22 мая у межах Дзён шведскай і беларускай літаратуры ў Брэсце прайшоў фінальны тур конкурса юнацкай паэзіі.
Месцам правядзення мерапрыемства была Брэсцкая абласная бібліятэка імя М.Горкага.
У першым, завочным туры конкурса, ўзялі ўдзел 138 маладых паэтаў ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў з усёй Брэсцкай вобласці, пасля чаго кампетэнтнае журы вызначыла 9 фіналістаў.
Пераможцамі конкурса юнацкай паэзіі – 2014 у Брэсцкай вобласці сталі:
Першае месца за верш "Ціха зёлкамі…" атрымала Яўгенія Пракапчук, вучаніца сярэдняй школа № 3 г. Ганцавічы. Галоўны прыз за першае месца – паездка ў Швецыю.
Другое месца заняла Вольга Цепун, вучаніца гімназіі №3 г. Пінска (верш "Рождественский ноктюрн").
Трэцяе месца занялі Анастасія Булыга, студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання (верш "Васількі") і Глеб Дубінін, вучань сярэдняй школы в. Малоткавічы Пінскага раёна (верш "Кветкі").
Верш пераможцы Яўгеніі Пракапчук
* * *
Ціха зёлкамі, з роснай смугой Прытулюся да роднае хаты. Мяне ж лічаць чужой І завуць крапівой, А я толькі здзічэлая мята.
Не шкадуюць маіх каранёў: Кажуць, нібы зямля мной хварэе. Не скажу злосных слоў, Хоць мяне гоняць зноў, Але рукі пячы я не ўмею.
То хай нішчаць і зерне, і квет, Покуль мара ўнутры шчэ не б’ецца! Хай адыйдуць ад бед У нязведаны свет Хоць яны з неапаленым сэрцам!
|