Пятніца, 26.04.2024, 05:19

Галоўная » 2011 » Чэрвень » 7 » Свята Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах пройдзе на ўзроўні
10:40
Свята Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах пройдзе на ўзроўні
День белорусской письменностиУ Ганцавічах усё прыведзена ў рух. Цэнтр горада, як і навакольныя вуліцы, у рыштаваннях. Нават узнікае сумненне, што да верасня ўдасца здзейсніць усё задуманае. Да Дня беларускага пісьменства ўжо засталося менш чым тры месяцы.

3 чэрвеня на нарадзе ў Ганцавічах адказныя асобы абмяркоўвалі падрыхтоўку да свята. Перад тым, як наведаць аб'екты, у зале пасяджэнняў райвыканкама адбылася кароткая размова.

Для падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства мясцовая ўлада прасіла 232 мільярды рублёў, а ў выніку спыніліся на 92 мільярдах. Са спісу аб'ектаў, якія будуць адноўлены, выключылі Школу мастацтваў, Дом рамёстваў.... Але фінансаванне некаторых аб'ектаў яшчэ не вырашана.

Віцэ-прэм'ер краіны Анатоль Тозік падкрэсліў: "Грошай не хапае, але ці многа трэба, каб прывесці ў парадак школу-інтэрнат? Неабходна мабілізаваць людзей і на месцы рабіць захады... Нешта можна зрабіць і без грошай".

Удзельнікі нарады наведалі гарадскі сквер, пабывалі каля ўнівермага, краязнаўчага музея, гарадскога Дома культуры, мясцовага аддзялення "Белпошты", кінатэатра... А гэта далёка не ўсе аб'екты, якія неабходна абнавіць. На Алеі пісьменства будзе ўстаноўлены помнік Якубу Коласу. У прынцыпе, гэта і някепска. Але ці будзе ён мець мастацкую каштоўнасць? Якраз на помніку Анатоль Тозік і засяродзіў увагу. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар указаў на складанае фінансавае становішча абласнога камбіната "Мастацтва", які трэба падтрымаць.

Адбылася размова і каля мясцовай паліклінікі, якая таксама абнаўляецца.

— Такія аб'екты мы робім не спецыяльна да Дня пісьменства. Неабходна, каб усё было ў норме. Вунь бальніцу ў Лунінцы здолелі зрабіць лепшай у Беларусі, — адзначыў кіраўнік вобласці.

Непрыкметна размова набыла сацыяльнае адценне, і віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік заявіў:
— Калі ёсць дзеці, то яны абавязаны глядзець бацькоў. Як у нас бывае? Сын ездзіць на дарагім "Мерседэсе", а маці кінута на ўтрыманні дзяржавы. Так не павінна быць.

Калі агляд аб'ектаў закончыўся, выпала магчымасць задаць некалькі пытанняў віцэ-прэм'еру.

— Анатоль Афанасьевіч, ходам падрыхтоўкі да свята вы задаволены? 
— Думаю, што да Дня пісьменства Ганцавічы будуць абноўлены. Работа ідзе, хоць першапачаткова сумненні былі.

— Работа маштабная, з размахам. А як наконт таго, што настаў час жыць па сродках? Можна нешта зэканоміць у сацыяльна-культурнай сферы?
— Магчыма, лепшая эканомія будзе, калі мы навучымся зарабляць грошы, аказваць паслугі. Вунь рэстаўравалі палацы ды замкі, і што далей? Ад іх таксама павінна быць аддача. Супрацоўнікі музея не павінны сядзець склаўшы рукі, а працаваць — у музеях павінны быць наведвальнікі. Акрамя гэтага, зэканоміць можна і на штатах — яны бываюць у нас раздутымі.

— А хто іх павінен скарачаць? Мясцовая ўлада, абласная...
— Мясцовая ўлада сама тут ініцыятыву наўрад ці праявіць, у яе свой інтарэс. У такім выпадку неабходна прывесці ў дзеянне адміністрацыйны рэсурс, які і будзе стымуляваць працэс.... Але я хачу яшчэ раз паўтарыць: калі б мы працавалі так, як кітайцы, то жылі б лепш за ўсіх у Еўропе.

А калі падводзіліся вынікі работы нарады, на трыбуну падняліся міністры. Алег Праляскоўскі паведаў, што напярэдадні свята ў Ганцавічах будзе праведзены "круглы стол" з удзелам замежных пісьменнікаў. Міністр інфармацыі пералічыў, на што былі выдзелены грошы яго ведамствам і падкрэсліў, што Дзень пісьменства ўжо даўно стаў значнай падзеяй у жыцці нашай краіны.

Выступленне міністра культуры Паўла Латушкі было даволі эмацыйным.

— Пісьменства немагчыма аддзяліць ад культуры, а фінансуе свята Міністэрства інфармацыі. Што, мы не маглі б выдзеліць на краязнаўчы музей 30 мільёнаў? Маглі б, але зрабіць гэтага не можам, бо ў Міністэрства фінансаў свой расклад. Ведаеце, я для культуры гатовы зняць апошнюю кашулю...

Міністр інфармацыі не стаў пярэчыць, і ў зале ўстанавіўся прыўзняты настрой.

Кіраўнік вобласці запатрабаваў, каб усе аб'екты былі закончаны ў тэрмін — адпаведна з графікам. "Будаўнікам неабходна крыху папрацаваць і ў доўг. За дажынкі, здаралася, разлічваліся на працягу года. Грошы патрэбны, але спачатку патрэбна асвоіць выдзеленыя", — сказаў Канстацін Сумар.

У заключным выступленні Анатоль Тозік падкрэсліў:
— Неабходна больш інфармацыі на беларускай мове, бо дзе яе сёння можна пачуць, як не на Палессі? Будзем спадзявацца, што на гэты раз свята пройдзе лепш, чым у мінулыя гады.

Ганцавічам пашанцавала, што Дзень пісьменства будзе праводзіцца менавіта тут. Аднойчы старшыня райвыканкама Уладзімір Столяр падчас размовы ўздыхнуў: "Каб мне пяцьдзясят мільярдаў, то я з раёна "цацку" зрабіў бы".

Не магу сказаць пра раён, а вось Ганцавічы праз тры месяцы непазнавальна зменяцца.

Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 1526 | Дабавіў: admin | Тэгі: День белорусской письменности, Дзень беларускага пісьменства, Анатолий Тозик, Константин Сумар, Павел Латушко
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Чэрвень 2011  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.