Царква ў імя святога велікапакутніка Георгія Перамаганосца размяшчаецца ў цэнтры вёскі на старых закрытых могілках. Пабудавана ў 1867 годзе з дрэва. Была прыпісана да Троіцкай царквы вёскі Будча. Перад царквой пастаўлена аднаярусная вертыкальна ашаляваная званіца з шатровым пакрыццём. У 1898 годзе пры царкве пабудавана драўляная царкоўнапрыходская школа. Помнік народнага дойлідства. Прамавугольны выцягнуты па падоўжанай восі зруб завершаны трохграннай апсідай, з супрацьлеглага фасада далучаецца прамавугольны прытвор з ганкам. Яруснасць храма ствараюць рознавялікія двухсхільныя дахі зрубаў, цэнтральны завершаны гранёным барабанам з шатровым верхам. Царква ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 113Г000170.
Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.