«ЗАІНЬКА» —
карагод-гульня. Лакальныя назвы «Зайчык», «У садочку».
Існуе некалькі варыянтаў. У сярэдзіне карагода танцуе «заінька», ён імкнецца выскачыць з кола («Праскачы, зайка, ў дзірачку // Ды выламі сабе да быліначку»), пры апошніх словах песні «заінька» хапае каго-небудзь і становіцца на яго месца (запіс Г.Цітовіча); «заінька» замест сябе выбірае каго-небудзь з круга («Заінька, выбірай, // Шэранькі, выбірай» — Астравецкі раён); («Зайчык, зайчык, паскачы // На другога ўкажы» — Лельчыцкі раён). Калі той, на каго пакажа «заінька», не зловіць яго, то сам застаецца ў ролі «заінькі».