсцкай вобласці. Скончыў Мірскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці «Ганчар, вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі». Два гады працаваў па размеркаванні на Гродзеншчыне. Вярнуўшыся на Ганцаўшчыну, ён працаваў мастаком у ЖКГ і ДЭУ, але доўга без любімай справы не змог і, у хуткім часе паехаў у Мінск, каб працаваць у ганчарнай майстэрні вядомага майстра Алеся Косткі. Менавіта праца з такім чалавекам, зрабіла Віталія Леанідавіча майстрам сваёй справы, дала добрую практыку, навучыла ўсяму таму, што ён умее. Потым майстар вярнуўся ў родны горад і стварыў уласную ганчарную майстэрню, дзе па сённяшні дзень шчыруе з раніцы да позняга вечара. Ганчарства стала справай яго жыцця. Зараз Віталій Шэпялевіч — майстар-ганчар, які плённа працягвае і развівае багатыя традыцыі ганчарнага рамяства, удасканальвае ўсё лепшае, выпрацаванае папярэднімі пакаленнямі, зыходзячы з мясцовых традыцый, звычаяў і асабістага густу. Яго работы вядомыя не толькі ў Ганцавіцкім раёне, але і далёка за яго межамі. Майстар з’яўляецца пастаянным удзельнікам, дыпламантам і прызёрам розных выстаў, фестываляў, конкурсаў, пленэраў і семінараў на міжнародным, рэспубліканскім, абласным і раённым узроўнях. Віталій Леанідавіч не толькі ў дасканаласці авалодаў старажытным рамяством і напрацаваў каштоўны вопыт, але і ахвотна дзеліцца сакрэтамі майстэрства з дарослымі і дзецьмі. З вялікім задавальненнем ён праводзіць майстар-класы для наведвальнікаў Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў, падчас розных выстаў і мерапрыемстваў. Займаючыся адраджэннем ганчарства, Віталій Шэпялевіч захоўвае традыцыі, аднаўляе страчаныя тэхналогіі, а таксама стварае новыя формы на аснове традыцыйных. Працуе майстар-ганчар у розных тэхніках: гартаванай ці абварной, чорназадымленай, малачонай і глазураванай. Сярод яго вырабаў самы разнастайны посуд для прыгатавання ежы і захавання прадуктаў, розныя арыгінальныя мастацкія рэчы для ўпрыгожвання побыту. Кожны выраб майстра па-свойму непаўторны і прыцягвае сваёй прастатой і вытанчанасцю, што дасягнута дзякуючы высокаму ўзроўню майстэрства ганчара і творчаму падыходу да ганчарнай справы. З 2013 года — у Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці. Аўтар: Наталля Білімава Крыніца: Народныя майстры Беларусі / склад.: Я.М. Сахута, А.Ю. Лозка. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2020. — 300 с. |
|